НАРВЕ́ГІЯ (Norge),

Каралеўства Нарвегія (Kongeriket Norge), дзяржава на Пн Еўропы, на Скандынаўскім п-ве. Мяжуе на У з Расіяй, на ПдУ з Фінляндыяй і Швецыяй; на Пн абмываецца Баранцавым м., на З і ПнЗ — Нарвежскім м., на Пд — Паўночным м. і пралівам Скагерак. Пл. 324,2 тыс. км². Нас. 4420 тыс. чал. (1999). Дзярж. мова — нарвежская. Сталіца — г. Осла. Краіна падзяляецца на 19 фюльке (абласцей). У склад Н. таксама ўваходзяць: адм. акруга Свальбард (архіпелаг Шпіцберген і в-аў Мядзведжы), а-вы Ян-Маен на Пн і Буве на Пд Атлантычнага ак. Агульная пл. гэтых тэрыторый каля 63 тыс. км², пастаяннага насельніцтва няма. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (17 мая).

Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1814 з пазнейшымі папраўкамі. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы заканад. орган — сторцінг, які складаецца з лагцінга (верхняя палата, 41 дэпутат) і одэльсцінга (ніжняя палата, 124 дэпутаты). Выбіраецца на ўсеагульных выбарах па прапарцыянальнай сістэме тэрмінам на 4 гады. Пасля выбараў на 1-й сесіі сторцінга з яго складу выбіраецца 74 дэпутатаў, якія ўтвараюць лагцінг, астатнія 74 — одэльсцінг. Выканаўчая ўлада належыць каралю, які назначае ўрад (Дзярж. савет) на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Берагавая лінія вельмі звілістая. Многа заліваў (фіёрдаў), якія глыбока ўразаюцца ў сушу. Каля берагоў шмат астравоў. Большую ч. краіны займаюць выцягнутыя з ПнУ на ПдЗ Скандынаўскія горы, складзеныя з крышталічных парод. Тэктанічныя даліны падзяляюць горы на асобныя масівы і пласкагор’і. Пераважаюць выш. 700—1000 м, найб. 2469 м (г. Гальхёпіген). Нізіны займаюць невял. плошчы. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (шэльфавая зона Паўночнага м.), жал., ванадыевыя, тытанавыя, медныя, малібдэнавыя, нікелевыя, свінцова-цынкавыя, ніобіевыя, сярэбраныя руды, золата, графіт і інш. На Шпіцбергене значныя запасы каменнага вугалю. Клімат умераны, у прыбярэжнай зоне акіянічны, на крайняй Пн — субарктычны. Сярэдняя т-ра на ўзбярэжжы ў студз. на Пн ад -2 да -4 °C, на Пд да 2 °C, у ліп. ад 10 °C на Пн да 14 °C на Пд. У гарах больш холадна. Ападкаў ад 2000—3000 мм на зах. схілах гор да 300—800 на У і Пн. У гарах ледавікі (пл. 3 тыс. км²). Рэкі кароткія, парожыстыя, паўнаводныя, багатыя гідраэнергіяй. Найб.р. Глома. Многа ледавіковых азёр. Пад лесам 27% пл. На У і ПдУ — хвойныя лясы (елка, хвоя), на Пд ад 61° паўн. ш. — мяшаныя (хвоя, елка, бяроза, дуб, бук, ліпа). На З пераважаюць верасоўнікі, лугі і балоты. На Пн і на пласкагор’ях — тундра і лесатундра. Важнейшыя прадстаўнікі жывёльнага свету: паўн. і высакародны алень, лось, расамаха, воўк, ліс барсук, вавёрка, лемінг, зайцы. На ўзбярэжжах шмат птушак. У моры прамысл. рыба (траска, селядзец, макрэль і інш.). Нац. паркі: Бёргеф’ель, Паўд.-Шпіцбергенскі, Паўн.-Зах. Шпіцберген, Паўн.-Усх. Шпіцберген, больш за 30 запаведнікаў.

Насельніцтва. Каля 97,5% складаюць нарвежцы. На Пн жывуць саамы (0,7%) і фіны (0,5%), на Пд і ў гарадах — невял. групы шведаў, датчан, немцаў і інш. Каля 87,8% вернікаў лютэране. Ёсць прадстаўнікі інш. адгалінаванняў пратэстанцтва і католікі. Сярэдняя шчыльн. 13,6 чал. на 1 км². Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана на ўзбярэжжы, горныя масівы амаль не заселены. У невял. раёне на Пд вакол Ослафіёрда жыве палавіна насельніцтва, дзе шчыльн. да 50—60 чал. на 1 км². У гарадах 73% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1997): Осла — 500, Берген — 260, Тронхейм — 160, Ставангер — 120, Нарвік — 80. У прам-сці занята 23%, у сельскай гаспадарцы — 6% працаздольнага насельніцтва, астатнія ў абслуговых галінах.

Гісторыя. Тэр. Н. заселена чалавекам прыбл. ў 6-м тыс. да н.э. У 2-м тыс. да н.э. стараж.-герм. плямёны адцяснілі на Пн мясц. карэннае насельніцтва — саамаў. У канцы 1-га тыс. н.э. ўзнікла нарв. народнасць. У эпоху вікінгаў (нарманаў; канец 8 — сярэдзіна 11 ст.) пачалося фарміраванне нарв. дзяржаўнасці, у 872 на прастол уступіў першы конунг (кароль) Харальд I Хорфагер. Продкі нарвежцаў учынялі марскія паходы пераважна ў Зах. Еўропу, каланізавалі Цэнтр. і Паўн. Англію, Шатландыю, Аркнейскія, Шэтлендскія, Гебрыдскія, Фарэрскія а-вы, прыбярэжныя раёны Ірландыі, Ісландыю, Грэнландыю (гл. таксама Вялікія геаграфічныя адкрыцці, Лейф Эйрыксан, Эйрык Раўдзі). Каля 1000 у краіне прынята хрысціянства Значную ч. насельніцтва сярэдневяковай Н. складалі бонды. Перыяд паміж 1130 і 1240 суправаджаўся грамадз. войнамі за ўладу (гл. Біркебейнеры). Пры Хокане IV Хокансане [1217—63] грамадз. войны спыніліся, Н. мела найб. ў сваёй гісторыі тэрыторыю, у т. л. займала сучасныя швед. правінцыі Емтланд і Бохуслен. Кароль Хокан V Магнусан [1299—1319] зрабіў сталіцай краіны г. Осла (раней каралеўскі двор размяшчаўся ў г. Берген). Каля 1300—1500 Н. знаходзілася ў эканам. залежнасці ад ням. Ганзы (яе гал. апорным пунктам прыбл. з 1350 быў Берген), якая кантралявала экспарт нарв. рыбы. Эпідэмія чумы 1347—50 прывяла да працяглага эканам. заняпаду краіны. У 1319 заключана асабістая унія Н. са Швецыяй, у 1380 — з Даніяй, у 1397 — Кальмарская унія трох сканд. каралеўстваў (у 1523 з уніі выйшла Швецыя). Пасля 1500 пачаўся павольны эканам. ўздым. У 1536 у Н. абвешчана Рэфармацыя, у 1537 краіна страціла статус самаст. каралеўства і ператварылася ў дацкую правінцыю (у 1572 уведзена пасада намесніка дацкага караля). У выніку швед.-дацкіх войнаў 17 ст. Н. страціла тэрыторыі Емтланд, Хер’едален (1645), Бохуслен (1658) на карысць Швецыі і апынулася ў сучасных межах. У 1660 дацкія ўлады ўвялі ў Н. абсалютысцкія парадкі. У 17 — пач. 19 ст. актывізаваўся нац.-вызв. рух супраць дацкага панавання, у т. л. паўстанне ў раёне Бергена ў 1765. Пасля далучэння Даніі да напалеонаўскай кантынентальнай блакады (1807) Н. апынулася фактычна ізаляванай ад дацкіх улад. Паводле Кільскіх мірных дагавораў 1814 Данія перадала Н. пад уладу Швецыі. Нарв. ўстаноўчы сход у Эйдсвале (скліканы 10.4.1814) не прызнаў гэтага акта, абвясціў незалежнасць Н. і распрацаваў яе канстытуцыю (гл. Эйдсвальская канстытуцыя 1814). Але Швецыя пры падтрымцы вядучых еўрап. дзяржаў навязала Н. асабістую шведска-нарвежскую унію 1814—1905. Паводле ўмоў уніі Швецыя вызначала знешнюю палітыку Н. пры захаванні яе ўнутр. аўтаноміі. У 19 ст. актывізавалася эканам. развіццё краіны (у 1816 засн. Банк Н., у 1854 уведзена ў эксплуатацыю першая чыгунка), асабліва гандл. флоту (па яго велічыні да пач. 1-й сусв. вайны Н. займала 3-е месца ў свеце). Разам з тым сац.-эканам. цяжкасці прывялі да перасялення каля 1 млн. нарвежцаў у Паўн. Амерыку (найб. хвалі перасяленцаў у 1879, 1882, 1893). У 1859 у сторцінгу (парламенце) аформілася ліберальная апазіцыя праціўнікаў швед.-нарв. уніі, у 1884 яны ўтварылі партыю Венстрэ (Левую), а прыхільнікі уніі заснавалі партыю Хёйрэ (Кансерватыўную); у краіне ўсталяваўся парламентарызм. У час уздыму рабочага руху ў 1870—80-я г. ўзніклі прафсаюзы, у 1887 — Нарв. рабочая партыя (НРП), якая пазней стала вядучай паліт. партыяй Н. У 1898 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1913 — і для жанчын.

3 канца 19 ст. ўзмацніўся рух за выхад Н. з уніі са Швецыяй. 7.6.1905 сторцінг абвясціў пра скасаванне швед.-нарв. уніі, нар. плебісцыт 13.8.1905 ухваліў разрыў уніі. Пасля заключэння швед.-нарв. Карльстадскіх пагадненняў 1905 і рэферэндуму ў Н. пра форму дзярж. ладу (ліст. 1905) на нарв. прастол 18.11.1905 быў выбраны дацкі прынц Карл (правіў як Хокан VII да 1957). Незалежнасць і тэр. цэласнасць Н. былі гарантаваны Германіяй, Францыяй, Вялікабрытаніяй, Расіяй паводле Хрысціянскіх канвенцый 1907. У пач. 1900-х г. Н. стала краінай найбуйнейшых у Еўропе ГЭС. У 1-ю сусв. вайну Н. прытрымлівалася палітыкі нейтралітэту, але страціла пры гэтым амаль 50% свайго гандл. флоту (820 суднаў). У пасляваен. знешняй палітыцы ўрады Н. цесна супрацоўнічалі з Лігай Нацый. Прадстаўнікі Н. ўдзельнічалі ў арганізацыі міжнар. дапамогі галадаючым Паволжа; вял. аўтарытэт у свеце набыў сваімі гуманітарнымі акцыямі, у т. л. па дапамозе бежанцам з розных краін, нарв. палярны даследчык Ф.Нансен (гл. таксама Нансенаўская міжнародная арганізацыя па справах бежанцаў). Ва ўмовах сусв. эканам. крызісу 1929—33 у Н. ўзнік фаш. рух на чале з В.Квіслінгам. У 1931—33 Н. канфліктавала з Даніяй за Грэнландыю, але Міжнар. суд у Гаазе вырашыў спрэчку на карысць Даніі. На выбарах 1933 НРП атрымала 40% галасоў выбаршчыкаў, а ў сак. 1935 сфарміравала ўрад на чале з Ю.Нюгарсвалам (1935—45, з 1940 у эміграцыі). У 2-ю сусв. вайну, нягледзячы на нейтралітэт, краіну ў ходзе 2-месячнай Нарвежскай аперацыі 1940 акупіравалі ням.-фаш. войскі; нарв. кароль і ўрад эмігрыравалі ў Лондан (вярнуліся ў 1945). У лют. 1942 сфарміраваны нарв. калабарацыянісцкі ўрад на чале з Квіслінгам. Акупацыя краіны выклікала Рух Супраціўлення: у 1943 нарв. патрыёты разгарнулі барацьбу супраць «татальнай прац. мабілізацыі», абвешчанай урадам Квіслінга; узбр. групы Супраціўлення здзейснілі шэраг дыверсійных актаў, у т. л. ўзарвалі з-д па вытв-сці цяжкай вады для ням. атамнай бомбы; у канцы 1943 — пач. 1944 узнік аб’яднаны кіруючы орган Супраціўлення — «Фронт Радзімы». У выніку Петсама-Кіркенескай аперацыі 1944 паўн. раёны Н. вызваліла Чырв. Армія. 7.5.1945 у Н. капітулявалі герм. войскі. У вайне краіна страціла 10 тыс. чал., палавіну флоту (паводле танажу). У 1948 абвешчана амністыя квіслінгаўцаў, у 1950 спынена суд. праследаванне ваен. злачынцаў. Пасляваен. аднаўленню эканомікі краіны садзейнічала дапамога паводле Маршала плана. З канца 1940-х г. знешнепаліт. курс Н. вызначаўся адмовай ад нейтралітэту, імкненнем да інтэграцыі краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі. У 1945—65, 1971—72, 1973—76, 1976—81, 1986—89, 1990—97 кіруючай партыяй зноў была НРП (у т. л. ўрады на чале з Г.Х.Брунтланд), якая праводзіла курс на пабудову ў Н. сац. дзяржавы на ўзор Швецыі. На рэферэндуме 25.9.1972 большасць выбаршчыкаў выказалася супраць уступлення Н. ў «Агульны рынак». У 1981—86 і 1989—90 на чале ўлады знаходзіліся кансерватыўныя ўрады. У 1957—91 каралём Н. быў Улаф V, са студз. 1991 — Харальд V. На рэферэндуме ў канцы 1994 большасць выбаршчыкаў прагаласавала супраць членства краіны ў Еўрап. Саюзе. Пасля парламенцкіх выбараў у вер. 1997 утвораны кааліцыйны ўрад на чале з К.​М.​Бундэвікам (Хрысц. нар. партыя).

Н. — чл. ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Савета Еўропы (з 1949), Паўн. савета (з 1952), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю і Арг-цыі эканам. супрацоўніцтва і развіцця (з 1960), асацыіраваны член Зах.-Еўрап. Саюза (з 1992). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 4.2.1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Нарв. рабочая партыя (найбуйнейшая), партыя Цэнтра, партыя Хейрэ (Кансерватыўная), Хрысц. нар. партыя, Сацыяліст. левая партыя, Партыя прагрэсу і інш. Прафс. аб’яднанні — Цэнтр. аб’яднанне прафсаюзаў Н. (найбуйнейшае, засн. ў 1899, аб’ядноўвае каля 30 галіновых прафсаюзаў), Кааператыўнае аб’яднанне Н.

