ЛУ́КША Валянцін Антонавіч (н. 16.11.1937, г. Полацк Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Полацкі лясны тэхнікум (1956), Вышэйшую парт. школу пры ЦККПСС (1976). З 1956 працаваў у Пензенскай аэрафоталесаўпарадчай экспедыцыі, інструктарам Полацкага гаркома ЛКСМБ, у трэсце «Нафтабуд» (Полацк). З 1961 журналіст, з 1973 на Бел. радыё, у 1980—98 дырэктар выд-ва «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Асн. матывы яго паэзіі — расказ пра моладзь, рамант. героіка прац. будняў, мінулае і сённяшняе роднага краю, карціны побыту краін, дзе пабываў сам (зб-кі «Гарады нараджаюцца сёння», 1964; «Атава», 1969; «Споведзь», 1973; «Агонь і попел», 1989; «Агні далёкіх гарадоў», 1992; паэма-хроніка «Белыя берагі», 1981; гераічная драма-паэма «Падснежнікі для Веры», 1986). Аўтар кніг публіцыстыкі і нарысаў «Наша, полацкая прафесія» (1966), «Рамантыкі шасцідзесятых» (1967), «Дзесяць дарог да чароўнага» (1970), «Полацк» (1973), радыёп’ес «Інтэгралы на цэгле» (1974), «Мая радня» (1975), «Свае крылы» (1976); лібрэта радыёоперы К.Цесакова паводле «Палескай хронікі» І.Мележа «Барвовы золак» (паст. 1979); п’ес «Калі вяртаюцца буслы» (1982), «Пад шыфрам «Зорачка» і «Чароўны камень» (абедзве 1985), «Прывіды з могільніка аўтамабіляў» (1990) і інш. Выдаў кнігі вершаў і казак для дзяцей «Аркестр» (1972), «Зялёная бальніца» (1974), «Лета — круглы год» (1978), «Крылаты цэх» (1982), «Як Ліса вучылася лётаць» (1991) і інш., сатыр. і гумарыстычных вершаў і фельетонаў «Радзімыя плямы» (1982). На вершы Л. напісана шмат песень. Літ. прэмія імя П.Броўкі 1994. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГІ́БІН Юрый Маркавіч (3.4.1920, Масква — 17.4.1994),
рускі пісьменнік. Вучыўся ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі (1939—42). У 1943—45 ваен. карэспандэнт газ. «Труд». Друкаваўся з 1940. У зб-ках апавяданняў і аповесцей «Чалавек з фронту» (1943), «Зімовы дуб» (1955), «Перад святам» (1960), «Пагоня. Мяшчэрскія былі» (1963), «Завулкі майго дзяцінства» (1971), «Востраў любові» (1977), «Рака Геракліта» (1984), «Устань і ідзі» (1987) і інш. тэмы вайны і працы, успаміны дзяцінства, лёсы сучаснікаў, людзей рус. мастацтва і замежныя сустрэчы. Аўтар аповесцей «Бунташны востраў», «Цемра ў канцы тунэля», «Мая залатая цешча» (усе 1994), рамана «Дафніс і Хлоя эпохі культу асобы, валюнтарызму і застою» (апубл. 1995), артыкулаў пра л-ру і кіно (кнігі «Роздумы пра апавяданне», 1964; «Літаратурныя роздумы» 1977, і інш.), кн. «Дзённік» (апубл. 1995), кінасцэнарыяў па ўласных творах і інш. Пісаў для дзяцей. Творчасць Н. адметная драматызмам маральных пошукаў, лірычным светаўспрыманнем, дакладнасцю дэталей. Неаднаразова наведваў Беларусь, выступаў з артыкуламі пра вызваленне Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, пра парад бел. партызан у Мінску ў ліп. 1944. Паводле яго аповесці «Старонкі жыцця Трубнікава» (1963) пастаўлены фільм «Старшыня» (1965; правобраз гал. героя — старшыня калгаса «Рассвет» Магілёўскай вобл. К.П.Арлоўскі), аповесці «На ціхім возеры» (1963), прысвечанай нарачанскім рыбакам, Бел. студыя тэлебачання паставіла фільм «Запруда» (1967) і інш.Дзярж.рус.драм.т-р Беларусі паставіў п’есу «Бабскае царства» (1984, паводле яго аднайм. аповесці). На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі З.Машкевіч, Ф.Янкоўскі.
