МАЯРА́Т (позналац. majoratus ад лац. major большы, старэйшы) у цывільным праве, парадак атрымання ў спадчыну нерухомай маёмасці (найперш зямлі), паводле якога яна цалкам перадаецца старэйшаму ў сям’і або ў родзе без права продажу, здачы ў арэнду, дарэння, драблення. Меў на мэце захаванне буйных зямельных уладанняў ад драбнення.
Вядомы ў заканадаўствах стараж. Індыі, афінскім праве і інш.; у краінах Еўропы (Англіі, Францыі, Германіі і інш.) пашыраны з 11—13 ст. У Расіі ўпершыню ўведзены ў 1714 паводле ўказа Пятра I «аб адзінаспадчыннасці» (адменены ў 1730). У 1845 прынцыпы М. пашыраны ва «запаведныя» (атрыманыя ва ўзнагароду ад цара), а таксама на некаторыя родавыя і купленыя маёнткі. М. супярэчыў патрабаванням развіцця рыначнай эканомікі і ў 19 — пач. 20 ст. ў большасці краін скасаваны. Найдаўжэй захоўваўся ў Вялікабрытаніі як аснова лендлардызму.
На Беларусі афіцыйна зацверджаныя М. існавалі з 16 ст. (гл.Ардынацыя). У 19 ст. некат. канфіскаваныя маёнткі раздаваліся рас. урадам на правах М. выхадцам з Расіі дзеля ўмацавання рас. землеўладання ў краі, пры згасанні роду ў мужчынскай лініі зямля вярталася ў казну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́НСКІ (Валерый Яўгенавіч) (н. 20.2.1947, в. Вялікае Стахава Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1984). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). З 1974 рэжысёр, у 1976—89 гал. рэжысёр Бел.т-ра імя Я.Коласа, адзін з ініцыятараў стварэння пры т-ры бел.т-ра «Лялька» (1986). Заснавальнік, з 1993 маст. кіраўнік Рэсп. тэатра бел. драматургіі. Паставіў спектаклі: у т-ры імя Я.Коласа — «Званы Віцебска» (1974) і «Кастусь Каліноўскі» (1978) У.Караткевіча, «Сымон-музыка» (1976, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978) і «На дарозе жыцця» (1982) паводле Я.Коласа, «Блытаныя сцежкі» («На вастрыі»; 1983) К.Крапівы, «Парог» (1982), «Вечар» (1983; Дзярж. прэмія Беларусі 1986), «Радавыя» (1984) і «Вежа» (1990; нап. з У.Някляевым) А.Дударава; у тэатры бел. драматургіі — «Галава» (1992) І.Сідарука, «Паваліўся нехта» (1992) Л.Родзевіча і У.Галубка, «Барбара Радзівіл» (1994) Р.Баравіковай, «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць...» (1997) Б.Брэхта. Работы М. адметныя метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, гратэскавасцю, шматпланавасцю структуры, тонкім спалучэннем прыёмаў тэатра прадстаўлення і перажывання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙСЕ́ЕНКА (Мікалай Сяргеевіч) (н. 28.10.1941, г. Гомель),
бел. спявак (барытон). Засл. арт. Расіі (1979). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас С.Асколкава). З 1972 выкладаў у Гомельскім муз. вучылішчы. З 1974 саліст Свярдлоўскага, з 1981 — Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Яго творчасці ўласцівы драм. асэнсаванасць сцэн. паводзін, вял.ўнутр. экспрэсія пры стрыманасці вонкавага сцэн. малюнка. Сярод партый: Міхал («Новая зямля» Ю.Семянякі), Вял. князь Міндоўг («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі), Мастак («Візіт дамы» С.