Гаспадарка. Н. — індустр.-агр. краіна з высокім узроўнем жыцця насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. 26,2 тыс. дол. (1996). На прам-сць прыпадае 32,1% валавога ўнутр. прадукту (ВУП), на сельскую і лясную гаспадарку, рыбалоўства і марскія промыслы — 2%, на сферу паслуг — 65,9% (1997). Прамысловасць мае экспартны кірунак. Гал. месца належыць горназдабыўной галіне. Здабываюць (1997) нафту — 152 млн. т і прыродны газ — 46,5 млрд. м³ у Паўночным. м. (цэнтр абслугоўвання здабычы — г. Ставангер), каменны вугаль — 0,4 млн. т на Шпіцбергене, жал., алюмініевыя, тытанавыя, цынкавыя, малібдэнавыя, кобальтавыя, нікелевыя руды, пірыты, буд. матэрыялы. У 1997 атрымана 112 млрд. кВтгадз электраэнергіі (99,4% — на ГЭС). Па вытв-сці электраэнергіі на 1 чал. Н. займае 1-е месца ў свеце. Развіты энергаёмістыя галіны — электраметалургія каляровых металаў і электрахімія. Вытв-сць (млн. т, 1997): чыгуну — 0,1, сталі — 0,4, пракату — 0,4. Асн. цэнтр — г. Му-і-Рана, з-д «Норск Ернверк». Значная вытв-сць алюмінію (г. Арэндаль і інш.), нікелю і медзі (г. Крыстыянсан), кобальту (15% сусв. вытв-сці), магнію, ферасплаваў. Хім. прам-сць прадстаўлена вытв-сцю ўгнаенняў — 0,9 млн. т (1997, у пераліку на 100% колькасць карыснага рэчыва), у т. л. 0,6 млн. т азотных і 0,3 млн. т фосфарных, сінт. смол — 425 тыс. т, а таксама карбіду кальцыю, цяжкай вады, інертных газаў (аргон, неон). Асн. цэнтры хім. прам-сці — Осла і Берген, нафтаперапр. і нафтахім. — Берген і Ставангер. Развіта лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Нарыхтоўкі драўніны склалі 7,6 млн. м³, піламатэрыялаў — 2,4 млн. м³, вытв-сць драўнянавалакністых пліт — 18,9 млн. м³, драўнянастружкавых пліт — 420 тыс. м³, паперы і кардону — 2 млн. т (1997); гал. цэнтры Шыен і Тронхейм. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены прадпрыемствамі па буд-ве суднаў, пераважна танкераў і рыбалоўных, платформ для здабычы нафты і газу ў моры, буравога, горнага, металург., хім., лесаперапрацоўчага абсталявання, вырабаў радыёэлектронікі (Осла, Берген, Ставангер). У прам-сці буд. матэрыялаў вылучаецца вытв-сць цэменту — 1,8 млн. т (1997). З галін лёгкай прам-сці найб. развіты швейная і трыкатажная (асабліва вытв-сць спарт. і рабочага адзення), абутковая (абутак для маракоў і рыбакоў). У харч. прам-сці вылучаецца рыбаперапрацоўчая і рыбакансервавая галіна. Улоў рыбы (1997) — 2,84 млн. т, у т. л. селядцоў — 917 тыс. т, траскі — 401 тыс. т. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі даюць прадпрыемствы 4 найб. гарадоў, у т. л. 25% — Осла. Сельская гаспадарка працуе пераважна на ўнутр. рынак. С.-г. ўгоддзі (1997) займаюць 1,1 млн. га (каля 3,4% тэр.), у т. л. пад ворывам 1 млн. га. Пераважаюць невял. фермы (да 10 га). Многія з дробных фермераў частку даходу атрымліваюць ад рыбалоўства і продажу лесу. Пашырана вытворча-збытавая кааперацыя. Гал. галіна — малочна-мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1, свіней — 0,8, авечак і коз — 2,6, птушкі — 4. На Пн разводзяць паўн. аленяў (каля 100 тыс. галоў). Вытворчасць (тыс. т., 1997): мяса — 276, малака — 1900 (надой на 1 карову 5472 л за год), воўны — 5; атрымана 831 млн. штук яец. Прадукцыя раслінаводства (1997): збожжавыя і зернебабовыя — 1,3 млн. т, бульба — 0,4 млн. т, агародніна — 0,2 млн. т, плады і ягады — 0,1 млн. т. Сярэдняя ўраджайнасць: аўса — 50,4 ц/га, пшаніцы — 45,4 ц/га, бульбы — 222 ц/га. Вырошчваюць фуражныя культуры. Развіта клетачная пушная зверагадоўля (норак і лісоў). Асн. від транспарту — марскі, забяспечвае прыкладна ​2/3 унутр. і ​9/10 знешніх перавозак. Танаж гандл. флоту (судны водазмяшчэннем больш за 100 т) больш за 21 млн. брута-рэг. т, частка флоту плавае пад замежнымі флагамі. Больш за 90% танажу занята на міжнар. перавозках па замежных фрахтах. Гал. парты: Осла, Берген, Ставангер, Нарвік. Працягласць чыгунак (больш за 60% электрыфікаваныя) — 4 тыс. км, аўтадарог — 90 тыс. км. Н. знаходзіцца на адным з першых месцаў у свеце па ўнутр. авіяц. перавозках пасажыраў у разліку на душу насельніцтва. Міжнар. аэрапорты каля Осла, Ставангера, Будзё, густая сетка мясц. аэрапортаў. У 1997 экспарт склаў 47,7 млрд. дол., імпарт — 35,5 млрд. дол. Асн. тавары экспарту: нафта і прыродны газ (каля 50% па кошце), каляровыя металы, судны, рыба. Імпарт: машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, харч. і спажывецкія тавары. Гал. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Германія, Швецыя, Нідэрланды, Францыя. Імпарт у Беларусь (1997) — 553 тыс. дол., пераважна рыба. Значны даход прыносіць турызм, колькасць замежных турыстаў 2,7 млн., чал., даход ад турызму — 2,5 млрд. дол. (1997). Грашовая адзінка — нарвежская крона.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск (15,8 тыс. чал.), ВПС (7,9 тыс. чал.), ВМС (9 тыс. чал.). Агульная колькасць 32,7 тыс. чал. (1999). Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Камплектаванне паводле прызыву. На ўзбраенні 170 танкаў, 214 бронетранспарцёраў, 57 баявых машын пяхоты, 252 гарматы, 454 мінамёты, 300 пераносных зенітных ракетных комплексаў, у ВМС 12 падводных лодак, 4 фрэгаты, 14 тральшчыкаў, 53 катэры і інш., у ВПС 79 баявых самалётаў.

Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне платнае, але 80% расходаў на ўрачэбную дапамогу і набыццё некат. лекаў фінансуецца з фондаў сац. страхавання. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,4, жанчын 81,2 года. Узровень нараджальнасці — 13 на 1 тыс. чал. Смяротнасць 10 на 1 тыс. чал., натуральны прырост 0,27% (1999). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 197 чал., урачамі — 1 на 299 чал. (1998). Дзіцячая смяротнасць 5 на 1 тыс. нованароджаных (1999).

Асвета. Сістэма адукацыі Н. дзярж., бясплатная, існуе невял. колькасць прыватных школ, якім аказваецца дзярж. фін. падтрымка. Паводле рэформы 1994 у сістэме адукацыі, дзеці вучацца ў школе з 6-гадовага ўзросту. Тэрмін усеагульнага абавязковага навучання 10 гадоў: складаецца з пач. ступені (1—4-ы кл.), прамежкавай (5—7-ы кл.) і ніжэйшай сярэдняй ступені (8—10-ы кл.), дзе вучні могуць выбіраць прадметы дадаткова да абавязковых. Пасля атрымання абавязковай сярэдняй адукацыі 95% вучняў працягваюць вучобу на старшай ступені сярэдняй школы (3 гады навучання) і атрымліваюць поўную сярэднюю адукацыю, што дае права паступаць ва ун-т. Старшая ступень складаецца з базавых курсаў (1-ы год навучання), наступных спецыялізаваных і (або) курсаў прафесійна-тэхн. адукацыі. 40% выпускнікоў старшай ступені сярэдняй школы паступаюць у ВНУ. Выпускнікі каледжаў пасля выканання праграм, разлічаных на 2—3 гады, атрымліваюць дыплом. Першая акадэмічная ступень (кандыдат-магістр) прысвойваецца ун-тамі, універсітэцкімі і рэгіянальнымі каледжамі пасля выканання 4-гадовай праграмы навучання; дадатковае навучанне (1,5—3 гады), правядзенне даследавання і напісанне дысертацыі дазваляе атрымаць ступені — канд. філасофіі (гуманіт. навукі), канд. навук (прыродазнаўчыя дысцыпліны) і т.зв. ступень «Sivilingenior» (тэхн. навукі). Паслядыпломную адукацыю можна прадоўжыць у дактарантуры (3—4 гады) і атрымаць ступень д-ра навук у розных галінах ведаў. Існуе і агульная доктарская ступень — д-р філасофіі, якая не патрабуе абавязковага навучання, але прад’яўляе больш высокія патрабаванні да дысертацыі. Усе ВНУ падпарадкоўваюцца Мін-ву адукацыі, даследаванняў і рэлігіі. У 1999/2000 навуч. г. ў Н. — 160 тыс. студэнтаў, у т. л. 80 тыс. ва ун-тах; 4 ун-ты: у Осла (1811), Бергене (1948), Тронхейме (1968), Тромса (1972); 6 спецыялізаваных універсітэцкіх каледжаў. З мэтай развіцця супрацоўніцтва паміж ВНУ 95 рэгіянальных каледжаў у 1994 рэарганізаваны ў 26 і створана «нарвежская сетка», у якую ўвайшоў і універсітэцкі сектар. Найбуйнейшыя б-кі — універсітэцкія і б-ка ў Осла. Музеі: заалагічны (1820), Універсітэцкі нац. старажытнасцей (1828), прыкладнога мастацтва (1876), Нарв. народны (1894), Нац. галерэя (1837); музеі Вігелана (1947), Мунка (1963), музеі, дзе захоўваюцца судны нарв. вікінгаў, карабель Р.​Амундсена і Ф.​Нансена, плыт Т.​Хеердала «Кон-Цікі» і інш. (усе ў Осла). Навук. даследаванні праводзяцца пераважна ва ун-тах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у Н. каля 2160 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты: «Aftenposten» («Вячэрняя газета», з 1860), «Dagbladet» («Штодзённая газета», з 1869), «Arbeiderbladet» («Рабочая газета», з 1884), «Nationen» («Нацыя», з 1896), «Verdens Gang» («Свет у руху», з 1945), «Vaart Land» («Наша краіна», з 1945), «Ny Tid» («Новы час», з 1975). Інфарм. агенцтва — Нарв. тэлегр. бюро (НТБ, з 1867). Дзейнічаюць больш за 70 радыёстанцый. Тэлебачанне з 1960. Трансліруюцца 2 агульнанац. і 17 мясц. праграм. Радыё і тэлебачанне кантралюе ўрадавая карпарацыя Нарв. дзярж. вяшчанне (з 1933).

Літаратура. Ад раннесярэдневяковай л-ры Н. захавалася няшмат помнікаў. У цесным узаемадзеянні з нарвежскай развівалася стараж.-ісландская л-ра, вядомая сваёй паэзіяй міфалагічнага і гераічнага зместу, а таксама творчасцю скальдаў (нарвежцы Брагі Бодасан, Торб’ёрн Хорнклаві, Эйвінд Фінсан; 9—11 ст.) і інш. У 13 ст. з’явілася ананімная рэліг.-філас. (паэма «Сонны прывід») і рэліг.-дыдактычная (дыялог «Каралеўскае люстра») л-ра. Страта краінай незалежнасці выклікала заняпад нарв. л-ры. Літ. мовай стала дацкая. Гуманіст. рух у Н. ў сярэдзіне 16 ст. быў цесна звязаны з Рэфармацыяй (лацінамоўныя творы Х.​Хунарсана, Е.​Нільсана). Патрыят. духам прасякнута гісторыка-геагр. кн. «Пра нарвежскае каралеўства» (1567) А.​Педэрсена Беера. У 17 ст. значныя маст. творы стварылі П.​Дас (паэма «Голас Нурлана»), Д.​Энгельбрэтсдатэр (рэліг. лірыка). Станаўленне свецкай л-ры Н. прыпадае на 18 ст. (паэзія К.​Б.​Туліна, проза і драматургія дацка-нарв. пісьменніка Л.​Хольберга). Даніну класіцызму аддалі ў сваёй творчасці Ю.​Н.​Брун (аўтар першай нарв. гіст. трагедыі «Эйнер Тамбешэльвер», 1772), К.​Фастынг, сентыменталізму — П.​Х.​Фрыман. Супраць адмоўных бакоў класіцызму скіраваны сатыр. і гумарыстычна-парадыйныя творы Ю.​Г.​Веселя, Ю.​Вібе. У 1-й пал. 19 ст. на фоне барацьбы Н. за незалежнасць вылучылася самаст. нарв. нац. л-ра. У гэтым рэчышчы развівалася паэзія Х.​Вергелана. Пачынальнік л-ры на нарв. мове (лансмоле) — І.​Осен. Пануючым літ. кірункам 1840—50-х г. быў «нацыянальны рамантызм» (літ. апрацоўкі нарв. фальклору П.​К.​Асб’ёрнсена, Ё.​Му, М.​Б.​Ланстада, паэзія Ю.​С.​Вельхавена, А.​Мунка, драм. творы Х.​Б’ерэгара, Бруна, Мунка, проза М.​К.​Хансена, Вергелана). У творах П.​Ботэн-Хансена, О.​У.​Вінье, ранняга Г.Ібсена разгарнулася палеміка з прадстаўнікамі гэтага кірунку. У 2-й пал. 19 ст. л-ра Н. ў шэрагу вядучых л-р свету, найперш дзякуючы драм. творам Ібсена і Б.М.Б’ёрнсана, для якіх характэрна арган. спалучэнне рамантычна-сімвалістычных і рэаліст. рыс. Росквіт рэаліст. рамана пачаўся з твораў К.​Эльстэра Старэйшага («Небяспечныя людзі»), Ю.​Лі («Лоцман і яго жонка», «Пажыццёва засуджаны», «Дочкі камандора»), А.​Л.​Х’елана («Шкіпер Воршэ», трылогія «Атрута», «Фартуна», «На Івана»), А.​Гарбарга («Вальнадумец», «Сяляне-студэнты»), Натуралістычныя і эратычныя матывы ўласцівы прозе А.​Скрам. Моцныя ўплывы імпрэсіянізму адчувальныя ў раманах Х.​Егера, неарамант. вершах, малой прозе і п’есах С.​Обстфелера, Т.​Крага, паэзіі Н.​К.​Вогт, В.​Крага. У канцы 19—пач. 20 ст. сусв. вядомасць набыла псіхал. проза К.Гамсуна. Гуманіст. традыцыі развіваліся ў творчасці Ю.​Боера, Г.​Скота, Х.​Кінка, П.​Эге. Мноствам плыняў і кірункаў вызначалася нарв. л-ра паміж сусв. войнамі. У манеры псіхал. рэалізму напісана эпапея «Жыхары Ювіка» У.​Дуўна (т. 1—6, 1918—23), у рэчышчы «новага рэалізму» і неарамантызму — гіст. раманы С.Унсет. Прыкметнай з’явай у л-ры Н. сталі псіхал. раманы С.​Хуля. Сац. тэматыкай адметная проза К.​Упдаля, Ю.​Фалькбергета, О.​Бротэна, паэзія Р.​Нільсена. Стваральнік нарв. сял. эпасу — Т.​Весас (раманы «Вялікая гульня» і «Жанчынам патрэбны дом»), Уплывы фрэйдызму адчувальныя ў раманах А.​Санемусе, паэзіі А.​Эверлана, драмах Х.​Крога. Выкарыстанне традыц. форм у спалучэнні з паэт. навацыямі ўласціва творам Г.​Вільдэнвея, У.​Аўкруста, С.​Мерэна, У.​Буля. Вылучылася творчасць хрысц. празаікаў С.​Крысціянсена, Р.​Фангена, драматурга-сімваліста Г.​Хейберга. У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыгрывала паэзія Ю.Н.Грыга, І.​Хагеруп, проза Хуля, Ю.Боргена і інш. У пасляваен. час вылучылася проза аналіт. (Борген, А.​Омрэ), псіхал. і фрэйдысцкая (Хуль, Т.​Недрэас, Н.​Ю.​Руд), рэаліст. (Боер, Весас), паэзія традыцыяналісцкая (Г.​Рэйс-Андэрсен, І.​Хагеруп, Т.​Стыген, Т.​Юнсан) і мадэрнісцкая (Мерэн, Р.​Якабсен, Э.​Оклан, Я.​Э.​Вол), драматургія рэаліст. (Х.​Хагеруп, Е.​Б’ёрнебу, Т.​Скагестад, А.​Во, Н.​Р.​Крыстэнсен) і мадэрнісцкая (Ф.​Хаўрэвал, Т.​Эр’ясетэр, С.​Крыстаў). У л-ры 1980—90-х г. цэнтр. месца займаюць мадэрнісцкая паэзія і драматургія (Э.​Хоэм), проза псіхал. (К.​Фальбакен), фемінісцкая (Б.​Вік), эксперым. (К.​Флёгстад, С.​Лёвейд), рэліг. (А.​Ронінг), футурысцкая (А.​Енсен), паліт. і сац. (К.​Хольт). Сярод перакладчыкаў і прапагандыстаў бел. л-ры ў Н. — паэт і літ.-знавец М.Наг. На бел. мову творы нарв. пісьменнікаў перакладалі С.​Міхальчук, В.​Сёмуха, Л.​Баршчэўскі.