Тв.:
Соч.Т. 1—11. М., 1989—93;
Любовь вождей: Повести. Рассказы. М., 1994.
Літ.:
Богатко И. Юрий Нагибин. М., 1980;
Холопова В.Ф. Парадокс любви: Новеллистика Ю.Нагибина. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АРХІ́Ў РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (НАРБ). Засн. ў 1927 у Мінску як архіў Кастр. рэвалюцыі, з ліп. 1938 наз. архіў Кастр. рэвалюцыі і сацыяліст. будаўніцтва БССР, з мая 1993 — Бел.дзярж. архіў, з чэрв. 1995 сучасная назва. З 1930 знаходзіўся ў Магілёве, з 1944 у Мінску. Захоўваюцца дакументы органаў дзярж. улады і кіравання Беларусі, рэсп., парт., камсам., прафс., грамадскіх і каап. арг-цый, ВНУ, устаноў і арг-цый Часовага ўрада Расіі на тэр. Беларусі, бел.нац. і ням.акупац. устаноў перыядаў акупацыі рэспублікі Германіяй і Польшчай, асабістыя фонды дзярж. і грамадскіх дзеячаў Беларусі з сак. 1917 да нашых дзён. Мае 200 фондаў, 916,5 тыс. спраў (2000). Дакументы адлюстроўваюць падзеі Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый, устанаўлення сав. улады на Беларусі, утварэння БНР і БССР, дзейнасць КПБ і ЛКСМБ, аднаўленне нар. гаспадаркі і развіццё культуры ў 1920-я г., сацыяліст.буд-ва, нац.-вызв. рух у Зах. Беларусі, ням.акупац. рэжым, барацьбу бел. народа супраць акупантаў, развіццё партыз. руху і патрыят. падполля ў гады Вял.Айч. вайны, аднаўленне і развіццё эканомікі і культуры ў пасляваенны час, станаўленне суверэннай Рэспублікі Беларусь. Архіў вядзе н.-д. дзейнасць, распрацоўвае пытанні дакументазнаўства, тэорыі і методыкі архівазнаўства. Разам з інш.навук. ўстановамі рыхтуе дакумент. выданні. Працуюць аддзелы: забеспячэння захавання дакументаў і фондаў, інфарм.-пошукавых сістэм; справаводства, камплектавання і ведамасных архіваў, навук. выкарыстання, дакументаў і інфармацыі; асабістых фондаў; дакументаў Вял.Айч. вайны; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў; публікацыі дакументаў; бібліятэка (8,2 тыс.экз. кніг, 1,7 тыс. гадавых камплектаў часопісаў, 1,5 тыс. гадавых камплектаў газет).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАНА́ (Paraná, на мове індзейцаў гуарані — вялікая рака),
рака ў Бразіліі, Парагваі і Аргенціне (часткова служыць мяжой паміж імі), другая па велічыні ў Паўд. Амерыцы (пасля р. Амазонка). Даўж. ўласна П. (без эстуарыя) 4380 км, пл. басейна 2663 тыс.км² (з р. Уругвай 2970 тыс.км²). Утвараецца ад сутокаў рэк Рыу-Гранды і Паранаіба, якія пачынаюцца на Бразільскім пласкагор’і, упадае ў Атлантычны ак. У верхнім цячэнні горная, перасякае лававае плато Парана, утварае парогі і вадаспады (Урубупунга выш. да 12 м, Сеты-Кедас выш. да 33 м). Каля г. Пасадас выходзіць на Лаплацкую нізіну, на Пд ад г. Д’ямантэ знаходзіцца вял.