ІЛЖЭДЗМІ́ТРЫЙ II (? — 11.12.1610),

самазванец, які выдаваў сябе за рас. царэвіча Дзмітрыя, сына Івана IV, што быццам бы выратаваўся пасля маскоўскага паўстання 1606. Стаўленік Рэчы Паспалітай. Асоба І. II не высветлена. Магчыма, быў прыбліжаным Ілжэдзмітрыя I. Ёсць звесткі, што ён быў настаўнікам у Магілёве; паводле інш. звестак — паповіч, настаўнік у Шклове. Улетку 1607 з’явіўся ў Старадубе. З атрадамі шляхты, данскіх казакоў зімой прыйшоў у Арол, летам 1608 падышоў да Масквы, заняў с. Тушына (адсюль мянушка «Тушынскі злодзей»), дзе сфарміраваў урад з рус. баяр і дваран з мітрапалітам Філарэтам, які быў прызначаны патрыярхам. Фактычна тушынскі лагер узначальвалі Я.​Сапега, М.​Ражынскі, Лісоўскі. Да восені 1608 І. II кантраляваў раёны на Пн, У і ПнЗ ад Масквы. Наступленне аб’яднанага руска-шведскага войска вымусіла І. II у снеж. 1609 збегчы ў Калугу. У ліп. 1610 беспаспяхова спрабаваў захапіць Маскву, адступіў у Калугу, дзе быў забіты касімаўскімі татарскімі князямі за забойства ім царэвіча Ураз-Мухамеда (васала рус. цара). Прыхільнікі І. II абвясцілі царом яго сына Івана Дзмітрыевіча, рэшткі тушынскага войска ўзначаліў І.​М.​Заруцкі.

Літ.:

Соловьев С.М. Соч. Кн 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989;

Платонов С.Ф. Очерки по истории смуты в Московском государстве, XVI—XVII вв. М., 1997.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 7, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬІ́Н (Іван Аляксандравіч) (28.3.1882, Масква — 21.12.1954),

рускі філосаф, тэарэтык і гісторык рэлігіі і культуры, прадстаўнік неагегельянства. Скончыў юрыд. і гіст.-філал. ф-ты Маскоўскага ун-та. Прыват-дацэнт (з 1912), праф. (з 1918) Маскоўскага ун-та. З 1922 у эміграцыі. Да 1934 жыў і выкладаў у Берліне, з 1938 — у Швейцарыі. Даследаваў стараж.-грэч. і класічную ням. філасофію. Аўтар найб. значнай у гісторыі рус. ідэалізму працы пра Г.​Гегеля («Філасофія Гегеля як вучэнне пра канкрэтнасць Бога і чалавека», т. 1—2, 1918, ням пер. 1946). Філас. сістэму Гегеля інтэрпрэтаваў у выглядзе своеасаблівага вопыту рэліг. спасціжэння свету. Цэнтр. для І. былі праблемы Расіі (развіваў ідэю цэласнасці і непадзельнасці), маральнага станаўлення чалавека. Лічыў, што абнаўленне чалавека трэба пачынаць з абнаўлення яго душы і волі. Быў прыхільнікам самадзяржаўнай манархіі і прыватнай уласнасці. Камунізм лічыў ненатуральнай сац. з’явай. Неаднаразова папярэджваў суайчыннікаў аб магчымых «узрушэннях» рус. дзяржавы, звязаных са спробамі яе насільнага раздзялення.

Тв.:

Наши задачи: Ист. судьба и будущее России: Статьи, 1948—1954 гг. Т. 1—2. М., 1992;

Путь к очевидности. М., 1993;

Философия Гегеля как учение о конкретности Бога и человека. Т. 1—2. СПб., 1994.