Архітэктура. Сярэдневяковае дойлідства Н. выпрацавала своеасаблівы ў канстр. і маст. адносінах тып драўлянай царквы «стаўкірка», якая ўзводзілася з верт. пастаўленых бярвён і брусоў (цэрквы ва Урнесе, 1060—1130; Боргуне, каля 1150; Голі, канец 12 ст., цяпер у Нарвежскім нар. музеі на п-ве Бюгдзё ў Осла). Мураваная архітэктура фарміравалася ў 12—14 ст. пад уплывам англ. пабудоў раманскага стылю (сабор у Ставангеры, 1130—1300) і готыкі (сабор у Тронхейме, каля 1140—1320, рэстаўрыраваны ў 19—20 ст.; каралеўская зала Хокансхален у Бергене, 1246—61). З 16 ст. пашыраны агульнаеўрап. маст. стылі: пабудовам 2-й пал. 16—17 ст. ўласцівы элементы архітэктуры Адраджэння, у 18 ст. пераважалі рысы барока і ракако, у канцы 18—1-й пал. 19 ст. з’явіліся пабудовы ў стылі класіцызму (каралеўскі палац, 1824—48, арх. Х.Д.​Ф.​Лінстаў; ун-т, 1838—52, арх. К.​Х.​Грош). У архітэктуры сядзібных і гар. дамоў захоўваліся традыц. высокія чарапічныя дахі з заломам, лёгкія драўляныя галерэі і лоджыі. У 2-й пал. 19 ст. на змену класіцызму прыйшла эклектыка (псеўдараманскія формы, англ. неаготыка); нац.-рамант. рысы выявіліся ў т.зв. драконаўскім стылі з дэкар. элементамі айч. драўлянага дойлідства (арх. Х.​Мунтэ і інш.). У 1920—30-я г. развіваўся функцыяналізм. Пасля 2-й сусв. вайны вырашаліся праблемы пашырэння і рэканструкцыі гарадоў (праект Вял. Осла, 1948—50), масавага жыллёвага буд-ва. У пошуках самабытных форм архітэктары звярталіся да нар. дойлідства (турыстычныя гасцініцы, вілы, асабнякі). У 1960-я г. ў Н. пашырыўся арх. кірунак бруталізм: ратуша ў Аксеры каля Осла (1963, арх. Х.​Лунд, Н.​Слету), музей у Ховікодэне (1964—68, арх. І.​Эйквар, С.​Е.​Энгебрэтсен). У 1910 створаны Саюз нарв. архітэктараў.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад неаліту і бронз. веку на тэр. Н. захаваліся наскальныя размалёўкі з выявамі аленяў, схематычных фігур людзей, сонечнага дыска і інш. У сярэдзіне 1-га тыс. н.э. ад мастацтва герм. плямён, якія засялялі Пд Н., пашырыўся звярыны стыль. У канцы 8—9 ст. у рэчышчы культуры вікінгаў пачало фарміравацца сярэдневяковае мастацтва Н. Развіваўся звярыны стыль, у які ўключаліся геам. ўзоры («пляцёнка») і фігуры людзей (разьба на пахавальных караблях, павозках, санях і інш.), пазней — расл. ўзоры і жанравыя сцэны. У 13—14 й. развівалася гатычнае мастацтва (размалёўкі храмаў, скульптура, мініяцюра). З канца 14 ст. развіццё маст. культуры Н. заняпала. У 17 — пач. 19 ст. нарв. мастацтва развівалася ў рэчышчы агульнаеўрап. стыляў барока і ракако (працавалі пераважна замежныя майстры). У дэкар.-прыкладным мастацтве пашырыліся разьба і размалёўка па дрэве, разьба па слановай косці. У пач. 19 ст. з’явіліся нац. прафес. мастакі (жывапісец і графік Ю.К.​К.​Даль, О.​Вергеланд і інш.). З сярэдзіны 19 ст. павялічылася цікавасць да тэм нар. жыцця (А.​Тыдэман), нац. пейзажа (Х.​Гудэ, Ф.​Колет). У 1870—80-я г. пад уплывам франц. мастацтва большасць нарв. мастакоў аддавалі ўвагу вырашэнню спецыфічных жывапісных праблем, асабліва перадачы асвятлення і святлопаветр. асяроддзя (Х.​Бакер, Э.​Петэрсен, Ф.​Таўлаў, Х.​Хеердал і інш.). У скульптуры дамінавалі рысы класіцызму ў духу дацкага скульпт. Б.Торвальдсена (Б.​Бергсліен, Ю.​Мідэльтун, Х.​Мікельсен, М.​Шэйбрак і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. у мастацтве склалася нац. рэаліст. школа (К.​Крог, Э.​Верэншэль, Т.​Кігэльсен, Г.​Мунтэ і інш.). У рэчышчы сімвалізму працаваў скульпт. А.Т.Вігелан. У гэты перыяд склалася творчасць аднаго з заснавальнікаў экспрэсіянізму Э.Мунка. У выяўл. мастацтве 1-й пал. 20 ст. дамінавала манум.-дэкар. мастацтва (Р.​Аўлі, П.​Крог, А.​Рэваль, А.​Рольфсен і інш.). У 2-й пал. 20 ст. пашырыліся мадэрнісцкія кірункі (Я.​Вейдэман, Г.​С.​Гундэрсен, К.​Румар, І.​Сітэр і інш.). Традыцыі рэаліст. школы працягвалі жывапісец Х.​Фіне, графікі П.​Гаген, В.​Тветэрас і інш. У скульптуры развіваліся неакласіцыстычныя тэндэнцыі (Э.​Баст, Р.​Луне, В.​Расмусен, Г.​Янсан і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве (мэбля, кераміка, тэкстыль, драўляны посуд, вырабы з металу, карункапляценне, вышыўка) пераважаюць простыя рацыянальныя формы, у дэкоры выкарыстоўваюцца перапрацаваныя элементы нац. фальклору.

Музыка. Пра стараж. паходжанне нарв. музыкі сведчаць помнікі матэрыяльнай культуры (бронзавыя муз. інструменты 2 ст. да н.э.), сагі ісландска-нарв. эпасу («Эда Старэйшая», канец 11 ст.). Захаваліся стараж. вак.-інстр. і танц. жанры — пастухоўскія песні-клічы лок, хювінг, лалінг; балады, культавыя, гіст. і інш. песні, танцы халінг, спрынгданс. У аснове рытмічнай арганізацыі раўнамерная метрыка пры мностве сінкоп, пункцірных рытмаў і трыёлей. Сярод традыц. інструментаў: струнна-смычковыя фідла, лангелейк, хардынгфеле; духавыя флейта селье, лур; варган мюнхарпе. З пашырэннем хрысціянства (10 ст.) развіваюцца культавыя спевы, блізкія да грыгарыянскіх, з 14 ст. — арганная музыка. У 14—19 ст. музыка Н. была пад уплывам дацкай музыкі. З прыняццем лютэранства (1536) узнік пратэстанцкі харал. Сярод помнікаў перыяду Рэфармацыі — «Dansk salmebog» Х.​Томісёна (1569), «Graduale» Н.​Есперсена (1573). З канца 16 ст. муз. цэнтрамі сталі Хрысціянія, Берген, Тронхейм. У 2-й пал. 18 ст. ўзніклі аматарскія і праф. аркестры, паўпрафес. муз. т-вы ў Бергене («Гармонія», 1765, існуе і цяпер), Тронхейме, Хрысціяніі. Сярод нарв. кампазітараў эпохі барока Г. фон Бертух, Ю.​Д.​Берлін (аўтар і першага нарв. падручніка па тэорыі музыкі, 1744), Ю.​Фрэйтхаф. У сярэдзіне 19 ст. паявіліся першыя зб-кі запісаў нар. песень і танцаў (1841). У 1825 напісаны першы нарв. зінгшпіль (кампазітар В.​Тране, паэт Х.​Б’ерэгар). Стваральнікі нац. кампазітарскай школы — Х.Х’ерульф і Р.​Нурдрак (аўтар нарв. нац. гімна, 1864). Найб. адметная з’ява музыкі Н. — творчасць і дзейнасць Э.Грыга. Сярод яго паслядоўнікаў: К.​Сіндынг, Ю.​Сельмер, Ю.​Хальварсен, у 20 ст. — А.​Эген, Э.​Альнес, Ю.​Хорклаў, С.​Юрдан. Вял. ўклад у нарв. музыку зрабіў Ю.Свенсен. У музыцы Н. прасочваюцца ўплывы і прынцыпы розных стыляў і школ, у т. л. муз. імпрэсіянізму (А.​Хурум), новай венскай школы (Ф.​Вален), неакласіцызму (Л.​І.​Енсен), франц. музыкі пач. 20 ст. (Д.​М.​Юхансен, П.​Хал, А.​Клевен, Б.​Брустад). Буйнейшыя сімфаністы Н. — К.​Эге і Х.​Северуд. Стараж. фальклор Н. выкарыстоўваюць у сваіх творах Э.​Грувен, С.​Ульсен, Е.​Твейт; серыйную тэхніку і алеаторыку — Ф.​Мортэнсен, Э.​Ф.​Брэйн, Э.​Сомерфельт, А.​Бібала, Э.​Хоўлан і інш. У галіне электроннай музыкі працуе А.​Нурхейм. Сярод інш. сучасных кампазітараў: К.​Нюстэт, М.​Ом, Ю.​Квандал, А.​Янсан, эстрадныя Б.​Амдал, Р.​Даніельсен, В.​Санбек. Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.​Андэрсен, О.​Р.​Грунер-Хеге, Э.​Ф’ельстад, Ю.Хальварсен, спевакі Э.​Гульбрансан, К.Флагстад, О.Нурму-Лёўберг, Э.​Талаўг, К.​Скрам, У.​Эрыксен, піяністы І.​Братлі, Х.​М.​Бекелун, Р.​Левін, Т.​Тэлефсен, скрыпачы У.Буль, А.​Тэлефсен і інш. У Н. працуюць: Оперны т-р (з 1958) і аркестр Філармоніі ў Осла, аркестр філарманічнага т-ва «Гармонія» ў Бергене, стр. Хіндар-квартэт, Нац. канцэртнае т-ва (з 1968); кансерваторыі ў Осла (з 1883), Бергене (1905), Ставангеры (1945), вышэйшыя муз. школы ў Тронхейме (1911), Вейтвеце (1959) і інш. З 1953 у Бергене праводзяцца Міжнар. муз. фестывалі.

Тэатр. Вытокі нац. нарв. т-ра ў рэліг. і быт. абрадах. У 16—17 ст. у школьных т-рах ставілі містэрыі і маралітэ на лац. і нарв. мовах. У сярэдзіне 18 ст. ў Хрысціяніі (сучасны г. Осла) і Бергене ўзніклі аматарскія тэатр. трупы на нарв. мове (найб. буйная — хрысціянійскае Драм. т-ва, засн. ў 1780). У 1794 засн. праф. т-р у Бергене, у 1827 — Хрысціянійскі т-р, у якіх ставіліся п’есы на дацкай мове і выступалі пераважна дацкія акцёры. У 1850 у Бергене адкрыўся Нарв. т-р (з 1876 «Нац. сцэна»), які ўзначальвалі драматургі Г.Ібсен, пазней Б.​Б’ёрнсан. З яго дзейнасці пачалося развіццё нарв. нац. тэатр. мастацтва. У 1852 адкрыта Нарв. драм. школа ў Хрысціяніі (з 1854 «Нарв. т-р»). З пач. 20 ст. буйнейшым цэнтрам тэатр. жыцця Н. стаў Нац. т-р. У яго рэпертуары вял. месца належала драматургіі Ібсена і Б’ёрнсана, ставіліся творы У.​Шэкспіра, Ф.​Шылера, Ю.​А.​Стрындберга, Б.​Шоу і інш., у трупу ўваходзілі лепшыя нарв. акцёры (Р.​Ветэргрэн, Г.​Грыг, Ю.​Дзюбвад, Д.​Кнудсен, А.​Маўрстад, А.​Мувінкель, Х.​Обель, А.​Одвар, Ю. і С.​Рэймерс, Т.​Сегельке, Ю.​Фальстрэм і інш.). Створаны і новыя т-ры ў Хрысціяніі, Бергене, Тронхейме, Ставангеры. У 1920—30-я г. ставіліся нац. і сусв. класіка, п’есы К.​Абеля, Ю.​Боргена, Ф.​Вольфа, Х.​Крога, Н.​Грыга, К.​Чапека, П.​Лагерквіста і інш. У 2-ю сусв. вайну тэатр. мастацтва зведала востры ідэйна-маст. крызіс, многія акцёры эмігрыравалі ў Швецыю. У сучасным рэпертуары т-раў разам з творамі нац. і сусв. класікі пашырылася драматургія сучасных замежных аўтараў. Працуюць Нац. т-р, Малая сцэна Нац. т-ра (ставіць толькі аднаактовыя п’есы), Нарвежскі т-р, Нар. т-р (з 1913), Новы т-р (з 1929) у Осла, Дзярж. вандроўны т-р (з 1949) і інш.; дзейнічаюць шматлікія т-ры тыпу рэвю. Акцёраў і рэжысёраў рыхтуе Дзярж. тэатр. школа ў Осла (з 1953).

