ПЕСТАЛО́ЦІ ((Pestalozzi) Іаган Генрых) (12.1.1746, г. Цюрых, Швейцарыя — 17.2.1827),

Швейцарскі педагог, адзін з заснавальнікаў дыдактыкі пач. навучання. Скончыў 2 курсы калегіума Каралінум. У 1774—80 узначальваў «Установу для бедных у Найхафе», у 1798—99 — прытулак для сірот у Станцы, у 1800—04 — ін-ты ў Бургдорфе і ў 1805—25 у Івердоне. У сваім светапоглядзе спалучаў ідэі франц. асветнікаў, у асн. Ж.Ж.Русо, з тэорыямі ням. філосафаў Т.Лейбніца, І.Канта, І.Г.Фіхтэ і інш. Аўтар шматлікіх пед. і літ. твораў, у т. л. «Лінгард і Гертруда» (1781—87), «Як Гертруда вучыць сваіх дзяцей» (1801), «Пісьмо да сябра пра знаходжанне ў Станцы» (1799), трактата «Лебядзіная песня» (1826) і інш. Паводле П., выхаванне павінна быць прыродазгодным (улічваць прыроду дзіцяці і закладзеныя ў ім задаткі). Важнай задачай выхавання лічыў развіццё ў дзяцей высокіх маральных пачуццяў, фарміраванне маральнай свядомасці і перакананняў. Навучанне імкнуўся будаваць на псіхал. аснове (пачуццёвым пазнанні), выкладаў ідэю развіццёвага навучання (К.​Дз.​Ушынскі назваў яе «вялікім адкрыццём П.»). Сфармуляваў дыдактычныя прынцыпы паслядоўнасці ў навучанні, адстойваў прынцып сістэматычнасці, вял. значэнне надаваў нагляднасці. Прыхільнік злучэння навучання і прац. актыўнасці. Яго ідэі паўплывалі на развіццё дыдактыкі і педагогікі.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. пед. соч. Т. 1—2. М. 1981.

Літ.:

Пинкевич А.П. И.​Г.​Песталоцци. М., 1933;

Кларин В.М. Теория элементарного образования // Магистр. 1993. №2.

І.Г.Песталоці.

т. 12, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЭ́САР (англ. processor ад process апрацоўваць),

сукупнасць прылад ЭВМ або выліч. сістэмы, якая выконвае функцыі пераўтварэння інфармацыі. У шматпрацэсарных выліч. сістэмах можа быць да соцень (ці больш) паралельных П. У праграмаванні П. наз. складаная лагічная праграма ў складзе сістэмы аўтаматызацыі праграмавання, напр., сінтакс. кантролю, П. зборкі рабочай праграмы, тэкставы П.

У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць П.: цэнтральны, функцыянальна-арыентаваны і праблемна-арыентаваны. Цэнтральны П. — асн. частка ЭВМ, якая непасрэдна ажыццяўляе працэс апрацоўкі інфармацыі, а таксама кіруе ім і каардынуе дзеянні інш. вузлоў ЭВМ. Мае блок кіравання, арыфметычна-лагічнае прыстасаванне (адно ці некалькі), лакальную памяць, сродкі кантролю і дыягностыкі. Функцыянальна-арыентаваныя П. забяспечваюць выкананне тыповых функцый выліч. прылад апаратнымі спосабамі. Да іх адносяць сістэмны П. (выконвае службовыя функцыі ЭВМ, напр., увод—вывад інфармацыі, кантроль і апрацоўку станаў перыферыйных прылад), сеткавы П. (забяспечвае функцыянаванне выліч. сеткі), сервісны П. (для кантролю, дыягностыкі, статыстыкі і інш. аперацый абслугоўвання ЭВМ) і інш. Праблемна-арыентаваныя П. прызначаны для павышэння (адносна цэнтральнага П.) скорасці апрацоўкі некаторых класаў задач (напр., для апрацоўкі адна- і мнагамерных матрыц, рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў, задач тэорыі поля), а таксама асобных працэдур аперацыйнай сістэмы. Такія П. звычайна з’яўляюцца дадатковымі спецыялізаванымі П., якія далучаюцца да асн. ЭВМ, напр., праз інтэрфейс уводу—вываду.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПАЗНАВА́ННЕ ВО́БРАЗАЎ,

раздзелы кібернетыкі і інфарматыкі. Вывучае і распрацоўвае спосабы, метады і сістэмы (у т. л. на аснове ЭВМ) ідэнтыфікацыі аб’ектаў (з’яў, працэсаў, жывых істот, сітуацый і інш.) або іх класіфікацыі. Працэс Р.в. заснаваны на супастаўленні прыкмет (уласцівасцей) аб’ектаў, што даследуюцца, з прыкметамі (уласцівасцямі) вядомых аб’ектаў (эталонаў, шаблонаў).

