МАЁЛІКА (італьян. maiolica ад старой назвы г. Мальёрка, праз які ў Італію ўвозілі іспана-маўрытанскую кераміку),
вырабы з каляровай абпаленай гліны з буйнапорыстым чарапком, пакрытыя непразрыстай палівай (арх. абліцоўка, посуд, статуэткі); від керамікі. Дэкар. малюнак наносяць перад абпальваннем па сырой белай паліве. Дзякуючы абпальванню пры параўнальна невысокай тэмпературы фарба захоўвае свой колер.
М. вядома са старажытнасці ў Егіпце, Вавілоніі, Іране, некат. інш. краінах Азіі. Дасягнула росквіту ў 15—17 ст. у Італіі, Іспаніі, Францыі, Германіі, у 17—18 ст. у Расіі. Значны ўклад у развіццё М. ў Рус. дзяржаве зрабілі майстры цаніннай справы — выхадцы з Беларусі С.Грыгор’еў, С.Іваноў (Палубес), І.Максімаў, старац Іпаліт, Ф.Чука, П.Заборскі.
На тэр. Беларусі рознакаляровую М. выраблялі з 12 ст. амаль ва ўсіх гарадах. Зберагліся фрагменты гродзенскага маёлікавага посуду, цацак і плітак 12—13 ст., абліцовачных плітак 14—15 ст., кафлі 15—20 ст., посуду 18—19 ст., мінскага маёлікавага посуду, полацкага, тураўскага, пінскага, мсціслаўскага посуду і плітак 12—13 ст., посуд і кафля заслаўскія, віцебскія, копыскія 16—20 ст. Найб. вядомы М. івянецкая (посуд, дробная пластыка, цацкі) і ракаўская (посуд, скульптура, цацкі, попельніцы, чарніліцы) 19—20 ст., барысаўская (посуд, цацкі, дробная пластыка, 18—20 ст.), кафля заслаўская (17 ст.), копыская (16—20 ст.), віцебская (15—19 ст.), магілёўская (17—19 ст.), мірская (16—18 ст.), мсціслаўская (15—18 ст.). У 1920-я г. М. развівалася пры Віцебскім маст. тэхнікуме, у 1950-я г. — пры Мінскім фаянсава-фарфоравым з-дзе, з 1960-х г. — пры Бел.тэатр.-маст. ін-це, Маст. фондзе Беларусі. З 1970-х г. маёлікавыя вырабы выпускаюць аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка», Гродзенскі камбінатбуд. матэрыялаў, Аршанскі камбінат сілікатных вырабаў, нар. майстры. Сярод прафес. мастакоў маёлікавых вырабаў М.Байрачны, М.Бяляева, Г.Гаркуноў, Г.Гаўрылаў, В.Данчук, А.Дзятлава, Ф.Зільберт, А.Зіменка, В.Калтыгін, Т.Кіршчына, В.Кірыленка, А.Концуб, Ю.Конюх, Н.Кухарэнка, М.Міхалап, М.Несцярэўскі, Т.Паражняк, В.Прыешкін, Г.Пусеў, Т.Пятроўская, З.Раўко, Т.Сакалова, У.Угрыновіч, Я.Хамініч, М.Шаўцова, Ф.Шостак. Іх творам характэрны выразная вобразная дэкаратыўнасць, значнасць зместу, эксперыментатарскія пошукі ў галіне новых пластычных і жывапісных магчымасцей керамічнай масы, глазураў, эмаляў.
Літ.:
Елатомцева И.М. Художественная керамика Советской Белоруссии. Мн., 1966;
Беларуская кераміка: [Альбом]. Мн., 1984.
М.М.Яніцкая.