Кіно. Вытворчасць фільмаў у Н. пачалася ў 1908 (кароткаметражны ігравы фільм «Небяспечнасці рыбацкага жыцця»). У 1916 створана фірма «Хрысціянія-фільм», у 1919 — кампанія «Муніцыпальны кінацэнтр», у 1935 — кінастудыя ў Яры. У 1910-я г. здымалі пераважна фільмы забаўляльнага характару, з 1920-х г. — экранізацыі літ. твораў, якія пераважна ідэалізавалі нац. традыцыі: «Ганна-падкідыш» (1920, рэж. Р.​Брэйстэйн), «Горная казка» (рэж. Л.​Сіндынг), «Лось-велікан» (рэж. В.​Фюрст, абодва 1927), першы гукавы фільм «Вялікія хрэсьбіны» (1931, рэж. Т.​Ібсен), «Добрыя людзі» (1937, рэж. Сіндынг), «Дзіця» (1938, рэж. Брэйстэйн), «Слаўная Марэн» (1940, рэж. К.​Хергель) і інш. У 1930-я г. з’явіліся фільмы з сац. і этычнай праблематыкай: «Валацуга» (1934), «Двое жывых і адзін памерлы» (1937, абодва рэж. Ібсен) і інш. Пасля 2-й сусв. вайны пашырыліся фільмы, прысвечаныя Руху Супраціўлення: «Мы хочам жыць» (рэж. У.​Дальгар), «Уцекачы» (рэж. Т.​Санё, абодва 1946), «Бітва за цяжкую ваду» (1948, рэж. Т.​Вібе-Мюлер, Ж.​Дрэвіль), «Уцёкі з Дакара» (1951, рэж. Вібе-Мюлер), «Вымушаная пасадка» (1952), «Дзевяць жыццяў» (1957), «Акружэнне» (1960, усе рэж. А.​Скоўэн) і інш. З канца 1940-х г. здымалі лялечныя фільмы (рэж. І.​Капрына), у 1950 зняты першы ігравы фільм для дзяцей «Марыяна ў бальніцы» (рэж. Вібе-Мюлер). У 1950 засн. Дзярж. цэнтр кіно, у 1955 — Нарв. ін-т кіно і Дзярж. музей фільмаў. Пачало развівацца дакумент. і навук.-папулярнае кіно (рэж. А.​Берг, Я.​Вікбарг, Т.​Хеердал, П.​Хест і інш.). У 1960-я г. фільмы сац. і ваен. тэматыкі здымалі рэж. К.​Андэрсен, Н.​Мюлер, Н.​Р.​Крыстэнсен і інш., кінакамедыі — рэж. Андэрсен, Вібе-Мюлер, Э.​Бенерэд і інш. У 1968 створаны сав.-нарв. фільм «Усяго адно жыццё» (рэж. С.​Мікаэлян). У 1970—80-я г. ў кіно прыйшлі маладыя рэжысёры П.​Банг-Хансен («Канарэйка», 1973; «Кронпрынц», 1979), Берг («Закрытае аддзяленне», 1972; «Вайна Бобі», 1974), П.​Блум («Антон», 1973; «Дом маці», 1974), А.​Брэен («Гвалтаванне», 1971; «Жонкі», 1975; «Спадчына», 1978; «Паляванне на ведзьмаў», 1981), В.​Лёкеберг («Адкрыццё», 1977; «Дзяўчынка на пабягушках», 1981), Л.​Мікельсен («Мы», 1976; «Маленькая Іда», 1981) і інш. Вылучаюцца фільмы рэж. С.​Вама і П.​Венерэда («Ласе і Гейр», 1976; «Маўклівая большасць», 1977; «Чарней за ноч», 1979; «Жыццё і смерць», 1980; «Юлія — Юлія», 1981; «Жыць сваім жыццём», 1982), Я.​Дзюрынга («Люсі», 1979), Э.​Сульбакена («Кроў падзёншчыка», 1978), С.​Уднеса («Фру Інгер з Эстрата», 1975; «Імгненне», 1975) і інш. Развіваецца кіно для дзяцей: «Падарожжа на калядную зорку» (1976, рэж. О.​Солум), «Бабуля і восем дзяцей у горадзе» (1977), «Бабуля і восем дзяцей у лесе» (1979, рэж. абодвух Э.​Торстэнсан), «Цэпелін» (1981, рэж. Л.​Глом), «Залатавуст» (1982, рэж. Блум) і інш. Сярод акцёраў І.​Бардун, Б.​Бёрсум, Х.​Кольстад, А.​Малан, А. і Т.​Маўрстад, К.​Медбе, А.​Опсаль, А.​М.​Отэрсен, Б.​Скатэста, С.​Стурла Хугнес, Я.​Ф’ельстад, К.​Хусебё і інш. У Н. дзейнічаюць Саюз муніцыпальных кінематаграфістаў. Нарв. саюз фільмаў, арг-цыі нарв. вытворцаў кіно і відэапраграм, нарв. кінакрытыкаў, Саюз нарв. кінаклубаў. Кадры для кіно рыхтуюцца на базе Тронхеймскага ун-та.

Літ.:

История Норвегии. М., 1980;

Гуревич А.Я. Норвежское общество в раннее средневековье: Пробл. социал. строя и культуры. М., 1977;

Носков А.М. Норвегия во второй мировой войне 1940—1945. М., 1973;

Кюнле С. Государство всеобщего благосостояния: Норвежская модель: Пер. с норв. М., 1994;

Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980;

Сакалоўскі У. Скандынаўскія літаратуры ў Беларусі // Сакалоўскі У. Пара станаўлення. Мн., 1986;

Ланге К., Эствед А. Норвежская музыка: Пер. с англ. М., 1967;

Левашева О.Е. Музыка // История Норвегии. М., 1980;

Гриндэ Н. История норвежской музыки: Пер. с норв. Л., 1982.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​М.​Пісараў (гісторыя), Сепа Холта, Н.​І.​Марозава (асвета), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне), Л.​П.​Баршчэўскі (літаратура), Л.​А.​Сівалобчык (музыка).

Герб і сцяг Нарвегіі.
Да арт. Нарвегія. 1 — горнае возера на поўдні краіны; 2 — старая частка горада Берген.
Да арт. Нарвегія. Царква «стаўкірка» ў Голі, канец 12 ст. (злева); сабор у Тронхейме, каля 1140—1320.
Да арт. Нарвегія. Х.​Гудэ. Марскі пейзаж. 1876.
Да арт. Нарвегія. Э.​Мунк. Крык. 1893.
Да арт. Нарвегія. О.​Вергеланд. Эйдсвальд. 1814.
Да арт. Нарвегія. Ю.К.​К.​Даль. Стальхейм. Пейзаж з вясёлкай. 1842.

т. 11, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТЫКА́Н (Vaticano),

Дзяржава-горад Ватыкан (Stato della Città del Vaticano), папская суверэнная дзяржава, цэнтр каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — папы рымскага. Размешчана ў Рыме — сталіцы Італіі, на ўзгорку Монтэ-Ватыкана, на зах. беразе р. Тыбр. Пл. 0,44 км². Нас. 811 чал. (1992), у т. л. 402 чал. маюць ватыканскае грамадзянства. Ватыкану належаць асобныя тэрыторыі з 13 будынкамі ў Рыме па-за дзярж. межамі агульнай пл. 0,7 км²: 3 саборы, шэраг палацаў і вілаў. Каля Рыма ў замку Кастэль-Гандольфа летняя рэзідэнцыя папы. Афіц. мовы лац. і італьянская. Нац. свята — дзень узвядзення на прастол рымскага папы Іаана Паўла II (22 кастр.).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1929, Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы — папа рымскі, які выбіраецца пажыццёва на канклаве — спец. сходзе выбаршчыкаў (удзельнічаюць кардыналы не старэй за 80 гадоў). Яму належыць вярхоўная заканад., выканаўчая і суд. ўлада. Папа прадстаўляе Ватыкан у міжнар. справах, заключае, ратыфікуе і дэнансуе міжнар. дагаворы і канкардаты, прымае дыпламат. прадстаўнікоў і прызначае паслоў (нунцыяў) у інш. краінах. Кіраўніцтва рэліг., паліт. і эканам. дзейнасцю Ватыкана належыць Рымскай курыі (урад Ватыкана). У яе ўваходзяць статс-сакратарыят, 9 кангрэгацый (дэпартаментаў), 3 трыбуналы, 3 сакратарыяты і інш. Статс-сакратарыят узначальвае звычайна кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў. Асн. дэпартаменты ўзначальваюць кардынальскія камісіі на чале з прэфектам або прэзідэнтам. У склад Рымскай курыі ўваходзяць таксама кардынальская калегія і сінод каталіцкай царквы. Ахова Ватыкана і цырыманіяльныя функцыі ўскладзены на швейц. гвардыю і папскую жандармерыю.

Гісторыя. Назва Ватыкан паходзіць ад назвы аднайм. ўзгорка на беразе р. Тыбр, дзе ў раннім сярэднявеччы быў пабудаваны палац, які з канца 14 ст. стаў пастаяннай рэзідэнцыяй кіраўніка каталіцкай царквы (гл. Каталіцызм, Папская вобласць, Папства). Пасля аб’яднання Італіі і далучэння да яе Рыма (1870) была ліквідавана свецкая ўлада папы рымскага. Папа не прызнаў аб’яднанай італьян. дзяржавы і абвясціў сябе «ватыканскім вязнем». Канфлікт паміж Апостальскай сталіцай і ўрадам Італіі быў ліквідаваны ў 1929 Латэранскімі пагадненнямі, паводле якіх была ўтворана дзяржава Ватыкан і вызначаны яе сучасныя межы. Ватыкан падтрымлівае дыпламат. адносіны з больш як 125 краінамі свету, з ліст. 1992 — з Рэспублікай Беларусь. Прадстаўлены ў ААН.

Гаспадарка. Эканам. асновай дзяржавы з’яўляюцца даходы ад капіталаўкладанняў і ахвяраванняў. Ватыкан — адзін з буйнейшых у свеце акцыянераў і капіталаўласнікаў. Кошт акцый і інш. каштоўнасцей Ватыкана, уключаючы залатыя запасы, неафіцыйна ацэньваецца больш як у 13 млрд. дол. ЗША. Ватыкан валодае буйной нерухомасцю ў Італіі, Іспаніі, ФРГ, лацінаамер. краінах. Пастаянны даход прыносіць продаж паштовых марак, турысцкіх сувеніраў, рэліг. л-ры, плата за наведванне музеяў. У Ватыкан сцякаюцца таксама значныя сродкі ў выглядзе паступленняў ад вернікаў, збораў ад падаткаў і інш. Сусв. цэнтр рэліг. паломніцтва і турызму. Выраб мазаік і уніформы для персаналу. Чыг. станцыя. Грашовая адзінка — ватыканская ліра.

Друк, радыё, тэлебачанне. Афіц. ўрадавы орган — бюлетэнь «Acta Apostolicae Sedis» (з 1909). Выходзіць штодзённая газ. «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік», з 1861). Сярод інш. перыяд. выданняў: «Ecclesia», «Latinitas». Інфармац. агенцтва — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Працуе шматмоўны выдавецкі цэнтр. «Радыё Ватыкана» (з 1931) вядзе перадачы на 35 мовах. Тэлевіз. праграмы рыхтуе і трансліруе Тэлевізійны цэнтр Ватыкана (з 1983).

Навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Гал. папскія навук. ўстановы: Папская акадэмія навук (засн. ў 1603, адноўлена ў 1936), Рымская каталіцкая акадэмія св. Фамы Аквінскага (з 1879), Папскі біблейскі ін-т (з 1909). Ун-ты: Папскі Грыгарыянскі універсітэт (з 1553), Папскі ун-т св. Фамы Аквінскага (з 1580), Папскі Урбаніянскі універсітэт (з 1627), Папскі Латэранскі ун-т (з 1824). Ватыканская астр. абсерваторыя (з 1576) старэйшая ў Еўропе.

У музейны комплекс Ватыкана ўваходзяць: Пінакатэка (італьян. жывапіс 11—18 ст. — творы Фра Анджэліка, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, М.​Караваджа, Зала Рафаэля), музеі Егіпецкі, Этрускі (каштоўны збор керамікі), Піо-Клеменціна і К’ярамонці (зборы ант. скульптуры), галерэя сучаснага мастацтва, Сіксцінская капэла, Станцы і Лоджыі Рафаэля, галерэя габеленаў, Ватыканская Апостальская бібліятэка разам з Хрысціянскім (каштоўныя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва) і інш. музеямі.

Архітэктура. Арх. комплекс Ватыкана ўключае культавыя, палацавыя і крапасныя збудаванні, якія спалучаюцца з творамі садова-паркавага мастацтва. Уваходам у Ватыкан служыць авальная плошча св. Пятра з каланадамі (1657—63, арх. Л.​Берніні), што вядуць да буйнейшага каталіцкага храма — сабора св. Пятра (1506—1614, арх. Д.​Брамантэ, Мікеланджэла, Дж.​Віньёла, Дж. дэла Порта, К.​Мадэрна і інш.). У інтэр’еры сабора — мармуровае «Аплакванне Хрыста» Мікеланджэла (каля 1497—98), бронзавы балдахін (1624—33), кафедра (1657—66) і надмагіллі работы Берніні, «Брама смерці» (1947—64, скульптар Дж.​Манцу). На Пн ад сабора размешчаны палацавы комплекс. У яго ўваходзяць капэлы Мікалая V (1440-я г., фрэскі Фра Анджэліка), Сіксцінская (1473—84, фрэскі Мікеланджэла, П.​Перуджына, С.​Батычэлі, Д.​Гірландайо) і Пааліна (1540, арх. А. да Сангала Старэйшы, фрэскі Мікеланджэла, 1542—50), апартаменты Борджа (фрэскі Пінтурык’ё, 1493—94); Лоджыі і Станцы (залы), размаляваныя Рафаэлем і яго вучнямі; двары Сан-Дамаза і Бельведэр (паміж 1503—45, праект Брамантэ); парадны ўваход у палац — Каралеўская лесвіца (Скала Рэджа, 1663—66, Берніні). У садах Ватыкана — Казіно Пія IV (1558, арх. П.​Лігорыо), Пінакатэка. Уласнасцю Ватыкана з’яўляюцца раннехрысц. базілікі Сан-Джавані ін Латэрана, Санта-Марыя Маджорэ і Сан-Паала фуоры ле Мура (усе — 4 ст.), Латэранскі палац (16 ст.) і інш. будынкі ў Рыме. Помнікі архітэктуры Ватыкана ўключаны ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.

Літ.:

Музеи Ватикана. Рим: Альбом. М., 1974;

Bonaventura M.A. La Città del Vaticano. Roma, [1971].

Н.​К.​Мазоўка (дзяржаўны лад, гісторыя, друк, радыё, тэлебачанне, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы).

Герб і сцяг Ватыкана.
Да арт. Ватыкан. Плошча св. Пятра.
Да арт. Ватыкан. Папа рымскі Іаан Павел II бласлаўляе дзяцей-чарнобыльцаў з Беларусі.

т. 4, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРУ́НДЗІ (Burundi),

Рэспубліка Бурундзі (République du Burundi), дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Руандай, на У і Пд з Танзаніяй, на З з Заірам, на ПдЗ абмываецца водамі воз. Танганьіка. Падзяляецца на 15 правінцый. Пл. 27,8 тыс. км². Нас. 6,026 млн. чал. (1993). Сталіца — г. Бужумбура. Афіц. мова кірундзі і франц., пашырана мова суахілі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).

Дзяржаўны лад. Бурундзі — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1992 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Нац. асамблея), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які фарміруе прэзідэнт.

Прырода. Амаль уся краіна занята пласкагор’ем (выш. 1500—200 м), падзеленым некалькімі глыбокімі далінамі, складзеным гал. ч. з дакембрыйскіх крышт. і метамарфічных парод. Зах. край яго — мерыдыянальны хрыбет выш. 2000—2600 м. Асобныя невысокія горы ёсць на У. На крайнім З тэр. Бурундзі ўваходзіць ва Усх.-Афр. рыфтавую зону. Карысныя выкапні: золата, уран, волава, кобальт, медзь, вальфрам, берыліевая руда, касітэрыт, торф і інш. Клімат субэкватарыяльны, умерана вільготны, акрамя сухога сезона (чэрв.вер.), у паніжаных раёнах гарачы (у Бужумбуры на выш. каля 780—800 м над узр. м. сярэднямесячныя т-ры паветра 23—25 °C), на выш. 1500—2000 м (б. ч. краіны) умерана цёплы (сярэднямесячныя т-ры паветра 15—20 ºС). Ападкаў ад 800—1000 мм да 1400—1600 мм за год. Больш як палавіна тэр. краіны належыць да бас. вытокаў р. Ніл (рэкі Рувуву і Аканьяру), на З рэкі ўпадаюць у воз. Танганьіка (бас. р. Конга). Прыродныя трапічныя лясы амаль усе вынішчаны (займаюць 2% тэр.), пераважаюць паўторныя саванны і культ. расліннасць. Нац. паркі: Ківіра, Рузізі, Рувуву; некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Больш за 98% складае народнасць барундзі, належыць да групы паўн. банту. Этнасацыяльна яна падзяляецца на групы жывёлаводаў-тутсі (каля 14%), земляробаў-хуту (каля 85%) і пігмеяў-тва (каля 1%). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна бельгійцы), выхадцы з Паўд. Азіі (у асн. індыйцы). Каля 67% вернікаў — хрысціяне, у т. л. 62% католікаў, 5% пратэстантаў, 32% прытрымліваюцца мясц. традыц. вераванняў, ёсць мусульмане (каля 1%). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва адна з самых высокіх у Афрыцы — 216,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 15% насельніцтва. Найб. з іх (1993, тыс. ж.): Бужумбура — 300, Гітэга — 101,8, Муінга — 79,3, Нгозі — 74,2.