Картэса), князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Анегін, Томскі, Эбн Хакія («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Бартала («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Рыгалета, Жэрмон, Аманасра, Макбет і Яга («Рыгалета», «Травіята», «Аіда», «Шэкспір і Вердзі» паводле опер «Макбет», «Фальстаф» і «Атэла» Дж.Вердзі), Альфіо («Сельскі гонар» П.Масканьі), Ліндорф («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), граф Альмавіва, Папагена («Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» ВА.Моцарта), Дзянісаў і Напалеон, Стэньё («Вайна і мір», «Мадалена» С.Пракоф’ева). Удзельнічаў у радыёзапісах опер «Матухна Кураж» Картэса, «Францыск Скарына» Дз.Смольскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ БОЙ 1812 Адбыўся ў вайну 1812 пры вызваленні г. Маладзечна рус. войскамі ад французаў 4—5 снежня. Пасля пераправы цераз р. Бярэзіна 26—28 ліст. Напалеон з ген. штабам і гвардыяй адступіў у напрамку Зембін—Плешчаніцы і 3 снеж. прыбыў у Маладзечна. Рус. войскі наступалі на Маладзечна з Пн праз Вілейку (авангард войск ген.-маёра П.В.Галянішчава-Кутузава) і з У (атрады войск ген. М.І.Платава і Я.І.Чапліца). 4 снеж. Напалеон адступіў у в. Беніца (Маладзечанскі р-н). 4 снеж. Платаў і Чапліц адцяснілі французаў у Маладзечна, дзе яны замацаваліся і ўзарвалі мост цераз р. Уша. У гэты час на дапамогу рус. войскам падышлі асн. сілы Дунайскай арміі П.В.Чычагова і войска ген. А.П.Ярмолава. Раніцай 5 снеж. яны ўварваліся ў горад і акружылі частку франц. ар’ергарда, якая здалася. 5 снеж. Напалеон прыбыў у Смаргонь, дзе перадаў камандаванне арміяй маршалу І.Мюрату, а сам накіраваўся ў Парыж. У гонар перамогі ў Маладзечне ў 1977 пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́НКА,
гіганцкі электрычны іскравы разрад у атмасферы, які праяўляецца звычайна яркай успышкай святла і суправаджаецца громам; асн. прыкмета навальніцы. Найб. часта ўзнікае ў кучава-дажджавых воблаках, пры гэтым М. могуць праходзіць у саміх воблаках або паміж імі і зямлёй. Найб. тыповая лінейная М. — множны іскравы разрад з разгалінаваннямі, даўж. 1—10 км, дыям. некалькі сантыметраў, існуе ад 0,1 с да 1 с, т-ра 25000 °C і больш. Звычайна М. мае некалькі паўторных разрадаў, зрэдку некалькі дзесяткаў (зацяжная М.). Шаравая М. сфероіднай формы, каля паверхні зямлі, дыям. да 10—50 см, рухаецца павольна, падпарадкоўваецца плыням паветра, існуе да 1—2 мін, знікае з выбухам або без яго. Плоская М. — эл. разрад на паверхні воблака, не мае лінейнага характару. Пацеркападобная М. — разрад у выглядзе ланцуга з кропак, якія свецяцца. Лінейная і шаравая М. могуць быць прычынай пажару, пашкоджанняў ліній сувязі і электраперадач, гібелі людзей і хатняй жывёлы. Пабудовы ад удару М. засцерагаюць маланкаадводамі. На Беларусі ў мінулым блізкі ўдар М. ў зямлю, наземныя прадметы, жывёлу або чалавека называўся перуном.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАФЕ́ЕЎ (Анатоль Аляксандравіч) (н. 14.5.1933, г. Гомель),
