«БЕ́ЛКУ ТРЭ́СЦІ»,

бел. нар. дзіцячая гульня. Гульцы становяцца ў рад адзін за адным нагнуўшыся, і кожны абнімае за паясніцу папярэдняга гульца. Апошні гулец садзіцца на папярэдняга, як на каня, і імкнецца хутка пры дапамозе рук пералезці далей на наступнага, з таго яшчэ далей, пакуль не перапаўзе ўсіх. Гульцы стараюцца «пералазчыка» трэсці, каб скінуць яго. Калі гулец перапаўзе ўсіх, ён становіцца наперадзе, а той, хто цяпер апошні, пачынае рабіць тое ж самае. Так працягваецца, пакуль кожны не паспрабуе прапаўзці па ланцужку.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ АРЛЫ́,

вадасховішча ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., у басейне р. Вятліца (правы прыток Прыпяці), у меліярац. сістэме «Магільна», за 20 км на ПнУ ад г. Столін. Пл. 0,99 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 4,8 м, аб’ём вады 3,5 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 4,4 км. Наліўное, напаўняецца вадой з Бор-Дубянецкага канала ў час разводдзя і за кошт сцёку меліярац. каналаў. Ваганні ўзроўню на працягу года 3,8 м. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, увільгатнення і арашэння зямель.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́АК ((Deák) Ферэнц) (17.10.1803, с. Шэйцёр, медзье Зала, Венгрыя — 29.1.1876),

венгерскі паліт. дзеяч. У 1833—47 адзін з лідэраў парламенцкай апазіцыі, якая падтрымлівала Л.Хошута. У 1848 міністр юстыцыі ва ўрадзе Л.​Бацяні. Пасля паражэння рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі выступаў за пасіўнае супраціўленне Габсбургам. У 1861 лідэр парламенцкай т.зв. партыі петыцыі, якая выступала за аднаўленне рэв. законаў 1848 шляхам падачы прашэнняў Габсбургам. У 1865 заснаваў і ўзначаліў паліт. партыю (партыя Д.), якая адыграла вядучую ролю ў падрыхтоўцы і заключэнні аўстра-венг. пагаднення 1867.

т. 6, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ПРАГНО́З,

навуковае прадказанне пэўнага працэсу на рэках, каналах, азёрах і вадасховішчах; раздзел гідралогіі сушы. Бывае доўгатэрміновы (заўчаснасць больш за 15 сут) і кароткатэрміновы (менш за 15 сут). Адрозніваюць гідралагічныя прагнозы водныя (найб. аб’ёмы сцёку і ўзроўні ў час разводдзя і паводкі, макс. і мінім. расходы вады, тэрмін вызвалення ад вады заліўных зямель і інш.) і лядовыя (тэрміны замярзання і ўскрыцця рэк). Гідралагічныя прагнозы робяць для папярэджання гасп. арганізацый і ўстаноў пра небяспечныя гідралагічныя з’явы. На Беларуі складаюцца з 1931.

т. 5, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́НЦБУРГ (Ілья Якаўлевіч) (27.5.1859, г. Гродна — 3.1.1939),

рус. скульптар. Вучыўся ў М.Антакольскага (з 1871) і Пецярбургскай АМ (1878—86). Ствараў жанравыя фігуркі («Хлопчык, які збіраецца купацца», 1886), партрэтныя статуэткі дзеячаў рус. культуры («В.​В.​Верашчагін за работай», 1892). Аўтар надмагілля У.​В.​Стасава (1908), помнікаў М.​В.​Гогалю ў с. Сарочынцы Палтаўскай вобл., (Украіна; 1910), Г.​В.​Пляханаву (1925), Дз.​І.​Мендзялееву (адкрыты ў 1932).

Літ.:

Скульптор Илья Гинцбург: Воспоминания. Статьи. Письма. Л., 1964.

І.Гінцбург. В.​В.​Верашчагін за работай. 1892.

т. 5, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́СА (Canossa),

замак у Паўн. Італіі, за 18 км на ПдЗ ад г. Рэджа-нель-Эмілія, пабудаваны ў 10 ст. Тут у студз. 1077 адбылася значная падзея ў гісторыі барацьбы за інвестытуру. Адлучаны ад каталіцкай царквы і пазбаўлены прастола імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» Генрых IV (гл. ў арт. Генрых, герм. правіцелі) у рыззі і босы 3 дні прасіў тут даравання і літасці ў свайго праціўніка рым. папы Грыгорыя VII. З таго часу выраз «ісці ў К.» азначае згоду на зневажальную капітуляцыю.

т. 7, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й СУЧА́СНАГА ВЫЯЎЛЕ́НЧАГА МАСТА́ЦТВА ў Мінску.

Заснаваны ў 1997, адкрыты ў 1998. Складаецца з выставачнай залы (пл. 147,7 м²), малой выставачнай залы (пл. 54,2 м²), галерэі (пл. 68,3 м²), хола для фотавыставак (пл. 102,8 м²). У зборы больш за 1450 экспанатаў (2000). Аснову калекцыі складаюць творы бел. мастацтва 20 ст. (жывапіс, графіка, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, фатаграфія), захоўваюцца творы замежнага мастацтва. Праводзіць выстаўкі бел. і замежнага мастацтва, у т. л. ў інш. выставачных залах Беларусі і за яе межамі.

Л.​І.​Дабравольская.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́РЧЫНСКІ ДАГАВО́Р 1689,

мірны дагавор паміж Рас. дзяржавай і маньчжурскім Кітаем (Цынскай імперыяй), які завяршыў рас.-маньчжурскі ваен. канфлікт 1680-х г. з-за прыналежнасці Прыамур’я. Падпісаны 6 вер. каля Нерчынскага астрога (цяпер г. Нерчынск Чыцінскай вобл., Расія). Вызначыў умовы развіцця мірных паліт., дыпламат. і гандл. адносін паміж Расіяй і Кітаем. Расія была вымушана адмовіцца на карысць маньчжураў ад тэр. Албазінскага ваяв.бас. р. Амур), але замацавала за сабой Усх. Сібір. Н.д. заменены Айгунскім дагаворам 1858 і Пекінскім трактатам 1860.

т. 11, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ БАР’Е́Р у фізіцы,

абмежаваная частка прасторы, у якой патэнцыяльная энергія часціцы большая, чым па-за яе межамі. Дзеліць прастору на 2 часткі, дзе патэнцыяльная энергія часціцы меншая, чым унутры П.б. Характарызуецца вышынёй (найб. значэннем) патэнцыяльнай энергіі. Адпавядае сілам адштурхоўвання. У класічнай механіцы праходжанне часціцы праз П.б. магчыма толькі, калі яе поўная энергія перавышае вышыню П.б. У квантавай механіцы магчыма праходжанне часціц з энергіяй, меншай за вышыню П.б. (гл. Тунэльны эфект).

Патэнцыяльны бар’ер: ε — поўная энергія часціцы, V0 — вышыня патэнцыяльнага бар’ера.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕСАЧА́НКА,

рака ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 40 км. Пл. вадазбору каля 340 км². Пачынаецца за 1,3 км на З ад в. Міхалёўка, працякае праз воз. Лутаўскае. Цячэ ў межах Прыдняпроўскай нізіны. Даліна невыразная на ўсім працягу, за выключэннем невял. ўчастка ў сярэднім цячэнні, дзе яна набывае рысы трапецападобнай. Рэчышча каналізаванае ад вытоку да воз. Лутаўскае, шыр. ў верхнім цячэнні 3—5 м, у ніжнім 10—18 м. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.

т. 12, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)