ўнутр. дэльта (даўж. каля 130 км), дзе вылучаюцца рукавы і пратокі. Далей П. зліваецца з р. Уругвай у агульнае вусце і ўтварае адзін з найб. у свеце эстуарыяў — заліў Ла-Плата. Гал. прытокі Тыетэ, Паранапанема, Ігуасу, Уругвай (злева), Парагвай, Рыо-Салада, Каракаранья (справа). Жыўленне дажджавое. Разводдзе ад студз. да мая (летнія дажджы ў верхняй ч.), другое павышэнне ўзроўню ў чэрв.—жн. (зімовыя дажджы ў ніжняй ч.). Расход вады 17,5 тыс.м³/с (разам з р. Уругвай 23 тыс.м³/с). Цвёрды сцёк каля 150 млн.т/год, яе мутныя воды прыкметныя ў акіяне на працягу 100—150 км ад берага. Суднаходная да г. Пасадас, пры высокай вадзе — да вусця р. Ігуасу, для акіянскіх суднаў да г. Расарыо (640 км ад вусця). Буйныя ГЭС і вадасховішчы — Ітайпу (найб. ў свеце, 12,6 млн.кВт), Ілья-Салтэйра, Жупія. Гал. гарады: Пасадас, Карыентэс, Санта-Фе, Парана, Расарыо (Аргенціна), на ўзбярэжжы Ла-Платы — Буэнас-Айрэс, Ла-Плата (Аргенціна) і Мантэвідэо (Уругвай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПА́ЛЬСКІ ДАГАВО́Р 1922, савецка-германскі дагавор 1922,
падпісаны паміж РСФСР (Г.В.Чычэрын) і Германіяй (К.І.Вірт і В.Ратэнаў) у г. Рапала (Італія) 16 крас. ў час Генуэзскай канферэнцыі 1922. Заключэнню дагавора папярэднічалі двухбаковыя перагаворы ў Маскве ў 1921 і ў Берліне ў крас. 1922. Паводле дагавора аднаўляліся дыпламат. і консульскія адносіны паміж абедзвюма дзяржавамі (былі разарваны пасля Ліст. рэвалюцыі 1918 у Германіі), бакі адмаўляліся ад узаемных фін. прэтэнзій (Сав. Расія — ад кампенсацыі ваен. і неваен. страт, нанесеных 1-й сусв. вайной, Германія — ад выплаты ёй даўгоў царскага ўрада і пакрыцця кошту нацыяналізаваных сав. ўладамі герм. прадпрыемстваў), надаваўся статус найб. спрыяння двухбаковым гандл.-эканам. адносінам. Дадатковае сакрэтнае пагадненне да дагавора прадугледжвала супрацоўніцтва герм.узбр. сіл (рэйхсвера) з Чырв. Арміяй (у т. л.вытв-сць і выпрабаванне ў Сав. Расіі ням. зброі), што парушала ўмовы Версальскага мірнага дагавора 1919. Дагавор ратыфікаваны ВЦВК РСФСР 16 мая, герм. рэйхстагам — 4 ліп.; 5.11.1922 яго дзеянне пашырана на інш.сав. рэспублікі, у т. л.БССР. Р.д. стварыў дагаворна-прававую аснову для развіцця паліт., эканам. і культ. сувязей паміж Сав. Расіяй і Германіяй, значна ўмацаваў міжнар. становішча бакоў, у т. л. прарваў іх знешнепаліт. ізаляцыю. Страціў сілу пасля нападу нацысцкай Германіі на СССР (чэрв. 1941).
Публ.: Советско-германские отношения от переговоров в Брест-Литовске до подписания Рапалльского договора. Т. 2. (1919—1922). М., 1971.