Літ.:

Зеньковский В.В. История русской философии. Л., 1991. Т. 2. Ч. 2. С. 129—133.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬЯШЭ́ВІЧ (Хведар) (17.3.1910, Вільня — 7.11.1948),

бел. паэт, празаік, гісторык. Магістр філасофіі (1936). Брат М.Ільяшэвіча. Скончыў Віленскую бел. гімназію, Віленскі ун-т. Выкладаў бел. мову ў Віленскай бел. гімназіі, удзельнічаў у рабоце Бел. навук. т-ва. За грамадскую дзейнасць арыштоўваўся польск. ўладамі, у 1927 зняволены ў Віленскую турму на Лукішках. У час ням.-фаш. акупацыі кіраваў «Беларускім аб’яднаннем» у Беластоку, рэдагаваў беластоцкую газ. «Новая дарога». З 1944 на эміграцыі. Жыў у Зах. Германіі. У 1946 у Рэгенсбургу стварыў літаб’яднанне «Шыпшына». Рэдагаваў час. «Шляхам жыцця» (1946—48), бюлетэнь «Апошнія весткі». Друкаваўся з 1925. Аўтар зб. вершаў «Веснапесні» (1929), «Зорным шляхам» (1932), «Захварбаваныя вершы» (1936), літ.-знаўчай працы «Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі): Жыццё і літаратурная творчасць» (1933). Даследаваў гісторыю друкарства на Беларусі («Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1572—1622)», 1938]. Выйшлі яго «Апавяданні» (Ватэнштат, 1948, пад. псеўд. Святаслаў Залужны), «Недапетая песня» (1982, 2-е выд. Ляймен, 1987). Выступаў як крытык («Максім Багдановіч як пясняр места», 1930). Перакладаў на бел. мову творы Г.​Гейнэ. Рукапісы І. захоўваюцца ў Бел. музеі г. Ляймена (Германія), б-цы АН Літвы (Вільнюс).

Літ.:

Сачанка Б. Беларуская эміграцыя. 2 выд. Мн., 1991;

Ліс А. Паэзія Хведара Ільяшэвіча // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 2.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НДЭКС УЗРО́ЎНЮ ЖЫЦЦЯ́,

паказчык, што адлюстроўвае якасныя адносныя змены матэрыяльнага дабрабыту, сац. і культ. кошту ўмоў жыцця насельніцтва ў сувязі са зменамі цэн на тавары і паслугі. Вызначаецца даходамі насельніцтва, якія падзяляюцца на сукупныя, намінальныя, распараджальныя, канчатковыя, рэальныя. Абагульняльным паказчыкам узроўню жыцця насельніцтва, задавальнення яго матэрыяльных і духоўных патрабаванняў з’яўляюцца рэальныя даходы насельніцтва, што характарызуюць колькасць матэрыяльных даброт, якія набыты на гэтыя даходы і выкарыстоўваюцца ў выніку атрымання платных і бясплатных паслуг. Іх узровень залежыць ад памераў канчатковых даходаў насельніцтва, што атрымліваюцца за пэўны прамежак часу (сукупных даходаў за вылікам з іх падаткаў, розных грашовых збораў, узносаў і інш. абавязковых плацяжоў) і цэн на прадметы спажывання і паслугі. Пры росце даходаў і нязменным узроўні цэн рэальныя даходы насельніцтва павялічваюцца, а пры нязменным памеры даходаў і росце цэн зніжаюцца. Змяненне ўзроўню рэальных даходаў насельніцтва вымяраецца індэксам рэальных даходаў насельніцтва, які вызначаецца суадносінамі памераў гадавых рэальных даходаў насельніцтва ў цэнах базіснага перыяду. У выпадках, калі грашовыя расходы насельніцтва на пакупку тавараў, аплату паслуг павялічваюцца больш хуткімі тэмпамі, чым рэальныя даходы, мае месца рост цэн і, як вынік, зніжэнне І.у.ж. Павелічэнне расходаў на падтрыманне фіксаванага ўзроўню жыцця выклікае неабходнасць прыняцця кампенсацыйных мер, што выяўляецца ў індэксацыі даходаў. Гл. таксама Індэкс кошту жыцця.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТРУМЕНТАЗНА́ЎСТВА,