партыйны і дзярж. дзеяч Беларусі. Скончыў Бел.ін-тнар. гаспадаркі (1967), завочную ВПШ прыЦККПСС (1974). З 1949 працаваў слесарам на Мінскім, Гомельскім вагонарамонтных з-дах. З 1962 на парт. рабоце ў Гомелі. З 1970 інструктар аддзела хім. і лёгкай прам-сці ЦККПБ, 1-ы сакратар Мазырскага гаркома, сакратар Гомельскага абкома КПБ. З 1978 старшыня Гомельскага аблвыканкома, 1-ы сакратар Гомельскага, Мінскага абкомаў КПБ. У 1990—93 1-ы сакратар ЦККПБ. У 1992—96 нам.нач.Гал. ўпраўлення па дзярж. матэрыяльных рэзервах. З сак. 1996 нам. старшыні пастаяннай камісіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь па эканам. палітыцы і рэформах, з лістапада Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь. Чл.ЦК у 1981—91, Бюро ЦККПБ у 1986—91. Чл.ЦК у 1981—91 і Палітбюро ЦККПСС у 1990—91. Дэп. Вярх. СаветаБССР (з 1991 Рэспублікі Беларусь) у 1975—85, 1995—96. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1984—91. Чл. Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1980—95, СССР у 1990—91.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІБДА́ТЫ,
солі малібдэнавых кіслот. Найб. пашыраны солі монамалібдэнавай (малібдэнавай) к-ты H2MoO4 — монамалібдаты. У прыродзе трапляюцца ў выглядзе мінералаў (напр., павеліт — М. кальцыю CaMoO4, вульфеніт — М. свінцу PbMoO4). Вядомыя М. не вылучаных у свабодным стане мезамалібдэнавай H4MoO5 (мезамалібдаты), ортамалібдэнавай H6MoO6 (ортамалібдаты) і полімалібдэнавых кіслот (напр., парамалібдату амонію тэтрагідрат (NH4)6Mo7O24∙4H2O).
Монамалібдаты, ці нармальныя М., шчолачных металаў, амонію і магнію добра раствараюцца ў вадзе, інш. металаў — дрэнна. Нармальныя водарастваральныя М. атрымліваюць узаемадзеяннем трыаксіду MoO3 ці яго гідратаў з растворамі адпаведных гідраксідаў, інш. сінтэзуюць шляхам абменных рэакцый з М. шчолачных металаў ці спяканнем MoO3 з аксідамі металаў (гл.Малібдэн). Пры ўздзеянні аднаўляльнікаў (напр., дыаксіду серы, цынку, алюмінію) на растворы М. утвараюцца малібдэнавыя сіні — ярка-сінія рэчывы пераменнага саставу, напр. Mo8O23∙8H2O, Mo2O5∙H2O. У падкісленай вадзе (pH каля 4) яны ўтвараюць калоідныя растворы, якія выкарыстоўваюць для фарбавання шоўку, футра і валасоў. Выкарыстоўваюць CaMoO4 для выплаўкі ферамалібдэну; Na2MoO4 — у вытв-сці пігментаў, палівы, як інгібітар карозіі металаў; (NH4)2MoO4 — як малібдэнавае ўгнаенне; PbMoO4 — як пігмент; М. шчолачназямельных металаў і рэдказямельных элементаў — як лазерныя матэрыялы, сегнетаэл. матэрыялы ў мікраэлектроніцы.
воіны-рабы пераважна з цюркаў, а таксама закаўказскіх народаў, з якіх была сфарміравана гвардыя правіцеляў дынастыі Айюбідаў (1171—1250). Налічвалі 9—12 тыс.чал., паводле інш. крыніц — да 24 тыс.чал. У 1250 М. скінулі Айюбідаў і захапілі ўладу. Вядомы 2 дынастыі М.: Бахры (пераважна цюркскага паходжання, кіравалі ў 1250—1390) і Бурджы (пераважна выхадцы з Каўказа, кіравалі ў 1390—1517). Пры М. у 13—14 ст. рэарганізавана сістэма кіравання, палепшана якасць штучнага арашэння, пачаўся ўздым культуры і інш. У 2-й пал. 13 ст. М. разбілі манголаў, ліквідавалі апошнія заваёвы крыжакоў у Палесціне і Сірыі. У 1517 дзяржаву М. заваявалі туркі і ўключылі ў склад Асманскай імперыі, але іх улада была намінальнай. У час аслаблення Асманскай імперыі (канец 17 — пач. 18 ст.) М. фактычна аднавілі сваю ўладу ў Егіпце. Канчаткова панаванне М. ліквідавана ў пач. 19 ст.егіп. пашой Мухамедам Алі.
