КЛІ́НКЕР (ням. Klinker). 1) К. дарожны — высокатрывалая цэгла
(пліты),
атрыманая з спец. (клінкерных) глін абпальваннем сфармаванай масы да поўнага спякання.
Спосаб фармавання — паўсухі або пластычны, абпальванне робіцца ў тунэльных печах пры т-ры каля 1200 °C. К. вызначаецца супраціўляльнасцю да сцірання, даўгавечнасцю, дэкаратыўнасцю (звычайна цёмна-бурага або сінявата-чырвонага колеру). Выкарыстоўваецца для машчэння дарог, вуліц, падлог у прамысл. будынках, часам для муроўкі фундаментаў, абліцоўкі, у гідратэхн. збудаваннях. На Беларусі вырабляецца на цагельных з-дах і камбінатах буд. матэрыялаў.
2) К. у металургіі — тугаплаўкая запечаная маса, якая застаецца пасля перапрацоўкі (вельцавання) адходаў металург. вытв-сці ў вярчальных печах. Ідзе на далейшую высокатэмпературную перапрацоўку (для здабывання цынку, медзі, свінцу і інш. каштоўных кампанентаў).
3) К. цэментны — запечаная сыравінная сумесь (напр., вапняку і гліны або шлаку) для вырабу цэменту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧАЎСКІЯ БАІ́ 1942, 1943,
баі партыз. фарміраванняў Магілёўскай вобл. з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял.Айч. вайну ў г.п. Клічаў. У ноч на 30.3.1942 партызаны атрадаў Клічаўскага (камандзір А.С.Юркаўцаў), В.І.Лівенцава, В.П.Свістунова панеслі ўдар па папярэдне заблакіраваным гарнізоне ворага (каля 250 гітлераўцаў). Пасля 12-гадзіннага бою партызаны вызвалілі Клічаў, чым завяршылі вызваленне ўсяго Клічаўскага р-на і стварэнне Клічаўскай партызанскай зоны. У ліп. 1942 пад націскам значных сіл праціўніка партызаны пакінулі пасёлак. Раніцай 21.4.1943 2-я і 5-я Клічаўскія партыз. брыгады і рота 1-й Клічаўскай брыгады (іх дзейнасць каардынаваў нач. штаба Магілёўскай ВАГ С.Г.Сідарэнка-Салдаценка) зноў занялі Клічаў, за выключэннем умацаваных пазіцый гарнізона. Праціўнік атрымаў падмацаванне, ням. авіяцыя правяла масіраваную бамбардзіроўку, таму партызаны адышлі. У гонар баёў у Клічаве насыпаны курган Славы, пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЙДАНАЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—19 ст. ў мяст. Койданава (з 1932 г.Дзяржынск Мінскай вобл.). Драўляны замак пабудаваны, верагодна, у 12—13 ст. Размяшчаўся на ўзвышэнні, быў абнесены земляным валам і ровам, злучаным з р. Няцеча. Выконваў важную ваенна-стратэгічную ролю на мяжы Полацкага княства. У 1-й пал. 16 ст. заменены мураваным 9-вежавым замкам. У плане круглыя вежы з байніцамі мелі дыяметр каля 10 м і таўшчыню сцен да 1,5 м, былі накрыты шатровымі стрэхамі. Уваход у замак запіраўся традыц. брамай. У 1613 пад аховай замка пабудаваны Койданаўскі кальвінскі збор. Каменныя пабудовы існавалі да 1840-х г.
Літ.:
Якімовіч Ю. Ці быў у Койданаве замак? // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 3.
А.І.Валахановіч.
Койданаўскі кальвінскі збор. З малюнка Н.Орды. 1876.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы канца 15—20 ст. з г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У 16—18 ст. рабілі гасп. посуд, кафлю (гл.Копыская кафля). Асаблівага развіцця К.к. дасягнула ў 19—1-й пал. 20 ст. У Копысі працавала каля 20 ганчарных заводаў, дзе выраблялі белагліняны паліваны посуд (збаны, гаршкі, слоікі, міскі і інш.) мяккіх акруглых форм. Вырабы аздаблялі прамымі і хвалістымі ціснёнымі паяскамі на плечуках пасудзін, налепамі, зашчыпамі па краях, падцёкамі карычневай або зялёнай палівы. Выраблялі таксама талеркі, вазы, кубкі, хлебніцы, чарніліцы, шкатулкі, пісьмовыя прылады, попельніцы з фігурамі львоў, мядзведзяў і інш., якія ўпрыгожвалі рэльефным раслінным і анімаліст. дэкорам, пажадальнымі надпісамі, пакрывалі рознакаляровай палівай. У 1920—30-я г. была пашырана вытв-сць настольнай дробнай пластыкі. Сярод майстроў А.Верамееў, В.Чабатароў, А.Чорцікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САВА ПО́ЛЕ,
міжгорная катлавіна каляг. Прышціна ў былым аўт. краі Косава (Сербія), дзе 15.6.1389 адбылася вырашальная бітва паміж аб’яднаным войскам сербаў і баснійцаў пад камандаваннем сербскага кн. Лазара (15—20 тыс.чал.) і тур. арміяй султана Мурада I (27—30 тыс.чал.). Пасля ўпартых баёў, у ходзе якіх загінулі Мурад I і Лазар, перамаглі туркі. У выніку паражэння на К.п. Сербія стала васалам Турцыі (з 1459 у складзе Асманскай імперыі), сербы і інш.балк. народы трапілі пад тур. панаванне больш як на 400 гадоў. Бітва на К.п. адлюстравана ў сербскіх песнях, былінах і паданнях як адна з найб. трагічных і гераічных падзей у гісторыі сербаў. У кастр. 1448 на К.п. таксама пацярпела паражэнне венг. войска на чале з Я.Хуньядзі (разбіта тур. арміяй султана Мурада II).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІВА́ (Urtica),
род кветкавых раслін сям. крапіўных. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным і трапічным паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 4 віды, найчасцей трапляюцца К. двухдомная (U. dioica) і жыгучка (U. urens) на вільготных мясцінах, як пустазелле на агародах, палях, у садах.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 15—100 (150) см з паўзучым галінастым карэнішчам. Лісце супраціўнае, зубчастае або з глыбокімі лопасцямі, звычайна ўкрытае, як і сцёблы, жыгучымі валаскамі (падоўжаныя клеткі з крохкай верхавінкай, запоўненыя едкай вадкасцю). Кветкі дробныя, аднаполыя, з простым зялёным калякветнікам, у коласападобных галінастых суквеццях. Плод арэшкападобны. Маладыя парасткі ядомыя (маюць вітаміны B2, C, K, правітамін A). З лісця атрымліваюць фарбу, якую выкарыстоўваюць у фармацэўтычнай і харч. прам-сці. Са сцёблаў вырабляюць вяроўкі і грубую тканіну. Лек. і кармавыя расліны.