Літ.:
Трухнов Г.М. Поучительные уроки истории: Три сов.-герм. договора (1922—1926 гг.). Мн., 1979;
Космач В.А., Романовский Д.В. Советская Беларусь и Германия в 1917—1932 гг.: кампании солидарности, торговля, культурный обмен (уроки истории для современности). Витебск, 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСА́К Адам Герасімавіч (24.5.1904, в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 21.3.1987),
бел.паэт.Засл. дз. культ. Беларусі (1964). Скончыў Бел.муз. тэхнікум (1930), Ленінградскую кансерваторыю (1934). Працаваў салістам аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра (1932—49), Бел. філармоніі (1949—59). Друкаваўся з 1927. Аўтар кніг паэзіі «На родных палетках» (1946), «Песні і вершы» (1951), «Песні» (1954), «Пад голас баяна» (1957), «Звонкія крыніцы» (1965), «Закрасуйся, Нёман» (1978), «Песні на словы А.Русака» (1980). У яго вершах услаўляюцца жыццё і праца свайго народа, яго гасціннасць і шчырасць, ім характэрны светлыя фарбы, мажорнае гучанне і лёгкі смутак, напеўнасць і прастата, гумар і вобразнасць, блізкія да фальклору. Песня на яго словы «Бывайце здаровы» (музыка У.Захарава і І.Любана) стала народнаю. Шырокую вядомасць і папулярнасць набылі інш. песні (каля 300) на тэксты вершаў Р.: «Толькі з табою» і «Не шукай» (муз. Любана), «Лясная песня» (муз. У.Алоўнікава), «Не за вочы чорныя» (муз. Ю.Семянякі), «Узнялося сонца яснае» (муз. Дз.Лукаса), «Дзе ты, зорка мая» (муз. І.Лучанка), «Сярожка» (муз. К.Паплаўскага), «Як той Зосі давялося» (муз. Г.Цітовіча), «Чырвоная вяргінечка» (муз. Н.Сакалоўскага), «Як правёў мяне Цімох» (муз. М.Ларкова) і інш. Для дзяцей выдаў зб-кі паэзіі «У Буслаўцы» (1967), «Добра ведаю ўрок» (1981), «Дружбакі» (1987).
Тв.:
Выбранае. Мн., 1972;
Толькі з табою. Мн., 1960. Засцілайце сталы. Мн., 1984.
Літ.:
Цішчанка І. Жыццё песні. Мн., 1984;
Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;
Вайткевіч В. Выбіраць словы, як кветкі для букета // Мастацтва Беларусі. 1984. №6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЯПНЯ́К-КРАЎЧЫ́НСКІ (сапр.Краўчынскі) Сяргей Міхайлавіч
(13.7.1851, с. Новы Старадуб Пятроўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 23.12.1895),
рускі рэвалюцыянер-народнік, пісьменнік. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча ў Пецярбургу (1870), вучыўся ў Лясным ін-це (1871—73). У 1872 чл.рэв. гуртка «чайкоўцаў». Увосень 1873 хадзіў у «народ». Быў арыштаваны, уцёк, у 1874 эмігрыраваў. Летам 1875 удзельнічаў у Герцагавінска-Баснійскім паўстанні 1875—78, супрацоўнічаў у газ. «Работник» (Жэнева). За ўдзел ва ўзбр. паўстанні ў італьян. правінцыі Беневента ў 1877 арыштаваны, амнісціраваны. З мая 1878 нелегальна жыў у Пецярбургу, быў чл.«Зямлі і волі», рэдагаваў 1-ы нумар час. «Земля и воля». 4.8.1878 забіў шэфа жандараў Н.В.Мезяннова. З 1878 у эміграцыі (Швейцарыя, Італія, з 1884 у Лондане). У пач. 1880-х г. далучыўся да «Народнай волі», але разыходзіўся з яе членамі па многіх пытаннях. У 1891 у Лондане заснаваў «Фонд вольнай рускай прэсы», арганізаваў англ. «Т-ва сяброў рускай свабоды» (1890), рэдагаваў яго орган — час. «Free Russia» («Свабодная Расія», вып. 1—3, 1890—92). У 1890-я г. адмаўляў тэрор як метад паліт. барацьбы. Аўтар гісторыка-публіцыст. кн. «Падпольная Расія» (1881—82 на італьян. мове; рус.пер. аўтара 1893), «Расія пад уладай цароў» (1885, на англ. мове, рус.пер. 1965), рамана «Андрэй Кожухаў» («Шлях нігіліста», 1889; рус.пер. 1898), аповесці «Домік на Волзе» (1889), драм. прапагандысцкіх казак, нарысаў і інш. Яго творчасці ўласцівы рамантычныя адносіны да рэчаіснасці, эмацыянальнасць, рэв. пафас.
