НЯЗМЕ́ННАСЦЬ СУ́ДДЗЯЎ,
адзін з асн. канстытуцыйных прынцыпаў судаўладкавання большасці дэмакр. краін свету. Заключаецца ў тым, што суддзя, які прызначаны (у рэдкіх выпадках — выбраны), займае сваю пасаду пажыццёва або да дасягнення пэўнага ўзросту. У Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995 суддзі выконваюць свае абавязкі бестэрмінова, акрамя назначаных на гэтую пасаду ўпершыню. Суддзі, назначаныя на такую пасаду ўпершыню, пасля 5 гадоў работы суддзёй назначаюцца бестэрмінова. Суддзі па адм. справах і выканаўчых вядзеннях назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь тэрмінам на 5 гадоў. Суддзі ўсіх судоў нязменныя: яны не могуць быць пераведзены на інш. пасаду або ў інш. суд без асабістай згоды. Паўнамоцтвы суддзі могуць быць спынены толькі ў парадку і на падставах, устаноўленых законам.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІГРА́ФІЯ (ад грэч. pas усякі + ...графія),
від ідэаграфічнага пісьма, зразумелага ўсім людзям. Напр., нотнае пісьмо, арабскія лічбы і інш. Да П. адносяцца таксама штучныя сістэмы перадачы думкі з дапамогай агульназразумелых знакаў (гл. Інтэрлінгвістыка, Штучныя мовы). Адным з першых прапанаваў міжнар. ідэаграфічнае пісьмо для запісу лагічных разважанняў Г.Лейбніц («Аб мастацтве камбінаторыкі», 1666). У 2-й пал. 20 ст. універсальны семантычны код быў распрацаваны на Беларусі В.У.Мартынавым. У межах інтэрлінгвістыкі П. першапачаткова разглядалася як штучная мова ў цэлым (не толькі пісьмо), як пазілалія — агульначалавечая мова, вынайдзеная людзьмі. У канцы 20 ст. праблемы П. па-новаму асэнсоўваюцца ў шматлікіх канцэпцыях «структуры прадстаўлення ведаў».
Літ.:
Проблемы интерлингвистики. М., 1976;
Мартынов В.В. Универсальный семантический код. Мн., 1977;
Язык и структуры представления знаний. М., 1992.
А.Я.Міхневіч.
т. 11, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЭНАГЕНЕ́З (ад грэч. parthenos нявінніца + ...генез),
нявіннае размнажэнне, адна з форм палавога размнажэння арганізмаў, пры якой развіццё зародка адбываецца з неаплодненай яйцаклеткі без удзелу сперматазоіда. Пашыраны ў жывёл (некат. насякомыя, ракападобныя, чэрві) і раслін (некат. водарасці, грыбы, вышэйшыя расліны). Адрозніваюць П. аблігатны (абавязковы) — яйцо развіваецца толькі партэнагенетычна, факультатыўны (неабавязковы) — яйцо развіваецца таксама ў выніку апладнення, цыклічны — чаргаванне П. з двухполым размнажэннем. Пры П. паяўляецца патомства пераважна аднаго полу (самцы або самкі). Як адаптыўнае прыстасаванне П. дае магчымасць размнажацца пры рэдкіх кантактах разнаполых асобін (напр., на экалагічнай перыферыі арэала), а для відаў з вял. цыклічнай смяротнасцю (напр., насякомыя) — рэзка павялічыць колькасць патомства. Штучны П. (развіццё яйца пад уплывам т-ры, хім. рэчываў і інш.) выкарыстоўваецца ў селекцыі. Гл. таксама Андрагенез, Апаміксіс, Гінагенез, Партэнакарпія, Педагенез.
Р.Г.Заяц.
