ЛАТАРЫ́НГІЯ (Lorraine),

гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на ПнУ Францыі. Уключае дэпартаменты Мозель, Мёрт і Мозель, Мёз, Вагезы. Пл. 23 тыс. км². Нас. каля 3,4 млн. чал. (1995). Гал. гарады і прамысл. цэнтры Нансі і Мец. Большую ч. тэрыторыі займае Латарынгскае ўзв., на Ў горы Вагезы. Клімат умераны. Гал. раён жалезаруднай і металургічнай прам-сці. Здабыча жал. руды, вугалю і каменнай солі. Прам-сць: металаапр., маш.-буд. (выпуск металаканструкцый, абсталявання для горнай і металургічнай прам-сці, с.-г. машын, трансп. сродкаў, эл.-тэхн. вырабаў і інш.), тэкст., дрэваапр., хім., нафтаперапрацоўчая. Пасевы збожжавых, цукр. буракоў, бульбы. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.

У сярэднія вякі Л. наз. розныя дзярж. і тэр. ўтварэнні. У 855—900 пасля распаду Франкскай дзяржавы і падзелу ўладанняў імператара Лотара I (адсюль назва) у бас. ніжняга і сярэдняга Рэйна ўзнікла каралеўства Л.; з 925 герцагства ў складзе Герм. каралеўства, у 959 падзелена на 2 герцагствы — Ніжнюю Л. і Верхнюю Л. У 11—12 ст. Ніжняя Л. распалася на графствы Лувен, Намюр, Лімбург і інш. Пазней Ніжняя Л. ўвайшла ў склад Бельгіі і Нідэрландаў. Герцагства Верхняя Л. (менавіта яе тэрыторыі адпавядае гіст. вобласць Л.) з 12 ст. паралельна наз. герцагствам Л. У 13—15 ст. за валоданне ёю сапернічалі Германія і Францыя, у выніку чаго герцагі Л. прызнавалі сябе васаламі абедзвюх дзяржаў. З 2-й пал. 16 ст. пачалося далучэнне латарынгскіх зямель да Францыі, якая ў 1633 пашырыла сваю ўладу на ўсю тэр. Л. Ў 1697 герцагства Л. ўвайшло ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Паводле Венскага мірнага дагавора (1738) перададзена ў пажыццёвае ўладанне каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Ляшчынскаму, пасля смерці якога (1766) у складзе Францыі на правах асобнай правінцыі. У 1871 Усх. Л. і Эльзас далучаны да Германіі (імперская прав. Эльзас-Л.), у 1919 вернуты Францыі. Ў 1940 яны анексіраваны фаш. Германіяй, у 1944 вызвалены і вернуты Францыі.

т. 9, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МАСЦЬ (Zamość),

горад на ПдУ Польшчы. Адм. ц. Замойскага ваяв. 66 тыс. ж. (1994). Прам-сць: харч., мэблевая, трансп. машынабудаванне, швейная, буд. матэрыялаў, паліграфічная. Турыстычны цэнтр.

Засн. ў 1580 Я.Замойскім як горад-крэпасць, рэзідэнцыя і гасп. цэнтр Замойскай ардынацыі (створана ў 1589). Размяшчэнне на гандл. шляху з Валыні ў Люблін і Варшаву і прывілеі (на правядзенне кірмашоў, бяспошлінны гандаль у краіне і інш.) спрыялі развіццю рамёстваў (кушнерства, гарбарства і інш.). У 1585 тут створана першая ў Польшчы мануфактура па вытв-сці саф’яну, тур. дываноў і апрацоўцы казліных шкур. Заснаванне ў 1595 Замойскай акадэміі і друкарні ператварыла З. у навук. і культ. цэнтр. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Аўстрыі, з 1809 у Варшаўскім герцагстве. У час напалеонаўскай кампаніі заняты рус. войскамі (1813). З 1815 у Каралеўстве Польскім. З канца 19 ст. павятовы горад (да 1975).