Пры рашэнні задач Р.в. выбіраецца правіла (вырашальная функцыя) на аснове істотных сукупнасцей прыкмет (літар, фігур, контураў і інш.), што складаюць вобраз аб’екта, вырашаецца клас, да якога дадзены аб’ект адносіцца. Напр., пры распазнаванні відарысаў прыкметамі могуць быць яркасці элементарных участкаў, на якія раскладзены відарыс. Работы ў галіне Р.в. складаюць аснову для распрацоўкі інфарм. тэхналогій у эканоміцы, прам-сці, ваен. справе, фізіцы, геахіміі, метэаралогіі, біялогіі і медыцыне, тэхніцы і інш.

На Беларусі работы па Р.в. вядуцца з 1960-х г. у Ін-тах тэхн. кібернетыкі, фізікі, матэматыкі, прыкладной фізікі, прыкладной оптыкі, навук.-тэхн. цэнтры «Экамір» Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім мед. ін-це і інш.

Літ.:

Ту Дж.Т., Гонсалес Р. Принципы распознавания образов: Пер. с англ. М., 1978;

Васильев В.И. Распознающие системы: Справ. 2 изд. Киев, 1983;

Тимохин В.И. Применение ЭВМ для решения задач распознавания образов. Л., 1983;

Абламейко С.В., Лагуновский Д.М. Обработка изображений: технология, методы, применение. Мн., 2000.

С.​У.​Абламейка, М.​П.​Савік.

т. 13, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́РЫЧАЎ (Юрый Аляксеевіч) (28.4.1953, Мінск — 20.9.1997),

бел. акцёр і рэжысёр т-ра лялек. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). У 1975—86, 1989—92 і 1996—97 акцёр, у 1987—89 рэжысёр Бел. дзярж. т-ра лялек, у 1992—93 рэжысёр-пастаноўшчык Брэсцкага абл. т-ра лялек, у 1994—96 гал. рэжысёр Мінскага абл. т-ра лялек «Батлейка» (г. Маладзечна). Для акцёрскага мастацтва С. характэрны псіхал. дакладнасць і яркая характарнасць. Найб. поўна талент праявіўся ў спектаклях для дарослых. Сярод роляў: Гефест («Хачу быць богам» А.​Вярцінскага), Мядзведзь, Ілья Мурамец («Да трэціх пеўняў» В.​Шукшына), Калібан («Бура» У.​Шэкспіра), Паэт («Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» П.​Неруды), Анёл А («Боская камедыя» І.​Штока) і інш. Паставіў спектаклі: «Церам-Церамок» С.​Маршака (1985), «Казка пра Хлапчыша-Кібальчыша» А.​Гайдара (1987), «Пра Фядота-Стральца, удалога малайца» Л.​Філатава (1988), «Васіліса Прыгожая» С.​Пракоф’евай і Г.​Сапгіра (1990) у дзярж, т-ры лялек; «Доктар-Айбаліт» В.​Карастылёва (1992), «Янка-ўдалец і нячыстая сіла» І.​Сідарука (1993) і інш. ў Брэсцкім т-ры лялек; «Меч анёла» Сідарука (1994), «Незвычайныя спаборніцтвы» Я.​Спяранскага (1995), «Снежная каралева» Х.​К.​Андэрсена (1995), «Доктар-Айбаліт» Карастылёва (1996) у т-ры лялек «Батлейка».

С.​Ф.​Юркевіч.

т. 14, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З ЖУРНАЛІ́СТАЎ БЕЛАРУ́СІ.

