актыўны, дзейнасны бок чалавечай свядомасці, прадугадванне ў ёй вынікаў, на дасягненне якіх накіраваны дзеянні. Як ідэальны ўнутрана-пабуджальны матыў М. накіроўвае і рэгулюе свядомую дзейнасць чалавека, надае ёй паслядоўнасць, сістэмнасць. М. можа стаць дзейнаснай, калі яна знаходзіцца ў адпаведнасці з аб’ектыўнымі законамі, рэальнымі магчымасцямі асяроддзя, самога суб’екта і сродкамі, неабходнымі для яе рэалізацыі. М., сродкі і вынікі яе рэалізацыі ўзаемазвязаны, іх адносіны з’яўляюцца асаблівай формай прычынных адносін, характэрных для сферы асэнсаванай мэтанакіраванай дзейнасці (гл.Мэтазгоднасць). Адрозніваюць канкрэтную, абстрактную і фармальную М., а таксама прыватную, блізкую, непасрэдную, канчатковую (напр., Арыстоцель тлумачыў М. як канчатковую прычыну быцця). Тлумачэнне з’яў прыроды з дапамогай М. і мэтазгоднасці наз.тэлеалогіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБХО́ДНЫЯ І ДАСТАТКО́ВЫЯ ЎМО́ВЫ,
умовы правільнасці сцвярджэння, без выканання якіх дадзенае сцвярджэнне не можа быць правільным (неабходныя ўмовы) і пры выкананні якіх абавязкова будзе правільным (дастатковыя ўмовы). Маюць вял. пазнавальную каштоўнасць. Часта выраз «неабходна і дастаткова» замяняюць выразам «тады і толькі тады» або «ў тым і толькі ў тым выпадку».
У складаных матэм. праблемах адшуканне зручных для карыстання ўмоў бывае цяжкім. У такіх выпадках дастатковыя ўмовы робяць больш шырокімі, каб яны ахоплівалі магчыма большую колькасць выпадкаў, дзе зададзены факт мае месца, а неабходныя ўмовы — больш вузкімі, каб яны ахоплівалі як мага меншую колькасць лішкавых выпадкаў, дзе зададзены факт не мае месца. Такім чынам, дастатковыя ўмовы паступова збліжаюцца з неабходнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́У-ХА́У (англ. know how літар. ведаю як),
сукупнасць навукова-тэхнічных ведаў, тэхн., вытв., кіраўніцкага і інш. вопыту, сакрэтаў тэхналогіі, вынаходніцтваў, якія не абаронены патэнтамі і інш. ахоўнымі дакументамі і не апублікаваны цалкам або часткова. Уяўляе камерцыйную каштоўнасць і можа быць прадметам здзелкі, аформленай адпаведным дагаворам. Перадача Н.-х. на камерцыйнай аснове, яго распаўсюджванне ажыццяўляецца праз ліцэнзійнае пагадненне, якое звычайна ўключае ўмову пра нявыдачу Н.-х., што павінен гарантаваць пакупнік. У асобных выпадках Н.-х. набываецца паводле спец. дагавору. Набыццё Н.-х. з пакупкай ліцэнзіі палягчае і робіць больш танным наладжванне вытв-сці, забяспечвае больш поўную перадачу вытв. і інш. сакрэтаў, удзел спецыялістаў фірмы-прадаўца ў наладцы і кантролі за вытв. працэсам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́Ру музыцы, тактавы памер,
колькасная характарыстыка тактавага метра; паказвае колькасць рытмічных адзінак (доляў) у такце. Абазначаецца дробам без рыскі ў пачатку твора або пры змене метра: лічнік — колькасць метрычных доляў у такце, назоўнік — рытмічная (часавая) працягласць долі.
Асн. памеры — простыя (2/2; 2/4; 3/2; 3/4; 3/8), з якіх шляхам іх злучэння ўтвараюцца складаныя 2- і 3-дольныя (4/4 або C; 6/4; 6/8; 9/4; 12/8) і мяшаныя, утвораныя злучэннем неаднатыпных простых П. (5/4; 7/4; 7/8; 11/4). Пры чаргаванні тактаў з рознай метрычнай арганізацыяй узнікае пераменны П., які можа быць перыядычны (з раўнамерным чаргаваннем тактаў) і свабодны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАХО́ДНАСЦЬу мове,
уласцівасць дзеяслова кіраваць формай вінавальнага склону назоўніка — прамога дапаўнення, што называе прадмет, на які непасрэдна пераходзіць дзеянне, абазначанае дзеясловам. Напр., «друкаваць газету», «чытаць кнігу». Проціпастаўленне пераходных і непераходных дзеясловаў («сініць» — «сінець», «будаваць» — «будавацца») утварае ў мове грамат. катэгорыю пераходнасці — непераходнасці. П. не мае спец. фармальных сродкаў выражэння ў самім дзеяслове, адзін і той жа дзеяслоў у залежнасці ад свайго значэння можа быць непераходным («паляўнічы кружыў па лесе») і пераходным («вецер кружыў снег у полі»). Усе зваротныя дзеясловы — абавязкова непераходныя, таму што афікс зваротнасці («-ся», «-ца») — былы займеннік «сябе», які і быў прамым дапаўненнем.
