УМО́ВА,

філасофская катэгорыя, якая характарызуе з’яву (рэч, працэс, адносіны і інш.), неабходную для ўзнікнення, існавання ці змены інш. з’явы). Адносна замкнутая сукупнасць з’яў, якая абумоўлівае ўзнікненне, існаванне ці змену пэўнага аб’екта, з’яўляецца дастатковай У., а кожны элемент гэтай сукупнасці — неабходнай У. гэтага аб’екта. У адрозненне ад прычыны, якая непасрэдна параджае пэўную з’яву (гл. Прычына і вынік), У. складаюць асяроддзе, дзе гэта з’ява ўзнікае, існуе і развіваецца. Аналіз неабходных і дастатковых У. — важны кампанент многіх метадаў навук. даследавання, неабходны для тлумачэння, прадбачання і прадказання канкрэтных фактаў.

т. 16, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)