галіна музыказнаўства, якая даследуе народныя і прафесійныя муз. інструменты. Метады вывучэння: музыказнаўчы (інструмент разглядаецца як сродак увасаблення музыкі) і арганалагічны (канструкцыя інструмента і яго эвалюцыя). Найб. раннія апісанні муз. інструментаў і спробы іх класіфікацыі зроблены да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Першыя спец. працы па І. з’явіліся ў 16—17 ст. у Германіі. Развіццё сімф. музыкі і інстр. выканальніцтва, узбагачэнне інструментарыя паспрыялі стварэнню шматлікіх дапаможнікаў па І. (Г.​Берліёз, Ф.​А.​Геварт, у 20 ст. — А.​Рымскі-Корсакаў). Паяўленне ў 2-й пал. 19 ст. музеяў муз. інструментаў у Бруселі, Кёльне, Берліне, Парыжы, С.-Пецярбургу падштурхнула фарміраванне І. як самаст. навук. дысцыпліны, стварэнне навукова абгрунтаваных класіфікацый В.​Маіёна (1888), Э.М. фон Хорнбастэля—К.​Закса (1914), паводле якіх муз. інструменты падзелены па крыніцы гуку на 4 класы — ідыяфоны (самагучальныя), мембранафоны (перапончатыя), хардафоны (струнныя), аэрафоны (духавыя), а таксама электрамузычныя інструменты 20 ст. (электрафоны), а паводле спосабу гуказдабывання кожны клас — на асобныя падгрупы. На Беларусі станаўленне І. адбывалася ў 19 ст. ў межах мовазнаўства, фалькларыстыкі і этнаграфіі (працы М.​Нікіфароўскага і Е.​Раманава). Значны ўклад у развіццё бел. І. зрабілі М.Прывалаў, К.Квітка, К.Машынскі, І.Жыновіч, І.Назіна.

Літ.:

Назина И.Д. Становление и развитие белорусского этноинструментоведения как специальной научной дисциплины // Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997.

І.​Дз.​Назіна.

т. 7, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ПУЦЬ,

рака ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., Добрушскім і Гомельскім р-нах Гомельскай вобл., Смаленскай і Бранскай абл. Расіі, левы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 437 км (у межах Беларусі 64 км). Пл. вадазбору 10 900 км². Пачынаецца за 800 м на З ад в. Нядзведзь Клімавіцкага р-на. Асн. прытокі Надва, Унеча (злева), на Беларусі — Няцёша, Харапуць (злева), Ачоса (справа). Вярхоўе ракі на Аршанска-Магілёўскай раўніне, прывусцевыя ўчасткі ў Гомельскім Палессі. Даліна трапецападобная, шыр. ў вярхоўі 1—1,5 км, ніжэй 2,5—3,5 км, на ўчастку ад г. Сураж да вусця 4—8 км. Пойма двухбаковая, у нізоўі перасечаная старыцамі з азёрамі старычнага тыпу, шыр. ад 200 м да 3,5 км. Рэчышча каналізаванае ад вытоку да мяжы з Расіяй на працягу каля 24 км, ніжэй звілістае, шыр. яго ў вярхоўі 1,5—12 м, на астатнім працягу 20—50 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. да 2 м. Замярзае ў 1-й пал. снеж., крыгалом у канцы сак. — пач. красавіка. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 55,6 м³/с. На рацэ каля в. Цімошкі Клімавіцкага р-на плаціна і сажалка, плаціна ў г. Добруш. Гарады: Сураж (Расія), Добруш.