Літ.:
История стран зарубежной Азии в средние века. Гл. 23. М., 1970;
Семенова Л.А. Салахад-дин и мамлюки в Египте. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАГА́МІЯ (ад мана... + ...гамія),
1) форма адносін паміж поламі ў жывёл, калі адзін самец за сезон спароўваецца з адной самкай. У працэсе эвалюцыі М. развівалася як больш спецыялізаваная з’ява ў параўнанні з палігаміяй. Тыповая палавая структура папуляцый манагамных жывёл вызначаецца прапарцыянальнасцю (колькасныя суадносіны самцоў і самак 1:1). Полавы дымарфізм у манагамаў выяўлены менш выразна, чым у палігамаў. Пры М. самец звычайна прымае ўдзел у выхаванні патомства.
У млекакормячых М. сустракаецца радзей, чым палігамія. Параўнальна ўстойлівыя пары фарміруюцца ў барсука, ваўка, ліса (звычайна на 1 сезон), у чалавекападобных малпаў (на некалькі гадоў ці на ўсё Жыццё). У птушак М. шырока распаўсюджана, пары на некалькі гадоў, часам на ўсё жыццё ўтвараюць арлы, буслы, грыфы, лебедзі, совы; гусі — на сезон. У межах віду могуць быць пераходы ад М. да палігаміі (бабры). М. сустракаецца і ў беспазваночных, у якіх рамцы і самкі ці толькі самцы гінуць пасля спароўвання ці адкладвання яец (некат. павукі, жукі-караеды, свойскія пчолы і інш.).
2) Гіст. форма шлюбу і сям’і (аднашлюбнасць). Узнікла з парнага шлюбу ў эпоху распаду першабытнаабшчыннага ладу, стала пануючай формай шлюбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМБРА́ННЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗДЗЯЛЕ́ННЯ,
метады раздзялення вадкіх і газавых сумесей, якія ажыццяўляюць з дапамогай селектыўна пранікальных (раздзяляльных) мембран. Растворы раздзяляюць метадамі адваротнага осмасу, ультрафільтрацыі, дыялізу, электрадыялізу, выпарвання праз мембрану, калоідныя сістэмы — метадамі мікрафільтрацыі і ультрафільтрацыі.
М.м.р. заснаваны на рознай пранікальнасці мембран адносна кампанентаў сумесі, якую раздзяляюць. Рухальнай сілай працэсаў раздзялення з’яўляецца градыент ціску, канцэнтрацыі, эл. патэнцыялу, т-ры з розных бакоў мембраны. Рухальную сілу працэсу раздзялення, селектыўнасць і тэрмін выкарыстання мембран памяншае т.зв. канцэнтрацыйная палярызацыя — павелічэнне канцэнтрацыі кампанента з найменшай скорасцю пранікальнасці каля паверхні мембраны. Для паслаблення ўплыву гэтай з’явы ў мембранных апаратах сумесь, якую раздзяляюць, эфектыўна перамешваюць. М.м.р. выкарыстоўваюць для апраснення марской вады, ачысткі прамысл. і быт. сцёкавых вод, канцэнтравання і ачысткі раствораў высокамалекулярных злучэнняў, у т. л. біялагічна актыўных, стэрылізацыі паветра, раздзялення і абагачэння тэхн. газаў (напр., пры сінтэзе аміяку) і інш.
Літ.:
Дытнерский Ю.И. Мембранные процессы разделения жидких смесей. М., 1975;
Хванг С.-Т., Каммермейер К. Мембранные процессы разделения: Пер. с англ.М., 1981;
Кестинг Р.Е. Синтетические полимерные мембраны: Пер. с англ.М., 1991.