Гісторыя. Тэр. Бурундзі заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У пач. 1-га тыс. н.э. тут з’явіліся земляробчыя бантумоўныя плямёны хуту, у 12—13 ст. — качэўнікі-жывёлаводы тутсі. Заснаваная ў 17 ст. тутсі-бурундзійская дзяржава на чале з мвамі (каралём) пасля заключэння Гельгаландскага дагавора 1890 паміж Германіяй і Вялікабрытаніяй аб падзеле сфер уплыву ва Усх. Афрыцы стала аб’ектам герм. каланізацыі. Разам з суседняй Руандай Бурундзі, кароль якой супраціўляўся каланізацыі да 1903, у 1908—12 аб’яднаны ў адзіную калан. тэр. пад назвай Руанда-Урундзі. Апошняя ў 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Бельгіі (1916), у 1923 паводле рашэння Лігі Нацый перададзена ёй у падмандатнае кіраванне, у 1946 прызнана ААН падапечнай тэр. Бельгіі. З канца 1950-х г. узмацніўся нац.-вызв. рух бурундзійцаў, якім кіравала Партыя адзінства і нац. прагрэсу на чале з Л.​Рвагасорэ (забіты ў 1961). 27.6.1962 спец. сесія ААН ліквідавала бельг. апеку над Руанда-Урундзі. 1.7.1962 абвешчана незалежнасць Каралеўства Бурундзі. Пасля ваен. перавароту 1966, які прывёў да звяржэння манархіі і ўстанаўлення рэспублікі, краінай кіравалі ваенныя (перавароты 1976, 1987). Паліт. і сац. нераўнапраўе этнічна пераважных хугу ў параўнанні з кіруючай меншасцю тутсі выклікала крывавыя сутыкненні паміж імі (1972, 1988). У 1991 прэзідэнт маёр П.​Буёя распачаў працэс дэмакратызацыі краіны. У 1993 прэзідэнтам рэспублікі ўпершыню выбраны хуту М.​Ндадзье (забіты афіцэрамі-тутсі ў кастр. 1993). Этн. канфлікты спарадзілі праблему бежанцаў (каля 700 тыс. чал. у 1994). З 1994 прэзідэнт рэспублікі хуту С.​Нтыбантунганья, кіраўнік урада тутсі А.​Ндуваё. У выніку перавароту 1996 кіраўніком дзяржавы зноў стаў П.​Буёя. Дзейнічаюць Фронт за дэмакратыю ў Бурундзі, Партыя адзінства за нац. прагрэс, Партыя народа, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац.-эканам. развіццё, Канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў Бурундзі і інш. Бурундзі — член ААН з 1962, Арг-цыі афр. адзінства і інш.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, у якой занята 93% насельніцтва (у прам-сці і гандлі 1,5%). Апрацоўваецца 43% тэр. краіны, у т. л. 2,6% арашаецца, пад лугамі і пашай 35%. Пераважае матычнае земляробства. Вырошчваюць бананы, маніёк, батат, бульбу, фасолю, кукурузу, сорга, проса, рыс, арахіс, тытунь. Пасадкі алейнай пальмы. Гал. экспартныя прадукты: высакаякасная кава гатунку арабіка (збор 30—45 тыс. т штогод), бавоўна (6—7 тыс. т), чай (2—3 тыс. т), кара хіннага дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўнага кірунку, адсталая. Гадуюць буйн. раг. жывёлу — каля 1 млн. галоў (1990), авечак, козаў. Рыбалоўства ў воз. Танганьіка (каля 10 тыс. т штогод). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (кавы, чаю, бавоўны, рысу і інш.). Прадпрыемствы: піваварныя, безалкагольных напіткаў, цукр., малочныя, мукамольныя, алейныя, мылаварныя, гарбарныя; цэментныя, цагельныя, лесапільныя з-ды, тэкст., сеткавязальная, коўдравая і абутковая ф-кі. Дробныя ЦЭС і ГЭС, б.ч. электраэнергіі Бурундзі атрымлівае з Заіра. Невял. здабыча золата, алавянай і танталаніобіевых руд. Традыц. рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 5,9 тыс. км, у т. л. 400 км з цвёрдым пакрыццём. Знешні гандаль ідзе пераважна па воз. Танганьіка паміж партамі Бужумбура і Кігома (Танзанія). 5 аэрапортаў, у т. л. міжнар. ў Бужумбуры. Экспарт: кава (больш за 80% па кошце), бавоўна, чай, скуры. Імпарт: прамысл., харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты. Асн. гандл. партнёры: ЗША, Бельгія, ФРГ, Японія. Некат. ролю ў гандл. балансе краіны адыгрываюць грашовыя пераводы бурундзійцаў, якія працуюць у суседніх краінах, найб. у горнай прам-сці Заіра. Грашовая адзінка — бурундзійскі франк.

Літ.:

Соколова Р.Б. Республика Бурунди: Справ. М., 1992.

І.​В.​Загарэц (прырода, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Бурундзі.
Да арт. Бурундзі. Горы на ўсходзе краіны.

т. 3, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́ЛЬНЫ ЖАНР (ад франц. bataille бітва),

жанр выяўленчага мастацтва, які адлюстроўвае ваенныя сцэны і баявыя дзеянні. Яму ўласцівае імкненне паказаць найб. важныя ці характэрныя моманты бітваў, перадаць іх пафас, героіку, часам раскрыць і гіст. сэнс ваен. падзей. Батальныя сцэны могуць быць пабудаваны на гіст., дакументальна пацверджаных фактах, што збліжае батальны жанр з гістарычным жанрам, і на фалькл. матэрыяле (легенды, паданні, прытчы і гэтак далей). Батальны жанр уключае таксама паказ паўсядзённага жыцця арміі і флоту (у паходах, казармах, лагерах), што набліжае яго да бытавога жанру. Значная роля ў батальным жанры адводзіцца пейзажу. У працэсе развіцця ў станковых формах жывапісу і графікі батальны жанр наблізіўся да алегорыі, прытчы, набыў акцэнтаваны філас. падтэкст. Ён значна змяніўся, захаваўшы першапачатковую паэтыку і стылістыку ў панараме і дыяраме.

Батальныя сюжэты вядомыя з глыбокай старажытнасці: сцэны перамог над ворагам, алегарычныя і сімвалічныя вобразы ў рэльефах, размалёўках і дробнай пластыцы Стараж. Егіпта, Двухрэчча, Ірана; у расфарбоўцы вазаў, скульпт. кампазіцыях франтонаў храмаў, кампазіцыях рэльефаў і жывапісе Стараж. Грэцыі; у эліністычным мастацтве (рэльефы Пергамскага алтара); рэльефах і карцінах з адлюстраваннем бітваў і трыумфаў Стараж. Рыма; у мастацтве скіфаў, стараж. цывілізацый Амерыкі. У сярэднявеччы батальна-гіст. сюжэты пашыраны ў еўрап. і ўсх. кніжнай мініяцюры, у абразах (найб. выразна пасля 15 ст.), дэкар.-прыкладным мастацтве, рэльефах Кітая і Камбоджы, інд. размалёўках, японскім жывапісе. У эпоху Адраджэння мемар. кампазіцыі ў гонар ваен. перамог стваралі Джота, Паала Учэла, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Тыцыян, Я.​Тынтарэта. У 17 ст. значную ролю ў станаўленні батальнага жанру адыгралі творы Д.​Веласкеса, П.​П.​Рубенса, графіка Ж.​Кало. У гэты час сфарміраваліся асн. тыпы кампазіцыйнай будовы твораў батальнага жанру: умоўна-алегарычная кампазіцыя з выявай палкаводца на фоне бітвы (Ш.​Лебрэн, Францыя), невял. батальная карціна з эфектнай дакументальна-хранікальнай выявай кавалерыйскага бою ці эпізодамі ваен. побыту (С.​Роза, Італія; Ф.​Ваўэрман, Галандыя), сцэны марскіх баёў (В. Ван дэ Велдэ, Галандыя). У 18 ст. батальны жанр пашыраны ў мастацтве Францыі (А.​Вато), Расіі (І.​Нікіцін, А.​Зубаў, Р.​Угрумаў), Амерыкі (Б.​Уэст, Дж.​С.​Коплі, Дж.​Трамбал). У 19 ст. ў батальным жанры працавалі А.​Гро, Т.​Шарле, А.​Рафэ, А.​Вернэ (Францыя), А.​Адам (Германія), Ф.​Гоя (Іспанія), П.​Міхалоўскі, Я.​Матэйка, А.​Арлоўскі (Польшча), Г.​Ваперс (Бельгія), М.​Алеш, Я.​Чэрмак (Чэхія), В.​Машкоў, Б.​Вілевальдэ, А.​Кацэбу (Расія). З канца 19 ст. ў батальным жанры ўсё большая ўвага аддаецца адлюстраванню складаных псіхал. і філас. праблем: творы А.​Менцэля (Германія), Дж.​Фаторы (Італія), У.​Хомера (ЗША), М.​Герымскага (Польшча), М.​Грыгарэску (Румынія), Я.​Вешына (Балгарыя), Э.​Дэтая, А.​Нёвіля (Францыя), І.​Айвазоўскага, А.​Багалюбава, В.​Паленава, В.​Верашчагіна, А.​Кіўшэнкі, В.​Сурыкава (Расія). У 20 ст., насычаным войнамі і рэвалюцыямі, карэнныя змены адбываюцца і ў батальным жанры: пашыраюцца яго межы і тэматычны дыяпазон, узмацняецца гісторыка-філас. падтэкст. У батальным жанры працуюць О.​Дзікс і К.​Кольвіц (Германія), Ф.​Мазерэль (Бельгія), М.​Грамер і Т.​Стэйнлен (Францыя), Ф.​Ходлер (Швейцарыя), Л.​Бабіч, І.​Мештравіч (Харватыя), Н.​Петравіч (Сербія), Ф.​Брэнгвін (Англія), О.​Какошка (Аўстрыя), Р.​Гутуза (Італія), Марукі Іры, Марукі Тасіка (Японія), К.​Пятроў-Водкін, М.​Грэкаў, А.​Дайнека, А.​Бубнаў (Расія).

У бел. мастацтве батальныя кампазіцыі вядомыя ў творах дробнай пластыкі (пач. 12 ст.), мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу (15 ст.), абразках (15—16 ст.), стылізаваных выявах бел. воінаў на кафлі 16 ст., гравюрах Ф.​Скарыны, М.​Цюнта (16 ст.), Л.​Хршчановіча, Г.​Келера, В.​Хондыуса, ілюстрацыях М.​Вашчанкі (17 ст.), манум. жывапісе 17—18 ст. У жывапісе найб. ранні з вядомых твораў батальнага жанру — «Бітва пад Оршай» (каля 1515), блізкі па стылістыцы да твораў еўрап. Адраджэння (дакладнасць у паказе адзення, панарамы бітвы, тыпажу). У 17 ст. серыю малюнкаў і карцін на тэмы ваен. паходаў кн. Я.​Радзівіла стварыў А. ван Вестэрфельд. Батальныя сцэны адлюстраваны на шпалерах Карэліцкай мануфактуры (18 ст.). У 19 ст. батальныя кампазіцыі ў жывапісе стваралі В.​Ваньковіч, Ф.​Смуглевіч, Я.​Сухадольскі, В.​Дмахоўскі, у графіцы — М.​Кулеша, К.​Кукевіч, Я.​Дамель, Э.​Андрыёлі, Ю.​Фалат, А.​Гротгер. У жывапісе, графіцы і скульптуры 1-й трэці 20 ст. да батальнага жанру звярталіся В.​Волкаў, Я.​Зайцаў, П.​Гаўрыленка, М.​Манасзон, І.​Гембіцкі, А.​Жораў. Вобразы і падзеі нац. гісторыі адлюстраваны ў творах М.​Філіповіча, П.​Сергіевіча. Героіка-рамантычны апавядальны характар уласцівы кампазіцыям у жывапісе, графіцы і скульптуры 1940 — пач. 1960-х г. (творы І.​Ахрэмчыка, Г.​Бржазоўскага, М.​Гуціева, І.​Давідовіча, Я.​Зайцава, С.​Раманава, У.​Сухаверхава, У.​Хрусталёва, Я.​Ціхановіча, А.​Шыбнёва; скульптуры З.​Азгура, А.​Бембеля, А.​Глебава, С.​Селіханава). Пошукі новых стылістычных рашэнняў у 1970-я г. вылучаюць творы батальнага жанру М.​Савіцкага, В.​Грамыкі, Г.​Вашчанкі, А.​Анікейчыка. У 1980-я г.пач. 1990-х г. у батальным жанры павялічваецца колькасць сімволіка-алегарычных элементаў, прытчавых вобразаў (жывапіс Б.​Аракчэева, Ф.​Бараноўскага, І.​Белановіча, М.​Глушко, А.​Марачкіна, У.​Мінейкі, П.​Свентахоўскага, І.​Стасевіча, І.​Ціханава, Г.​Ціхановіча, М.​Якуніна; графіка Л.​Асецкага, У.​Басалыгі, С.​Геруса, А.​Дзямарына, А.​Кашкурэвіча, Я.​Куліка, М.​Купавы, А.​Паслядовіч, М.​Селешчука; скульптурныя кампазіцыі А.​Бацвінёнка, А.​Заспіцкага, А.​Курачкіна, В.​Палійчука; манум. жывапіс Л.​Асядоўскага, У.​Крываблоцкага, Савіцкага).

Літ.:

Садовень В.В. Русские художники-баталисты XVIII—XIX веков. М., 1955;

Бродский В. Советская батальная живопись. М.; Л., 1950;

Орлова М. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960;

Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка Мн., 1979;

Беларуская савецкая скульптура. Мн., 1978.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Батальны жанр. Б.​Аракчэеў. Гродзенскія гусары. Атака ў Клясціцах. 1994.

т. 2, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ГРАМАДА́ (БСГ),

нацыянальная партыя леванародніцкага кірунку. Створана ў канцы 1902 пад назвай Бел. рэв. грамада (БРГ) на аснове гурткоў бел. студэнцкай і вучнёўскай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Стваральнікі і кіраўнікі: браты І.І. і А.​Луцкевічы, А.​Пашкевіч (Цётка), А.​Бурбіс, К.​Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.​Іваноўскі і інш. На 1-м з’ездзе (Вільня, 1903) БРГ прыняла праграму, у якой характарызавала сябе як арганізацыю «беларускага працавітага народа». Сваёй канчатковай мэтай абвясціла знішчэнне капіталіст. ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытв-сці, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі. У нац. пытанні формай забеспячэння нац. свабоды прызнавала незалежную дэмакр. рэспубліку. Выступала за прамое, агульнае, роўнае выбарчае права з тайным галасаваннем, нар. заканадаўства, раўнапраўе ўсіх людзей незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання, свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, 8-гадзінны рабочы дзень, бясплатную мед. дапамогу. У агр. пытанні праграма прадугледжвала скасаванне прыватнай зямельнай уласнасці, абвяшчала права кожнага чалавека на апрацоўку зямлі сваімі рукамі. У праграме спалучаўся рэв. дэмакратызм з народніцкім (сялянскім) сацыялізмам. Дакладны час перайменавання БРГ у БСГ не высветлены (па адных звестках у 1903, па другіх — у 1906). У 1903—04 БСГ узаемадзейнічала з Польскай партыяй сацыялістычнай (ППС), Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР), Літоўскай с.-д. партыяй, выдавала разам з імі нелегальную л-ру. З канца 1905 у Мінску дзейнічала падп. друкарня БСГ. На 2-м з’ездзе (студз. 1906, Мінск) прынята новая праграма партыі. У ёй канчатковай мэтай БСГ абвясціла замену капіталіст. ладу сацыялістычным, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя і ўтварэнне Расійскай федэратыўнай дэмакр. рэспублікі з свабодным самавызначэннем і культ.-нац. аўтаноміяй народнасцяў. Для Беларусі яна патрабавала аўтаноміі з мясц. сеймам у Вільні. У агр. пытанні патрабавала адчужэння памешчыцкай зямлі і надзялення сялян зямлёю на правах пажыццёвай арэнды. Ажыццяўленне ўсіх паліт. і сац. пераўтварэнняў з’езд звязваў са скліканнем Устаноўчага сейма Беларусі.

