ДЖОНС ((Jones) Ініга) (15.7.1573, Лондан — 21.6.1652),

англійскі архітэктар. Неаднаразова наведваў Італію, дзе вывучаў работы А.Паладыо (да яго трактата «Чатыры кнігі пра архітэктуру» выдаў каментарыі ў 1715) і Дж.Віньёлы. У 1615—43 гал. дазорац каралеўскіх будынкаў. Як адзін з буйнейшых прадстаўнікоў англ. паладыянства сцвярджаў у айч. архітэктуры прынцыпы класічнага дойлідства. Яго праект палаца Уайтхал у Лондане (1619—22; пабудавана Банкетная зала), віла каралевы («Куінсхаўс») у Грынвічы (1616—35) адметныя выразнасцю кампазіцыі і высакароднай прастатой формаў.

т. 6, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПО́ЛЬНЫ МО́МАНТ,

вектарная фізічная велічыня, якая характарызуе ўласцівасці дыполя. 1) Электрычны Д.м. — вектар па модулі, роўны p=ql, дзе q — дадатны эл. зарад дыполя, l — адлегласць паміж зарадамі (плячо дыполя), і накіраваны ад адмоўнага зараду да дадатнага. Д.м. вызначае эл. поле дыполя на вял. адлегласцях ад яго, а таксама ўздзеянне на дыполь знешніх эл. і магн. палёў. Адзінка эл. Д.м. ў СІ — кулон-метр, пазасістэмная адзінка — дэбай.

2) Магнітны Д.м. — тое, што магнітны момант.

т. 6, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯДО́Р СІЦЫЛІ́ЙСКІ (грэч. Diodōros Sikeliōtēs; каля 90, Агірыён, в-аў Сіцылія — 21 да н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык. Аўтар працы «Гістарычная бібліятэка» (40 кн.; захаваліся 1—5 і 11—20, астатнія — у фрагментах), дзе сінхронна выкладаюцца падзеі з гісторыі стараж. Грэцыі, эліністычных дзяржаў, Рыма і Усходу з легендарных часоў да сярэдзіны 1 ст. да н.э.

Літ.:

Строгецкий В.М. Возникновение и развитие исторической мысли в Древней Греции: (На материале изучения «Исторической библиотеки» Диодора Сицилийского). Горький, 1985.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАНДО́ЛЬ ((de Candolle) Агюстэн Пірам) (4.2.1778, г. Жэнева, Швейцарыя — 9.9.1841),

швейцарскі батанік; заснавальнік параўнальнай марфалогіі раслін. Замежны ганаровы чл. (1835) Пецярб. АН. Бацька А.Дэкандоля. Вучань Ж.Кюўе і Ж.Б.Ламарка. Праф. ун-таў у Парыжы (з 1802), Манпелье (з 1808), Жэневе (з 1816), дзе заснаваў бат. сад і «Гербарый Д.». Распрацаваў адну з першых натуральных сістэм раслін (1835); аўтар працы «Увядзенне ў натуральную сістэму царства раслін» (т. 1—17, 1824—39), якую завяршыў яго сын.

т. 6, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРО́ПА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня земляробства, дачка фінікійскага цара Агенора, сястра Кадма, маці Мінаса, Сарпедона і Радаманфа. Закаханы ў Е. Зеўс пад выглядам быка выкраў яе і пераплыў на Крыт, дзе Е. стала яго жонкай. Культ Е. існаваў у Фінікіі і на Крыце. Выкраданне Е. — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазапіс, рым. мазаіка, фрэскі ў Пампеях, карціны К.​Ларэна, Рафаэля, Тыцыяна і інш.).

Да арт. Еўропа. Выкраданне Еўропы. Мастак В.​А.​Сяроў. 1910.

т. 6, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЎТО́К,

пажыўныя рэчывы, якія назапашваюцца ў яйцаклетках жывёл і чалавека ў выглядзе гранул (радзей суцэльнай масы) і служаць для жыўлення зародка на працягу яго развіцця. Мае ў сабе бялкі, тлушчы, вугляводы, рыбануклеінавую кіслату, мінер. рэчывы; асн. яго масу складаюць ліпа- і глікапратэіды. Наяўнасць Ж. ў яйцаклетках абумоўлівае іх значна большыя памеры ў параўнанні са сперматазоідамі. Сінтэз Ж. бывае энда- або экзагенным у залежнасці ад таго, дзе ён ажыццяўляецца: у яйцаклетцы або па-за ёй.

т. 6, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́НІНА (Ларыса Аляксандраўна) (25.7.1914, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. — 18.10.1981),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі шкла. Д-р тэхн. н. (1968), праф. (1970). Скончыла БПІ (1938), дзе працавала з 1946, з 1976 у Бел. тэхнал. ін-це. Навук. працы па даследаванні механізмаў утварэння сілікатных матэрыялаў і распрацоўцы новых відаў шкла і сіталаў са спец. ўласцівасцямі.

Тв.:

Минералообразование в процессе кристаллизации шлакосодержащего ситалла пироксенового состава (у сааўт.) // Эксперимент в области технического минералообразования (у сааўт). М., 1975.

т. 6, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБО́Й,

1) канец горнай вырабаткі, які паступова прасоўваецца ў выніку горных работ і з’яўляецца рабочым месцам гарняка. У шахтах і рудніках З. бываюць: гарызантальныя, вертыкальныя і нахіленыя; ачышчальныя, дзе непасрэдна здабываюць карысныя выкапні, і падрыхтоўчыя, або праходчыя. У кар’ерах (пры адкрытай распрацоўцы радовішча) З. — участак заходкі (рабочага ўступа і інш.), які непасрэдна распрацоўваецца экскаватарам. Паводле размяшчэння адрозніваюць З. бакавыя (тарцовыя) і франтальныя.

2) Тарцовая паверхня буравой свідравіны, якая пры праходцы разбураецца буравым інструментам.

т. 6, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРУХ у супраціўленні матэрыялаў,

від пругкай дэфармацыі, які характарызуецца зменай (скажэннем) вуглоў элементарных паралелепіпедаў цела пры захаванні іх аб’ёму. Прыводзіць да ўзаемнага зрушэння паралельных слаёў матэрыялу з захаваннем нязменнай адлегласці паміж імі. Пры З. мае месца Гука закон: τ=Gγ, дзе τ — датычнае напружанне, што выклікае З., G — модуль З. дадзенага матэрыялу (гл. Модулі пругкасці), γ — вугал З. ці адносны З. Разлік на З. — асноўны для балтовых і заклёпачных злучэнняў і зварных швоў.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБН ФАДЛА́Н Ахмед ібн Абас, арабскі падарожнік і пісьменнік 1-й пал. 10 ст. У 921—22 у якасці сакратара пасольства абасідскага халіфа Муктадзіра здзейсніў падарожжа праз Бухару і Харэзм да цара волжскіх балгар, якое апісаў у кнізе, дзе прывёў цікавыя звесткі пра гарады і народы, у т. л. Харэзм, агузаў, башкір, балгар, русаў, змясціў багаты фальклорна-этнагр. матэрыял. Першапачатковы тэкст кнігі І.Ф. страчаны, скарочаная рэдакцыя гэтага твора знойдзена ў г. Мешхед у 1923.

т. 7, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)