у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 76,1 тыс.км². Нас. 319 тыс.чал. (1996), гарадскога 39%. Сярэдняя шчыльнасць 4,2 чал. на 1 км². Жывуць калмыкі (45,4%), рускія (37,7%), даргінцы (4%), чэчэнцы (2,6%), казахі (1,9%), немцы (1,7%) і інш. Сталіца — г.Эліста. Гарады: Лагань, Гарадавікоўск.
Прырода. К. займае ч. Прыкаспійскай нізіны (Чорныя землі на Пд і Сарпінская нізіна на Пн). На Зўзв. Ергені (выш. да 221 м), на ПдЗ Кума-Маныцкая ўпадзіна. Паверхня раўнінная, нахіленая да Каспійскага м., узровень якога ў апошні час павышаецца, што прыводзіць да падтаплення нізінных участкаў. Карысныя выкапні: прыродны газ і нафта, кухонная і глаўберава солі, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны з гарачым сухім летам і маласнежнай зімой. Сярэдняя т-растудз. ад -5 — -8 °C, ліп. 23—26 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 170 мм на ПдУ да 400 мм на ПнЗ. Паверхневых вод мала. Рэкі, што сцякаюць з Ергенёў, летам перасыхаюць. На мяжы з Дагестанам р. Кума, якая выкарыстоўваецца на арашэнне. Шмат мелкаводных салёных азёр (Сарпінскія, Маныч-Гудзіла і інш.) і ліманаў. Чаграйскае вадасховішча. Глебы на Пн светла-каштанавыя, на З каштанавыя, на У і ПдУ бурыя паўпустынныя з саланцамі і саланчакамі чаргуюцца з масівамі пяскоў, што развяваюцца. Расліннасць злакавая (кавыльна-ціпчаковая), злакава-палынная і палынная; у лагчынах Ергенёў растуць вярба, асіна, вяз. На берагах азёр і мелкаводдзяў Каспійскага м. зараснікі трыснягу. З млекакормячых характэрны грызуны, з буйных капытных — сайгакі.
Гісторыя. Тэр. К. заселена з эпохі палеаліту. У 7—5 ст. да н.э. тут і на суседніх землях жылі скіфы, у 4 ст. да н.э. — 6 ст.н. э. — аланы і сарматы. З сярэдзіны 7 ст.тэр. Ніжняга Паволжа ўвайшла ў Хазарскі каганат, з сярэдзіны 11 ст. — ч. тэрыторыі полаўцаў, з 1240-х г. — у складзе Залатой Арды, пасля яе распаду ў 1460-я г. — Астраханскага ханства, якое ў 1566 далучана да Расіі. У пач. 17 ст. ў міжрэчча Урала, Волгі і Дона прыйшлі айраты (продкі калмыкаў), выхадцы з Цэнтр Азіі, што раней жылі ў Джунгарыі і займаліся качавой жывёлагадоўляй. У 17 ст. сярод калмыкаў пашырыўся ламаізм. Пад націскам феадалаў Кітая, Манголіі і каз. ханаў калмыкі адкачавалі да ніжняга Дона і Волгі і ў 2-й пал. 17 ст. ўтварылі тут Калм. ханства. У 1608—09 ч.феад. аб’яднанняў айратаў прыняла рас. падданства і пачала качаваць у раёнах Паўд. і Зах. Сібіры. Іншыя феад. аб’яднанні калмыкаў увайшлі ў Рас. дзяржаву ў 17—18 ст. Калмыкі ўдзельнічалі ў сял. войнах пад кіраўніцтвам С.Ц.Разіна і Е.І.Пугачова. У 1771 з-за ўціску царскай адміністрацыі большасць калмыкаў адкачавала ў Кігай, астатнія (каля 13 тыс. сямей) перайшлі ў падпарадкаванне Астраханскага губ. кіравання. У 2-й пал. 18 ст. царскі ўрад перасяліў ч. калмыкаў на рэкі Урал, Церак і Куму. У канцы 18 ст. невял. іх колькасць, што жыла на Доне, залічана ў казацкае саслоўе Вобласці войска Данскога. У 1861 Вялікадэрбетаўскі улус перададзены з Астраханскай у Стаўрапольскую губ.Адм.-тэр. расчляненне калм. народа прыпыніла працэс яго нац. кансалідацыі. Да 1917 у К. панаваў феад.-патрыярхальны ўклад жыцця. У лют. — сак 1918 устаноўлена сав. ўлада. У 1919 — пач. 1920 большая ч. К. захоплена войскамі ген. А.І.Дзянікіна.