Першым друкаваным органам БСГ і першым легальным перыяд. выданнем на бел. мове стала газ. «Наша доля» (1-ы нумар выйшаў 14.9.1906). Газета мела рэв.-дэмакр. характар, таму з 6 яе нумароў 5 былі канфіскаваны, а № 7 забаронены і раскіданы ў наборы. У ліст. 1906 БСГ пачала выдаваць новую легальную газету на бел. мове «Наша ніва». Асн. аб’ектам дзейнасці БСГ было бел. сялянства. Яе ўплыў на гар. рабочых, за выключэннем Мінска і Вільні, быў нязначны. У рэвалюцыю 1905—07 БСГ дзейнічала сярод сялян і сельскіх рабочых у паветах Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ., арганізавала шэраг паліт. сходак і мітынгаў у вёсках, удзельнічала ў правядзенні сял. забастовак. Ва ўмовах наступу рэакцыі нелегальная дзейнасць грамады спынена. З 2-й пал. 1907 лідэры БСГ засяродзілі сваю дзейнасць на выданні газ. «Наша ніва», якая стала ідэолагам і арганізатарам бел. нац.-культ. руху, разгарнула на сваіх старонках прапаганду нац. свядомасці, ідэі нац.-культ. адзінства беларусаў, дамагалася прызнання самастойнасці бел. нацыі, змагалася за ўвядзенне бел. мовы ў школе, царкве і касцёле. У 1-ю сусв. вайну на акупіраванай немцамі тэр. дзейнічала створаная членамі БСГ Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група. На неакупіраванай тэр. БСГ аднавіла дзейнасць пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Яе паліт. курс у новай гіст. сітуацыі адлюстроўваў інтарэсы і настроі сярэдніх слаёў насельніцтва, якія былі зацікаўлены ў ажыццяўленні дэмакр. пераўтварэнняў. Канферэнцыя БСГ (сак. 1917, Мінск) выступіла ў падтрымку Часовага ўрада, выставіла патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Рас. рэспублікі, выказалася за агульнанародную ўласнасць на зямлю, 8-гадзінны рабочы дзень. У сак. 1917 прадстаўнікі БСГ удзельнічалі ў рабоце з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску, атрымалі 10 месцаў у Беларускім нацыянальным камітэце. Грамада пашырыла свой уплыў сярод інтэлігенцыі, сялян, гараджан, бежанцаў, ваеннаслужачых, рабочых; яе арганізацыі ўзніклі ў Мінску, Бабруйску, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Петраградзе, Маскве і інш. Да сярэдзіны 1917 БСГ налічвала каля 5 тыс. членаў і спачуваючых, у маі—чэрв. 1917 выдавала газ. «Грамада», мела прадстаўнікоў у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў і гар. думах Мінска, Петраграда, Бабруйска. У чэрв. 1917 канферэнцыя БСГ выбрала часовы ЦК, у які ўвайшлі П.​Бадунова, А.​Бурбіс, Я.​Варонка, К.​Душэўскі, З.​Жылуновіч, У.​Ігнатоўскі, Я.​Колас, А.​Смоліч. БСГ была ініцыятарам склікання ў ліп. 1917 з’езда беларускіх арганізацый і партый, займала кіруючае становішча ў Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Вялікай беларускай радзе, актыўна ўдзельнічала ў скліканні Усебеларускага з’езда 1917. У кастр. 1917 БСГ налічвала каля 10 тыс. членаў. Аднак у ёй нарасталі ўнутр. супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэфармісцкага шляху і тымі, хто быў гатовы перайсці на леварадыкальныя пазіцыі, блізкія да бальшавіцкіх. У вер. 1917 частка левага крыла БСГ вылучылася і ўтварыла арганізацыю бальшавіцкага кірунку — Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю. У пач. 1918 адбыўся раскол БСГ. Прыхільнікі стварэння самастойнай бел. дзяржавы прынялі ўдзел у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Петраградская і Маскоўская арг-цыі сталі на шлях утварэння бел. дзяржаўнасці на савецкай аснове. Да лета 1918 БСГ распалася на Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў. Выхадцы з левага крыла БСГ удзельнічалі ў рабоце Беларускага нацыянальнага камісарыята, некаторыя ўступілі ў беларускія секцыі РКП(б). На пач. 1919 у Вільні пэўны час дзейнічала Левая фракцыя Бел. сацыяліст. грамады. Пераемніцай традыцый БСГ з 1991 стала Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада.

Літ.:

Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928): Успаміны аб працы першых бел. паліт. арг.: Бел. рэв. грамада, Бел. сац. грамада. Вільня, 1928;

Тое ж. Мн., 1991.

М.​В.​Біч, С.​С.​Рудовіч.

т. 2, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́ДА (франц. ballade ад позналац. ballo танцую),

1) у фальклоры раманскіх, германскіх, англа-сакскіх, скандынаўскіх народаў напачатку танц., лірычная або драм. сюжэтная песня з харавым прыпевам.

2) Паняцце, якое ў розных краінах выкарыстоўваюць для абазначэння разнастайных па змесце, часе ўзнікнення, формах існавання відаў і з’яў нар. (песеннай) і прафес. (паэтычнай, літаратурнай, музычнай) творчасці. Тэрмін балада замацаваны ў навук. фалькларыстычнай практыцы з канца 19 ст.

У славянскім, у т. л. беларускім, фальклоры балада належыць да сферы песеннай ліраэпікі. Яна не мае адзінай жанравай прыроды меласу, вылучаецца спецыфічнай тэматыкай і арыгінальным тыпам сюжэтаў. У яе аснове — апавяданне пра трагічнае, драматычна напружанае, абвострана канфліктнае. Бел. нар. балада адзначана гіст. шматслойнасцю, маштабнасцю сюжэтнага фонду, поліфункцыянальнасцю, муз.-жанравай разгрупаванасцю, існаваннем у розных стылявых пластах песеннага фальклору — раннетрадыцыйным (балады каляндарна-земляробчага, сямейна-абрадавага і сямейна-быт. цыклаў), познатрадыцыйным (бяседныя, рэкруцкія, салдацкія, чумацкія, батрацкія і інш. балады), сучаснага фарміравання (рэв., партызанскія балады-песні і інш.). Асн. частка бел. балад належыць да каляндарнага песеннага цыкла (асабліва ў традыцыі Бел. Паазер’я). Паводле функцыянальнага зместу і напеваў гэта масленічныя, валачобныя, юраўскія, траецкія, купальскія, жніўныя, восеньскія, піліпаўскія і інш. песні (гл. адпаведныя артыкулы). На Бел. Палессі (паводле назіранняў З.​Эвальд, З.​Мажэйкі ў Тураўскім краі) баладныя песні па меры прыстасавання іх да спеву «за калыскай», «зімой» (раней за «кудзеляй»), «у пост» склаліся ў асаблівы стылявы тып. У паэт. тэкстах раннетрадыц. пласта нямала міфал., казачных, легендарных, гераічных, прыгодніцкіх, фантаст. фантаст. матываў (пра лёс дзяўчыны-бяглянкі, пра нараджэнне дзіцяці па-за шлюбам і яго забойства, пра дзяўчыну-ваяра, пра змеяборца Юрая і інш.). Познатрадыц. балады, непрымеркаваныя па часе выканання, — тыповыя апавяданні пра добрага малайца, які схаваўся ў лесе ад набору ў войска; пра малайца, што начаваў на каранях маці-бярозы і забіты маланкай; пра Чарнаморца, які ўтапіўся; пра вальналюбную Бандароўну і інш. Паказальныя для іх і сюжэты з «маці-атрутніцай», «нявернай жонкай», «шынкаркай-здрадніцай», «брат брата забіў» і інш. Напевы познатрадыц. балад апіраюцца на інш., чым у каляндарных, заканамернасці мелодыка-рытмічнай арганізацыі, яны тэрытарыяльна рухомыя і схільныя да міграцыі і запазычання. Выкарыстанне класічных старадаўніх баладных сюжэтаў і матываў у баладах сучаснага паходжання абмежаванае. Як і ў напевах, сувязі тут ускосныя і апасродкаваныя, выступаюць як паэт., муз.-рытмічныя, інтанацыйна-меладычныя «цытаты», уключаныя ў іншы фабульны, сюжэтны, муз.-стылістычны кантэкст.

3) У французскай паэзіі 14—15 ст. верш з 3 строфамі, рэфрэнам і заключнай паўстрафой (зваротам да адрасата). Яркія ўзоры балады — у паэзіі Ф.​Віёна.

4) У літаратуры — ліра-эпічны жанр з легендарна-гіст. ці казачна-фантаст. сюжэтам. Узнік у англа-шатландскай нар. паэзіі 14—16 ст. (балады пра легендарнага героя Робін Гуда і інш.). Цікавасць да нар. балады ў эпоху рамантызму выклікала з’яўленне аналагічнага жанру літаратурнай балады (В.​Скот, Ф.​Шылер, І.​В.​Гётэ, А.​Міцкевіч, В.​Жукоўскі, А.​Пушкін, М.​Лермантаў). Для яе характэрны драматычна напружаны сюжэт са сціслым і цэласным разгортваннем падзей, шырокае выкарыстанне фалькл. прыёмаў і сродкаў (адухаўленне прыроды, матывы непазбежнай адплаты, неўміручасці герояў, элементы чарадзейнага з закляццямі і прадказаннямі). Першыя бел. балады з’явіліся ў сярэдзіне 19 ст. і былі напісаны па матывах нар. паэзіі («Нячысцік» А.​Рыпінскага, «Травіца брат-сястрыца» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Хцівец і скарб на святога Яна» Ф.​Багушэвіча). У творчасці Я.​Купалы («Забытая карчма», «Братка і сястрыца»), Я.​Коласа («Няшчасная маці»), М.​Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.​Бядулі («У калядную ноч») жанр набыў вызначальныя рысы менавіта літаратурнай балады. Вяршыняй у развіцці жанру стала балада перыяду Вял. Айч. вайны, якая ўвасобіла трагізм і героіку вайны, подзвігі вядомых і малавядомых нар. герояў (Я.​Коласа «Над магілай партызана», П.​Броўкі «Кастусь Каліноўскі», А.​Куляшова «Балада аб чатырох заложніках» і інш.). Балады, прысвечаныя мінуламу, гіст. лёсу народа, стваралі У.​Караткевіч, Я.​Янішчыц, А.​Пысін, Р.​Барадулін, Н.​Гілевіч, А.​Лойка, Ю.​Свірка, Я.​Сіпакоў (кн. «Веча славянскіх балад»).

5) У прафесійнай музыцы балада — твор ліра-эпічнага ці эпіка-гераічнага характару. Вядома некалькі жанрава акрэсленых гіст. тыпаў балады: эпохі Адраджэння — вакальная поліфанічная балада (Гільём дэ Машо), эпохі рамантызму — сольная вакальная (Ф.​Шуберт, К.​Лёве, І.​Брамс, Х.​Вольф) і інструментальная (балады Ф.​Шапэна). У сучаснай музыцы тэрмін «балада» выкарыстоўваецца даволі шырока ў дачыненні да розных паводле выканальніцкага складу і будовы твораў і паказвае хутчэй на характар зместу, чым на наяўнасць пэўных муз.-стылістычных рысаў, часта ён спалучаецца з інш. жанравым вызначэннем (сімфонія-балада, канцэрт-балада). У бел. музыцы балады створаны М.​Аладавым (сімфонія-балада «У суровыя дні»), Я.​Цікоцкім (балада-маналог «Помнік» для баса і арк. на сл. А.​Пушкіна), А.​Багатыровым (харавая балада «Шумелі бярозы», балада з фп. трыо), П.​Падкавыравым (кантата «Балада пра чатырох заложнікаў» на сл. А.​Куляшова), Я.​Глебавым («Альпійская сімфонія-балада»), Л.​Абеліёвічам (вак. цыклы «Партызанскія балады» і «Ваенныя балады»), І.​Лучанком («Балада пра салдацкае сэрца» і цыкл песень-балад для салістаў, хору і арк.), І.​Кузняцовым (хор «Балада пра маці») і інш. Шэраг твораў непасрэдна звязаны з тэматыкай і сюжэтамі фальклорных балад: сімф. паэма «Бандароўна» Г.​Гарэлавай, кантата «Надзя-Надзейка» Э.​Наско, кантата «Не сячы, мой татухна, пры дарозе бярозы» М.​Васючкова (для нар. хору і ансамбля ўдарных інструментаў на тэксты бел. нар. балад).

Публ.:

Балады. Кн. 1—2. Мн., 1977—78;

Беларуская балада. Мн., 1978.

Літ.:

Салавей Л.М. Беларуская народная балада. Мн., 1978;

Мухаринская Л.С., Якименко Т.С. К изучению музыкальной типологии народных баллад // Памяти К.​Квитки, 1880—1953: Сб. ст. М., 1983;

Народные баллады. М.; Л., 1963;

European Folk Ballads: Edited by Erich Seemann, Dag Strömbäck, Bengt R.Jonsson. Copenhagen, 1967 (European folklore series. Vol. 2);

Kumer Zmaga. Vsebinski tipi slovenskih pripovednih pesmi. Ljubljana, 1974.

Т.​С.​Якіменка (фальклор, прафес. музыка), В.​Л.​Бечык (літаратура).

т. 2, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎНЫ́ МОЗГ,

пярэдні аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны ў поласці чэрапа; матэрыяльная аснова вышэйшай нервовай дзейнасці, галоўны рэгулятар усіх жыццёвых функцый арганізма і яго ўзаемаадносін з навакольным асяроддзем.

Філагенетычна галаўны мозг фарміраваўся па шляху ўскладнення будовы і функцый пярэдняга канца нервовай трубкі ў цеснай сувязі з развіццём органаў пачуццяў (гл. ў арт. Цэфалізацыя). У беспазваночных яго ролю выконвае галаўны ганглій, асабліва развіты ў вышэйшых насякомых і малюскаў. Прымітыўны галаўны мозг вылучаецца ў папярэдніка пазваночных — ланцэтніка. У пазваночных жывёл ён ускладняўся з дыферэнцыяцыяй на аддзелы. Сапраўдны галаўны мозг упершыню выявіўся ў кругларотых з падзелам яго на слабадыферэнцыраваны пярэдні мозг (забяспечвае функцыю нюху), сярэдні мозг (уключае вышэйшыя зрокавыя цэнтры), задні мозг (з пачатковай дыферэнцыяцыяй на прадаўгаваты мозг і мазжачок). У рыб інтэнсіўна развіваецца і мазжачок. Выхад пазваночных на сушу абумовіў пераразмеркаванне ролі асобных аддзелаў галаўнога мозга: у земнаводных і рэптылій аб’ёмная доля задняга мозга невялікая, у павялічаным сярэднім мозгу з’яўляюцца адпаведна двух- і чатырохбугор’е; у рэптылій пярэдні мозг дыферэнцыруецца на прамежкавы мозг і 2 паўшар’і канцавога мозга. У птушак развіваюцца глыбокія аддзелы пярэдняга мозга і мазжачок; у млекакормячых — кара вялікіх паўшар’яў (пярэдні і задні мозг дыферэнцыруецца). Антагенетычна галаўны мозг — вытворнае мазгавых пузыроў, поласці якіх развіваюцца ў жалудачкі мозга;эвалюцыйнае ўскладненне будовы галаўнога мозга прасочваецца ў працэсе эмбрыянальнага развіцця жывёл.

