ГАЛЕ́Н-КА́ЛЕЛА

(Gallén-Kallela) Акселі Валдэмар (26.5.1865, г. Поры, Фінляндыя — 7.3.1931),

фінскі жывапісец, графік. Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1881—84) у Хельсінкі і акадэміі Жуліяна (1884—89) у Парыжы. Захапляўся сімволікай і стылізацыяй у духу «мадэрн». Асн. творы: размалёўка фін. павільёна на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1900), цыкл размалёвак у пахавальнай капэле Юселіуса (1901—03) у Поры; карціны «Старая і котка» (1885), «Першы ўрок» (1889), «Пастух з Панаярві» (1892), «Іматра ўзімку» (1893); партрэты маці (1896), М.Горкага (1906); афорты, іл. на тэму гераічнага нар. эпасу «Калевала» (трыпціх «Легенда пра Айна», 1891, «Маці Лемінкяйнена», 1897) і інш.

т. 4, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧАРО́Ў Андрэй Аляксандравіч

(н. 2.1.1918, в. Сініцы, Зарайскі р-н Маскоўскай вобл.),

рускі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1977). Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1941). Працаваў у маскоўскіх т-рах Сатыры (1944—51), імя Ярмолавай (1951—58), з 1958 гал. рэжысёр Маскоўскага драм. т-ра, з 1967 — т-ра імя У.Маякоўскага. Творчасці Ганчарова характэрныя яркая, энергічная рэжысура, імкненне да абвастрэння канфліктаў, выяўлення патаемных спружын драм. дзеяння: «Трамвай «Жаданне» Т.Уільямса (1970), «Гутаркі з Сакратам» Э.Радзінскага (1975), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» паводле М.Ляскова (1979), «Захад сонца» І.Бабеля (1988) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1977, 1984.

т. 5, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПА́К,

украінскі нар. танец. Узнік у Войску Запарожскім. Бывае сольны, парны, групавы. Уключае скокі, прысядкі, вярчэнні і інш. віртуозныя танц. рухі. Тэмп хуткі. Муз. памер 2/4. Пашыраны і на Беларусі, пераважна ў зах. і паўд.-зах. раёнах, мае адметныя рысы: выконваецца звычайна трыма танцорамі, суправаджаецца прыпеўкамі. Жанр гапака выкарыстаны ў творах многіх укр., рус. і інш. кампазітараў: у операх «Чаравічкі» і «Мазепа» П.Чайкоўскага, «Майская ноч» М.Рымскага-Корсакава, «Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага, «Энеіда» М.Лысенкі, балетах «Тарас Бульба» В.Салаўёва-Сядога, «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, «Гаянэ» А.Хачатурана і інш. Выконваецца і як самаст. муз. п’еса.

т. 5, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЫ́,

бел. нар. гульня. Колькасць удзельнікаў не абмежаваная. Гульцы выбіраюць вядучага — адгадчыка, які выходзіць у суседні пакой або адыходзіць убок. Кожны выбірае назву горада, і калі вяртаецца адгадчык, яму гавораць: «Гарадоў прыгожых многа, ты знайдзі да іх дарогу, лепшы горад выбірай ды хутчэй называй!» Вядучы адгадвае да трох разоў. Калі адгадае, мяняецца месцам з гаспадаром правільна названага горада, калі не — яму кажуць: «Ну і ад’язджай у свой...» (назва горада, што сказаў адгадчык). Вядучы адыходзіць, гульцы выбіраюць назвы інш. гарадоў, і гульня паўтараецца. Выбіраюць гарады адной краіны ці вобласці, аб чым паведамляецца адгадчыку.

Я.Р.Вількін.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́НІН Анатоль Іванавіч

(н. 27.5.1923, в. Чартовічы Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1981), праф. (1982). Скончыў Бежыцкі ін-т трансп. машынабудавання (1951). У 1959—62 1-ы сакратар Гродзенскага гаркома КПБ. У 1967—73 дырэктар праектна-тэхнал. ін-та «Белбыттэхпраект», адначасова генеральны дырэктар НВА «Белбыттэхніка». У 1976—88 у Бел. дзярж. ін-це нар. гаспадаркі. У 1991—93 у Акадэміі кіравання пры СМ Беларусі. Навук. працы па праблемах паскарэння, навук.-тэхн. прагрэсу, асаблівасцях развіцця рыначнай эканомікі ў Беларусі.

Тв.:

Технический прогресс и экономика предприятий бытового обслуживания. Мн., 1974;

Бытовые услуги при социализме. Мн., 1977.

