ПА́ЎЛАЎ (Іван Фаміч) (25.6.1922, с. Барыс-Раманаўка Бараўскога р-на Кустанайскай вобл., Казахстан — 12.10.1950),

лётчык-штурмавік. Двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Чкалаўскую ваен. авіяшколу пілотаў (1942), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1949). У Чырв. Арміі з 1940. З 1942 у дзеючай арміі, удзельнічаў у баях на Калінінскім, Цэнтр. і 1-м Прыбалт. франтах. У час Беларускай аперацыі 1944 камандзір звяна штурмавога авіяпалка П. рабіў па 4—5 баявых вылетаў за дзень на штурмоўку жывой сілы і тэхнікі праціўніка. За час вайны зрабіў больш за 200 баявых вылетаў, асабіста збіў 3 варожыя самалёты. Пасля вайны камандаваў авіяпалком. Загінуў пры выкананні службовага задання.

т. 12, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)