У чалавека галаўны мозг дасягнуў найвышэйшай ступені развіцця за кошт павелічэння масы, ускладнення будовы і функцый вял. паўшар’яў, марфал. і функцыян. злучаных пучком нерв. валокнаў — мазолістым целам. Ніжнія аддзелы галаўнога мозга ўтвараюць ствол мозга, які пераходзіць у спінны мозг. Вялікія паўшар’і, падзеленыя глыбокай шчылінай на правае і левае, утвараюць вялікі, або канцавы мозг — аддзел галаўнога мозга, большы за ўсе астатнія. Паверхня яго ў чалавека і буйных жывёл мае звіліны і барозны (у чалавека самыя глыбокія падзяляюць паўшар’і на долі — лобную, цемянную, скроневую, патылічную), у дробных — гладкая. Верхні слой вял. мозга складаецца з шэрага рэчыва (у чалавека таўшчыня слоя 1—5 мм, пераважна нерв. клеткі), ніжэй знаходзіцца белае рэчыва (пераважна нерв. валокны), у тоўшчы якога вылучаюцца падкоркавыя вузлы, або базальныя гангліі (важнейшыя — паласатае цела, бледны шар), утвораныя шэрым рэчывам. У склад усіх структур галаўнога мозга ўваходзіць нейраглія. Да функцыянальна важных утварэнняў галаўнога мозга належаць таламус, гіпаталамус, эпіталамус, лімбічная сістэма і інш. Зверху галаўны мозг пакрыты цвёрдай павуціннай і мяккай мазгавымі абалонкамі, прастора паміж якімі запоўнена цэрэбраспінальнай вадкасцю. Кровазабеспячэнне галаўнога мозга адбываецца праз пазваночныя і ўнутр. сонныя артэрыі. Адзін з асн. прынцыпаў работы галаўнога мозга — безумоўныя і ўмоўныя рэфлексы, якія рэалізуюцца з удзелам экстрапіраміднай сістэмы і піраміднай сістэмы (ёсць толькі ў млекакормячых, найб. развітая ў малпаў і чалавека). Паміж часткамі галаўнога мозга назіраецца двух- і шматбаковая сувязь. Аналіз і сінтэз, перапрацоўка, захоўванне і выдача атрыманай ад рэцэптараў інфармацыі ажыццяўляюцца ў канцавым мозгу (кара вял. паўшар’яў, падкоркавыя структуры). Ацэнка інфармацыі магчыма дзякуючы працэсам памяці. Праз зыходныя ўплывы галаўны мозг кантралюе ўзбуджальнасць рэфлекторных аддзелаў спіннога мозга (гл. Вегетатыўная нервовая сістэма). У кары галаўнога мозга знаходзяцца цэнтры кіравання складанымі рухальнымі актамі, у прадаўгаватым — дыхання, сардэчнай дзейнасці, сасударасшыральны, глытання, жавання, сакрэцыі стрававальных залоз, потавыдзялення, рэгуляцыі мышачнага тонусу, кашлю і інш. Нерв. цэнтры шэрага рэчыва экраннага тыпу працуюць па прынцыпе дывергенцыі, нерв. цэнтры стваловай часткі ядзернага тыпу — па прынцыпе канвергенцыі. Гіпаталамус — вышэйшы цэнтр рэгуляцыі вегетатыўных функцый, месца ўзаемадзеяння нерв. і эндакрыннай сістэм, эпіталамус — цыркадных рытмаў. Нармальная работа галаўнога мозга магчыма пры пэўным узроўні ўзбуджальнасці яго асн. аддзелаў, які падтрымліваецца праз рэтыкулярную фармацыю, сімпатычную нервовую сістэму, мазжачок і спецыфічныя шляхі, што ідуць ад органаў пачуццяў, праз механізмы самарэгуляцыі тонусу кары вял. паўшар’яў. Здольнасць галаўнога мозга перапрацоўваць інфармацыю і ўвасабляць яе ў пэўныя рэакцыі арганізма забяспечвае ўсе віды вышэйшай нерв. дзейнасці, у т. л. мысленне, свядомасць. Функцыі галаўнога мозга могуць парушацца пры шкодных уздзеяннях (мех., фіз., хім., радыяцыйных) на яго ў цэлым або на пэўны ўчастак. Значную ролю ва ўзнікненні паталогіі галаўнога мозга маюць заганы развіцця ці пашкоджанні нерв. сістэмы ў перыяд эмбрыягенезу, расстройствы мазгавога кровазвароту (пры інсультах, атэрасклерозе, гіпертанічнай хваробе, анеўрызмах), запаленчыя працэсы (пры абсцэсах, арахнаідыце, менінгіце, менінгаэнцэфаліце, энцэфаліце), інфекц. і паразітарныя фактары (пры цыстыцэркозе, сіфілісе, эхінакакозе і інш.), чэрапна-мазгавыя траўмы, функцыян. расстройствы, парушэнні працэсаў самарэгуляцыі галаўнога мозга (неўрозы, псіхічныя хваробы і расстройствы) і інш.

Па агульнай сярэдняй масе галаўны мозг дарослага чалавека (прыкладна 1500 г пры аб’ёме каля 1500 см³ і плошчы паверхні 1600—2000 см²) саступае толькі галаўному мозгу слана (каля 5700 т) і кіта (6000—7000 г). Адносная яго сярэдняя маса ў дачыненні да агульнай масы цела, т.зв. паказчык Рагінскага, у галаўнога мозга чалавека найвышэйшая — 32; у дэльфінаў — 16, у сланоў — 10,4, у малпаў — 2—4. Прамой залежнасці паміж памерамі галаўнога мозга і яго здольнасцямі да ажыццяўлення вышэйшай нерв. дзейнасці не ўстаноўлена.

Літ.:

Мозг: Пер. з англ. М., 1984.

Я.​В.​Малашэвіч.

Галаўны мозг. Сагітальны разрэз галаўнога мозга: 1 — лобная доля; 2 — паясная звіліна; 3 — мазолістае цела; 4 — празрыстая перагародка; 5 — скляпенне; 6 — пярэдняя спайка; 7 — зрокавае перакрыжаванне; 8 — падталамічная вобласць; 9 — гіпофіз; 10 — скроневая доля; 11 — мост; 12 — прадаўгаваты мозг; 13 — чацвёрты жалудачак; 14 — мазжачок; 15 — водаправод мозга; 16 — патылічная доля; 17 — чатырохбугор’е; 18 — шышкападобнае цела; 19 — цемянная доля; 20 — таламус.
Паступовае ўскладненне галаўнога мозга ў пазваночных жывёл (від мозга зверху): А — мозг акулы, Б — жабы, В — алігатара; мозг млекакормячых: Г — тупайі, Д — каня, Е — чалавека (від збоку). 1 — нюхальная доля; 2 — нюхальная цыбуліна; 3 — эпіфіз; 4 — трэці жалудачак; 5 — зрокавая доля; 6 — мазжачок; 7 — прадаўгаваты мозг; 8 — прамежкавы мозг; 9 — чацвёрты жалудачак; 10 — вялікія паўшар’і; 11 — звіліна; 12 — баразна.

т. 4, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭР’Е́Р (ад франц. interieur унутраны) у архітэктуры, унутраная прастора будынка або памяшкання.

Функцыян прызначэнне вызначае яго арх. вырашэнне (памеры, прапорцыі) і характар убрання (мэбля, абсталяванне). Сінтэз арх. форм і манум.-дэкар. мастацтва стварае ў ім маст. вобраз — асяроддзе, здольнае выклікаць у чалавека пэўную эмацыянальную рэакцыю (грандыёзныя І. храмаў Стараж. Егіпта і сярэдневяковай Еўропы, пышныя залы італьян. палацца эпохі Адраджэння, парадныя І. рус. архітэктуры 18—19 ст.). Сродкі гэтага ўздзеяння: характар асяроддзя, асвятленне і колеравае вырашэнне, метрарытміка яго элементаў і іх падпарадкаванне зададзенаму маштабнаму строю. Для розных арх. стыляў характэрна пэўная планіровачная і прасторавая структура, канстр. сістэма, аддзелачныя матэрыялы, мэбля і інш. На Беларусі ў 11—12 ст. характар І храмаў вызначала сістэма масіўных слупоў і цыліндрычных скляпенняў, значную ролю адыгрывалі фрэскі. У 13—16 ст. І. замкаў, некат. культавых пабудоў адлюстроўваў абарончы характар раманскай і гатычнай архітэктуры. Значную дэкар. ролю мелі крыжовыя і зорчатыя скляпенні. З 16 ст. пад уплывам барока І. палацаў вызначаўся анфіладнай планіроўкай, багатым аздабленнем (творы жывапісу, маст. тканіны, шпалеры, разная мэбля, абліцаваныя кафляй каміны і інш.). У культавай архітэктуры павялічылася роля разных іканастасаў і алтароў са скульптурай. У І. класіцызму гарманічная строгасць форм, прапорцый, маштабнасці. Рысамі эклектыкі адзначаны І. 2-й пал. 19 ст., пач. 20 ст. — рысамі стылю мадэрн.

Традыцыйныя І. нар. жылля перыяду феадалізму вызначаўся сціпласцю, стрыманасцю, адсутнасцю аздаблення. У канцы 19 ст. ў І. з’яўляюцца мэбля, часта аздобленая разьбой, дэкар. тканіны, размалёўкі. Сучасны І. вызначаецца арган. спалучэннем традыц. прыёмаў і сродкаў аздаблення з новымі (маст. вырабы прамысл. характару, рэпрадукцыі з карцін і інш.). І. сучаснага гар. жылля ствараецца індустр. метадамі на аснове тыпізацыі элементаў жылога дома і яго абсталявання. З 1960-х г. у І. шырока выкарыстоўваюць металапластыку, кераміку, габелены, вітражы, мазаіку, сграфіта і інш. І. сучасных грамадскіх будынкаў вызначаюцца высокімі эстэт.-выразнымі якасцямі, выкарыстаннем найноўшых матэрыялаў і тэхналогій, спалучэннем сродкаў архітэктуры і выяўл. мастацтваў, сувяззю з нац. традыцыямі.

У выяўленчым мастацтве І. — жанр, які адлюстроўвае прастору грамадскіх, культавых, жылых, прамысл. і інш. памяшканняў Звязаны з адпаведным стылем эпохі, характарам жылля, спосабам жыцця гаспадара Часта спалучаецца з інш. жанрамі мастацтва як элемент вобразнага свету (быт. і гіст. жанры).

Элементы І. вядомы ў мастацтве Стараж. Егіпта і Двухрэчча, у ант. мастацтве (арх. кампазіцыі фрэсак у Пампеях з незвычайнай фантаст. перспектывай). У Італіі ў эпоху Адраджэння набыў рысы самаст. жанру (творы Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна і інш.). У І. нідэрл. мастакоў асн. ўвага аддавалася адлюстраванню свету жыцця гаспадара (творы Я. ван Эйка, Р. ван дэр Вэйдэна). Вял. значэнне для развіцця І. мела адкрыццё лінейна-геам. і паветр, перспектывы, распрацаванай Леанарда да Вінчы і А.​Бальдавінеці, і адлюстраванне ў жывапісе трохмернай прасторы. У 17 ст. пашырыўся ў франц., англ., італьян. мастацтве, дасягнуў росквіту ў галандскім і флам. жывапісе (Я.​Стэн., А. ван Астадэ). У рус. мастацтве 17—18 ст. выкарыстоўваўся ў якасці арх. фону ў абразах і фрэсках (т.зв. «нутровыя палаты») і выконваўся па законах адваротнай перспектывы. У еўрап. мастацтве 18 ст. цікавасць да адлюстравання І. ўзмацнілася ў час панавання сентыменталізму, што было звязана з імкненнем да перадачы ідэальнага асяроддзя і настальгіяй па мінулым. Успрымаўся як правобраз новага перспектывізму, часам уяўляў сабой умоўна пабудаваную перспектыўную схему з канкрэтнымі рэчамі. У канцы 18 — пач. 19 ст. з аналітычнай дакладнасцю І. стваралі прадстаўнікі класіцызму (Ж.​Л.​Давід, Ж.А.​Д.​Энгр). Прадстаўнікі рэалізму аддавалі перавагу сац. характарыстыцы (Г.​Курбэ, Ж.​Ф.​Міле), прадстаўнікі рамантызму — суадносінам І. з характарам чалавека, прадстаўнікі імпрэсіянізму кадравалі прастору памяшканняў, якую адлюстроўвалі. Найб. росквіту дасягнуў ў рус. жывапісе 1820—30-х г. (мастакі кола А Венецыянава). З сярэдзіны 19 ст. ў развіцці жанру адбываецца пэўны спад; І. сталі больш эмацыянальныя, пачуццёвыя (творы П.​Сезана, А.​Тулуз-Латрэка, В. ван Гога, В.​Сярова і інш), у канцы 19 ст. — больш камерныя, ненаўмысна арганізаваныя («выпадковыя»). З’явіліся разнавіднасці І. (заводскі, інтымны і інш.). Цікавасць да І. як да самаст. жанру пабольшала ў 20 ст. (творы П.​Сіньяка, А.​Матыса, П.​Пікасо, М.​Урубеля і інш.). Вельмі пашыранай разнавіднасцю І. сталі кампазіцыі «ў майстэрні мастака».

У бел. мастацтве фрагменты І. трапляюцца ў фрэсках і абразах 16—18 ст., партрэтах і мініяцюрах 16—17 ст. Як самаст. жанр упершыню сустракаецца ў гравюрах канца 16 ст., пабудаваных па законах перспектывы. Найб. пашырэнне атрымаў у 19 ст. У творах І.​Хруцкага, С.​Жукоўскага, Ф.​Гарэцкага, Б.​Залескага асн. месца займае камерны, хатні І. з адлюстраваннем жылых пакояў («рэтраспектыўны» І.), які вылучаецца агульным настроем сумнага любавання мінулым, вытанчанасцю маст. стылю. У бел. мастацтве 20 ст. І. вял. пашырэння не меў і часта ператвараўся ў рэчава-прасторавы дадатак да кампазіцыі. Новы рост цікавасці да І. пачаўся з 1970-х г. Ён становіцца ўсё больш разнастайным па жывапіснай арганізацыі і тэматыцы, вызначаецца імкненнем да эмацыянальнасці і перадачы настрою. Пашыраны т.зв. канцэптуальны І., які вылучаецца дэталёва распрацаванай арх. прасторай. У жанры І. працавалі А.​Казак, П.​Данелія, М.​Бут, І.​Бархаткоў, Я.​Красоўскі, У.​Ткачэнка, У.​Сулкоўскі і інш.

Літ.:

Пономарева Е.С. Интерьер гражданских зданий. 2 изд. Мн., 1991.

Інтэр’ер сялянскай хаты. Канец 19 — пач. 20 ст. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.
Інтэр’ер сучаснага гарадскога жылля.
Інтэр’ер касцёла бернардзінак у г. Слонім Гродзенскай вобл.
Да арт. Інтэр’ер. В. ван Гог. Начная кавярня ў Арлі. 1888.
Да арт. Інтэр’ер. П.​Тутукін. Павільённая зала ў Эрмітажы (С.-Пецярбург). 1837.
Да арт. Інтэр’ер. С.​Жукоўскі. Інтэр’ер. 1916.

М.​Л.​Цыбульскі (у выяўл мастацтве), Я.​С.​Аграновіч-Панамарова, Я.​М.​Сахута (у архітэктуры).