Горад спраектаваў і пачаў будаваць арх. Б.​Маранда ў 1579—1600; прыклад рэнесансавага горадабудаўніцтва. Быў пяцівугольны ў плане, абнесены кальцом бастыённых фартыфікацый (1587—1605; завершаны ў 1617—19, арх. А. дэль Аква; дабудаваны ў 1809—30) з брамамі, у т. л. Любельскай (1588) і Старой Львоўскай (1599). Уключае: палац (1581—86, арх. Маранда; дабудаваны ў 1747—51, арх. Бэм’дэ Кавэ, і пасля 1831), ратушу (1591—1600, арх. Маранда; 1639—51, арх. Я.​Ярашэвіч, Я.​Вольф, перабудавана ў 18 і 19 ст., рэстаўрыравана ў 1937—38 і 1967—70), будынкі Акадэміі (1638—48, арх. Ярашэвіч; перабудаваны ў 1752—61, арх. Бэм’дэ Кавэ, і ў 19 ст.), калегіяту (1587—98), капліцы Замойскіх (1635, арх. Дж.​Б.​Фальконі; цяпер кафедральны сабор), царкву (1618—31), сінагогу (каля 1610—20), камяніцы з аркадамі, у т. л. каля Вялікага і Сольнага рынкаў (16—17 ст.). З. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

т. 6, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВЯНЕ́Ц,

гарадскі пасёлак у Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р. Волма. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Дзяржынскам, Стоўбцамі, Навагрудкам. За 31 км ад Валожына, 60 км ад Мінска, 40 км ад чыг. ст. Койданава, на лініі Мінск—Баранавічы. 5 тыс. ж. (1998).

Вядомы з 2-й пал. 15 ст. У 1522 згадваецца як мястэчка Мінскага пав. ВКЛ, уладанне Салагубаў. У сярэдзіне 16 ст. ў І. пратэстанцкая абшчына, кальвінскі збор, школа, шпіталь. У 1606 пабудаваны касцёл. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 моцна разбураны. У 1702 заснаваны касцёл і кляштар францысканцаў. У пач. 18 ст. цэнтр графства. У 1709 згарэлі 210 двароў, касцёл. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Мінскага пав. У 1869 адкрыта нар. вучылішча. У 1880-я г. ў І. 288 дамоў, 2 школы, 35 крам, 17 ганчарных майстэрань, 2 пастаялыя двары, 2 касцёлы, праводзіліся 2 кірмашы штогод. У 1888 у час пажару амаль поўнасцю згарэў. У 1897—2445 ж., 399 двароў. У 1921—39 у складзе Польшчы, з 1923 цэнтр гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв., 2226 жыхароў. З 1939 у БССР. З 15.1.1940 гар. пасёлак, да крас. 1962 цэнтр Івянецкага раёна. З 25.6.1941 да 6.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, якія ў І. і раёне загубілі 2789 чал. У чэрв. 1943 партызаны разграмілі ў І. варожы гарнізон. У 1962—65 у Стаўбцоўскім, у крас.—снеж. 1962 і з 1965 у Валожынскім р-нах, з кастр. 1973 цэнтр сельсавета. У 1971—3,7 тыс. жыхароў.

Фабрыка маст. керамікі. Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Івянецкі касцёл і кляштар францысканцаў (1702—05), Івянецкі Аляксееўскі касцёл (1905—07), сядзіба (пач. 20 ст.). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл. Івянецкая кераміка).

Гарадскі пасёлак Івянец. Плошча Свабоды.

т. 7, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

1) тайная арг-цыя дваранскіх рэвалюцыянераў (пераважна афіцэраў) у 1821—26 на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны, створаная з мэтай адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772. Засн. ў маі 1821 каля Варшавы членамі арг-цыі «Нацыянальнае масонства» і велікапольскага Саюза касінераў. Дзейнасць т-ва (каля 150 чал. у 1822) вызначалася статутам. Кіруючы орган — ЦК з 7 чал. на чале з В.Лукасінскім. П.т. падзялялася на 6 тэр. правінцый (7-я прав. — армія), правінцыі — на акругі, акругі — на гміны. Правінцыя Літва (Віленская, Гродзенская, Мінская губ. і Беластоцкая вобл., кіраўнікі кн. К.​Радзівіл, І.​Вайніловіч, памешчык К.​Навамейскі, граф А.​Солтан) асн. ўвагу звяртала на прапаганду ў Літоўскім асобным корпусе і арсенал зброі ў Вільні. У маі 1822 арыштаваны кіраўнікі П.т. на чале з Лукасінскім, схільныя да правядзення ў будучым сац. рэформ; членамі ЦК сталі больш памяркоўныя (С.​Кжыжаноўскі, А.​Пліхта, В.​Гжымала). П.т. вяло перагаворы з Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў, якое пагаджалася на перадачу будучай польскай дзяржаве бел. зямель. У 1826 у сувязі са справай дзекабрыстаў т-ва выяўлена і разгромлена ўрадам. Арыштаваных ўраджэнцаў Каралеўства Польскага судзіў Польскі Сенат, які вынес ім у 1828 мяккі прыгавор, астатніх, у т. л. ураджэнцаў бел. губерняў (Ю.​Гружэўскі, І.​Завіша, Я.​Ходзька і інш.), рас. Сенат асудзіў на розныя тэрміны катаргі і ссылкі.