4.11.1920 утворана Калм.аўт.вобл. у складзе РСФСР, з 1935 — Калм. АССР. У 1921—23 шмат калмыкаў загінула ў выніку голаду. У Айч. вайну ч. К. акупіравана ням.-фаш. войскамі (жн. 1942 — студз. 1943). У 1943 калм. насельніцтва абвінавачана ў супрацоўніцтве з акупантамі і дэпартавана ў Сібір, ліквідавана аўтаномія калмыкаў (адноўлена ў 1957). У кастр. 1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, у вер. 1991 уведзена пасада прэзідэнта, у лют. 1992 прынята назва Рэспубліка К. У сак. 1992 падпісаны федэральны дагавор з Рас. Федэрацыяй.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці (паводле аб’ёму прадукцыі, што вырабляецца): электраэнергетыка, харч., паліўная, буд. матэрыялаў, машынабудаванне і металаапрацоўка, мукамольна-крупяная, лёгкая, дрэваапрацоўчая. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млн.кВт-гадз (1995). У харч. прам-сці (22% прамысл. прадукцыі) вылучаюцца мясная, малочная, кансервавая, рыбная, хлебапякарная. Асн. прадпрыемствы: мясакамбінаты (Эліста, Гарадавікоўск, Лагань), маслазаводы (Эліста, Гарадавікоўск, Яшалта), рыбныя (Лагань, Яшалта). Развіваецца нафтавая і газавая прам-сць. Здабыча нафты (уключаючы газавы кандэнсат) — 339 тыс.т (1996). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі: керамзітавым, цагельным, жалезабетонных вырабаў, домабуд. камбінатам, кар’ерамі па здабычы бутавага каменю. Ёсць машынабуд. з-ды (Эліста, Лагань) і прадпрыемствы па абслугоўванні рыбалавецкага флоту (Лагань). Прадпрыемствы лёгкай (швейная і трыкат. ф-кі) і дрэваапр. (мэблевая ф-ка) прам-сці ў Элісце. Нар.маст. промыслы (разьба і размалёўка па дрэве, цісненне скур, вышыўка, аздабленне сярэбраных вырабаў чаканкай, гравіроўкай, чэрню). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на танкаруннай авечкагадоўлі і мясной жывёлагадоўлі. Выкарыстоўваюцца ў асноўным пашавыя ўгоддзі (каля 70% с.-г. зямель). На Чорных землях, дзе снегу амаль не бывае, авечак пасуць і зімой. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (калмыцкая парода). Вытв-сць мяса 36 тыс.т, настрыг воўны 5,7 тыс.т (1995). Вярблюдагадоўля. Земляробства больш развіта на З і ПнЗ. Ворныя землі займаюць каля 1 млн.га. Сеюць збожжавыя (пшаніцу), тэхн. (сланечнік), агароднінна-бахчавыя, кармавыя культуры. Збор (тыс.т, 1995) збожжавых —287, сланечніку — 24. Праводзіцца арашэнне і абвадненне зямель. Чорназямельская, Праваегарлыкская, Сарпінская, Аршань-Зельменская і інш. абвадняльна-арашальныя сістэмы. Асн. роля ва ўнутр. перавозках належыць аўтамаб. транспарту. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2,8 тыс.км (1996). Гал. аўтадарогі Стаўрапаль—Эліста—Астрахань, Эліста—Валгаград; чыгункі Астрахань—Кізляр, Эліста—Светлаград. Паветр. транспарт (аэрапорт у г. Эліста). Экспарт (24,8 млрд.руб., 1994): мяса, воўна, скура, кансервы, нафта і інш. Імпарт (28,3 млрд.руб., 1995): метал, машыны, абсталяванне і інш.