Рака Іпуць каля Добруша.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРМАЛО́ГІЙ, ірмалагіён, ірмалой, ермалой,

зборнік ірмосаў праваслаўнага богаслужэння. Як аднажанравая пеўчая кніга склаўся ў 10 ст. ў Візантыі. Яго структура падпарадкавана сістэме асмагласся; унутры кожнага гласу ірмосы размешчаны ў паслядоўнасці 9 песень канона, выкладзеных знаменным спевам. У Расіі існуюць І. богаслужэбны, з поўнымі слоўнымі тэкстамі канонаў, і пеўчы, які ўключае толькі ірмосы нядзельных і святочных канонаў, сядмічных службаў Актоіха і інш. песнапенні. Поўны І. уключае каля 1050 ірмосаў. Першыя друкаваныя зб-кі — «Ірмалагіён» (1700, Львоў) і «Ірмалогій нотнага спеву» (1772).

Найб. ранняе ўпамінанне пра бел. І. адносіцца да 15 ст. У канцы 16 ст. на Беларусі і Украіне склаўся тып паўд.зах. І. ў ноталінейным выкладанні. Ён значна багацейшы ў жанравых адносінах, акрамя ірмосаў уключае святочныя песнапенні ўсяго царк. гадавога круга, у т. л. з Актоіха, Святаў і Абіходу, выкладзеныя знаменным, кіеўскім, балг. і мясц. спевамі. Захавалася некалькі дзесяткаў бел. аднагалосых І. 16—18 ст. і больш позніх. Яны вылучаюцца дэмакратызмам, імкненнем да індывідуалізацыі, часам выяўленчасцю мелодыі, выкарыстаннем муз. сімволікі. Вядомы Супрасльскі І. (1598—1601), магілёўскія, віцебскія, віленскія, куцеінскія, нова-іерусалімскія, жыровіцкія, слуцкія і інш. І., выкладзеныя нац. мясц. спевамі, што сведчыць пра існаванне ў тагачаснай Беларусі шматлікіх пеўчых школ. Бываюць І. практычнай накіраванасці (простыя, без аздаблення) і святочныя (па-мастацку аформленыя, багата ўпрыгожаныя застаўкамі, ініцыяламі, мініяцюрамі і інш.).

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 7, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСПА́НСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ НА́РТЫЯ (El Partido Socialista Obrero Español; ІСРП),

палітычная партыя левага кірунку ў Іспаніі. Засн. ў 1879 П.​Іглесіясам. Прапанавала радыкальную праграму грамадскага пераўтварэння (пераход паліт. улады ў рукі працоўных, аграмаджванне сродкаў вытв-сці, стварэнне бяскласавага грамадства), якую прадугледжвалася ажыццявіць парламенцкімі сродкамі. Ініцыятар стварэння Усеагульнага саюза працоўных (1888). Мела вял. ўплыў у многіх рэгіёнах Іспаніі, у т. л. ў Мадрыдзе. Прыхільнікі рэв. метадаў барацьбы ў 1921—22 пакінулі ІСРП і стварылі Камуніст. партыю Іспаніі. У 1930-я г. ІСРП — адна з гал. паліт. сіл краіны (у 1931 атрымала 24% месцаў у картэсах). У 1931—33 падтрымала ўрад М.Асаньі. Адна з заснавальніц Нар. фронту (1936). У 1936—39 прадстаўнікі ІСРП Ф.Ларга Кабальера і Х.Легрын узначальвалі рэсп. ўрады. Пасля 1939 дзейнічала ў эміграцыі, з 1960-х г. актывізавала нелегальную дзейнасць у Іспаніі. З 1977 легалізавана, гал. апазіцыйная партыя. У 1978 прыняла с.-д. праграму (падтрымка парламенцкай дэмакратыі, шматукладнай эканомікі, актыўнай сац. палітыкі дзяржавы). З 1982 правячая партыя, у 1982—89 мела абс. большасць у картэсах, з 1993—45% месцаў. З 1974 ген. сакратар Ф.Гансалес Маркес (у 1982—96 быў прэм’ер-міністрам).

Літ.:

Данилевич И.В. Социалистические партии Испании и Португалии (1973—1979). М., 1984;

Яго ж. Испытание властью: Исп. соц. раб. партия в 80-е г М., 1991.