2) Легальная аргцыя («Патрыятычны клуб») у Варшаве ў снеж. 1830 — жн. 1831 у час паўстання 1830—31. Аб’ядноўвала радыкальную інтэлігенцыю, карысталася падтрымкай сярэдніх слаёў і гар. нізоў. Старшыня — І.Лялевель. Забаронена дыктатарам паўстання Я.​Крукоўскім за прапаганду радыкальных сац. рэформ і крытыку паўстанцкіх улад.

Літ.:

Ольшанский П.Н. Декабристы и польское национально-освободительное движение. М., 1959;

Dylągowa H. Towarzystwo patriotyczne i Sąd Sejmowy (1821—1829). Warszawa, 1970.

В.​В.​Швед.

т. 12, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРБЕ́ЎСКІ Мацей Казімір (24.2.1595, в. Сарбева, каля г. Плоцк Мазавецкага ваяв., Польшча —2.4.1640),

новалацінскі паэт, тэарэтык л-ры і школьнага т-ра, тэолаг, філосаф. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. Удасканальваў веды ў Германіі і Італіі. У 1612 уступіў у ордэн езуітаў. Выкладаў у Полацкім (1618—20, 1626—27) і Нясвіжскім езуіцкіх калегіумах, у Віленскай езуіцкай акадэміі (1620—22, 1628—35). З 1635 каталіцкі прапаведнік пры двары караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV. Аўтар зб-каў «Тры кнігі лірычных вершаў» (1625), «Чатыры кнігі лірычных вершаў» (1631), «Лясныя песні» (1637), трактатаў па рыторыцы, паэтыцы і ант. міфалогіі («Пра дасканалую паэзію», «Своеасаблівасць лірыкі», «Аб вартасцях і недахопах элегіі», «Аб трагедыі і камедыі», «Аб фігурах думкі», «Аб вытанчанасці і дасціпнасці» і інш.), якія ўвайшлі ў зб-кі: «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» (апубл. 1954), «Лекцыі па паэтыцы» (апубл. 1958), «Багі язычнікаў» (апубл. 1972, усе выд. ў Польшчы на лац. і ў перакладзе на польскую мову). Асноўваючыся на працы ант. аўтараў (Арыстоцель, Платон, Гарацый, Цыцэрон) і аўтараў часоў Адраджэння (Ю.​Скалігер, Я.​Пантан), распрацоўваў эстэт. пытанні паэзіі, драматургіі, красамоўства, міфалогіі. Яго даследаванні знаходзіліся на ўзроўні лепшых еўрап. прац таго часу і зрабілі ўплыў на выкладанне гэтых навук на Беларусі і Літве. Вершы С. перакладзены на англ., ням., франц. мовы Д.​Набароўскім, на польскую мову — У.​Сыракомлем.

Літ.:

Резанов В.И. Поэтика М.​К.​Сарбевского...: (К истории рус. драмы). Нежин, 19.11;

Конан У.М. Полацкі курс паэтыкі М.​К.​Сарбеўскага (1618—1627 гг.) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1972. № 1;

Яго ж. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;

Яго ж. На скрыжаванні братніх культур: Мацей Казімір Сарбеўскі, 1595—1640 // Вяртання маўклівая споведзь: Постаці творцаў бел. гісторыі ў кантэксце часу. Мн., 1994.

У.​М.​Конан.

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЯВІ́ЧЫ,

горад, цэнтр Смалявіцкага р-на Мінскай вобл., на р. Пліса. Чыг. ст. на лініі Мінск—Орша. Аўтадарогамі злучаны з Чэрвенем, Лагойскам, Смілавічамі, Самахвалавічамі. За 55 км на У ад Мінска. 14 тыс. ж. (2001).