Тв.:
Соч. 1—2. М., 1958;
Избранное. М., 1972.
Літ.:
Маевская Т.П. Слово и подвиг: Жизнь и творчество С.М.Степняка-Кравчинского. Киев, 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНУШЭ́ВІЧ Дзмітрый Сілыч (13.11.1882, г. Капыль Мінскай вобл. — 28.6.1938),
дзяржаўны дзеяч Беларусі. З 1901 працаваў у канцылярыях станавых прыставаў у Брагіне, Капылі, в. Юравічы Рэчыцкага пав. У 1904—06 у Амерыцы, у 1906—07 і ў 1914—17 у арміі. Са студз. 1918 сакратар Слуцкага пав. аб’яднання кааператываў. За прапаганду сярод ням. салдат у сак.—маі 1918 зняволены ў канцлагер. З вер. 1918 рэдактар, пам. загадчыка, заг. аддзела Белнацкома. Са студз. 1919 камісар сац. забеспячэння ў Часовым рэв. рабоча-сял. урадзе БССР. З сак. 1919 чл. калегіі Наркамата сац. забеспячэння Літ.-Бел. ССР, з мая старшыня Капыльскага і Клецкага вал. выканкомаў. З вер. 1919 сакратар пав. выканкома, адначасова сакратар рэўкома, старшыня пав.к-та партыі, заг. зямельнага аддзела г. Духаўшчына Смаленскай губ. З лют. 1922 старшыня Ігуменскага пав. выканкома, з вер. 1923 сакратар Ігуменскага пав.к-та партыі. З сак. 1924 нарком унутр. спраў БССР, са жн. 1924 сакратар ЦВКБССР, са жн. 1927 старшыня Упраўлення дзярж. страхавання БССР. З пач. 1930-х г.нам. дырэктара Ін-та л-ры, мастацтва і мовы Бел.АН, пазней у Мінскім аддз.Бел. канторы Усесаюзнага акц.т-ва па забеспячэнні сельскай гаспадаркі сродкамі вытворчасці. Чл.ЦВКБССР у 1919, 1921—31, чл. Прэзідыума ЦВК 1924—27. Чл.ЦВКЛіт.-Бел. ССР (1919). Канд. у чл. Кантрольнай камісіі КП(б)Б у 1923—24, чл. Рэвізійнай камісіі КП(б)Б у 1925—27, чл.ЦККП(б)Б у 1929—30. 25.1.1938 арыштаваны і неабгрунтавана асуджаны Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР да вышэйшай меры пакарання, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯНІ́ЦКАЯМая Міхайлаўна (н. 22.5.1931, б. хутар Валянцінава Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1974). Скончыла Усесаюзны завочны ін-тсав. гандлю (1955). З 1958 працавала ў выд-вах «Звязда» і «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (1974—77, у 1975—76 заг. рэдакцыі), Мін-ве мясц. прам-сці і быт. абслугоўвання насельніцтва Беларусі, у 1971—74, 1977—91 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, у 1991—94 у Нац.навук.-асветніцкім цэнтры імя Ф.Скарыны, з 1997 у Бел.дзярж. ін-це праблем культуры. Даследуе гісторыю бел. культуры, у т. л. гісторыю маст. шкла, творчасць мастакоў дэкар.-прыкладнога мастацтва, праблемы сучаснага бел. мастацтва. Аўтар раздзелаў па дэкар.-прыкладным мастацтве ў «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94); аўтар прадмовы і складальнік раздзелаў па шкле, фарфоры, фаянсе і металапластыцы ў каталогу выстаўкі «Мадэрн са збораў беларускіх музеяў» (1990, г. Плоцк, Польшча); складальнік раздзела па дэкар.