Літаратура. Узнікла на базе вуснай нар. творчасці (паданні, легенды, песні, гераічны эпас «Джангар»), а таксама зазнала ўплыў культур Манголіі, Тыбета, Індыі. Да стварэння ў 17 ст.калм. пісьменства калмыкі карысталіся агульнаманг. алфавітам, мелі агульную з манголамі л-ру. У 17 ст. зарадзілася ўласна калм.л-ра («Месяцавае святло» і інш.). У 19 — пач. 20 ст. з’явіліся вольналюбівыя вершы Анчхана Джыргала, паэзія Баавана Бадмы (сатыр. паэма «Улагоджванне слыху»). Развіццё л-ры, пераважна паэзіі, у 1920—30-я г. звязана з імёнамі Х.Канукава, Н.Манджыева. Першыя празаічныя творы належаць Манджыеву (апавяданні), А.Амур-Санану (аповесці «Мудрошкін сын», «У стэпе»). У л-ру прыйшлі Б.Басангаў (аповесць «Праўда мінулых гадоў», п’есы), К.Эрэнджэнаў (вершы, паэмы), С.Каляеў (вершы, паэмы), Х.Сян-Белгін (героіка-драм. паэма «Змагар-сірата»; вершы, апавяданні, нарысы), паэты А.Сусееў, Л.Інджыеў, Д.Кугульцінаў, Б.Джымбінаў, драматург Б.Эрдніеў і інш. У творах асэнсоўванне гіст. мінулага, адлюстраванне тагачасных падзей у жыцці калм. народа. У Вял.Айч. вайну найб. пашыраны вершы, апавяданні, публіцыстыка. Для л-ры апошніх дзесяцігоддзяў характэрны маральна-этычная праблематыка, тэмы мінулай вайны, стваральнай працы: паэзія Б.Сангаджыевай (першая паэтэса-калмычка), М.Ханінава, М.Нармаева, Каляева, Кугульцінава, Сусеева, Эрэнджэнава; раманы і аповесці Б.Дарджыева, Інджыева, А.Балакаева, Эрэнджэнава, п’есы Эрдніева і інш. Развіваецца таксама дзіцячая л-ра. У перакладзе на калм. мову выдадзены творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, М.Танка, А.Пысіна. На бел. мову перакладзены асобныя творы Кугульцінава, Ханінава, Джымбінава (перакладалі А.Звонак, Р.Барадулін, А.Грачанікаў, М.Чарняўскі, Ю.Свірка, Броўка, М.Танк, Пысін, С.Грахоўскі, М.Аўрамчык, К.Камейша, Г.Бураўкін, І.Калеснік).
Архітэктура і мастацтва. У 17—19 ст. жыллём калмыкаў-качэўнікаў служыла зборна-разборнае жытло (гер) з рашотчатым каркасам, накрытым лямцам. З пашырэннем ламаізму будавалі манастыры-хурулы — комплексы першапачаткова лямцавых, потым драўляных, з канца 19 ст. цагляных і каменных будынкаў. Гал. храм, звычайна 2—3-ярусны, пірамідальны, меў увянчаны вежай высокі цэнтр. аб’ём, які аздабляўся разьбой, размалёўкай, бронз. скульптурай, абразамі. Нар. мастацтва склалася ва ўмовах качавога побыту. Драўляныя часткі юртаў, мэблю, хатняе начынне ўпрыгожвалі разьбой і размалёўкай, якія стваралі ўражанне аб’ёмнасці ўзору. Цісненнем (раслінныя матывы, салярныя знакі, матывы рагоў) аздаблялі вырабы са скуры, вышыўкай і аплікацыяй — з лямцу, а таксама жаночае адзенне (залатыя і сярэбраныя ніткі з каляровай воўны, тасьмой, часам бісерам). Вырабы з серабра ўпрыгожвалі чэрню, гравіроўкай, чаканкай. У 18—19 ст., пад уплывам тыбета-манг. традыцый у выяўл. мастацтве пераважалі іканапіс і дрэварытнае друкаванне кніг і абразоў. За межамі К. працавалі графік Ф.Калмык і жывапісец А.Ягораў. У 20 ст. архітэктура развівалася ў агульнасавецкім рэчышчы. Сярод архітэктараў: Дж. і М.Пюрвеевы, В.Цялегін, В.Савельеў і інш. Развіваецца выяўл. мастацтва (жывапісцы К.Альдаеў, Г.Ракчынскі, тэатр. мастак Дз.Сычоў, графік Б.Данільчанка, скульптар М.Санджыеў і інш).