Вядомы з 1448 як уласнасць крэўскага намесніка Алёхны Даргіевіча. У 1508 мястэчка Мінскага ваяв. ВКЛ, уласнасць кн. К.​Астрожскага, з 2-й пал. 16 ст. — Радзівілаў, Вітгенштэйнаў, Гагенлоэ. С. пацярпелі ў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, у Паўночную вайну 1700—21. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр воласці Барысаўскага пав. У пач. 19 ст. тут існаваў княжацкі палац (згарэў у 1819). У 1871 каля С. пабудавана станцыя Вітгенштэйнаўская на пракладзенай чыгунцы Масква—Брэст. У 1897 у мястэчку 2757 ж., 299 двароў, вал. ўправа, земскае нар. вучылішча (з 1863), 2 царквы, капліца, паштова-тэлегр. аддзяленне, бровар, рамесныя майстэрні па вырабе адзення і абутку, 8 кузняў. У пач. 20 ст. адбыліся забастоўкі рабочых і сял. хваляванні. З 17.7.1924 цэнтр Смалявіцкага р-на, да 24.9.1926 — сельсавета Мінскай акр. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—6,8 тыс. ж. 26.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут больш за 2 тыс. жыхароў, у створаным гета расстралялі каля 3 тыс. ахвяр; дзейнічала Смалявіцкае патрыятычнае падполле «Чырвоны Сцяг». Вызвалены 2.7.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1962—65 у Мінскім р-не. З 7.3.1968 горад, у 1998 атрымаў герб.

Працуюць заводы: шасцерняў, жалезабетонных вырабаў, мех., малочны, хлебазавод, камбінаты харч. і каап. прам-сці, лясгас, буд. і маш.-буд. прадпрыемствы; ПТВ, 3 сярэднія, муз. і спарт. школы, Дом культуры, Дом нар. творчасці, кінатэатр, бальніца. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнікі: сав. воінам-вызваліцелям, лётчыкам, супрацоўнікам міліцыі.

Т.​Ю.​Шчурко.

Горад Смалявічы. Цэнтральная плошча.

т. 15, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЯДЫЗА́ЦЫЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

форма колькаснага і якаснага абазначэння гіст. развіцця ў часе. Тыпалагічна адрозніваюць П.г. лінейную, што прадугледжвае падзел гісторыі на раўназначныя па сваіх маштабах і глыбіні ступені, кожная наступная з якіх вырастае з папярэдняй, і іерархічную, што выражаецца ў супадпарадкаванні асобных з’яў і этапаў развіцця, якія з’яўляюцца ч. больш агульнага і складанага працэсу (напр., сярэднявечча, ранняе сярэднявечча). Самая стараж. П.г. ўзыходзіць да ўсх. і грэчаскай міфалогіі, якая разглядала гісторыю чалавецтва як паступовы пераход ад самага шчаслівага — «залатога» да самага заняпалага і адсталага — «жалезнага веку». Як альтэрнатыва ёй у Стараж. Грэцыі ўзнікла ўяўленне аб культ. прагрэсе чалавецтва і яго паступальным руху да нейкай ідэальнай мэты. Гэтай ідэяй была прасякнута іудзейска-хрысціянская канцэпцыя гісторыі. У эпоху Адраджэння (14—16 ст.) еўрап. гуманісты зрабілі першую спробу ўсеагульнай перыядызацыі гісторыі. У 17 ст. канчаткова склалася класічная схема трохчасткавай еўрап. гісторыі: «Стараж. свет — Сярэднія вякі — Новы час», якая пазней у мадыфікаваным выглядзе пераўтворана ў «рабаўладанне—феадалізм—капіталізм» і была пашырана на гісторыю ўсяго чалавецтва. Паводле традыцыі, што склалася ў гіст. навуцы, развіццё нееўрап. свету таксама падзяляецца ў адпаведнасці з рамкамі еўрап. гісторыі. Разам з тым гісторыя нееўрап. свету не ўпісваецца нават у самую агульную трохчленную схему еўрап. гістарыяграфіі, паколькі дынаміка яго развіцця ў адрозненне ад лінейна-прагрэсіруючай еўрапейскай мела спіралепадобную цыклічнасць. У бел. гістарыяграфіі існуюць 2 асн. падыходы да П.г. нац. гісторыі: т.зв. дзяржаўніцкі і фармацыйны. Першы з іх аформіўся ў 1-й чвэрці 20 ст. ў працах В.Ю.Ластоўскага і У.М.Ігнатоўскага, якія, грунтуючыся на дзярж. прыналежнасці, вылучалі ў яе гісторыі полацкі, літоўска-бел. (ВКЛ), польскі (у складзе Рэчы Паспалітай), рас. і сав. перыяды. У 1940—80-я г. ў бел. гістарыяграфіі панавала фармацыйная канцэпцыя П.г. Зараз у даследаваннях многіх бел. гісторыкаў незалежна ад іх паліт. арыентацыі назіраецца прысутнасць дзяржаўніцкага прынцыпу.