англійскі пісьменнік. Д-рмед.н. (1925). Вучыўся ва ун-це ў Глазга. З 1939 жыў у ЗША, Швейцарыі. Дэбютаваў раманам «Замак Броўдзі» (1931), які лічыцца яго лепшым творам. У раманах «Тры каханні» (1932), «Канарскія астравы» (1933), «Зоркі глядзяць долу» (1935), «Цытадэль» (1937), «Іспанскі садоўнік» (1950), «Выкраслены з жыцця» (1953), «Помнік крыжаку» (1956), «Паўночны свет» (1958), дылогіі «Маладыя гады» (1944) і «Шлях Шэнана» (1948) адлюстраваў жыццё сучаснай яму Англіі, гал. ўвагу надаваў маральна-этычнай праблематыцы. Аўтар аўтабіягр.кн. «Прыгоды ў двух светах» (1952), п’есы «Юпітэр смяецца» (1940), літ.-крытычных артыкулаў. Творам К. ўласцівы лірызм, аўтабіяграфічнасць, трагізм сітуацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШКО́ЎСКІ Лаўрэнцій, дзеяч рэфармацыйнага руху, гуманіст і пісьменнік 16 ст. У 1550-я г. прыхільнік вучэння Чэшскіх братоў. У 1558 у друкарні г. Шаматулы (Польшча) выдаў кн. «Размова чатырох братоў закону хрысціянскага». З 1561 кальвінісцкі прапаведнік у Нясвіжы. У 1562 з С.Будным і М.Кавячынскім выдаў на бел. мове «Катэхізіс», «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам» і інш. творы. Каля 1563 перайшоў на пазіцыі антытрынітарызму (гл.Антытрынітарыі), пазней падтрымліваў рэліг. і сац. ідэі анабаптызму (гл.Анабаптысты). Пры дапамозе Буднага пераклаў і выдаў на польск. мове «Размову св. Юстына філосафа» (Нясвіж, 1564). У сваіх пропаведзях крытыкаваў прыгонніцтва, адстойваў прынцыпы верацярпімасці, прапагандаваў грамадска-карысную працу.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬ-АБА́,
курган скіфскага правадыра 4 ст. да н.э.каляг. Керч (Украіна). Пад каменным насыпам кургана выяўлены каменны склеп, пабудаваны на грэч. ўзор, абрад пахавання — скіфскі. Нябожчык пахаваны ў драўляным саркафагу ў адзенні і галаўным уборы, аздобленых залатымі бляшкамі, на шыі — залатая грыўня з выявай конных скіфаў, на руках — залатыя бранзалеты. У другім саркафагу, аздобленым разной слановай косцю, багатае пахаванне жанчыны (верагодна, жонкі ці наложніцы). Залатыя ўпрыгожанні яе рытуальнага ўбору, электравая пасудзіна з выявай скіфаў пасля бою і бронзавае люстэрка з ручкай — выдатныя творы грэч. ювеліраў. Выяўлена таксама пахаванне мужчыны (слуга ці раб); знойдзены амфары для віна, бронзавыя катлы для варкі мяса, сярэбраны посуд. К.-А. належыць да т.зв. царскіх скіфскіх курганоў (Ніжняе Прыдняпроўе, 4—3 ст. да н.э.).
Электравая пасудзіна з кургана Куль-Аба. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАСЛЕ́П, анемона (Anemone),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 150 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусі 3 віды К.: дуброўны (A. nemorosa, нар. назва белыя пералескі), казяльцовы (A. ranunculoides, нар. назва казарост жоўты), лясны (A. sylvestris), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на ўзгорках, схілах яроў і берагах рэк. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны як дэкар. расліны К. японскі (A. japonica) з буйнымі бела-ружовымі кветкамі, К. карончаты (A. coronaria) з белымі, ружовымі, простымі ці махрыстымі кветкамі, К. канадскі (A. canadensis) з бела-крэмавымі кветкамі.
Шматгадовыя, пераважна карэнішчавыя, травяністыя расліны, зрэдку паўкусты. Лісце прыкаранёвае, доўгачаранковае, пальчатарассечанае або раздзельнае. Кветкі адзіночныя, правільныя на кветаносных сцёблах з 3 кальчакова размешчанымі лісткамі. Калякветнік просты, венчыкападобны з 5—20 лісцікамі. Тычынкі шматлікія. Плод — шматарэшак. Меданосныя, лек., дэкар. расліны; некат. віды ядавітыя.