Да арт.Маёліка. Кафляная печ у асабняку г. Бабруйск Магілёўскай вобл.Пач. 20 ст.Да арт.Маёліка. Кафляная печ у Прастольнай палаце Церамнага палаца ў Маскве. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦА,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Ведрыч; чыг. ст. на лініі Гомель—Калінкавічы; рачны порт; вузел аўтадарог на Гомель, Калінкавічы, Светлагорск, Жлобін, Лоеў, Хойнікі. За 50 км на З ад Гомеля. 66,8 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў Густынскім летапісе пад 1213; у 1-м Наўгародскім летапісе Р. ў 1214 названа «чарнігаўскім» горадам, што быў разгромлены наўгародскім кн. Мсціславам. З 14 ст. ў складзе ВКЛ, у Мінскім ваяводстве. У 1392—1430 Р. валодаў вял.кн.ВКЛ Вітаўт. У жн. 1561 горад атрымаў ад вял.кн.ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста няпоўнае магдэбургскае права. У 1569 Р. — цэнтр павета. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 горад некалькі разоў займалі казацка-сялянскія атрады. У 1648 Р. авалодаў 3-тыс. атрад, якому Б.Хмяльніцкі забараніў пакідаць горад як важны стратэгічны пункт, але ў 1649 яго адбіў Януш Радзівіл. У 1650 Р. заняў палкоўнік М.Нябаба, які таксама не ўтрымаў яе і быў забіты пры адступленні Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. страціла стратэгічнае значэнне, і яе ўмацаванні пачалі разбурацца. Паводле прывілея вял. кн ВКЛ і караля Польшчы Аўгуста III ад 15.7.1734 Р. трапіла ва ўладанне кн.Радзівілаў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Р. ў Рас. імперыі, з 1795 павятовы цэнтр Мінскай губ. У 1886 праз Р. пракладзены ўчастак Лунінец—Гомель Палескіх чыгунак, у 1890-я г. адкрыта прыстань. Паводле перапісу 1897 у Р. 9280 ж., у 1899—9332 ж., маслазавод, цагельня, 2 лесапільні і 2 півамёдаварныя з-ды, прыходскае вучылішча, 2-класнае яўр. вучылішча, некалькі хедэраў, бальніца. У 1903—04 у Р. 205 рамесных прадпрыемстваў (857 рабочых). У 1904 у Р. створана арг-цыяРСДРП, якая ўваходзіла ў склад Палескага камітэта РСДРП(б). У 1910 у Р. 6 фабрык і заводаў (363 рабочыя). З лют. 1918 да студз. 1919 акупіравана герм. войскамі. У час стракапытаўскага мяцяжу 1919 горад захапілі мяцежнікі. З 8.5 да 20.6.1920 акупіравана польскімі войскамі. У 1919—26 цэнтр Рэчыцкага раёна і Рэчыцкай акругіБССР, з 9.6.1927 да 26.7.1930 у Гомельскай акрузе, з 20.2.1938 у Гомельскай вобл., з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 29,8 тыс ж. 28.8.1941 Р. акупіравана ням.-фаш захопнікамі, якія загубілі ў Р. і раёне 3,8 тыс.чал. Дзейнічала Рэчыцкае патрыятычнае падполле. Вызвалена 18.11.1943 у ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 войскамі Бел. фронту. У 1973—53,9 тыс. ж.
Прадпрыемствы машынабуд. і металаапр. (Рэчыцкі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, Рэчыцкі метызны завод), харч. (з-ды піваварны, кансервавы, масла і сухога малака, кансервава-агароднінасушыльны, хлебазавод, камбінат збожжапрадуктаў, млын-камбінат), буд. матэрыялаў (Рэчыцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Рэчыцкі кераміка-трубны завод, Рэчыцкі завод механічнай апрацоўкі драўніны), хім. (Рэчыцкі доследна-прамысловы гідролізны завод, з-д «Тэрмапласт»), лёгкай (ільнозавод, ткацкае ВА, філіялы гомельскіх ВА — швейнага «Камінтэрн» і абутковага «Праца») прам-сці. Працуюць з-дмаст. керамікі, газаперапрацоўчы з-д, раённыя аб’яднанні Дзяржкамсельгастэхнікі і «Сельгасхімія», райпрамкамбінат, камбінатбыт. абслугоўвання. У горадзе Рэчыцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, СПТУ-178, Дом дзіцячай творчасці, 9 б-к, Рэчыцкі краязнаўчы музей, філіял Дзярж. архіва Гомельскай вобл. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, 4 брацкія магілы сав. воінаў і партызан, брацкая магіла падпольшчыкаў часоў Вял.Айч. вайны, 4 брацкія магілы ахвяр фашызму, магіла ахвяр мяцяжу 1919. Помнікі археалогіі: мезалітычнае паселішча і гарадзішча стараж. Р.