У.​С.​Кошалеў.

т. 12, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л Антоні Генрык (13.6.1775, Вільня — 7.4.1833),

палітычны дзеяч, мецэнат, кампазітар-аматар, спявак (тэнар). Сын Міхала Гераніма Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (да 1794). У 1796 ажаніўся з Фрэдэрыкай Луізай, прынцэсай Брандэнбургскай, пляменніцай прускага караля, і застаўся ў Прусіі. Пасля паўстання 1794 падтрымліваў планы адраджэння польскай дзяржавы на чале з каралём Прусіі Гогенцолернам, дзе сам разлічваў стаць віцэ-каралём, а Т.​Касцюшка — галоўнакамандуючым. Выступаў за кааліцыю Прусіі, Расіі і Аўстрыі супраць Напалеона, стварэнне асобнай арміі з ураджэнцаў б. Рэчы Паспалітай. Ардынат нясвіжскі і алыцкі (1814). У 1815—33 намеснік прускага караля ў Вял. кн. Пазнанскім, ген.-паручнік. Трымаў у Берліне і Познані артыстычныя салоны. Быў выдатным віяланчэлістам і гітарыстам, іграў на інш. муз. інструментах, пісаў музыку, спяваў у аматарскіх спектаклях («Вялікі дзень у замку, альбо Сцэны трубадураў з 1148 года»; паст. у час Венскага кангрэса 1815). Пісаў рамансы (у т. л. з «Вільгельма Майстэра» І.​В.​Гётэ), вак. дуэты і трыа, фп. творы (вальсы, паланэзы), хары (у сучасным рэпертуары хар. калектываў Берлінскай акадэміі музыкі). Набыў вядомасць як кампазітар оперы «Фауст» (лібрэта Гётэ). Падтрымліваў кантакты з вядомымі кампазітарамі. Свае творы яму прысвяцілі Л.​Бетховен («Імянінная» уверцюра), Ф.​Мендэльсон (фп. квартэт), Ф.​Шапэн (фп. трыо g-moll), М.​Шыманоўская (серэнада для фп. і віяланчэлі). На Беларусі фрагменты оперы «Фауст» упершыню паказаны ў 1995 у Нясвіжы «Беларускай капэлай», у 1999 цалкам Нац. акад. т-рам оперы, запісана на радыё.

Літ.:

Скорабагатаў В. Беларускі «Фауст» // Спадчына. 1995. № 1;

Яго ж. Лёс падарыў Гётэ музыку Радзівіла // Мастацтва. 1995. № 4;

Собалева Н. Агмень родавы, агмень культурны: (Жыцьцё, дзейнасць і атачэньне Антонія Генрыка Радзівіла) // Там жа. № 8;

Яе ж. «Геніяльная парывістая кампазіцыя...» // Там жа. № 9;

Jachimecki Z., Pozniak W. Antoni Radziwilł i jego muzyka do Fausta. Kraków, 1957.

В.​І.​Скорабагатаў.

