ПІ́ЎЧАНКА (Пётр Рыгоравіч) (н. 2.1.1947 г.п. Хоцімск, Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне анатоміі. Д-рмед.н. (1993), праф. (1994). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1974), працуе ў ім (з 1979 дэкан, у 1979—84 прарэктар). Навук. працы па структурна-функцыян. арганізацыі шэрага рэчыва спіннога мозга, уплыве рэнтгенаўскага выпрамянення на перыферычную нерв. сістэму, рэгенерацыі нерв. ствалоў, аднаўленні інервацыі ўнутр. органаў, эмбрыянальным развіцці і будове храмафіннай тканкі (парагангліяў), інфарм. аналізе. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Тв.:
Структура серого вещества спинного мозга человека и экспериментальных животных // Здравоохранение Беларуси. 1993. №10;
Закономерности регенерации подчревного нерва собаки при его трансплантации в стенку толстой кишки // Морфология: архив анатомии, гистологии и эмбриологии. 1997. Т. 111, №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІШЧЫМУ́КА (Пётр Сямёнавіч) (4.2.1879, г. Лубны Палтаўскай вобл. Украіна — 2.5.1965),
вучоны ў галіне арган. хіміі. Чл.-кар.АНБеларусі (1940), д-рхім.н. (1939), праф. (1917). Скончыў Новаалександрыйскі с.-г.ін-т (1904), Брэслаўскі ун-т (1914, Германія). З 1904 у Новаалександрыйскім, з 1916 у Харкаўскім с.-г. ін-тах, у 1928—33 заг. аддзела Ін-та лясной гаспадаркі ў г. Харкаў, у 1943—50 і 1957—63 заг. кафедры Харкаўскага с.-г. ін-та. Устанавіў, што пры зброджванні амінакіслот дражджавымі і плесневымі грыбкамі атрымліваюцца спірты і складаныя эфіры (як прамежкавыя прадукты). Распрацаваў сінтэз алкалоіду гардэніну.
Тв.:
Материалы по вопросу об анализе живицы (разам з Л.І.Каркузакі) // Лесохим. промышленность. 1934. №8 (20).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ВАННЕ Ў ЛА́СТАХ,
від падводнага плавання з аквалангам, плаванне ў ластах, ныранне ў ластах у даўжыню; від падводнага спорту. Спаборніцтвы па плаванні з аквалангам праводзяцца на дыстанцыях 100, 400 і 800 м; па плаванні ў ластах — на 100, 200, 400, 800 і 1500 м і на марафонскія дыстанцыі 8000 м для мужчын і 6000 м для жанчын; па ныранні ў ластах — на 50 м, эстафеты 4 × 100 і 4 × 200 м. Сярод бел. спартсменаў найбольш значных вынікаў дасягалі І.Бурая, Л.Говарава, Т.Назарава, В.Зборшчык — чэмпіёнка СССР (1976, 1977), А.Аляшкевіч — сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1997), бронз. прызёр чэмпіянату свету (1998), А.Ашэйчык і С.Карунец — абс. чэмпіёны Беларусі (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦЭНТА́РНЫЯ, паследавыя, вышэйшыя звяры (Placentalia, або Eutheria),
інфраклас жывародных млекакормячых падкл. сапраўдных звяроў. Вядомы з ранняга мелу (каля 190 млн.г. назад). 14 вымерлых і 17—18 сучасных атрадаў. На Беларусі да П. належаць усе млекакормячыя.
У П. зародак развіваецца ў матцы, з арганізмам маці звязаны праз плацэнту (адсюль назва). Выключэнне складаюць аднапраходныя і сумчатыя. Маткі ў самак П. розныя: ад двайной да адзіночнай, простай. Характэрныя рысы П.: пастаянная т-ра цела, развітыя паўшар’і галаўнога мозга, аб’яднаныя мазолістым целам, наяўнасць другаснага мазгавога купала — неапаліума, змена зубоў. Дзіцяняты нараджаюцца адносна развітыя, здольныя смактаць малако. Дзякуючы высокай морфафізіял. арг-цыі П. здольныя да складаных праяўленняў вышэйшай нерв. дзейнасці і існавання ў разнастайных умовах асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРА́ВДА»,
масава-палітычная газета; орган Камуніст. партыі Расійскай Федэрацыі. Выдаецца ў Маскве на рус. мове 3 разы на тыдзень. Засн. У.І.Леніным. Першы нумар выйшаў 22.4(5.5). 1912 у Пецярбургу. У 1912—14 газета 8 разоў забаранялася, выходзіла пад рознымі назвамі. 8(21).7.1914 забаронена. Пасля Лют. рэвалюцыі з 5(18).3.1917 адноўлена, некалькі разоў мяняла назву. Пасля Кастр. рэвалюцыі з 27.10(9.11). 1917 зноў выходзіла пад назвай «П.» 3 16.3.1918 выдаецца ў Маскве. У жн. 1991 пасля спынення дзейнасці КПСС выданне «П.» прыпынена, потым адноўлена. Асвятляе пытанні паліт., эканам. і культурнага жыцця Расіі і краін СНД, у т. л.Беларусі. Мае рубрыкі: «Падзеі, факты, версіі», «Пульс планеты», «Традыцыям верныя», «Вецер падарожжаў» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭ́ЗЫ (ад грэч. prothesis далучэнне, дадатак),
