САЛЯНА́Я ТЭКТО́НІКА, галакінез,

працэсы і структуры, звязаныя з перамяшчэннем саляных мас у зямной кары. Развіваецца пры наяўнасці саляносных фармацый з магутнымі пластамі каменнай і калійных солей, нераўнамерным ціску вышэйляжачай тоўшчы і дыферэнцыраваным перамяшчэнні падсалявога ложа і фундамента ў выніку тэктанічных працэсаў. З прычыны пластычнасці і адносна нізкай удзельнай вагі саляныя масы перамяшчаюцца на ўчасткі з меншым ціскам. Узнікаюць саляныя масівы, якія прыўздымаюць, выгінаюць (нярэдка прарываюць) верхнія пласты і ўтвараюць саляныя структуры (купалы, антыкліналі, геміантыкліналі, штокі і інш.). Над участкамі, з якіх адцякае соль, надсалявыя пласты прагінаюцца, утвараюцца кампенсацыйныя мульды. У краявых і міжгорных прагінах складкавых абласцей, дзе С.т. развіваецца ва ўмовах бакавога ціску, саляносныя ўтварэнні праяўляюцца ў ядрах лінейных складак, нярэдка ўздоўж ліній тэктанічных разрываў. У скляпеннях і крылах саляных купалаў і антыкліналей часта знаходзяцца паклады нафты і газу, а саляныя ядры распрацоўваюцца для атрымання каменнай і калійных солей. Класічныя вобласці С.т. — Прыкаспійская ўпадзіна, упадзіна Мексіканскага зал. і яго ўзбярэжжа і інш. На Беларусі С.т. пашырана ў Прыпяцкім прагіне. Найб. актыўна праявілася ў верхнефаменскай галітавай субфармацыі (памеры падняццяў 10—30 км²) і ў меншай ступені ў верхняфранскай саляноснай фармацыі (70—100 км²). Большасць з падняццяў прыразломныя, надразломныя, нярэдка групуюцца ў саляныя валы (напр., Рэчыцкі вал). Некат. ядры або скляпенныя і прыскляпенныя ч. саляных купалаў і антыкліналей маюць нафтавыя паклады. Гл. таксама Прыпяцкі саляносны басейн.

Д.​М.​Ярошына.

т. 14, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ АДЗІ́НАЯ ПА́РТЫЯ ГЕРМА́НІІ (САПГ; Sozialistische Einheitspartei Deutschlands),

палітычная партыя левага кірунку, якая ў 1949—89 была кіруючай у Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы (ГДР). Засн. 21—22.4.1946 у Берліне (Усх.) на аб’яднаўчым з’ездзе Камуністычнай і С.-д. партый Германіі, якія дзейнічалі ў сав. акупац. зоне краіны, пад старшынствам В.​Піка і О.​Гротэваля. У 1948—50 пераўтворана ў кадравую партыю на ўзор КПСС. Яе праграма (мянялася некалькі разоў) прадугледжвала «пабудову антыфаш.-дэмакр. ладу ва ўсёй Германіі», асобы ням. шлях да сацыялізму, у т. л. праз прымусовую поўную калектывізацыю сельскай гаспадаркі (1960), утварэнне ў ГДР «сацыяліст. нацыі» (з 1963) і інш. Вышэйшы парт. орган — з’езд (з 1971 склікаўся раз у 5 гадоў), паміж з’ездамі — ЦК партыі (меў і права склікаць парт. канферэнцыі), які выбіраў Палітбюро і Сакратарыят на чале з ген. сакратаром (у 1953—76 наз. 1-ы сакратар; у 1950—71 В.​Ульбрыхт, у 1971—89 Э.​Хонекер, у кастр.—снеж. 1989 Э.​Крэнц). Цэнтр. друкаваны орган — штодзённая газ. «Neues Deutschland» («Новая Германія»). У ходзе масавага руху за рэформы ў ГДР (восень 1989) перастала быць кіруючай (заканадаўча з 1.12.1989), страціла каля 95% сваіх членаў, пераўтворана ў САПГ — Партыю дэмакр. сацыялізму (паміж 8 і 17.12.1989), потым у Партыю дэмакр. сацыялізму (люты 1990), якая захавалася ў аб’яднанай Германіі (ФРГ).