Беларускі саюз журналістаў, добраахвотная грамадская арганізацыя прафес. работнікаў перыяд. друку, тэлебачання, радыёвяшчання, інфарм. агенцтваў, выдавецтваў. Створаны ў 1959 як С.ж.Б. З 1995 наз. Бел. саюз журналістаў. Гал. задачы саюза — павышэнне прафес. майстэрства журналістаў, іх кругагляду і абагульненне лепшага вопыту. Арганізоўвае творчыя семінары, стажыроўку маладых журналістаў, прэс-канферэнцыі, творчыя конкурсы, выстаўкі. Членамі саюза могуць быць журналісты, фотакарэспандэнты, мастакі, рэдактары, якія працуюць у друку, на радыё і тэлебачанні, у інфарм. агенцтвах не менш як 3 гады і валодаюць высокім прафес. майстэрствам. Вышэйшы орган — рэсп. з’езд. Паміж з’ездамі дзейнасцю саюза кіруе сакратарыят і рада. З’езды адбыліся ў 1959, 1962, 1966, 1971, 1977, 1982, 1987, 1990, 1995, 2000. Дзейнасць С.ж.Б. распаўсюджваецца на тэр. Рэспублікі Беларусь. У абласцях створаны абласныя журналісцкія арг-цыі, у рэдакцыях — пярвічныя. Уваходзіць у склад Міжнар. канфедэрацыі журналісцкіх саюзаў. Яго прадстаўнікі ўдзельнічаюць у міжнар. сустрэчах і сімпозіумах журналістаў, арганізоўваюць аналагічныя мерапрыемствы на Беларусі, спрыяюць умацаванню супрацоўніцтва і абмену вопытам паміж сродкамі масавай інфармацыі розных краін свету. Выдае газ. «Вдохновение». Старшыні С.ж.Б.: Ф.​Я.​Кляцкоў (1959—71), У.​В.​Мацвееў (1971—73), А.​А.​Тоўсцік (1973—87), І.​П.​Макаловіч (1987—90), Л.​С.​Екель (з 1990). На 1.9.2001 аб’ядноўвае 2500 чл.

Т.​М.​Мазур.

т. 14, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЕПТЫЦЫ́ЗМ (франц. scepticisme ад грэч. skeptikos які разглядае, даследуе),

філасофская пазіцыя, якая характарызуецца сумненнем у існаванні якога н. надзейнага крытэрыя ісціны. Заснавальнікам С. як філас. дактрыны лічыцца стараж.-грэч. філосаф Пірон (каля 365—275 да н.э.), сістэматызаваў такія погляды Секст Эмпірык. У сярэдневякоўі С. выступаў як сінонім вальнадумства, форма крытыкі царк. догматаў (напр., твор П.​Абеляра «Так і не так»). У 16—18 ст. ідэі С. былі накіраваны супраць сярэдневяковай схаластыкі (М. дэ Мантэнь, П.​Шарон, П.​Бейль і інш.). У філасофіі Д.​Юма, І.​Канта ён прымаў такую форму, якая прыводзіла да агнастыцызму. С. грунтуецца на розных тэарэт. перадумовах. Імі могуць быць або сумненне ў надзейнасці пачуццёвага пазнання, або перабольшванне значэння факта адноснасці (незавершанасці, зменлівасці) чалавечых ведаў. У апошнім выпадку С. з’яўляецца рэакцыяй на дагматызм абстрактных філас. пабудоў, што праявілася ў філасофіі Юма, Канта, пазітывістаў (А.​Конта, Г.​Спенсера). У звычайным сэнсе С. — гэта настрой, псіхічны стан няўпэўненасці, якія арыентуюць на ўстрыманне выказваць якія-н. катэгарычныя меркаванні.

Літ.:

Рихтер Р. Скептицизм в философии: Пер. с нем. Т. 1. СПб, 1910;

Лосев А.Ф. Культурно-историческое значение античного скептицизма и деятельность Секста Эмпирика // Секст Эмпирик. Соч. М., 1975. Т. 1;

Рассел Б. История западной философии...: Пер. с англ. 3 изд. М., 2000.

А.​Б.​Савеня.

