КАТЭНБРЫ́НГ ((Katenbring) Юзаф) (18.7.1730, г. Нова-Мяста-Любавске, Польшча — пасля 1804),
пісьменнік, педагог. Пісаў на польск. і лац. мовах. З 1749 выкладаў у Нясвіжскім калегіуме, Гродне, Мінску, Полацку. У 1772 і 1773 наведаў Пецярбург, пра які напісаў на лац. мове паэму «Пецярбург — царыца паўночных гарадоў». Аўтар барочных трагедый на польск. мове «Марнасць над марнасцю, або Томас Паўнд» (1775) і «Сіроэс» (ставіліся ў Нясвіжскім калегіуме ў 1755 і 1758) на сюжэты зах.-еўрап. гісторыі, кніг «Плач княжны Ганны з Мыцельскіх Радзівіл... над сваім мужам пры пахаванні» (1763), «Казанне на пахаванні... Ф.Жабы» (1772). Як давераная асоба К.Радзівіла паказаны ў гіст. раманах Ю.Крашэўскага, Г.Жавускага.
А.В.Мальдзіс.
т. 8, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎШУ́ТАЎ (Ата) (5.7.1903, г. Безмеін, Туркменістан — 5.11.1953),
туркменскі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў нац. прозы і драматургіі. Скончыў Камуніст. ун-т працоўных Усходу ў Маскве. Друкаваўся з 1925. Аўтар першых у нац. л-ры драм. твораў «Закаспійскі фронт» і «Крывавы лес» пра падзеі грамадз. вайны, п’есы «Джума» (паст. 1939), раманаў «Мехры і Вепа» (1946; пра падзеі Вял. Айч. вайны), «Каля падножжа Капет-Дага» (1947—49), аповесцей, нарысаў і апавяданняў, у якіх стварыў каларытныя нац. характары, маляўнічыя карціны прыроды. Яго творы адметныя тонкім веданнем побыту, псіхалогіі туркм. народа, яго гісторыі і фальклору. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.Гіль.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. повести и рассказы. М. 1977.
Літ.:
Аборский А. Ага Каушутов. Ашхабад, 1965.
т. 8, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́ПІЛ ((Kvapil) Яраслаў) (25.9.1868, Худзеніцы каля г. Клатаві, Чэхія — 10.1.1950),
чэшскі пісьменнік і рэжысёр. Нар. арт. Чэхіі (1940). Скончыў Карлаў ун-т у Празе. У 1900—21 і з 1929 рэжысёр і кіраўнік драм. трупы Нац. т-ра ў Празе, у 1921—28 маст. кіраўнік Дзярж. т-ра на Вінаградах. Аўтар п’ес: «Змрок» (1895), «Вандроўны агеньчык» (1896), «Казка пра прынцэсу Дзьмухавец» (1899), «Аблокі» (1903), «Сірата» (1906), «Андэрсен» (1914) і інш. Сярод пастановак: «Фауст» І.В.Гётэ, «Валенштэйн» Ф.Шылера, «Атэла», «Сон у летнюю ноч», «Макбет», «Гамлет», «Юлій Цэзар» і інш. У.Шэкспіра, «Вайнарка», «Бацька», «Ліхтар», «Ян Гус» А.Ірасека і інш. Аўтар лібрэта да опер А.Дворжака і інш. Перакладаў асобныя п’есы Г.Ібсена.
т. 8, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЯЧЭ́ЛІ (Лео) (сапр. Шэнгелая Леан Міхайлавіч; 19.2.1884, в. Абуджы Цаленджыхскага р-на, Грузія — 19.12.1963),
грузінскі пісьменнік. Вучыўся ў Харкаўскім (1904—05) і Жэнеўскім (1910-я г.) ун-тах. Друкаваўся з 1909. Дэбютаваў навеламі, створанымі пад уплывам імпрэсіянізму. Маст. асэнсаванне рэв. падзей пач. 20 ст. ў аснове гіст.-рэв. раманаў «Тарыэл Галуа» (1917), «Кроў» (1927), навел «Княжна Мая» (1927), «Алмасгір Кібулан» (1928), «Хакі Адзба» (1933). Аўтар раманаў пр станаўленне, жыццё груз. калгаснай вёскі («Гвадзі Бігва», 1938, Дзярж. прэмія СССР 1941), пра змаганне народа ў гады Вял. Айч. вайны («Чалавек з гор», 1948), твораў для дзяцей. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў В.Гігевіч.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное М., 1957.
т. 8, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́К (Іван Юліянавіч) (26.1.1897, г. Шпола Чаркаскай вобл., Украіна — 10.10.1937),
украінскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. З 1914 у эміграцыі. З 1917 на Украіне. Уваходзіў у склад першага сав. ўрада Украіны. Ў 1924—26 сав. консул у Канадзе. У 1935—37 дырэктар Палітвыда Украіны. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1918. Паэт. дэбют — зб. вершаў «Мае каламыйкі» (1921). Аўтар зб-каў востраграмадз. лірыкі «Зялёнае сэрца» (1923), «У акружэнні» (1927), «Пасталелая маладосць» (1935), празаічных твораў «Прыгоды Васіля Раленкі», «Чатырнаццатая люлька» (абодва 1932), «Запіскі консула» (1934). Пісаў публіцыстычныя, літ.-крытычныя артыкулы. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Р.Родчанка.
Тв.:
Поезії. Київ, 1967;
Рус. пер. — Записки консула. М., 1964.
В.А.Чабаненка.