т. 5, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙНЭ-ВА́ГНЕРЭ

(Heine-Vāgnere; Гейне-Вагнер) Жэрмена Леапольдаўна (н. 23.6.1923, Рыга),

латышская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. СССР (1969). Скончыла Латв. кансерваторыю (1950). У 1950—75 салістка Латв. т-ра оперы і балета. Дасканалае вак. майстэрства спалучаецца ў яе творчасці з яркім драм. талентам. Сярод партый: Банюта («Банюта» А.Калніньша), Спідола («Агонь і ноч» Я.Медыня), Гундэга («Прынцэса Гундэга» А.Скултэ), Леанора, Дэздэмона, Аіда, Тоска, Віялета («Трубадур», «Атэла», «Аіда», «Тоска», «Травіята» Дж.Вердзі), гал. партыі ў операх Р.Вагнера «Тангейзер», «Лаэнгрын», «Валькірыя» і інш. Выканала партыі сапрана ў 9-й сімфоніі Л.Бетховена, «Рэквіеме» Вердзі, «Асуджэнні Фауста» Г.Берліёза і інш. Дзярж. прэмія Латвіі 1957.

т. 5, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРТ Зіновій Яфімавіч

(21.9.1916, Масква — 18.11.1996),

расійскі акцёр тэатра і кіно. Нар. арт. СССР (1990). З 1945 у Цэнтр. т-ры лялек пад кіраўніцтвам С.Абразцова, з 1988 у Маскоўскім т-ры імя М.М.Ярмолавай. Вострахарактарны, пераважна камедыйны акцёр. Майстар эпізоду. У яго творчасці спалучаліся сумны гумар, іронія і скептыцызм з тонкай лірыкай. З 1958 у кіно. Здымаўся ў фільмах: «Фокуснік», «Залатое цяля», «Печкі-лавачкі», «Аўтамабіль, скрыпка і сабака Клякса», «Уцёкі містэра Мак-Кінлі», «Казкі, казкі... казкі старога Арбата», «Ключ без права перадачы», «Біндзюжнік і кароль», «Фауст» і інш. Аўтар п’есы «Пацалунак феі» (разам з М.Львоўскім).

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛОС НИ́ЗА»,

рукапісны літаратурна-грамадскі часопіс. Выдаваўся ў 1911 у г. Капыль (Мінская вобл.) на рус. мове гуртком «Самаразвіццё і самаадукацыя». Захаваліся № 1, 2, 3, 10. У іх супрацоўнічалі З.Жылуновіч (рэдактар першых нумароў, псеўд. Шулятнік, Капылянін), А.Гурло (псеўд. Л.Эхо), Х.Чарнышэвіч (псеўд. Н.Буржэнін), Дз.Чарнушэвіч (псеўд. Ф.Стрэмаў). Змешчаныя ў часопісе літ. творы маюць гісторыка-пазнавальнае значэнне, у іх перададзена імкненне нар. мас да свабоды і сац. справядлівасці. У публіцыст. артыкулах паказвалася сац.-эканам. і паліт. жыццё, крытыкавалася царскае самадзяржаўе. Да № 1—3 выдаваўся літ. дадатак на бел. мове «Вольная думка» (вядомы па ўрыўках).

А.М.Клачко.

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ,

«Гомсельмаш». Пачаў дзейнасць у 1930. Выпускаў 18 найменняў прадукцыі на экспарт. У 1941 эвакуіраваны ў г. Курган, дзе выпускаў ваенную прадукцыю. Аднавіў дзейнасць у Гомелі ў 1944. З 1977 ВА «Гомсельмаш». Асн. Прадукцыя (1996): самаходныя кормаўборачныя (розных серый) і буракаўборачныя комплексы і камбайны, кормаўборачныя прычапныя і паўнавясныя камбайны «Палессе», касілкі (здрабняльнікі, прычапныя і ратацыйныя плюшчыльнікі), сеялкі дакладнага высеву, тавары нар. ўжытку (міні-трактары, кормаздрабняльнікі, механізмы трансфармацыі мэблі і інш. Акрамя краін СНД і Прыбалтыкі прадукцыя экспартуецца ў 14 краін свету, у т. л. ў Англію, Францыю, Бельгію, Аўстралію, Аргенціну, Нарвегію, Ізраіль.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРАМА́ДСКІ ГО́ЛАС»,

газета Беларускай часовай рады (БЧР) — паліт. аб’яднання польскай арыентацыі ў Зах. Беларусі. Выдавалася штотыднёва з 22.6.1924 да 28.1.1926 у Вільні на бел. мове. Крытычна ставілася да эміграцыйнага ўрада Бел. Нар. Рэспублікі і ўрада Сав. Беларусі, прапагандавала ідэю згуртавання грамадскіх сіл, адзінага нац. фронту. Памяркоўна крытыкавала палітыку польск. ўрада, асвятляла праблемы царквы на Беларусі. Змяшчала матэрыялы пра творчасць Я.Купалы, М.Багдановіча, пра стан бел. мастацтва, дзейнасць Бел. аб’яднанага т-ра, аб праблемах бел. мовы. Публікавала маст. творы і пераклады на бел. мову з інш. моў. З уздымам нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі спыніла сваё існаванне.

А.С.Ліс.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)