ЧАРНУШЭ́ВІЧ Дзмітрый Сілыч (13.11.1882, г. Капыль Мінскай вобл. — 28.6.1938),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. З 1901 працаваў у канцылярыях станавых прыставаў у Брагіне, Капылі, в. Юравічы Рэчыцкага пав. У 1904—06 у Амерыцы, у 1906—07 і ў 1914—17 у арміі. Са студз. 1918 сакратар Слуцкага пав. аб’яднання кааператываў. За прапаганду сярод ням. салдат у сак.—маі 1918 зняволены ў канцлагер. З вер. 1918 рэдактар, пам. загадчыка, заг. аддзела Белнацкома. Са студз. 1919 камісар сац. забеспячэння ў Часовым рэв. рабоча-сял. урадзе БССР. З сак. 1919 чл. калегіі Наркамата сац. забеспячэння Літ.-Бел. ССР, з мая старшыня Капыльскага і Клецкага вал. выканкомаў. З вер. 1919 сакратар пав. выканкома, адначасова сакратар рэўкома, старшыня пав. к-та партыі, заг. зямельнага аддзела г. Духаўшчына Смаленскай губ. З лют. 1922 старшыня Ігуменскага пав. выканкома, з вер. 1923 сакратар Ігуменскага пав. к-та партыі. З сак. 1924 нарком унутр. спраў БССР, са жн. 1924 сакратар ЦВК БССР, са жн. 1927 старшыня Упраўлення дзярж. страхавання БССР. З пач. 1930-х г. нам. дырэктара Ін-та л-ры, мастацтва і мовы Бел. АН, пазней у Мінскім аддз. Бел. канторы Усесаюзнага акц. т-ва па забеспячэнні сельскай гаспадаркі сродкамі вытворчасці. Чл. ЦВК БССР у 1919, 1921—31, чл. Прэзідыума ЦВК 1924—27. Чл. ЦВК Літ.-Бел. ССР (1919). Канд. у чл. Кантрольнай камісіі КП(б)Б у 1923—24, чл. Рэвізійнай камісіі КП(б)Б у 1925—27, чл. ЦК КП(б)Б у 1929—30. 25.1.1938 арыштаваны і неабгрунтавана асуджаны Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР да вышэйшай меры пакарання, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958.

Я.​С.​Фалей.

т. 17, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)