У канцы 12 ст. горад быў умацаваным пунктам на зямлі дрыгавічоў. У 13 ст. дзядзінец знаходзіўся на месцы гарадзішча ранняга жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі на правым беразе р Дняпро (цяпер у гар. парку). У 16—1-й пал. 17 ст. горад меў 3 лініі ўмацаванняў з цэнтрам — 5-вежавым Рэчыцкім замкам, абкружаным ровам і злучаным з астатняй ч. горада пад’ёмным мостам. У 1634 мінскі ваявода А.Слушка заснаваў у Р. кляштар дамініканцаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Р. былі 2 царквы — Успенская і Мікалаеўская (з 1723), Троіцкі касцёл, сінагога і некалькі яўр. малітоўных дамоў. У 1910 туг 1309 жылых пабудоў (з іх 4 мураваныя), 14 цэркваў і малітоўных дамоў. Паводле першага рэгулярнага плана (1800) склалася прамавугольная сістэма планіроўкі, якая ў працэсе развіцця дапоўнілася радыяльнай. Горад забудоўваўся паводле генпланаў 1937—39 (арх. Г.Парсаданаў), 1951 (арх. Парсаданаў, М.Томах, ін-т «Белдзяржпраект»), 1977 (БелНДІПгорадабудаўніцтва). У аснове генплана 2000 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) закладзены прынцып функцыян. заніравання тэрыторыі. Асн. напрамкі развіцця горада — паўд., паўд-ўсх., паўд.-зах., прадугледжаны таксама шырокі выхад яго да Дняпра. Агульнагар. цэнтр размяшчаецца ўздоўж цэнтр.ч.гал. вуліцы — Савецкай і абмежаваны вул. Чапаева і Авіяцыйнай. Горад мае пераважна 1- ці 2—3-павярховую сядзібную забудову. Асн. капітальная (шматкватэрная) забудова знаходзіцца па вул. Савецкай, у мікрараёнах і кварталах, прылеглых да яе ў цэнтр. і паўд.-ўсх. частках. а таксама па вул. Сняжкова, Маладзёжнай, Чапаева, Нафтавікоў і інш. Па вул. Савецкай і Набярэжнай захаваліся фрагменты забудовы 19 ст.Вытв. зоны — ва ўсх. і паўд.-зах.ч. Ствараецца адзіная сістэма ландшафтна-рэкрэацыйных тэр. уздоўж Дняпра і Ведрычы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ БЕРАСТАВІ́ЦА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Бераставічанка. За 63 км ад Гродна, за 10 км ад чыг. ст. Бераставіца на лініі Масты—Бераставіца, на аўтадарозе Гродна—Бераставіца—Ваўкавыск. 5,8 тыс.ж. (1996).
Вядома з пач. 16 ст. як уладанне навагрудскага ваяводы А.І.Хадкевіча. Належала Мнішкам, Патоцкім, Касакоўскім. На карце Т.Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка (афіцыйна гэты статус зацверджаны ў 1725). З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Гродзенскага пав. У 1900 — 1786 ж., дробныя прадпрыемствы. З 1921 у Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, вёска ў Крынкаўскім р-не Беластоцкай вобл. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 да 17.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Вялікай Бераставіцы і раёне 634 чал. З 1944 цэнтр раёна, з 1947 гар. пасёлак. У 1962—66 у Свіслацкім р-не. У 1969 — 2,9 тыс. жыхароў.
Сярэдняя, муз. і спарт. школы, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінатбыт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Бераставіцкі касцёл Візітацыі Дзевы Марыі, касцёл (пач. 20 ст.), заезны двор (2-я пал. 19 ст.). Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАНЁНЫ,
вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ашмяны—Ліда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 29 км на ПнЗ ад г.п. Іўе, 150 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гаўя. 1500 ж., 478 двароў (1996).