Літ.:

История Социалистической единой партии Германии: Очерк: Пер. с нем. М., 1980;

Последний год ГДР. М., 1993.

М.​Г.​Жаркоў.

т. 14, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬДЖУ́КСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА Існавала на Блізкім і Сярэднім Усходзе ў 11—12 ст. Засн. качавымі цюркскімі плямёнамі агузаў на чале з родам Сельджукідаў, якія ў пач. 1030-х г. знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад Газневідаў. У 1038 яны паўсталі супраць Газневідаў, у 1040 сельджукскі правадыр Тагрул-бек разбіў войска газневідскага султана Масуда; да 1043 заваяваны Харасан, потым — Буідаў дзяржава. У 1055 яго войскі захапілі Багдад, пасля чаго абасідскі халіф Каім надаў правіцелю С.дз. тытул султана. Пры султане Алп-Арслане [1063—72] да С.дз. далучаны Арменія, Сірыя, Палесціна, Маверанахр, у 1071 разбіты візант. войскі ў бітве пры Манцыкерце (Маназкерце). Найб. магутнасці С.дз. дасягнула пры султане Мелік-шаху [1072—92], візірам (гал. міністрам) якога быў Нізам-аль-Мульк. Пры ім да С.дз. далучана б.ч. Малой Азіі, а Караханідаў дзяржава прымушана плаціць даніну (1089). Асновай землеўладання С.дз. была сістэма ікта (ваен. лена). Найбольшыя ікты станавіліся асобнымі княствамі, што прывяло да пераўтварэння С.дз. ў аморфнае дзярж. ўтварэнне. У 1077 адасобіўся Румскі султанат (гл. Канійскі султанат), пасля смерці Мелік-шаха адзінства С.дз. стала намінальным. Унутрыпаліт. становішча дзяржавы ўскладнялася дзейнасцю секты ісмаілітаў. Пасля 1-га крыжовага паходу (1096—99) С.дз. страціла Палесціну, прыбярэжныя тэр. М. Азіі і Сірыі. Султан Санджар [1118—57] пацярпеў паражэнне ад каракітаяў (1141), а ў 1153 узяты ў палон балхскімі агузамі. З яго смерцю (1157) С.дз. распалася на асобныя княствы, пасля чаго ў Сярэдняй Азіі і Іране пачалося ўзвышэнне харэзмшахаў.

В.​У.​Адзярыха.

т. 14, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНСУАЛІ́ЗМ (франц. sensualisme ад лац. sensus успрыняцце, пачуццё, адчуванне),

кірунак у тэорыі пазнання, які прызнае адчуванне адзінай крыніцай аб’ектыўных ведаў. Змест пазнання і свядомасці імкнецца вывесці з дзейнасці органаў пачуццяў і іх сведчанняў. Элементы С. прысутнічаюць у філасофіі Стараж. Індыі (вучэнне чарвака), Стараж. Кітая (маізм), Стараж. Грэцыі (Геракліт, часткова Дэмакрыт і Арыстоцель). У гісторыі філасофіі сфарміраваліся 2 процілеглыя плыні С.: ідэаліст. і матэрыялістычная. Ідэалістычны С. разглядае пачуццёвую дзейнасць чалавека як самаст. і самадастатковую сферу свядомасці. Яго вытокі ў вучэнні Пратагора, які абвяшчаў пачуццёвае ўспрыманне адзінай крыніцай ведаў аб уласным стане чалавека; пазнанне знешніх прычын гэтых станаў ён лічыў немагчымым. Матэрыялістычны С. разглядае пачуццёвую дзейнасць чалавека як сувязь яго свядомасці са знешнім светам, а сведчанні органаў пачуццяў — адлюстраваннем навакольнага асяроддзя. Асновы паслядоўнага матэрыяліст. С. сфармуляваны Эпікурам. Асноўны прынцып С. стоікаў — «няма нічога ў розуме, чаго б раней не было ў пачуццях». Прадстаўнікі матэрыяліст. С. 17 ст. — П.​Гасендзі, Т.​Гобс, Дж.​Лок, ідэаліст. С. — Дж.Берклі. Сенсуалісты матэрыяліст. кірунку 18 ст. сцвярджалі, што крыніцай ведаў служаць адчуванні, якія параджаюцца шляхам уздзеяння матэрыяльных прадметаў на органы пачуццяў чалавека (франц. матэрыялісты Ж.​Ламетры, К.​Гельвецый, Д.​Дзідро, П.​Гольбах). Ням. філосаф Л.​Феербах лічыў, што адчуванні маюць суб’ектыўны характар, але іх аснова аб’ектыўная, заключана ў матэрыяльным свеце. Сучасныя тэорыі пазнання спалучаюць С. і рацыяналізм і аналізуюць іх узаемасувязь.