т. 7, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́РМАНТАЎ (Міхаіл Юр’евіч) (15.10. 1814, Масква — 27.7.1841),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1830—32), скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў і кав. юнкераў у Пецярбургу (1834). За верш «Смерць Паэта» пра гібель А.​Пушкіна (нап. 1837, апубл. за мяжой 1858, у Расіі цалкам — 1860) высланы ў Грузію. Другі раз сасланы на Каўказ у 1840. Удзельнік бітвы на р. Валерык у Чэчні. Забіты на дуэлі ў Пяцігорску М.​Мартынавым. Першыя вершы напісаў у 1828. Друкаваўся з 1830. Лірыцы Л. ўласцівы рамант., мяцежны герой, які паўстае супраць законаў бяздушнага грамадства і імкнецца да недасяжнага ідэалу, пачуццё адзіноты і расчаравання, бязмежнасці кахання і пакуты, тэмы свабоды, радзімы і яе гіст. лёсу: вершы «Ветразь», «Барадзіно», «Дума», «Хмары», «Радзіма» і інш. Стварыў вяршынныя ўзоры рус. рамант. паэмы: «Уцякач» (1838, апубл. 1846), «Мцыры» (1839, апубл. 1840), «Дэман» (8 рэдакцый, 1829—39, апубл. ў Германіі 1856, у Расіі цалкам у 1860) і інш. Распрацоўваў рэаліст. паэму: «Сашка» (1836, апубл. 1882), «Песня пра цара Івана Васілевіча...» (1838) і інш. Асн. рысы Л.-празаіка — тонкі псіхалагізм, лаканізм, афарыстычнасць, умелае валоданне маст. дэталлю — выявіліся ў рамане «Герой нашага часу» (1839—40), дзе стварыў новую раманную форму і новага героя, поўнага сіл і расчараванага ў дзеянні. Аўтар гіст. рамана пра Пугачоўскае паўстанне «Вадзім» (1832—34, незакончаны, апубл. 1873), рамана на аўтабіягр. аснове «Княгіня Лігаўская» (1836, незакончаны, апубл. 1882), у якім дадзены першы накід характару Пячорына, драм у вершах «Іспанцы» (1830, апубл. 1880), «Маскарад» (3 рэдакцыі, 1835—36, апубл. 1842, паст. цалкам 1862), нарысаў і інш. Займаўся жывапісам, пісаў акварэлі, карціны алеем, малюнкі (пейзажы, жанравыя сцэны, партрэты і карыкатуры; лепшыя з іх звязаны з каўк. тэмай). Вершы Л. сталі асновай для опернай («Дэман» А.​Рубінштэйна), сімфанічнай («Уцёс» С.​Рахманінава, «Тры пальмы» А.​Спендыярава) і рамансавай (А.​Даргамыжскі, М.​Балакіраў і інш.) творчасці, нар. песнямі («Выходжу адзін я на дарогу...»).

Творы Л. здаўна папулярныя на Беларусі, якая займала значнае месца ў творчасці паэта. Пад уздзеяннем твораў А.​Міцкевіча (гал. чынам яго паэм «Гражына» і «Конрад Валенрод») у сюжэтах паэм Л. прысутнічаюць вобразы «дзевы-воіна» («Літвінка», 1832), баярына Оршы (аднайм. паэма, 1835—36), Арсенія («Літвінка», «Баярын Орша») і інш. Л. імкнуўся адлюстраваць сац.-бытавыя і гісторыка-паліт. падзеі мінулых эпох: Адна з першых крыніц на Беларусі, дзе з вял. прыхільнасцю ўпамінаецца імя Л., — ананімная паэма «Тарас на Парнасе». У 1889 газ. «Минский листок» змясціла арт. «Міхаіл Юр’евіч Лермантаў», прысвечаны адкрыццю помніка Л. ў Пяцігорску. Хоць бел. паэзія 19 ст. тыпалагічна адрознівалася ад творчасці Л. сваімі параўнаўча нераспрацаванымі «чалавеказнаўчымі» магчымасцямі і ў мастацка-стылявым плане, у ёй выкарыстоўваліся лермантаўскія матывы і сімвалы. Верш Ф.​Багушэвіча «Хмаркі» ідэйна і эстэтычна блізкі да аднайм. верша Л. Паэзія Цёткі звязана з яго традыцыямі грамадз. лірыкі. Наследаванне Л. праглядаецца ў вершах Я.​Купалы «Мой дом», «Прыстаў я жыць...» і інш. Героі рамант. паэм Я.​Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва») блізкія рамант. героям Л. Матывы Л. пра ролю паэта ў жыцці народа творча распрацоўваў Я.​Колас («Пясняр», «Паэту» і інш.). Рамант. паэма Я.​Коласа «Сымон-музыка» сугучная паэме «Мцыры». Надзвычай блізкі да Л. быў М.​Багдановіч; да 100-годдзя з дня нараджэння Л. ён змясціў у яраслаўскай газ. «Голос» (2.10.1914) арт. «Адзінокі», у якім раскрыў значэнне і своеасаблівасць Л. сярод рус. паэтаў. Паэма Багдановіча «Максім і Магдалена» стваралася не без уплыву «Песні пра... купца Калашнікава» і «Баярына Оршы». Напружанасць духоўнага эмацыянальнага жыцця характэрна асуджаным на адзіноту гал. героям паэмы «Дэман» і паэмы Багдановіча «Страцім-Лебедзь», у якой некаторыя даследчыкі адзначаюць пэўную палеміку. Пра захапленне паэзіяй Л. пісаў у аўтабіяграфіі З.​Бядуля. Пад уплывам Л. напісаны першыя лірычныя вершы К.​Крапівы. У арт. «Тры сустрэчы» А.​Куляшоў пісаў, што пачаты ў даваен. час пераклад на бел. мову твораў Л. ў многім вызначыў кірунак яго паэт. дзейнасці. П.​Панчанка ў арт. «Нязгасны агонь» падкрэсліваў, што Л. стаў асабліва блізкім і дарагім у гады Вял. Айч. вайны. На бел. мове першыя пераклады паэм «Мцыры» і «Дэман» апублікаваны ў 1920-я г. ў Вільні. У канцы 1930-х г. Я.​Колас пераклаў 1-ю частку «Дэмана». У 1950 асобным выданнем выйшаў пераклад паэм «Дэман» (пер. Я.​Колас, А.​Зарыцкі, А.​Бялевіч), «Баярын Орша» і «Каўказскі нявольнік» (пер. Зарыцкі і А.​Вялюгін), «Ізмаіл-Бей» (пер. У.​Шахавец), «Песня пра... купца Калашнікава» (пер. М.​Клімковіч). У 1969 выдадзены зб-к перакладаў Куляшова (выбраныя вершы Л., паэмы «Мцыры», «Дэман»), за які разам з перакладамі твораў інш. пісьменнікаў яму прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1970. Творы Л. перакладалі В.​Зуёнак, П.​Макаль, Я.​Міклашэўскі (Я.​Верабей) і інш. Л. прысвяцілі свае вершы і артыкулы П.​Броўка, М.​Танк, Я.​Брыль, С.​Грахоўскі і інш.

Упершыню на Беларусі да творчасці Л. звярнуўся тэатр А.​К.​Басевіча ў Пінску, які 13.4.1880 ажыццявіў пастаноўку драмы «Маскарад». П’еса ўваходзіла і ў рэпертуар Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. У 1953 гэтая драма пастаўлена Брэсцкім абл. драм. т-рам. Падзеяй у тэатр. жыцці Беларусі стаў спектакль Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі «Маскарад» (1966). Бел. т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўку оперы Рубінштэйна «Дэман» (1951). Трагедыю «Іспанцы» ставіў Гродзенскі абл. драм. т-р (1955).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1986;

Соч. Т. 1—2. М., 1988—90;

Избр. соч. М., 1994;

Зорка зорцы голас падае = И звезда с звездою говорит: Выбр. вершы. Мн., 1989.

Літ.:

М.​Ю.​Лермонтов в русской критике. М., 1985;

Лотман Ю.М. В школе поэтического творчества: Пушкин. Лермонтов. Гоголь. М., 1988;

М.​Ю.​Лермонтов: Проблемы идеала. Куйбышев, 1989;

Лермонтовская энциклопедия. М., 1981.

С.​Ф.​Кузьміна, У.​В.​Гніламёдаў, В.​А.​Ракіцкі (тэатр).

М.Ю.Лермантаў. Мастак П.​Забалоцкі. 1837.

т. 9, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫМ, Аўтаномная Рэспубліка Крым. Размешчана на Крымскім п-ве, у складзе Украіны. Пл. 27 тыс. км². Нас. 2192,6 тыс. чал. (1995), гарадскога 70%. Сярэдняя шчыльн. 81 чал. на 1 км², найб. густа заселены ўзбярэжная і перадгорная часткі рэспублікі. Жывуць рускія (63,9%), украінцы (24,6%), крымскія татары, беларусы, яўрэі і інш. Сталіца — г. Сімферопаль. Найб. гарады: Севастопаль, Керч, Еўпаторыя, Ялта, Феадосія, Джанкой. Аб прыродзе гл. ў арт. Крымскі паўвостраў, Крымскія горы, Паўднёвы бераг Крыма.

Гісторыя. К. — адзін з найб. стараж. раёнаў засялення чалавекам Усх. Еўропы, тут выяўлены палеалітычныя стаянкі Кіік-Каба, Стараселле. З канца 2-га тыс. да н.э. ён заселены кімерыйцамі, у 1-м тыс. да н.э. — і таўрамі (адсюль яго стараж. назва Таўрыя), з 8—7 ст. да н.э.скіфамі. У 6—5 ст. да н.э. на ўзбярэжжы К. стараж. грэкі заснавалі калоніі Феадосія, Керкінітыда (цяпер г. Еўпаторыя), Пантыкапей, Херсанес Таўрычаскі. Каля 480 да н.э. — 4 ст. н.э. ў раёне Керчанскага п-ва існавала Баспорская дзяржава. У 1-й пал. 3 ст. н.э. ў К. урываліся готы, у 375 — гуны. З 4—5 ст. адбывалася экспансія Візантыі. У 12—13 ст. населены грэкамі, армянамі, нашчадкамі аланаў, печанегаў і інш. У 13 ст. заваяваны манголамі і ўключаны ў Залатую Арду. З 1440-х г. існавала самаст. Крымскае ханства (з 1475 васал і саюзнік Асманскай імперыі). У 1687 і 1689 адбыліся паходы ў К. рас. войска на чале з кн. В.​В.​Галіцыным (яму дапамагалі ўкр. казакі пад кіраўніцтвам гетмана І.​Самайловіча, потым І.С.Мазепы). Правал паходаў стаў адной з гал. прычын падзення ў Расіі ўрада Соф ’і Аляксееўны — Галіцына. У ходзе рус.-тур. вайны 1768—74 заняты рас. войскамі. У 1783 далучаны да Расіі, тут засн. яе Чарнаморскі флот (з 19 ст. гал. база — г. Севастопаль). Асн. месца баёў у Крымскую вайну 1853—56. З 2-й пал. 19 ст. паўд. ўзбярэжжа К. выкарыстоўваецца як курортная зона. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на з’ездзе мясц. татараў у Сімферопалі створаны пастаянны орган іх аўтаноміі — Цэнтр. выканаўчы к-т, падпарадкаваны Часоваму ўраду. Потым была створана Крымская рэспубліка, у снеж. 1917 у Бахчысараі на курултаі (з’ездзе) крымскіх татараў прынята канстытуцыя. Пасля заключэння Брэсцкага міру 1918 бальшавікі абвясцілі тут Таўрычаскую сав. рэспубліку, не прызнаную Германіяй. Яе войскі акупіравалі К. і ўтварылі крымскі ўрад на чале з ген. М.​Сулейманам Сулькевічам. У 1919—20 адзін з цэнтраў белагвардзейскага руху на чале з генераламі А.І.Дзянікіным, П.М.Урангелем. З 1921 у складзе РСФСР існавала Крымская аўтаномная сав. сацыяліст. рэспубліка. У 1941—44 К. акупіраваны ням.-фаш. і рум. войскамі, вызвалены ў выніку Крымскай аперацыі 1944. 20.5—1.7.1944 крымскія татары, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з немцамі, прымусова дэпартаваны ў Сярэднюю Азію (Узбекістан). У 1945 скасавана аўтаномія, К. стаў вобласцю РСФСР. У 1954 перададзены ў склад Украіны. Паводле канстытуцыі Украіны 1996 атрымаў статус аўт. рэспублікі. У студз. 1999 уступіла ў дзеянне канстытуцыя К.

Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці — харчасмакавая (вінаробная, плодаагароднінакансервавая, эфіраалейная і інш.). Вінаробства (вытв-сць высакаякасных марачных і шампанскіх він) на прадпрыемствах у Ялце, Севастопалі, Алушце, Судаку, Феадосіі, Сімферопалі. Развіты перапрацоўка рыбы (Керч, Ялта, Еўпаторыя, Севастопаль), садавіны і агародніны (Сімферопаль, Джанкой, Бахчысарай, Севастопаль), вытв-сць ружавага, лавандавага, шалфейнага алеяў (Сімферопаль, Бахчысарай, Алушта, Судак, Ніжнягорскі), тытуню (Ялта, Сімферопаль, Феадосія), мясная, малочная і мукамольная галіны прам-сці. Камбікормавая прам-сць. Здабыча жал. руды (Камыш-Бурунскі жалезарудны камбінат у раёне г. Керч), прыроднага газу (п-аў Тарханкуцкі, Джанкой). На базе мясц. жал. руд працуе Керчанскі металургічны камбінат. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на вытв-сці буйнатанажных марскіх танкераў, суднарамонце (Керч, Севастопаль), вытв-сці абсталявання для харч. прам-сці, прылад (Севастопаль), тэлевізараў (Сімферопаль), трактарных прычэпаў (Джанкой), пад’ёмна-трансп. абсталявання (Феадосія). Хім. прам-сць працуе на солях Сіваша і ліманных азёр (Сакскі хім., Краснаперакопскі бромавы, Крымскі двухвокісу тытану і содавы з-ды). У Сімферопалі з-д пластмас і быт. хіміі. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці вырабляюць трыкатаж, тканіны, абутак, скургалантарэю (Сімферопаль, Севастопаль, Феадосія, Керч, Бахчысарай). Вытв-сць сувеніраў. Пераважна на мясц. сыравіне працуе прам-сць буд. матэрыялаў (Феадосія, Севастопаль, Керч, Белагорск). Дрэваапр. з-ды ў Севастопалі, Бахчысараі. мэблевая ф-ка ў Феадосіі. Сімферопальская, Севастопальская і Камыш-Бурунская ДРЭС. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа, вінаграду, садавіны, ягад, агародніны, малочна-мясной жывёлагадоўлі. Пасяўная пл, каля 0,5 млн. га, пераважна ў Стэпавым К., дзе значныя масівы арашальных зямель (гл. Паўночна-Крымскі канал). Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, кукуруза, рыс), тэхн. (сланечнік, соя), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Збор (тыс. т, 1995): збожжа — 1505, агародніны — 225, бульбы — 332. Асн. плошчы вінаграднікаў і садоў у перадгорнай і цэнтр. частках К. Эфіраалейныя культуры і тытунь вырошчваюць на паўд. узбярэжжы і ў перадгор’ях. У стэпавых раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, у перадгор’ях — малочна-мяснога. Развіты птушкагадоўля, авечкагадоўля, свінагадоўля. Вытв-сць мяса ў 1995—93 тыс. т. Даўж. чыгунак 644 км. Гал. чыгункі Севастопаль—Сімферопаль—Джанкой, Краснаперакопск—Джанкой—Феадосія—Керч. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 7 тыс. км. Тралейбусная лінія Сімферопаль—Ялта. Паромная пераправа звязвае Керч з Паўн. Каўказам. Марскія парты: Феадосія, Керч, Севастопаль, Ялта, Еўпаторыя. К. — адзін з буйнейшых курортных раёнаў Украіны. Курорты: Ялта, Алупка, Алушта, Гурзуф (Паўд. бераг К.), Феадосія, Еўпаторыя, Сакі; буйны цэнтр турызму.

Літ.:

Лукша У. Непаўторныя вобразы Крыма: Замалёўкі з натуры. [Маладзечна]. 1997;

Якобсон А.Л. Крым в средние века. М., 1973;

Кессельбреннер Г.Л. Крым: Страницы истории. М., 1994;

Крымская АССР (1921—1945). Симферополь, 1990;

Басов А.В. Крым в Великой Отечественной войне, 1941—1945. М., 1987;

Канапацкі І. 50-я ўгодкі гвалтоўнага выгнання татар з Крыма // Байрам. 1994. № 2;

Старченков Г. Превратности судьбы (Крым) // Азия и Африка сегодня. 1997. № 10.

Г.​С.​Смалякоў (гаспадарка).

Краявід каля ўзбярэжжа Крыма.

т. 8, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)