т. 9, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РДЗІН (Дзмітрый Іванавіч) (13.10.1899, в. Дзмітрычукі Каменскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 12.12.1937),
бел. пісьменнік. Скончыў Саратаўскі вет. ін-т (1925). Працаваў ваен. вет. урачом у Мінску і Віцебску, выкладаў у Віцебскім вет. ін-це. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны ў Віцебску. Рэабілітаваны ў 1957. Пісаў на рус. мове. Дэбютаваў у 1925 вершамі. Аўтар п’ес «Міжбур’е» (паст. БДТ-1 1929), «Контратака» (паст. 1932), «Чалавек вырашае» (паст. БДТ-2 1934), «Азеляненне цэха» (фрагменты апубл. 1935), «Алюр. Тры крыжы», якія вылучаюцца пераканальнымі характарамі, каларытнымі вобразамі, паказам тыповых з’яў тагачаснага жыцця.
Літ.:
Соболевский А.В. Белорусская драматургия в театрах народов СССР. Мн., 1972. С. 46—58;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985.
т. 9, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРТА́Д ((Courtade) П’ер) (3.1.1915, г. Баньер-дэ-Бігор, Францыя — 14.5.1963),
французскі пісьменнік і журналіст. У раманах філас.-сатыр. «Эльсенёр» (1949), сац.-паліт. «Джымі» (1951), «Чорная рака» (1953), «Чырвоная плошча» (1961; аўтабіягр.) гал. тэмы — акупацыя Францыі і Рух Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну, пасляваен. палітыка зах. краін, трагічныя падзеі ў СССР у часы культу асобы. Творы К. адметныя панарамнасцю, сюжэтнай разгалінаванасцю, дынамізмам дзеяння, спалучэннем дакументальнасці з псіхалагізмам. Аўтар зб-каў апавяданняў «Абставіны» (1946) і «Вышэйшыя жывёлы» (1956), кніг публіцыстыкі. На бел. мову навелу К. «Канец Італіі» пераклаў А.Мароз.
Тв.:
Бел. пер. — Канец Італіі // Французская навела XX ст. Мн., 1992;
Рус. пер. — Джимми. М., 1953;
Красная площадь. М., 1963.
Е.А.Лявонава.
т. 9, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКЕРБА́Й (Міхаіл Аляксандравіч) (19.1. 1901, с. Мерхеулі, Абхазія — 15.10. 1965),
абхазскі пісьменнік; адзін з пачынальнікаў абх. л-ры. Засл. дз. маст. Абхазіі (1961). Скончыў Тбіліскі політэхн. ін-т (1929), Вышэйшыя сцэнарныя курсы ў Маскве (1937). Друкаваўся з 1919. У кнігах «Абхазскія навелы» (1957) і «Аламыс» (1961), напісаных лаканічна, з гумарам, на фальклорнай аснове, адлюстравана жыццё абх. народа. Аўтар камедыі «У яры Сабыды» (паст. 1941), гіст. драмы «Данакай» (паст. 1956), сцэнарыяў кінафільмаў, лібрэта оперы «Мзія» (1951), аперэты «Шчасце» (1961, абедзве муз. А.Баланчывадзе), даследаванняў па абх. тэатры, фальклоры і інш.
Тв.:
Очерки из истории абхазского театрального искусства. Сухуми, 1962;
Тот, кто убил лань. Сухуми, 1982.
Літ.:
Аншба А.А., Дарсалия В.В. М.Лакербай. Сухуми, 1979.
т. 9, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́СІЛА (Lassila) Маю [сапр. Унтала Ціецявяйнен
(Untola Tietäväinen) Алгат; 28.11.1868, Тохмаярві, Карэлія — 21.5.1918], фінскі пісьменнік. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў Сортавала. У 1898—1904 жыў у Пецярбургу. У аўтабіягр. раманах «Хархама» і «Мартва» (абодва 1909) элементы рэалізму пераплятаюцца з містыкай. Вядомасць прынеслі сатыр.-гумарыстычныя аповесці «Па запалкі» (1910, аднайм. сав.-фін. кінафільм 1980, рэж. Л.Гайдай),
«Бацька і сын» (1914), «Ад вялікага розуму» (1915), «Басяк з таго свету» (1916), п’есы «Калі любяць удаўцы» (1911), «Малады млынар» (1912), «Вечны рухавік» (апубл. 1962). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі У.Арлоў, Я.Лапатка.
Тв.:
Бел. пер. — Басяк з таго свету. Ад вялікага розуму. Мн., 1990;
Рус. пер. — За спичками: Повести. Петрозаводск, 1988.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 9, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПА́ТАЎ (Віль Уладзіміравіч) (10.4.1927, г. Чыта, Расія — 2.5.1979),
расійскі пісьменнік. Скончыў Томскі пед. ін-т (1952). Друкаваўся з 1956. Аўтар аповесцей «Шасцёра» (1958), «Капітан «Смелага» (1959), «Смерць Ягора Сузуна» (1963), «Вясковы дэтэктыў» (1967, аднайм. фільм 1969), «Ліда Вараксіна» (1968), «Сказанне пра дырэктара Пранчатава» (1969, тэлефільм «Інжынер Пранчатаў», 1972), «Шэрая мыш» (1970), «Яшчэ да вайны» (1971), «Аповесць без назвы, сюжэта і канца...» (1978), раманаў «І гэта ўсё пра яго...» (1974, аднайм. тэлефільм 1978), «Ігар Сававіч» (1977) і інш. Пісаў апавяданні, нарысы, п’есы. Асн. тэмы твораў — гіст. звязанасць лёсаў, сац. праблемы ў вёсцы, унутр. свет чалавека.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—4. М., 1982—85;
Лев на лужайке: Роман. М., 1990.
С.Ф.Кузьміна.
т. 9, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)