Літ.:
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯСТЫ́Т (ад перы... + грэч. osteon косць),
запаленне надкосніцы. Развіваецца ў касцях пры пранікненні запаленчага працэсу з прылеглых тканак (напр., пры траўме вял. галёначнай косці ў ніжняй трэці), у выніку запаленчага працэсу самой косці або касцявога канала. Бывае П. неспецыфічнага характару (напр., траўма, бактэрыяльнае заражэнне) і спецыфічнага (сіфіліс, туберкулёз). Суправаджаецца ўшчыльненнем, пачырваненнем скуры, прыпухласцю ў вобласці надкосніцы. Пасля інфекц. хвароб П. можа захопліваць фрагменты касцей (напр., гнойны П. верхняй сківіцы пры вострым карыесе зуба). Пры туберкулёзе П. з’яўляецца адной з прыкмет пачатку працэсу. Адслаенне надкосніцы і парушэнне яе цэласнасці часта сведчаць аб злаякасным працэсе ў косці. Лячэнне залежыць ад прычын узнікнення. На П. хварэюць таксама жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЛЕ́ДАВАННЕ,
від баявых дзеянняў; наступленне на адыходзячага праціўніка з мэтай яго знішчэння або ўзяцця ў палон. Сутнасць П. ў нанясенні моцных агнявых удараў, імклівага руху наперад для выхаду на флангі і тыл праціўніка. П. ажыццяўляецца пры адступленні праціўніка ці наўмысным адводзе ім войск на новыя рубяжы, пры поспеху ў сустрэчным баі, нанясенні контрудару і інш., можа быць паралельнае і франтальнае.
П. выкарыстоўвалася амаль ва ўсіх войнах, у т. л. тых, што адбываліся з удзелам ВКЛ. У больш позні час класічны прыклад П. — баявыя дзеянні франц., а потым рас. армій у вайну 1812.
У сучасных войнах і аперацыях П. як від баявых дзеянняў практыкуецца рэдка або зусім не ажыццяўляецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГАВО́Р СУДА́,
рашэнне, якое выносіцца судом па пытанні вінаватасці або невінаватасці абвінавачанага і аб прымяненні да яго пакарання. На Беларусі суды пастанаўляюць П.с. імем Рэспублікі Беларусь. П.с. павінен быць законны, матываваны, справядлівы і абгрунтаваны доказамі, што былі разгледжаны ў суд. пасяджэнні. Выносіцца судом у дарадчым пакоі пры захаванні тайны нарады суддзяў. П.с. можа быць абвінаваўчым або апраўдальным (калі не ўстаноўлена падзея злачынства або ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаюць прыкметы злачынства ці не даказаны яго ўдзел ва ўчыненні злачынства). П.с. складаецца з уводнай, апісальнай і рэзалютыўнай частак. П.с. піша адзін з суддзяў, якія прымалі ўдзел у яго пастанаўленні, падпісваецца ўсімі суддзямі. Суддзя, які застаўся пры асобнай думцы, таксама падпісвае П.с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАХО́ЎНЫЯ СРО́ДКІ,
радыепратэктары, прыродныя і сінтэтычныя злучэнні, якія памяншаюць шкоднае ўздзеянне іанізавальнага выпрамянення на арганізм чалавека або жывёлы. Выкарыстоўваюцца ў надзвычайных выпадках (радыяцыйныя аварыі, ядз. выбух) і для аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі анкалагічных хворых. Проціпрамянёвы эфект Р.с. можа праяўляцца ў выжыванні пасля апрамянення смяротнай дозай і інш.; ён звязаны са змяншэннем паступлення ў асобныя тканкі і ўзмацненнем выдалення радыенуклідаў, якія трапілі ў арганізм (напр., прэпараты стабільнага ёду для аховы шчытападобнай залозы ад радыеактыўнага ёду), звязваннем утвораных пры апрамяненні свабодных радыкалаў, перакісаў (цыстамін, гамафос і інш.), зніжэннем інтэнсіўнасці абмену рэчываў і інш. Р.с. з’яўляюцца таксама прадукты пчалярства (мёд, пропаліс і інш.), скурны пігмент меланін, вітаміны, адаптагены (прэпараты элеўтэракоку, жэньшэню і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎС, Роўс (Rous) Фрэнсіс Пейтан (5.10.1879, г. Балтымар, ЗША — 16.2.1970), амерыканскі патолаг і вірусолаг. Чл.Нац.АН ЗША і інш.АН і навук. т-ваў. Скончыў мед. школу Унта Дж.Хопкінса (1905). З 1909 у Ракфелераўскім ін-це мед. даследаванняў у Нью-Йорку, з 1945 ганаровы чл. гэтага ін-та. Навук. працы па анкалогіі. Адкрыў пухлінародныя вірусы (вірус саркомы Р.); у 1911 паказаў, што саркома курэй можа быць перапрышчэплена ад хворай птушкі да здаровай бясклетачнымі фільтратамі пухліннай тканкі; што анкагеннасць пухлінародных вірусаў нарастае пры іх уздзеянні сумесна з канцэрагеннымі рэчывамі ці стымулятарамі клетачнага росту. Вылучыў паняцце «прагрэсіі пухлін». Нобелеўская прэмія 1966 (разам з Ч.Б.Хагінсам).