І.​В.​Катляроў.

т. 14, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́НЦЫ,

зрубная (радзей дашчаная) прыбудова да хаты з боку ўваходу або памяшканне, якое злучае хату з інш. жылой ці гасп. пабудовай. Уваход у С. часта вылучаецца ганкам або верандай. С. больш надзейна захоўваюць цяпло ў жылых памяшканнях. Вядомы ў нар. жыллі многіх краін свету. Узніклі ў старажытнасці з развіццём шматкамерных жылых дамоў.

У бел. нар. 2-камерным жыллі С. — зрубная (у выглядзе трысцена), радзей каркасная (з дошак, дыляў, плятня) прыбудова да жылога зруба; у 3-камерным жыллі С. злучалі 2 жылыя памяшканні або жылое памяшканне з клеццю ці істопкай. У сял. жыллі да пач. 20 ст. С. нярэдка не мелі столі і драўлянага памоста, служылі дапаможным памяшканнем, дзе знаходзіліся рознае начынне і прылады працы. Часам С. выкарыстоўвалі як рамесную майстэрню. У С. звычайна адгароджвалася камора, у бедных сялян — закут для жывёлы. У цэнтры і на Пд Беларусі пад С. рабілі скляпы. Летам у С. спалі. У жыллі шляхты з 16 ст. С. нярэдка абаграваліся камінам. У багатых сядзібах С. былі падобныя да прыхожай, у іх стаялі сталы, лавы і інш. мэбля. Ператварэнню С. у параднае памяшканне садзейнічаў іх падзел на 2 часткі: парадныя С., якія былі злучаны з жылымі пакоямі, і гасп., што злучалі жылую і гасп. часткі дома.

Літ.:

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Помнікі этнаграфіі. Мн., 1981.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 14, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЎРСКІ ФАРФО́Р,

мастацкія вырабы фарфоравага завода ў г. Сеўр (Францыя). Засн. ў г. Венсен (1740). У Сеўр вытв-сць пераведзена ў 1756. Першыя вырабы зроблены пад метал. формы і з уплывам майсенскага фарфору. Першыя майстры — жывапісец Ж.​Ж.​Башэлье і хімік Ж.​Эло (вынаходнік унікальнай сіняй фарбы, адной з адметных рыс С.ф.). Размалёўкі на ярка-сінім, бірузовым і белым фонах уяўлялі сабой натуралістычныя выявы кветак, гірлянд, птушак, пейзажаў. У сярэдзіне 18 ст. быў пашыраны ружовы фон ракайлевых размалёвак золатам і шынуазры. Характэрны элемент С.ф. — размалёўкі пад камеі ў манахромнай тэхніцы грызайль. У 1770—1830-я г. С.ф. вырабляўся ў стылі класіцызму; былі пашыраны міфалагічныя і жанравыя скульптурныя групы, партрэтныя медальёны і бюсты, рэльефныя плакеткі (белым па сінім фоне), якія выкарыстоўваліся ў якасці ўставак у мэблю. Да 1800 вырабы (сервізы, вазы) ствараліся пераважна з мяккага фарфору (без кааліну), абпаленага пры параўнальна невысокай тэмпературы, што дазваляла дасягаць сакавітасці і вытанчанасці дробнага дэкору. З больш моцнага бісквіту стваралі групы і фігуры па мадэлях Э.​М.​Фальканэ, Л.​С.​Буазо, Ж.​Б.​Пігаля, Э.​Бушардона, Кладыёна. З 1772 рабілі цвёрды фарфор. У 20 ст. ў стварэнні вырабаў С.ф. ўдзельнічалі вядучыя мастакі (Ж.​Люрса і інш.).