т. 14, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЯПЕ́ННЕ,

нясучая прасторавая канструкцыя для перакрыцця ці пакрыцця збудаванняў, якая мае крывалінейную паверхню. Можа быць з цэглы, прыроднага каменю, жалезабетону, дрэва. Пад нагрузкай працуе пераважна на сцісканне, перадае на апоры верт. і гарыз. намаганні. Бываюць рознай формы. Разнавіднасць С. — купал. У манум. архітэктуры Беларусі вядомы з 11—12 ст. Цыліндрычныя С. з малымі пралётамі ўжыты ў Спаса-Праабражэнскай царкве Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, Гродзенскай Барысаглебскай царкве і інш. У гатычных збудаваннях асобныя прасторавыя ячэйкі (травеі) паміж слупамі і сценамі перакрываліся крыжовымі і нервюрнымі С. (зорчатымі, сотавымі). З 2-й пал. 16 ст. пашырыліся цыліндрычныя С. з распалубкамі, якія перакрывалі вял. пралёты, часам былі аздоблены ляпнымі кесонамі ці размалёўкай (Нясвіжскі касцёл езуітаў). Культавыя збудаванні ў стылі барока мелі звычайна цыліндрычныя С. з распалубкамі на падпружных арках у сярэднім нефе і крыжовыя С. ў бакавых. Над сяродкрыжжам рабілі купалы. У палацавым буд-ве ў перыяд барока і класіцызму шырока выкарыстоўваліся люстраныя С. У сучасным буд-ве адным з новых тыпаў пакрыцця з’яўляюцца жалезабетонныя танкасценныя С.-абалонкі рознай геам. формы (цырк у Гомелі, Камароўскі крыты рынак у Мінску і інш.).

Т.​В.​Габрусь.

Скляпенні: а — цыліндрычнае; б — самкнутае; в — люстраное; г — рабрыстае жалезабетоннае; д — скляпенні-абалонкі; е — бочкападобнае; ж — крыжовае; з — ветразевае.
Цыліндрычнае скляпенне з распалубкамі ў касцёле езуітаў у г. Нясвіж Мінскай вобл.

т. 14, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМАТУ́РА (ад лац. armatura узбраенне, амуніцыя),

дапаможныя, звычайна стандартныя прылады, прыстасаванні і дэталі, неабходныя для забеспячэння нармальнай работы абсталявання і трываласці канструкцый. Арматура жалезабетонных канструкцый успрымае пераважна расцягвальныя намаганні і стварае папярэдняе напружанне. Падзяляецца на рабочую (разліковую), мантажную і размеркавальную (канструкцыйную). Арматура павінна быць трывалая, пластычная, вязкая, добра зварвацца.

Найб. пашырана арматура стальная стрыжнёвая (гарачакачаная, умацаваная тэрмічна і выцягваннем) і драцяная (арматурны дрот, пасмы, канаты, тканыя і зварныя сеткі). Дыям. стрыжнёвай арматуры 6—90 мм, драцяной 3—8 мм. Для паляпшэння счаплення арматуры з бетонам ёй надаюць перыядычны профіль. У якасці арматуры жалезабетонных канструкцый выкарыстоўваюць таксама шкловалакно і вырабы з яго, шклапластыкі і інш. Арматура трубаправодная рэгулюе цячэнне вадкасці, паліва, газу, пары па трубах. Падзяляецца на запорную, рэгулявальную, вадазборную і засцерагальную (вентылі, краны, засаўкі, клапаны, рэгулятары ціску, кандэнсатаадводчыкі і інш.). Арматура электратэхнічная — шчыткі, патроны, выключальнікі, штэпсельныя разеткі і вілкі, некаторыя дэталі эл. машын, дэталі і прыстасаванні для мацавання ізалятараў і правадоў і інш. Арматура святлотэхнічная — часткі асвятляльных прыстасаванняў, прызначаныя для размеркавання светлавога патоку і аховы вачэй ад яркіх прамянёў, для падводу эл. току, прымацавання і аховы лямпаў ад пашкоджанняў і інш. Арматура пячная (металургічных пячэй) — сукупнасць метал. частак, якія павялічваюць трываласць печы і ахалоджваюць яе вонкавую паверхню.

Арматура жалезабетонных канструкцый: 1 і 2 — арматура перыядычнага профілю; 3 — дрот перыядычнага профілю; 4 — сямідротавая пасма; 5 — двухрадны канат.

т. 1, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІМІЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. assimilatio прыпадабненне),

зліццё, засваенне. 1) У этналогіі засваенне адным народам мовы, культуры і інш. этнічных прыкмет іншага народа (які сацыяльна больш развіты ці дэмаграфічна пераважае) да поўнага зліцця з ім. У выніку асіміляцыі мяняецца этнічная самасвядомасць асіміляванага народа. Натуральная асіміляцыя адбываецца пры непасрэдных кантактах этнічных груп, абумоўленых агульнасцю іх паліт., сацыяльнага, гасп. і культурнага жыцця, пашырэннем міжэтнічных шлюбаў. Прымусовая асіміляцыя звычайна ажыццяўляецца з дапамогай дыскрымінацыі.

