успрыманне арганізмам навакольнага свету праз улоўліванне зроку органамі святла, якое адлюстроўваецца ці выпраменьваецца аб’ектамі святла. У працэсе эвалюцыі З. удасканальваўся: ад здольнасці адрозніваць толькі святло ад цемры (напр., дажджавыя чэрві) да разнастайнага аналізу адлюстравання. Вока чалавека ўспрымае святло з даўж. хвалі 380—760 нм.
На органы З. ўсе прадметы ўздзейнічаюць адбітымі або прамымі светлавымі прамянямі. Пад уздзеяннем энергіі святла ў палачках і колбачках сятчаткі вока адбываюцца фотахім. рэакцыі, узнікаюць эл. токі, якія выклікаюць нерв. імпульсы, што перадаюцца па праводных шляхах зрокавага аналізатара да цэнтр. коркавага аддзела мозга, дзе фарміруюцца зрокавыя адчуванні. Адрозніваюць З. цэнтр. і перыферычны. Характарызуецца З. вастрынёй. Нармальная вастрыня З. — здольнасць адрозніваць 2 кропкі прадмета з вуглом паміж імі ў 1′. Да функцый З. адносяць і бінакулярны зрок.
расійскі біёлаг, эмбрыёлаг-эвалюцыяніст, адзін з заснавальнікаў параўнальнай эмбрыялогіі і фізіялогіі беспазваночных жывёл, эвалюцыйнай і эксперым. гісталогіі. Акад. Пецярбургскай АН (1890). Брат У.А.Кавалеўскага. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1863). Праф. Казанскага (з 1868), Кіеўскага (з 1869), Новарасійскага ў Адэсе (з 1874) і Пецярбургскага (у 1891—94) ун-таў; дырэктар Севастопальскай біястанцыі (у 1892—1901). Навук. працы пра агульныя заканамернасці развіцця пазваночных і беспазваночных жывёл: пашырыў на беспазваночных вучэнне пра зародкавыя лісткі і залажыў асновы адзінай тэорыі зародкавых лісткоў для ўсіх прадстаўнікоў жывёльнага свету, адзначыў іх эвалюц. падабенства. Адкрыў фагацытарныя органы ў беспазваночных і вызначыў іх ролю ў метамарфозе насякомых. Працы К. і І.Л.Мечнікава леглі ў аснову філагенетычнага кірунку ў эмбрыялогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАІ́РСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1943,
міжнародная нарада з удзелам прэзідэнта ЗША Ф.Рузвельта, прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля і кіраўніка гамінданаўскага ўрада Кітая Чан Кайшы ў 2-ю сусв. вайну. Адбылася 22—26.11.1943 у Каіры напярэдадні Тэгеранскай канферэнцыі 1943. На К.к. прынята рэзалюцыя (дэкларацыя) трох дзяржаў адносна палітыкі саюзнікаў у раёне Ціхага ак., дзе канстатаваўся намер пазбавіць Японію ўсіх захопленых тэрыторый, у т. л. і ціхаакіянскіх астравоў, акупіраваных ёю ў час 1-й сусв. вайны, выказвалася патрабаванне вярнуць Кітаю Маньчжурыю, Фармозу і Пескадорскія а-вы (Паўн.-Усх. Кітай, в-аў Тайвань, а-вы Пэнхуледао); падкрэслівалася незацікаўленасць вядучых краін свету ў тэр. экспансіі. У рэзалюцыі пракламавалася неабходнасць аднаўлення незалежнай Карэі, але вырашэнне гэтай праблемы адкладвалася на няпэўны час. Дамоўленасці, дасягнутыя на К.к., пазней парушаліся ўрадамі ЗША і Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛАС (Callas; сапр.Калаерапулу) Марыя
(3.12.1923, Нью-Йорк — 16.9.1977),
грэчаская спявачка (сапрана). Вучылася ў Афінскай кансерваторыі. Дэбютавала ў Афінах (1938). З 1950 салістка буйнейшых оперных т-раў свету «Ла Скала» (Мілан), «Ковент-Гардэн» (Лондан), опернага т-раў Чыкага, «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). Валодала голасам вял. дыяпазону, выключным артыстызмам, майстэрствам бельканта. Сярод партый: Медэя («Медэя» Л.Керубіні), Лючыя, Ганна Балейн («Лючыя ды Ламермур», «Ганна Балейн» Г.Даніцэці), Норма, Аміна, Імагена («Норма», «Самнамбула», «Пірат» В.Беліні), Віялета («Травіята» Дж.Вердзі), Тоска, Чыо-Чыо-сан (аднайм. оперы Дж.Пучыні), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні, Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ). З 1982 у Афінах праводзіцца Міжнар. конкурс вакалістаў імя К. Здымалася ў кіно («Медэя», 1969), займалася рэж. дзейнасцю.
