ЛЬВОЎ Мікалай Аляксандравіч

(15.3. 1751, с. Нікольскае Цвярской вобл., Расія — 2 ці 3.1.1804),

рускі архітэктар і тэарэтык архітэктуры, графік, паэт, музыкант, вынаходнік; прадстаўнік архітэктуры класіцызму; адзін з заснавальнікаў пейзажнага стылю ў рус. садова-паркавым мастацтве. Чл. Рас. акадэміі (з 1783) і ганаровы чл. Пецярбургскай АМ (з 1786). Архітэктуру вывучаў самастойна. У арх. творчасці пераважалі кампактныя цэнтрычныя купальныя будынкі з лаканічным дэкар. афармленнем: Неўскія вароты Петрапаўлаўскай крэпасці (1784—87) і паштамт (1782—89) у Пецярбургу, Барысаглебскі сабор (1785—96) у г. Таржок, сядзібныя комплексы ў Маскоўскай, Цвярской і Наўгародскай абласцях, землябітны Прыярацкі палац (1798—99) у г. Гатчына Ленінградскай вобл. і інш. На Беларусі стварыў Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, серыю акварэляў з відамі Магілёва (канец 18 ст.) і інш. Распрацоўваў вогнетрывалыя буд. матэрыялы, у т.л. «каменны кардон». Аўтар іл. да «Метамарфозаў» Авідзія, твораў Г.Дзяржавіна (да 1755), лібрэта камічнай оперы «Ямшчыкі на падставе» (паст. 1787). Склаў нотны «Збор рускіх народных песень з іх галасамі. На музыку паклаў Іван Прач» (т. 1—2, 1790, у сааўт.). Выдаў адзін з першых перакладаў ісландскай сагі «Песня нарвежскага віцязя Гаральда Храбрага» (1793). Перакладаў творы Анакрэонта, Ф.Петраркі, Сафо, кн. па архітэктуры А.Паладыо і інш.

Літ.:

Глумов А. Н.А.Львов. М., 1980.

В.М.Чарнатаў.

т. 9, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)