-прыкладным мастацтве ў альбоме-каталогу «Беларускае мастацтва XX стагоддзя» (2003) рэсп. выстаўкі «Беларусь — трэцяму тысячагоддзю» і інш. Адзін з аўтараў і навук. рэдактар «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88), серыйнага навук. выдання «Вяртанне» (1992—97), першага мультымедыйнага выдання «Беларуская культура. Лепшыя старонкі: Іканапіс. Традыцыйны касцюм. Архітэктура. 100 рарытэтаў з музеяў Беларусі» (2000).
Тв.:
Беларускае мастацкае шкло XVI—XVIII стст. Мн., 1977;
Вытокі шкларобства Беларусі. Мн., 1980;
Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX стагоддзя. Мн., 1984;
Гісторыя шкляной вясёлкі. Мн., 1986;
Художественное стекло Советской Белоруссии. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́НЧА (Jancsó) Міклаш (н. 27.9.1921, г. Вац, Венгрыя),
венгерскі кінарэжысёр. Нар.арт. Венгрыі (1980). Скончыў ун-т у г. Клуж (1944), Вышэйшую школу т-ра і кіно ў Будапешце (1950). З 1951 здымаў дакумент. фільмы («Бессмяротнасць», 1959, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Сан-Францыска 1960, і інш.). У маст. кіно дэбютаваў фільмам «Званы адпраўляюцца ў Рым» (1959). Асаблівасці яго творчай манеры выявіліся ў фільмах «Развязкі і завязкі» («Кантата», 1963), «Так я прыйшоў» (1965), «Бедныя хлопцы» («Без надзеі», 1966; прэмія Міжнар. кінафестываляў у Лакарна 1966, Лондане 1967). У фільмах «Зоркі і салдаты» (з СССР, 1967; спец. прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Адэлаідзе 1969), «Цішыня і крык» (Залаты прыз Міжнар. кінафестывалю ў Авеліна), «Светлыя вятры» (абодва 1968, за апошні гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Адэлаідзе) аформілася маст. мадэль Я. — гіст. парабала, якая прыняла выгляд фалькл. абрадавай дзеі з харэаграфіяй і харавымі спевамі. Фільмы 1970-х г. «Пакуль народ яшчэ просіць» (прэміі Міжнар. кінафестываляў у Канах і Мілане 1972), «Любоў мая, Электра» (прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Чыкага 1975), «Венгерская рапсодыя», «Allegro barbaro» (спец. прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах, Барселоне 1979) насычаны алегарычнымі і сімвалічнымі вобразамі. Сярод інш. работ: «Пацыфістка» (1970), «Сезон пачвар» (1987), «Гараскоп Ісуса Хрыста» (1988), «Бог падаецца назад» (1990), «Вальс «Блакітны Дунай» (1991, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Манрэалі), «Гасподзь даў мне свяцільнік у Будапешце» (1998), «Маць тваю! Камары» (1999) і інш. Адначасова з 1971 ставіў тэатр. спектаклі, у 1983—85 узначальваў т-р у г. Кечкемет. Спец. прэміі за ўклад у кінамастацтва Міжнар. кінафестываляў у Канах 1979, Венецыі 1990, Будапешце 1994. Дзярж. прэмія Венгрыі імя Кошута 1979.