т. 7, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯНЕ́ЦКІЯ ЗА́МКАВА-ПАЛА́ЦАВЫЯ КО́МПЛЕКСЫ.

Існавалі ў 17—19 ст. у г. Камянец Брэсцкай вобл. Пабудаваны недалёка ад Камянецкай вежы на беразе р. Лясная. Комплекс драўляных збудаванняў 1-й пал. 17 ст. быў умацаваны земляным валам і абкружаны вадзяным ровам, праз які з боку Камянца быў мост. У цэнтры дзядзінца стаяў 2-павярховы рэнесансавы палац з аркаднай галерэяй на гал. фасадзе, уваход быў праз двух’ярусную браму. Каля брамы стаялі 2 жылыя флігелі, гасп. пабудовы, за межамі ўмацаванняў на беразе ракі — бровар і вял. 2-павярховы свіран. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. комплекс перабудаваны. Складаўся з дзядзінца і ўмацаванага драўлянай абарончай сцяной «перадзамачча». Дзядзінец быў умацаваны земляным валам і астрогам. У цэнтры знаходзіўся невял. 1-павярховы палац, за ім — жылыя флігелі і гасп. пабудовы. «Перадзамачча» злучалася з дзядзінцам праз вадзяны роў мостам з 2 брамамі. У ніжнім ярусе замкавай брамы была турма, у верхнім — лямус з адкрытай галерэяй. У 18 ст. комплекс перабудаваны ў барочны палацавы комплекс, які захаваў ранейшыя вонкавыя ўмацаванні і 2-ярусную браму. Насупраць брамы стаяў 2-павярховы драўляны палац. Дзверы яго былі аздоблены арнаментальнай разьбой, сцены — шпалерамі, падзеленымі разнымі ліштвамі. Каля брамы размяшчаліся дом аканома, кухня, гасп. пабудовы. У канцы 18 — пач. 19 ст. комплекс заняпаў.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 7, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭ́РН (англ. concern),

форма аб’яднання юрыдычна незалежных прадпрыемстваў, якія вядуць сумесную інвестыцыйную, знешнеэканам. і фін. дзейнасць на аснове добраахвотнай цэнтралізацыі вытв., гасп., кіраўнічых функцый. К. — гэта не просты саюз, заснаваны на дагаворы, а форма рэальнай інтэграцыі. К. могуць быць галіновыя і шматгаліновыя.

Першыя К. ўзніклі ў Германіі і набылі пашырэнне ў пач. 1920-х г. Спачатку яны аб’ядноўвалі прадпрыемствы з аднолькавым вытв. працэсам, пазней — прадпрыемствы рознага профілю, звязаныя паміж сабой нефармальнымі сувязямі, заснаваны гал. чынам на фін. кантролі.

У Беларусі К. лічацца аб’яднанні прадпрыемстваў, якія здзяйсняюць асобныя вытв. і інш. гасп. функцыі, а таксама асобныя функцыі кіравання. Пры ўваходжанні ў К. дзярж. прадпрыемствы страчваюць сваю ведамасную прыналежнасць. Яны могуць уваходзіць толькі ў адзін К. і ў сваёй фірменнай назве абавязаны пазначаць прыналежнасць да яго. К. можа ствараць гасп. разліковыя арг-цыі па аказанні камерцыйных, праектна-канструктарскіх, буд., тэхнал., юрыд. і інш. паслуг. У наш час у Беларусі адбываецца рэарганізацыя асобных галіновых міністэрстваў у дзярж. К., падпарадкаваныя непасрэдна Ураду Рэспублікі Беларусь. Прадпрыемствы і арг-цыі, якія ўваходзяць у К., захоўваюць самастойнасць і правы юрыд. асобы. Сваю дзейнасць яны ажыццяўляюць у адпаведнасці з законам «Аб прадпрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» і інш. заканад. актамі. На 1.1.1998 у Беларусі існуе 15 дзярж. К.

А.​Б.​Дорына.

т. 8, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)