т. 12, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМІ́Р’Е ў міжнародным праве,
прыпыненне або спыненне ваен. дзеянняў паводле пагаднення паміж краінамі, якія знаходзяцца ў стане вайны, або па патрабаванні Савета Бяспекі ААН. Бывае агульнае, пашыранае на ўсе ўзбр. сілы, і мясцовае, або частковае, якое ўстанаўліваецца на асобных участках фронту (для накіравання парламенцёраў, правядзення перагавораў пра спыненне канфліктаў, захавання помнікаў культуры і інш. мэт). Адрозніваюцца таксама П. часовае і канчатковае. Часовае можа быць спынена са сканчэннем устаноўленага ў ім тэрміну, наступленнем абумоўленай у пагадненні аб П. падзеі або прыняццем варагуючымі бакамі дэкларацыі пра спыненне П. Канчатковае П. дзейнічае да ўступлення ў сілу мірнага дагавора або інш. акта, які афармляе канчатковае ўрэгуляванне ўзбр. канфлікту. У адрозненне ад мірнага дагавора П. спыняе толькі ваенныя дзеянні, а не становішча вайны паміж дзяржавамі, бакамі. Найб. простая разнастайнасць П. — спыненне агню.
т. 12, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКТАГРАФІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́, піктаграфія (ад лац. pictus намаляваны + ...графія),
найбольш старажытны тып пісьма з дапамогай малюнкаў. Малюнкі, або піктаграмы, прызначаныя для перадачы інтэлектуальнага зместу, аднолькава разумеліся разнамоўнымі супольнасцямі, якія карысталіся агульнай ці блізкай сукупнасцю паняццяў. Адрозніваюць піктаграмы-сігналы (зразумелыя толькі ў пэўнай сітуацыі) і піктаграмы-знакі (нясуць сэнсавую інфармацыю самі па сабе). Істотная рыса П.п. — пэўная адвольнасць інтэрпрэтацыі, прачытання малюнкаў. П.п. было пашырана з часоў палеаліту сярод карэнных жыхароў Амерыкі, Трапічнай Афрыкі, Аўстраліі, Сібіры і інш. рэгіёнаў свету да 20 ст. З П.п. ўзнікла ідэаграфічнае пісьмо. У наш час прынцып піктаграфіі знаходзіць адлюстраванне ў дапаможных сродках камунікацыі (дарожныя знакі, сімвалічныя выявы відаў спорту, малюнкі ў коміксах, рэклама, татуіроўка і інш.).
Літ.:
Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963;
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.
А.Я.Міхневіч.
т. 12, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў у сярэдзіне 17 ст. — 1764 пры езуіцкім калегіуме ў г. Пінск Брэсцкай вобл. У рэпертуары пераважалі драмы на рэліг., міфалагічныя і гіст. сюжэты. Паказы адбываліся на лац. і польскай мовах, большасць з іх суправаджалася інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Аўтарамі пастановак былі выкладчыкі калегіума. Сярод пастановак: «Уцёкі блаславёнага Станіслава Косткі» (1662), «Уладзіслаў Ягайла, кароль польскі» (1663), «Чорны лебедзь, які спявае пахавальную песню» (1716), «Ласункі на стале літоўскага пераможца Аляксандра Вітаўта» (1717), «Яблынька, прыемная з выгляду» (1721), «Парушальнік стройнасці хору», «Лёгкая дарога да вышэйшых ушанаванняў» (абедзве 1732), «Сон чалавечага жыцця», «Мудры ніжэй толькі за Бога» (абедзве 1733), «Нітка самай боскай Арыядны Марыі», «Кніга мудрасці» (абедзве 1734), «Сем стагоддзяў бесперапынных перамог» (1741), «Тэадор» (1764; п’еса Я.Віхерта) і інш.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 135—142.
т. 12, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДМЕ́Т,
у шырокім сэнсе — аб’ект, усякае існае, што выступае як абмежаванае і ў сабе завершанае; усё, што можа знаходзіцца ў адносінах або валодаць якімі-н. уласцівасцямі. Асн. віды П.: рэч, фізічна прыналежная да знешняга свету П.; стан як П. — агульны стан пачуццяў, або духоўная накіраванасць (напр., дух часу). У метафіз. матэрыялізме паняцце «П.» атаясамлівалася з паняццем «цела», паколькі працягласць або атаясамлівалася з матэрыяй (Р.Дэкарт і яго паслядоўнікі), або разглядалася як асн. атрыбут матэрыі (Т.Гобс, франц. матэрыялісты 18 ст.). Суб’ектыўны ідэалізм (Дж.Берклі, Э.Мах) разумеў пад рэччу сукупнасць адчуванняў, таму для яго рэальным з’яўляецца толькі адзін П. — свядомасць асобнага чалавека. У аб’ектыўным ідэалізме рэальны П. разглядаецца як адлюстраванне ідэй, паняццяў. Дыялектыка разглядае любы П. як працэс. У мове катэгорыі П. маюць свае спец. спосабы абазначэння (часцей гэта назоўнікі).