т. 13, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫКА́ЗЫ,

1) цэнтральныя органы дзярж. кіравання ў Расіі 16 — пач. 18 ст. Назва ад даручэнняў, загадаў (рус. «приказов»), якія ў 15 ст. маскоўскі вял. князь даваў сваім баярам і дзякам. Паступова гэтыя даручэнні набылі рэгулярны характар і для іх выканання з’явіліся спец. памяшканні «ізбы», якія пры фарміраванні ў 16 ст. Рускай цэнтралізаванай дзяржавы ператварыліся ў пастаянныя дзярж. ўстановы — П. У 17 ст. існавала каля 80 П., гал. з іх — Пасольскі, Памесны, Разрадны і Тайных спраў. Астатнія паводле функцый падзяляліся на адм.-суд.-паліцэйскія (Земскі, Разбойны, Халопскі і інш.), тэрытарыяльныя (Казанскі, Сібірскі, Вял. Расіі, Маларасійскі і інш.), ваенныя (Стралецкі, Пушкарскі, Казачы і інш.), фінансавыя (Вял. казны, Вял. прыходу, Хлебны і інш.), дварцовыя (Вял. палаца, Пасцельны, Сакольнічы і інш.). У 1656—67 дзейнічаў П. Вял. княства Літоўскага, які кіраваў бел. і літ. землямі, часова заваяванымі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Кожны П. узначальваў суддзя з ліку членаў Баярскай думы. Суддзям падпарадкоўваліся дзякі, дзякам — падзячыя. Суддзя вырашаў справы аднаасобна, найб. складаныя з іх разглядаў з дзякамі. Структура П. вызначалася іх кампетэнцыяй. Вял. П. (Памесны, Разрадны і інш.) падзяляліся на сталы́ па тэр. і функцыян. прынцыпах, а сталы́ — на павыцці. Невял. па колькасці служачых П. (Пасольскі) падзяляліся адразу на павыцці. У 17 ст. сярэднімі лічыліся П. са штатам у 20—40 чал., у буйных працавала да 400 чал. Для П. характэрна спалучэнне суд., адм. і фін. функцый, частае дубліраванне функцый адзін аднаго, вял. цяганіна і хабарніцтва. У 1717—21 П. заменены Калегіямі (некат. існавалі пазней, напр., Сібірскі да 1763).

2) Цэнтр. органы кіравання пры патрыярху рус. правасл. царквы ў 17 ст.: дварцовы, казённы, разрадны.

3) Назва стралецкіх палкоў у Расіі 16 — пач. 18 ст.

Літ.:

Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 3 изд. М., 1983.

С.​Л.​Лугаўцова.

т. 13, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РАЖ,

гарадскі пасёлак у Віцебскім р-не, на р. Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Каспля, на аўтадарозе Віцебск—Веліж (Расія). За 43 км на ПнУ ад Віцебска. 1,2 тыс. ж. (2001).

Вядомы з 16 ст. У 1563 пабудаваны Суражскі замак. 20.12.1569 С. атрымаў герб: у сярэбраным полі мур з трыма вежамі. З 1590 цэнтр староства. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 захоплены (2.9.1656) рус. войскамі, вернуты ВКЛ паводле Андросаўскага перамір’я 1667. З 1772 у Рас. імперыі, з 1777 горад, цэнтр павета, з 1796 у Беларускай губ. У 1780 у С. 300 ж., больш за 100 дамоў, драўляная царква. З 1802 у Віцебскай губ. У 1830-я г. пабудаваны Спаса-Праабражэнская і Петрапаўлаўская цэрквы, у 1864 заснавана нар. вучылішча. З 1866 заштатны горад Віцебскага павета. У 1897 у С. 2731 ж., прыстань, 2-класнае павятовае і нар. вучылішчы; у пач. 20 ст. 4400 ж., 11 мураваных і каля 440 драўляных дамоў, 48 рамесных майстэрняў, 69 крам, сплаў лесу, 2 царквы. У 1924—60 цэнтр Суражскага раёна Віцебскай акр., з 1938 у Віцебскай вобл., з 27.9.1938 гар. пасёлак, 3000 ж. У Вял. Айч. вайну з 12.7.1941 да 28.10.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў С. і раёне загубілі 9181 чал. 12.9.1941 партыз. атрад пад камандаваннем М.П.Шмырова разграміў у С. варожы гарнізон. Са студз.—сак. 1942 да снеж. 1943 існавала Суражская партызанская зона. На ПнУ ад С. знаходзіліся т.зв. Суражскія, ці Віцебскія «вароты». У 1960—62 і з 1965 у Віцебскім (у 1962—65 у Лёзненскім) р-не.

Працуюць лясгас, сярэдняя і муз. школы, сад-яслі, Дом культуры, цэнтр дзіцячай творчасці, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Помнік дзецям Героя Сав. Саюза Шмырова. Археал. помнік — замчышча.

В.​В.​Віталёва.

т. 15, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)