2) У мовазнаўстве прыпадабненне аднатыпных (галосных ці зычных) гукаў у межах слова ці спалучэння слоў. Бывае поўная (адзін гук цалкам прыпадабняецца да другога: «насенне» — з «насеньйе», «шшытак» — пры напісанні «сшытак») і няпоўная [(гукі прыпадабняюцца толькі па якой-н. адной або некалькіх прыкметах, але не ўсіх, напрыклад, «каска» — пры напісанні «казка» (па глухасці-звонкасці), «сьмецце» — пры напісанні «смецце» (па цвёрдасці-мяккасці), «бяссільны» — пры пісьме «бяссільны» (па глухасці-звонкасці і цвёрдасці-мяккасці)]. Асіміляцыя наз. прагрэсіўнай, калі наступны гук прыпадабняецца да папярэдняга, і рэгрэсіўнай, калі папярэдні гук прыпадабняецца да наступнага (больш уласціва бел. мове). У выніку асіміляцыі ў бел. мове ўзніклі падоўжаныя зычныя. Частковае прыпадабненне галосных і зычных наз. акамадацыяй.

3) У біялогіі тое, што анабалізм.

4) У геалогіі працэс паглынання і перапрацоўкі (расплаўленне або растварэнне) магмай асадкавых або метамарфічных парод. Адбываецца каля кантактаў інтрузіўных целаў у бакавых (умяшчальных) пародах або на глыбіні пры абрушэнні ў расплаўленую магму цвёрдых парод скляпення. Асіміляцыя абумоўлівае разнастайнасць магматычных парод, можа быць прычынай дыферэнцыяцыі магмы, важным фактарам металагеніі. Асіміляцыі спрыяе кантрастнасць саставу магмы і ўмяшчальных парод, пераграванне магмы і наяўнасць у ёй лятучых кампанентаў. Значна пашырана пры ўтварэнні габра і дыярытаў у краявых частках гранітных інтрузій на кантакце з вапнякамі і асн. горнымі пародамі.

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАРЫТА́РНАЙ АСО́БЫ КАНЦЭ́ПЦЫЯ,

сукупнасць тэарэтычных уяўленняў пра тып асобы, уласцівы таталітарным рэжымам. Яму характэрныя агрэсіўнасць і прага ўлады, нянавісць да інтэлігенцыі і прадстаўнікоў інш. этнічных груп, кансерватыўнасць і стэрэатыпнасць мыслення, канфармізм; сляпое падпарадкаванне аўтарытэту групы, дзяржавы, харызматычнага лідэра, асабліва заснаванаму на сіле і насіллі, спалучаецца ў ім з нянавісцю да ўсіх апанентаў і аўтсайдэраў. Паняцце ўведзена Э.Фромам, які даследаваў псіхал. падставы для распаўсюджвання нацысцкай ідэалогіі. Паглыбленне чалавека ў аўтарытарызм Фром разглядаў як адзін з асн. механізмаў «уцёкаў ад свабоды». Імкнучыся пераадолець пачуццё бяссілля, аўтарытарная асоба адмаўляецца ад незалежнасці, імкнецца зліцца з чым-небудзь больш моцным, здольным кампенсаваць недахоп упэўненасці ў сабе. Такі чалавек захапляецца ўладай і хоча падпарадкоўвацца, і ў той жа час сам імкнецца быць уладай, каб іншыя падпарадкоўваліся яму. Гэтая супярэчлівасць вядзе яго да супраціўлення ўладзе, нават той, якая дзейнічае ў яго інтарэсах, але ўяўляецца яму недастаткова моцнай. Барацьбу аўтарытарнай асобы супраць улады Фром лічыў бравадай бунтаўшчыка. У калект. працы Т.​Адорна, Э.​Фрэнкель-Бруксвік, Д.​Левінсана і Р.​Санфарда «Аўтарытарная асоба» (1950) зроблена спроба эмпірычнага абгрунтавання аўтарытарнай асобы канцэпцыі, распрацавана ф-шкала (шкала фашызму) для вымярэння аўтарытарнай асобы. Ідэі гэтай канцэпцыі далей развіты ў працах тэарэтыкаў франкфурцкай школы М.​Хоркхаймера, Г.​Маркузе, у аднамернага чалавека канцэпцыі.

Літ.:

Адорно Т. Типы и синдромы: Методол. подход: Пер. с англ. // Социол. исслед. 1993. № 3;

Фромм Э. Бегство от свободы: Пер. с англ. М., 1990.

А.​В.​Рубанаў.

т. 2, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)