прыстасаванні і апараты, якія замяшчаюць форму і функцыю страчаных або функцыян. непаўнацэнных органаў чалавека. Канструкцыі П. заснаваны на дасягненнях фізіялогіі, біямеханікі, электронікі, тэхналогіі матэрыялаў і інш. Пашыраны П. з палімераў, аблегчаных сплаваў (напр., дзюралюміній), камбінаваныя. Раней П. былі пераважна з дрэва, скуры, металаў. Робяць П. рук, ног, зубоў (гл.Пратэзаванне зубоў), вока. Створаны біякіравальныя П. (кіруюцца біяэл. сігналамі з мышцаў куксы) і інш. Адрозніваюць П. часовыя (напр., для фарміравання куксы і абучэння хворага хадзьбе пасля ампутацыі), пастаянныя (верхніх і ніжніх канечнасцей пасля фарміравання куксы), рабочыя (актыўныя), касметычныя (без аднаўлення функцый); гл. таксама Штучныя органы і апараты. На Беларусі П. распрацоўваюць у НДІ траўматалогіі і артапедыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФЕСІ́ЙНА-ТЭХНІ́ЧНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
сістэма падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў для розных галін нар. гаспадаркі; адна з састаўных частак прафесійнай адукацыі. Засн. на базавай або агульнай сярэдняй адукацыі. Уключае прафес. вучылішчы, ліцэі, каледжы, вышэйшыя прафес. і тэхн. ўстановы, цэнтры прафес. адукацыі, навуч.-вытв. цэнтры і інш. Мае розныя профілі: маш.-буд., буд., аграпрамысл., электратэхн., хім., сферы паслуг і інш. Для атрымання дадатковых прафес. ведаў і навыкаў, набыцця новых прафесій і спецыяльнасцейпрафес.-тэхн. навуч. ўстановы праводзяць павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў. На Беларусі ў сістэме П.-т.а. 248 навуч. устаноў, у якіх 136 тыс. навучэнцаў па 350 прафесіях (2000/2001 навуч.г.). Гл. таксама Беларусь (раздз. «Асвета»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРОЛЕТА́РСКАЯ РЕВОЛЮ́ЦИЯ»,
савецкі гіст. часопіс. Выдаваўся на рус. мове ў Маскве ў 1921—41 [у 1921—28 орган Камісіі ЦКВКП(б) па гісторыі Кастр. рэвалюцыі і Камуніст. партыі, у 1928—31 — Ін-та Леніна пры ЦКВКП(б), у 1933—41 — Ін-та Маркса—Энгельса—Леніна пры ЦКВКП(б)]. Выйшлі 132 нумары, перыядычнасць выпуску мянялася. У розныя гады рэдактарамі былі М.С.Альмінскі, С.І.Канатчыкаў, М.А.Савельеў, В.Г.Кнорын і інш. Друкаваліся даследчыя артыкулы, дакументы па гісторыі рабочага руху, Камуніст. партыі, Кастр. рэвалюцыі 1917 і Грамадз. вайны (у т. л. на тэр.Беларусі), пра відных дзеячаў партыі, рабочага і с.-д. руху, мемуары, крытыка, бібліяграфія і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГАВО́Р СУДА́,
рашэнне, якое выносіцца судом па пытанні вінаватасці або невінаватасці абвінавачанага і аб прымяненні да яго пакарання. На Беларусі суды пастанаўляюць П.с. імем Рэспублікі Беларусь. П.с. павінен быць законны, матываваны, справядлівы і абгрунтаваны доказамі, што былі разгледжаны ў суд. пасяджэнні. Выносіцца судом у дарадчым пакоі пры захаванні тайны нарады суддзяў. П.с. можа быць абвінаваўчым або апраўдальным (калі не ўстаноўлена падзея злачынства або ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаюць прыкметы злачынства ці не даказаны яго ўдзел ва ўчыненні злачынства). П.с. складаецца з уводнай, апісальнай і рэзалютыўнай частак. П.с. піша адзін з суддзяў, якія прымалі ўдзел у яго пастанаўленні, падпісваецца ўсімі суддзямі. Суддзя, які застаўся пры асобнай думцы, таксама падпісвае П.с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСЯДЗІ́БНЫ ЎЧА́СТАК,
зямельны ўчастак для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, буд-ва і абслугоўвання жылога дома. На Беларусі прадастаўляецца грамадзянам сельскімі Саветамі дэпутатаў па месцы іх пражывання. Калгасы, саўгасы з зямель, якія знаходзяцца ў іх карыстанні, могуць выдзяляць грамадзянам зямельныя ўчасткі для агародніцтва, сенакашэння. Парадак землекарыстання на П.у. рэгулюецца заканадаўствам. Афіц. статыстыка сведчыць, што асабістая падсобная гаспадарка, якая грунтуецца ў асноўным на П.ў., з’яўляецца істотнай крыніцай вытв-сці прадуктаў харчавання для насельніцтва. Напр., у 1997—98 у агульным аб’ёме спажывання доля П.у. складала у сярэднім: па бульбе — 85%, гародніне — 72—75, садавіне і ягадах — 55, мясе і мясапрадуктах — 25, малочных прадуктах — больш за 30, яйках — 35, хлебных прадуктах — 1,2%.