Літ.:

Бирюкова Н.Ю. Французская фарфоровая пластика XVIII в. Л., 1962.

Я.​Ф.​Шунейка.

Сеўрскі фарфор. Марожаніца з сервіза з камеямі. 1778.

т. 14, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́МВАЛ (ад грэч. symbolon знак, апазнавальная прыкмета),

універсальны вобраз, знак, які ўвасабляе пэўную ідэю. Ствараецца чалавекам у працэсе пазнання рэчаіснасці і развіцця культуры. Форма С. не мае непасрэднай сувязі з адлюстраваным ім зместам. У адрозненне ад інш. відаў знакаў С. мае пачуццёва-наглядную форму, а сувязь паміж формай і закладзеным у ёй сэнсам не з’яўляецца адвольнай. У маст. культуры С. з’яўляецца адным з гал. сродкаў выяўлення духоўных і эстэт. каштоўнасцей, аўтарскай мадэлі свету. На пэўных этапах развіцця мастацтва С. прэваліравалі ў маст. мове (напр., сярэдневяковае мастацтва, сімвалізм). У адрозненне ад алегорыі С. не мае рацыянальнай формулы, разлічанай на адназначную трактоўку. Сэнсавая струк» тура С. шматзначная і прадугледжвае актыўнае ўспрыняцце суб’ектам. Праблема С. разглядалася ўжо ў ант. філасофіі (Платон). У сярэдневяковай філасофіі навакольнае асяроддзе тлумачылася як С. сутнасці Бога (Псеўда-Дыянісій Арэапагіт). Эстэт. асэнсаванне С. прапанавана тэарэтыкамі ням. рамантызму, якія проціпастаўлялі С. алегорыі (Ф.​Шэлінг, Ф.​Крэйцэр) і бачылі ў ім аснову паэт. творчасці (Ф.​Шлегель). Рацыяналістычную трактоўку С. прапанаваў Г.​Гегель, які разглядаў С. пераважна ў якасці знака. Прыхільнікі псіхааналізу трактуюць С. як форму выяўлення псіхапаталагічнага сімптому асобы (З.​Фрэйд) ці ўстойлівых форм калектыўнага бессвядомага — архетыпаў (К.​Г.​Юнг). Ням. філосаф Э.​Касірэр пашырыў змест паняцця С. і разглядаў у якасці сімвалічных усе формы дзейнасці чалавека (мову, рэлігію, мастацтва і навуку).

В.​М.​Пешкаў.

т. 14, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНО́Д (ад грэч. synodos сход),

сход вышэйшых духоўных асоб у хрысц. царкве. У 1721—1917 Свяцейшы Усерас. С. — вышэйшы орган кіравання ў Рускай праваслаўнай царкве (РПЦ). Усталяваны вярх. самадзярж. уладай замест скасаванага патрыяршаства, падпарадкоўваўся імператару. Паводле рэгламенту, у склад С. ўваходзіла 12 іерархаў царквы. Дзярж. нагляд над С. ажыццяўляў свецкі чыноўнік, прызначаны імператарам, — обер-пракурор. Праз яго падтрымліваліся ўсе сувязі С. з дзярж. органамі. Пасля аднаўлення патрыяршаства (1917) С. у РПЦ дзейнічае як царк. дарадчы орган пры патрыярху Маскоўскім і ўсяе Русі. У наш час у склад С. ўваходзяць пастаянныя члены: мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Украіны, мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт санкт-пецярбургскі і ладажскі, мітрапаліт круціцкі і каломенскі, старшыня аддзела знешніх царк. зносін, кіраўнік спраў Маскоўскай патрыярхіі; і часовыя члены — епархіяльныя архірэі, якія па чарзе ўдзельнічаюць у рабоце С. На Беларусі з усталяваннем у 1989 Бел. экзархата дзейнічае Сінод Беларускай праваслаўнай царквы. У інш. правасл. цэрквах таксама існуюць С. з рознымі функцыямі. У каталіцкай царкве з 1960-х г. дзейнічае С. біскупаў як орган пры папе рымскім. С. на чале з патрыярхамі ёсць і ў некат. усх. цэрквах ва уніі з Ватыканам — копцкага, халдзейскага і інш. абрадаў. У пратэстантызме С. — сход духоўных і свецкіх асоб, які перыядычна склікаецца для прыняцця рашэнняў па рэліг. справах.

