1) стварэнне заклёпачнага злучэння элементаў канструкцый, пераважна з ліставога металу. Уключае свідраванне або прабіўку адтулін, устаўку заклёпак, само кляпанне — стварэнне (прасаваннем, ударам або выбухам) на другім канцы заклёпкі замыкальнай галоўкі. Для К. прасаваннем выкарыстоўваюць кляпальныя машыны, ударам — кляпальныя малаткі. Кляпаныя канструкцыі выкарыстоўваюцца пераважна ў мостабудаванні і ў канструкцыях прамысл. будынкаў з вял. дынамічнымі нагрузкамі (напр., у падкранавых бэльках).
2) Кожная асобная дошчачка, з якіх складаюць бочку, дзежку і пад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАНШТЭ́ЙН (ням. Kragstein) у архітэктуры, выступ у сцяне, часта прафіляваны (з дэкар. завіткамі абоінш. ўпрыгожаннямі), які падтрымлівае карнізы, балконы і інш. У бел. архітэктуры пашыраны з 18 ст. Драўляныя К. ствараліся паступовым павелічэннем выпуску астатку знізу ўверх або ў выглядзе трохвугольных кансолей. Мураваныя К. звычайна маюць прафілёўку, аздабляюцца ляпнымі дэталямі. Металічныя К. — ажурнае ліццё з расл. арнаментыкай і маст. коўкай — характэрны для стылю мадэрн. Разнавіднасць К. — мадульён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСІРО́ЎКА (ням. Lasierung літар. пакрыццё палівай),
прыём тэхнікі жывапісу. На высахлыя шчыльныя слаі фарбы наносяць тонкія слаі празрыстых або паўпразрыстых фарбаў. Л. дазваляе змяніць, узмацніць або аслабіць колеравыя тоны, дасягнуць іх лёгкасці і гучнасці, узбагаціць каларыт, надаць яму большае адзінства і гармонію. Вядома са старажытнасці. Пашырана ў практыцы жывапісцаў 16—19 ст. як завяршальны этап стварэння карціны. У 20 ст. выкарыстоўваецца ў кірунках жывапісу, арыентаваных на класічную традыцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУШЧЭ́ННЕ,
паверхневае рыхленне глебы з частковым пераварочваннем і перамешваннем, падразаннем пустазелля і знішчэннем шкодных насякомых; агратэхнічны прыём апрацоўкі. Зніжае шчыльнасць глебы, павышае аэрацыю, спрыяе захаванню вільгаці. Праводзіцца адначасова або пасля жніва збожжавых і перад пераворваннем шматгадовых траў дыскавымі або лямешнымі лушчыльнікамі на глыб. 8—12 см. Можа замяняць узорванне з-пад прапашных культур на рыхлых глебах і чыстых ад пустазелля палях, а таксама на пераўвільготненых цяжкіх глебах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАПЛА́Н (ад мана... + лац. planum плоскасць),
самалётабо планёр з адной нясучай паверхняй (крылом), якая размешчана па абодва бакі фюзеляжа.
Адрозніваюць нізкаплан (з нізкім размяшчэннем крыла), сярэдне- і высакаплан. Крыло М. можа быць свабоднанясучым, падкосным ці расчалачным (замацаваным знізу і зверху падкосамі або расчалкамі). У параўнанні з біпланам М. мае лепшую абцякальнасць форм, меншае лабавое супраціўленне, большыя скорасці лёту. Свабоднанясучы М. — асн. тып сучасных самалётаў. Іл.гл. да арт.Авіяцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАБУ́ (Leptoptilos),
род птушак сям. буслоў атр. галянастых. 3 віды. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Афрыцы. Жывуць калоніямі на дрэвах або скалах паблізу балот.
Даўж. да 1,5 м, размах крылаў да 3 м. Спіна чорная або цёмна-шэрая, ніз цела белы. Дзюба масіўная. Галава і шыя пакрыты рэдкім пухам. На шыі голы гарлавы мяшок (у М. яванскага няма). Кормяцца жывёльным кормам, мярцвячынай. Нясуць 2—4 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГАБІЯСФЕ́РА (ад мега... + біясфера),
сукупнасць слаёў геаграфічнай абалонкі (трапасфера і ніжнія слаі стратасферы да выш. 25 км; гідрасфера, да глыб. больш за 10 км; верхняя ч.літасферы, да глыб. 15 км), дзе пастаянна або часова (выпадкова) прысутнічаюць сучасныя жывыя арганізмы, і слаёў т. зв. метабіясферы, дзе няма жывых арганізмаў, але ў мінулым яны перажывалі ўплыў «былых біясфер» і пераўтвораны жывым рэчывам абобіягенамі. М. атаясамліваецца з паняццем «біясфера».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГА́ННЕ,
ахоўны рэфлекс, які выклікаецца раздражненнем рагавой або кан’юнктывальнай абалонкі вока. Змыканне вочнай шчыліны да пападання ў вока шкоднага агента — важнае біял. прыстасаванне. Разам з М. вочны яблык абмываецца слёзнай вадкасцю, што спрыяе выдаленню іншародных цел. Адбываецца М. ў выніку скарачэння кругавой мышцы вока, што інервуецца валокнамі нерва твару. Адсутнасць М. бывае пры паралічы нерва твару або пашкоджанні трайчастага нерва, узмацненне, пачашчэнне — пры кан’юнктывітах (часта са слёзацячэннем і светлабояззю).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ЗВЫ́ЧАЙ,
правіла, якое склалася ў выніку працяглага выкарыстання ў адносінах паміж многімі або некаторымі дзяржавамі, але не замацаванае ў міжнар. дагаворах. З’яўляецца крыніцай права ў тых выпадках, калі адносіны не адрэгуляваны дагаворам міжнародным. Неабходнай умовай прызнання М.з. крыніцай права з’яўляецца прызнанне яго ўсімі або некаторымі дзяржавамі. Звычаі, у аснову якіх пакладзены прынцыпы суверэнітэту і роўнасці, абавязковыя для ўсіх краін; іншыя М.з. дзейнічаюць для дзяржаў, якія іх прызналі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАКО́КІ (Micrococcus),
род няспораўтваральных бактэрый шарападобнай формы. Пашыраны ў вадзе, глебе, паветры, харч. прадуктах. Уваходзяць у склад нармальнай мікрафлоры чалавека.
Клеткі дыям. 1—2 мкм, нерухомыя, грамстаноўчыя. Размяшчаюцца пераважна паасобку або ў гронках няправільнай формы. Строгія аэробы. Сапратрофы або факультатыўныя паразіты. Размнажаюцца дзяленнем. Прымаюць удзел у кругавароце азоту ў прыродзе: раскладаюць арган. рэшткі, у якіх ёсць бялкі, да аміяку, рэдукуюць нітраты і нітрыты да свабоднага азоту і інш.