У 15—16 ст. вядомы як Геранёны Мураваныя. З 1433 двор Гаштольдаў. На мяжы 15—16 ст. пабудаваны Геранёнскі замак, у 1519 — Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл. З 1520 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. З 16 ст. ўласнасць вял. князёў ВКЛ. У 17—18 ст. цэнтр староства. У 1-й пал. 18 ст. рэзідэнцыя віленскіх піяраў, пры якой у 1730—38 дзейнічала школа. Пры каралю Аўгусце III (1733—63) атрымалі магдэбургскае права (паводле інш. крыніц, у 1630-я г.), мелі герб. З 1795 у Рас. імперыі, у Ашмянскім пав. Уласнасць Корвін-Мілеўскіх. У пач. 20 ст. 316 ж. З 1922 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. З 1939 у БССР, у Іўеўскім р-не, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1963—79 у Жылёўскім с/с. У 1970 — 397 жыхароў.
Сярэдняя і муз. школы, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінатбыт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Мікалаеўскі касцёл, руіны замка (15—16 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГІ́НАВА,
вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 45 км ад Вілейкі, 120 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Крывічы. 1419 ж., 596 двароў (1997).
Вядома з пач. 17 ст як вотчына кн. Друцкіх-Саколінскіх. З 1625 у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. У 1643 мястэчка, цэнтр кірмашовага гандлю. У 1661 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пад Д. адбываліся жорсткія баі. З 1793 у Рас. імперыі. Да 1866 тут працавала суконная ф-ка. У 1897 цэнтр воласці Вілейскага пав., 3551 ж., школа, 60 крам, паштовая станцыя, Станіславаўскі касцёл. У 1921—39 у Вілейскім пав. Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Крывіцкім р-не, цэнтр сельсавета. З 1.5.1940 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ў Д. адбыўся Даўгінаўскі бой 1943. З 1954 вёска, з 1962 у Вілейскім р-не. У 1971—1477 ж., 501 двор.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінатбыт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Станіславаўскі касцёл (19 ст.) і Даўгінаўская Троіцкая царква (2-я пал. 19 ст.). Каля вёскі — гарадзішча штрыхаванай керамікі і банцараўскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ВІН,
вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., каля воз. Любань. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПдУ ад горада і 36 км ад чыг. ст. Кобрын, 78 км ад Брэста. 4295 ж., 1591 двор (1997).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка Брэсцкага ваяв.ВКЛ. У 1566—184 двары. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Кобрынскім пав. Гродзенскай губ. У 1878—2490 ж.. 2 царквы, сінагога, 2 кірмашы на год. У 1921—39 у Польшчы, мястэчка ў Палескім ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—59 вёска, цэнтр Дзівінскага раёна, больш за 4 тыс. жыхароў. У Вял.Айч. вайну з 24.6.1941 да 21.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. якія загубілі ў Дз. і раёне 2819 чал. З 1959 у Кобрынскім р-не. У 1971—4877 ж., 1407 двароў. «Сельгасхімія», агароднінасушыльны з-д, тэкст.-вытв. аб’яднанне, пякарня, лясніцтва. Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінатбыт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Дзівінская царква Параскевы Пятніцы (1740), Прачысценская царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка мезаліту і неаліту і паселішча бронзавага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЭ́ЧЫН,
вёска ў Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Сіпа, на аўтадарозе Гродна—Слонім. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнУ ад Зэльвы, 98 км ад Гродна, 16 км ад чыг. ст. Зэльва. 795 ж., 347 двароў (1997).
У пач. 15 ст. сяло баярына Дрэмута. З 15 ст. належаў Копачам, Сангушкам, Вішнявецкім, Нарбутам, Палубенскім, Сапегам і інш. З 1537 мястэчка. У 1786 пабудаваны Дзярэчынскі палац. У 1790 было 160 двароў. З 1795 у Рас. імперыі, у Слонімскім пав. У 1878—2269 ж., 2 школы. 2 царквы, сінагога, 28 крам. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР, цэнтр сельсавета Зэльвенскага р-на. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў чэрв. 1942 расстралялі ў Дз. больш за 2 тыс.чал. З 14.4.1962 у Мастоўскім, з 25.12.1962 у Ваўкавыскім, з 1965 у Мастоўскім, з 1966 у Зэльвенскім р-нах. У 1971—991 ж., 334 двары.
Лесазавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінатбыт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Дзярэчынская Спаса-Праабражэнская царква (сярэдзіна 19 ст.), касцёл Ушэсця (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́БРУШСКАЯ ПАПЯРО́ВАЯ ФА́БРЫКА.
Засн. ў 1870 кн. Ф.І.Паскевічам у мяст. Добруш (цяпер горад у Гомельскай вобл.). Вырабляла паперу рознага асартыменту з драўніннай масы і рыззя. У 1879 працавала 460. у 1913—1500 рабочых. Называлася т-вам Добрушскай папяровай фабрыкі (у 1880—550 пайшчыкаў). Выкарыстоўвалася газавае асвятленне, з 1888 — электрычнае (упершыню ў Беларусі). Палівам служылі дровы, з 1913 — вугаль. У 1894 на ф-цы (упершыню ў Рас. імперыі) уведзены 8—9-гадзінны прац. дзень. З 1883 пры ф-цы адкрыта вучылішча для дзяцей 5—12 гадоў (навучалася каля 40 чал.). У 1913 вырабляла 625 тыс. пудоў паперы. З 1922 фабрыка мела назву «Герой працы». У 1932 тут упершыню ў Еўропе распачата саломенна-цэлюлозная вытв-сць. У Вял.Айч. вайну разбурана. У 1956 рэарганізавана ў цэлюлозна-папяровы камбінат. З 1976 зноў Д.п.ф. Працуе на прывазной цэлюлозе з Расіі, кааліны (гліназём, сернакіслы алюмінат) завозяцца з Украіны. Асн. прадукцыя (1997): вырабы вытв.-тэхн. прызначэння (дыязапапера, папера чарцёжная, малявальная, абгортачная, стужка клеявая); тавары нар. ўжытку (сшыткі школьныя, агульныя, для малявання, альбомы і блокі для чарчэння і малявання, папера пісчая і туалетная, дзённікі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНІ́ЛАВІЧЫ,
вёска ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Галбіца, каля аўтадарогі Полацк—Вільнюс. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на У ад Паставаў, 223 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Варапаева. 793 ж., 334 двары (1997).
Упамінаецца ў 1473 як уладанне кн. А.Ю.Гальшанскага. У 1556 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. У 1567—77 належалі М.К.Радзівілу, пазней Я.Дз.Долмат-Ісайкоўскаму і яго нашчадкам. У 1624 у Д. заснаваны драўляны, у 1684 — мураваны касцёлы, у 1683 — дамініканскі кляштар. З 1793 у Рас. імперыі, у Віленскім пав. У 1800—564 ж., 101 двор. З 1861 — цэнтр воласці, у канцы 19 ст. каля 900 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр Дунілавіцкага павета. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Дунілавіцкага раёна. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Д. 828 чал., спалілі больш за палову дамоў. З 1950 цэнтр сельсавета, з 1954 вёска ў Дунілавіцкім, з 1960 у Глыбоцкім, з 1962 у Пастаўскім р-нах. 781 ж., 246 двароў (1971).
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінатбыт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Дунілавіцкі Троіцкі касцёл дамініканцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛУДО́К,
гарадскі пасёлак у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. За 22 км ад г. Шчучын, 90 км ад Гродна, 12 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы на лініі Масты—Ліда. 1,4 тыс.ж. (1997).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як велікакняжацкае ўладанне. З 1486 мястэчка, да 1567 цэнтр павета Віленскага ваяв. У 16—17 ст. належаў Лацкім, Сапегам, Францкевічам. У лют. 1706 гал. кватэра шведскага караля Карла XII. У 18—1-й чвэрці 19 ст. ўласнасць Тызенгаўзаў. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ. З 1830-х г. уладанне Урускіх, з пач. 20 ст. — Святаполк-Чацвярцінскіх. У 1897—1860 ж., нар. вучылішча, касцёл, сінагога, мясц.прам-сць. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр раёна. З 27.6.1941 да 12.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, разбураны. 9.5.1942 гітлераўцы расстралялі ў Ж. 2 тыс.сав. грамадзян. З 17.4.1962 у Шчучынскім р-не. У 1971—2,1 тыс. ж.
Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, камбінатбыт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — касцёл Ушэсця (1854) і сядзіба (пач. 20 ст.).