Г.​М.​Шэйкін.

т. 14, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРАКУ́ЗЫ (Syrakusai),

старажытнагрэчаскі поліс на ПдУ в-ва Сіцылія. Засн. каля 734 да н.э. выхадцамі з Карынфа. У 7—6 ст. да н.э. жыхары С. заснавалі шэраг калоній у Сіцыліі: Акра, Камарына, Касмена, магчыма, Эна. У пач. 5 ст. да н.э. гарадскі дэмас перамог гамораў (буйных землеўладальнікаў), якія звярнуліся па дапамогу да тырана Гелона, які ў 485 да н.э. захапіў уладу ў С. і ўсталяваў сваю тыранію. Пры яго пераемніку Пероне I [478—467 да н.э.] С. ўключалі значную частку вострава і ператварыліся ў самую магутную дзяржаву ў Міжземнамор’і. Пасля смерці Гіерона 1 дзяржава распалася, у С. усталявалася рабаўладальніцкая дэмакратыя. У 415—413 да н.э. С. адбілі спробы афінян заваяваць востраў. У 406 да н.э. ўладу ў С. захапіў тыран Дыянісій 1, пры якім С. адбілі агрэсію карфагенян і падпарадкавалі амаль усю Сіцылію. Пасля яго смерці націск Карфагена ўзмацніўся. У канцы 4 ст. да н.э. ў час праўлення Агафокла карфагеняне выгнаны з вострава. У перыяд 1-й і 2-й Пунічных войнаў С. былі на баку Рыма, потым перайшлі на бок Карфагена. С. — родны горад Архімеда, які кіраваў яго абаронай. У 212 да н.э. пасля 2-гадовай асады захоплены, разрабаваны рымлянамі і страцілі б. магутнасць. У рым. эпоху С. — месца знаходжання намеснікаў сіцылійскай правінцыі. З 535 н.э. належалі Візантыі. На месцы стараж. С. пабудаваны сучасны г. Сіракуза (Італія).

т. 14, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́РМУНТ (Алена) (Гелена; 5.11.1827, в. Калоднае Столінскага р-на Брэсцкай вобл. — 1.2.1874),

бел. мастак. Маст. адукацыю атрымала ў Вільні ў В.​Дмахоўскага (1844—45), удасканальвала майстэрства ў Берліне і Дрэздэне. У ранні перыяд творчасці пісала партрэты Канстанцыі, Тэклі Скірмунт (1845—48), Тэафілі, Зяноны Любанскіх (1850), якія вызначаюцца глыбінёй і трапнасцю характарыстык. У 1850-я г. звярнулася да рэліг. тэматыкі: «Марыя Чапская моліцца ў кляштары візітак у Вільні» (1851), алтарны абраз «Бязгрэшнае зачацце», праект алтара для касцёла ў в. Ахова каля Пінска. З мастаком-самавукам К.​Радыкам рэстаўрыравала абразы і гафты на літургічных шатах у пінскім касцёле. У 1852—54 брала ўрокі скульптуры ў Вене і Рыме. Пазней працавала пераважна ў скульптуры. Выканала медалі Б.​Залескага (1859), І.​Лялевеля (1860), Ю.​Крашэўскага (1861) і інш. У 1861 зрабіла рэльефы гербаў Рэчы Паспалітай, Кароны Польскай і ВКЛ. У 1863 арыштавана і выслана ў г. Тамбоў (Расія). У 1867 вызвалена, але пазбаўлена права жыхарства на радзіме, некат. час жыла ў Крыме. У 1860—70-я г. выканала жанравыя кампазіцыі «Шляхціц у сядзібе», «Муза Талія», цыкл рэльефаў з выявамі князёў ВКЛ, партрэты Януша Радзівіла, Торвальдсена і інш. Аўтар 22 пасярэбраных і пазалочаных шахматных фігурак, прысвечаных перамозе польскага войска над туркамі, сярод якіх выявы караля Яна Сабескага, гетмана Станіслава Ябланоўскага, шляхціцаў у поўным узбраенні, а таксама прадстаўнікоў турэцкага войска.

А.​К.​Лявонава.

т. 14, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)