Літ.:
Мария Каллас: Биография. Статьи. Интервью: Пер. с англ. и итал. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМЭ́Н (Раман Лазаравіч) (29.11.1906, г. Адэса, Украіна — 28.4.1978),
расійскі рэжысёр, аператар, сцэнарыст дакумент. кіно. Нар.арт.СССР (1966). Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Дзярж.ін-т кінематаграфіі (1932), з 1960 выкладаў у ім (з 1970 праф.). Фільмы вызначаюцца яскравай аўтарскай інтанацыяй, тэмпераментам, глыбінёй і дакладнасцю аналізу гіст. сітуацыі: «Дзень новага свету» (1940), «Суд народаў» (1947), «Гранада, Гранада, Гранада мая...» (1967), «Таварыш Берлін» (1969), «Чылі — час барацьбы, час трывог» (1973), «Камарадас. Таварыш» (1974, за ўсе прызы Міжнар. кінафестываляў у Лейпцыгу), «Сэрца Карвалана» (1975, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Обергаўзене). Кіраваў стварэннем 20-серыйнай эпапеі «Вялікая Айчынная...» (1979; аўтар 2 фільмаў, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Лейпцыгу). За міжнар. кінапубліцыстыку і фільмы «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» (1953), «Пакарыцелі мора» (1959) Ленінская прэмія 1960. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1947, 1952, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПО́ ((Carpeaux) Жан Батыст) (11.5.1827, г. Валансьен, Францыя — 11.10.1875),
французскі скульптар і жывапісец; прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Ф.Руда (з 1844), у Школе прыгожых мастацтваў (з 1848) у Парыжы, у Італіі (1854—61), дзе зазнаў уплывы творчасці Данатэла і Мікеланджэла. Аўтар манум. рэльефаў і статуй, якія вызначаюцца дынамікай, блізкай да пластыкі 18 ст., экспрэсіяй, пачуццёвай грацыяй фігур, гульнёй святлацені. Сярод твораў; скульпт. групы «Угаліна і яго дзеці» (1857—60), «Чатыры часткі свету» для фантана ў Люксембургскім садзе (1867—72), гарэльефы «Трыумф Флоры» для павільёна ў садзе Цюільры (1863—66), «Танец» на фасадзе «Гранд-Апера» (1865—69) — усе ў Парыжы, і інш. У жывапісе капіраваў творы старых італьян. і флам. майстроў, Э.Дэлакруа і Т.Жэрыко.