т. 12, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ГІ (лац. cornua),
касцявыя вырасты на галаве многіх капытных млекакормячых. Служаць пераважна органамі абароны, а ў самцоў многіх відаў — сродкам барацьбы за самку ў час гону. Былі ў некат. выкапнёвых паўзуноў (напр., у рагатых дыназаўраў) і млекакормячых (у дынацэрат, тытанатэрыяў і інш.). Няпарныя Р. ў насарогаў — канічныя патаўшчэнні арагавелага эпідэрмісу, скурныя ўтварэнні на насавых або лобных касцявых вырастах. Касцявая аснова парных Р. (спіца) у пустарогіх укрыта рагавым чахлом, у жырафы — мяккай скурай, укрытай шэрсцю. Алені, у якіх Р. маюць толькі самцы (у паўн. аленя і самкі), штогод скідваюць іх (апрача кабаргі і вадзянога аленя), што звязана з дзейнасцю палавых залоз. Разгалінаванасць Р. у іх з узростам павялічваецца. Р. пантавых аленяў (панты) — крыніца атрымання лек. сродку (пантакрыну). Р. інш. капытных выкарыстоўваюцца для розных вырабаў, атрымання касцявога тлушчу, касцявой мукі, клею і інш.
т. 13, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОС ((Ross) Джэймс Кларк) (15.4.1800, Лондан —3.4.1862),
англійскі мараплавец, палярны даследчык. У 1818—33 удзельнічаў у 6 арктычных экспедыцыях па пошуку Паўн.-Зах. праходу, у т. л. ў 3 (1819—24) пад кіраўніцтвам У.Э.Пары і ў 2 (1829—33) — свайго дзядзькі Дж.Роса. У час зімоўкі (1830—31) даследаваў п-аў Бутыя і адкрыў на яго зах. узбярэжжы Паўн. магнітны полюс. У 1840—43 здзейсніў на суднах «Эрэбус» і «Тэрар» 3 плаванні ў Антарктыку. Адкрыў ч. мацерыка Антарктыды — Зямлю Вікторыі, мора і ледзяны бар’ер, вулканы Эрэбус і Тэрар, вызначыў становішча Паўд. магнітнага полюса, але дайшоў толькі да 78°09 паўд. ш. Яго імем названы бухта, праліў і мыс у Канадскім Арктычным архіпелагу, востраў каля берага Антарктычнага п-ва, шэльфавы ледавік у Антарктыдзе і мора каля яе берагоў.
т. 13, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСІ́ЗМ,
слова або выраз, запазычаныя з рускай мовы. Р. уваходзіць у склад інш. мовы, асвойваецца ёю і становіцца элементам яе сістэмы; можа быць толькі фактам маўлення. Р. называюць само слова і яго асобныя структурныя элементы (гукі, словаўтваральныя марфемы і інш.). У адпаведнасці з гэтым вылучаюць Р. лексічныя, фанет., грамат., словаўтваральныя. Р. як запазычанні шырока прадстаўлены ў бел. мове, што абумоўлена гіст. развіццём бел. і рус. народаў, іх культур, генет. роднасцю і структурнай блізкасцю абедзвюх моў. У бел. мове сярод запазычанняў з рус. мовы вылучаюць непасрэдна Р. і словы, запазычаныя з інш. моў праз пасрэдніцтва рус. мовы. Ужыванне Р. у маўленні абумоўліваецца інтэрферэнцыяй або мэтавай устаноўкай носьбіта мовы. Найчасцей Р. назіраюцца як факты інтэрферэнцыі ў вусным маўленні бел.-рус. білінгваў.
Літ.:
Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982.
А.А.Гіруцкі.
т. 13, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)