Ж.Б.Карпо. Танец. Скульптурная група на фасадзе «Гранд-Апера» ў Парыжы. 1865—69.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЫЧКО́Ў (сапр.Лешанкоў) Сяргей Антонавіч
(6.7.1889, в. Дуброўкі Калязінскага р-на Цвярской вобл., Расія — 8.10.1937),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маск. ун-це (1908—13). Друкаваўся з 1908. Ранняя паэзія прасякнута рамант. светаадчуваннем, у аснове якога непрыняцце «індустрыяльнай» цывілізацыі (зб-кі «Песні», 1911; «Патаемны сад», 1913). Распрацоўваў матывы рус. казкі, пераасэнсоўваў іх у духу сімвалізму. У паэзіі пераважаюць сузіральнасць, мары пра недасяжнае. У празаічных творах сумяшчаў рэальнае з фантаст., што стварала атмасферу казачнага побыту, дзе героі — самотныя летуценнікі, дзівакі, праўдашукальнікі. У творах 1920-х г. непрыняцце сав. рэчаіснасці, імкненне да даўніны, матывы несуцешнасці і песімізму: кн. «Дубраўна» (1918), раманы «Цукровы немец» (1925; уражанні пра 1-ю сусв. вайну), «Чартухінскі балакір» (1926), «Апошні Лель» (1927), «Князь свету» (1928). Перакладаў груз. паэтаў, вагульскі і кірг. эпасы. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́Й (Linné, Linnaeus) Карл фон (23.5.1707, Росхульт, Швецыя — 10.1.1778), шведскі прыродазнавец, стваральнік сістэмы класіфікацыі расліннага і жывёльнага свету. Акад. Каралеўскай швед.АН (1739), чл. Парыжскай АН (1762). Замежны чл. Пецярбургскай АН (1754). Вучыўся ў Лундскім (1727) і Упсальскім (з 1728) ун-тах. У 1735—38 заг.Бат. сада ў г. Хартэкамп (Галандыя), з 1739 заснавальнік і першы прэзідэнт швед.АН, з 1741 ва Упсальскім ун-це. Навук. працы па сістэматыцы, батаніцы, заалогіі, медыцыне, мінералогіі. Увёў бінарную (двайную) наменклатуру (1735), паводле якой кожны від раслін і жывёл абазначаецца 2 лацінскімі назвамі — радавой і відавой. Стварыў штучную класіфікацыю раслін і жывёл, вылучыў клас млекакормячых (да якога аднёс і чалавека), апісаў каля 1500 відаў раслін. Аўтар кніг «Сістэма прыроды» (1735), «Віды раслін» (1753), «Філасофія батанікі» (1754) і інш. Прытрымліваўся поглядаў аб нязменнасці відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТА́ЎРЫ (відаць, ад познагрэч. polytaurea, ад полі... + taurea барабан),
старажытны мембранны ўдарны муз. інструмент. Вядомы многім народам свету. Традыцыйна выкарыстоўваюцца пераважна парамі. Мае котлападобны метал. корпус-рэзанатар, зверху зацягнуты скураной мембранай. Пры ўдары па ёй 2 драўлянымі калатушкамі ўзнікае гук акрэсленай вышыні. Для настройкі мембраны служаць спец. вінты, размешчаныя па акружнасці, або педальны механізм. У Еўропе Л. вядомы з сярэдневякоўя. Выкарыстоўваліся звычайна як ратны сігнальны інструмент асобна або ў ансамблі з трубамі. Пад назвай бубны ўпамінаюцца ў стараж.-рус л-ры 12 ст. У 17 ст. ўведзены ў оперна-сімф. аркестр. Поўны камплект сучасных Л. уключае да 5 інструментаў розных памераў і настройкі. На Беларусі паводле этнагр. крыніц 19 ст.наз. катламі, выкарыстоўваліся ў некаторых нар. абрадах (валачобным, купальскім), а таксама паўстанцамі 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ВАН (Стафан Рыгоравіч) (? — каля 1595),
беларускі мысліцель-атэіст. Працаваў земскім суддзёй у Мазыры. Напачатку прыхільнік радыкальнага пратэстантызму, потым эпікурэізму. У 1592 выкліканы ў Трыбунал ВКЛ за распаўсюджванне атэістычных поглядаў. Л. не верыў у Бога, бессмяротнасць душы, уваскрэсенне з мёртвых, судны дзень; лічыў, што свет не створаны, а існуе адвечна. Сцвярджаў ідэю зямнога прадвызначэння чалавека, людскога шчасця, безрэліг. натуральнай маралі. Яго сац.-паліт. погляды вызначаліся рацыянальным, гуманіст. падыходам да вырашэння жыццёвых праблем, верай у перамогу дабра над злом. Ён асуджаў існуючыя ў грамадстве несправядлівасць, бяспраўе і беднасць адных, неабмежаваныя ўладу і багацце другіх, выказваў надзею на магчымасць лепшай сацыяльнай арганізацыі свету.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978.