Музыка. Да пач. 1920-х г.нар.муз. творчасць калмыкаў існавала ў вуснай традыцыі. Сярод гіст., прац., абрадавых, эпічных і лірычных песень і прыпевак вылучаліся працяжныя песні ут дун без суправаджэння з уласцівымі ім імправізацыйнасцю, багатай мелізматыкай, глісандаваннем, рытмічнай свабодай; кароткія песні ахр дун з акампанементам дамбры, адметныя меладычнасцю і дакладным рытмам, а таксама песні-танцы, песні-жарты келдг білдж дун, бліз кія да прыпевак. Асаблівае месца займаў эпас «Джангар», які выконвалі спевакі-джангарчы ў рэчытатыўнай манеры. Ладавая аснова нар. музыкі К. — дыятоніка, трапляюцца і элементы пентатонікі. Нар. танцы К. строга дыферэнцаваны: мужчынскія — хуткія, тэмпераментныя, жаночыя — лірычныя і павольныя. Сярод нар. інструментаў: струнна-смычковы хур, струнна-шчыпковая дамбра, духавыя бічкюр, гангдн, бюра, ухр-бюра, дунг, ударныя цанг, арамбру, кенкерге, каранг, хонха, з пач. 20 ст. і гармонік. У пач. 1920-х г. зарадзілася маст. самадзейнасць. Пачаліся збіранне і апрацоўка нар. песень. У 1930-я г. на аснове нац.муз. фальклору створаны першыя сімф. творы (В.Гайгерава, А.Спадавекія). Першы прафес. кампазітар — П.Чанкушоў (балет «Жывая вада», 1979; творы розных жанраў). Працуюць: ансамбль песні і танца «Цюльпан» (з 1937) з аркестрам нар. інструментаў (з 1970), філармонія (з 1939), муз. вучылішча (Эліста, з 1960), дзіцячыя муз. шкалы.
Літ.:
Очерки истории Калмыцкой АССР. [Т. 1—2.] М., 1967—70;
История калмыцкой литературы. Т. 1—2. Элиста, 1980—81;
Тритуз М.Л. Музыкальная культура Калмыцкой АССР. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́СНІЯ І ГЕРЦАГАВІ́НА (Bosna і Hercegovina),
дзяржава ў Паўд. Еўропе, на Балканскім п-ве. Мяжуе з Харватыяй і Югаславіяй (Сербіяй і Чарнагорыяй). Уключае 2 гіст. вобласці: Боснію (пл. 42 тыс.км²) у даліне р. Сава і яе правых прытокаў і Герцагавіну (пл. 9,1 тыс.км²) у бас.р. Нератва і ў вярхоўях р. Дрына. Агульная пл. 51,1 тыс.км². Нас. 3,8 млн.чал. (1993). Афіцыйная мова сербскахарвацкая. Сталіца — г.Сараева. У адм.-паліт. і этнічна-рэлігійных адносінах падзяляецца на сербскую (праваслаўна-хрысціянскую) і мусульмана-харвацкую часткі. Нац. свята — Дзень рэферэндуму (1 сак.).
Прырода. Большую частку Босніі і Герцагавіны займаюць Баснійскія Рудныя горы (г. Враніца, 2107 м), складзеныя пераважна з сланцаў, і Дзінарскае нагор’е (выш. каля 1000—1600 м) — з вапнякоў; характэрны карст. На Пн нізіна на р. Сава. Радовішчы жал. руды, храмітаў, марганцу, медзі, бурага вугалю, баксітаў. Клімат у даліне р. Сава ўмерана кантынентальны (600—800 мм ападкаў за год), у гарах халаднаваты і вільготны (1500—2000 мм ападкаў за год). Каля 40% плошчы пад лесам, пераважна лісцевым (дуб, бук), часткова хвойным (елка, хвоя).
Насельніцтва. У Босніі і Герцагавіне жывуць тры народы, якія маюць агульную мову, але адрозніваюцца рэліг.-культ. асаблівасцямі: баснійцы-мусульмане (саманазва муслімане, 43,7% усяго насельніцтва), сербы — пераважна праваслаўныя (31,4%), харваты — католікі (17,3%); 5,5% насельніцтва лічыць сябе югаславамі. Жывуць таксама чарнагорцы, албанцы і інш. У гарадах жыве больш за палавіну насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж.): Сараева — 383 (у 1993), Тузла — 230, Біхач — 200 (у 1995), Зеніца — 146, Баня-Лука — 142, Мостар — 126 (у 1991).
Гісторыя. У старажытнасці тэр. сучаснай Босніі і Герцагавіны насялялі ілірыйцы (прыкладна з 1200 да н.э.), якіх у пачатку н.э. заваёўвалі рымляне (з 9 н.э. ў складзе прав. Далмацыя, з 395 — Зах. Рымскай імперыі) і остготы. З 536 у складзе Візантыі. Да 6 ст. заселена славянамі. У 12—13 ст. тут узнікла баснійская царква (гл.Багамілы). У 1377—91 існавала моцнае баснійскае каралеўства на чале з Твртко I. З 15 ст. пад уладай Асманскай імперыі, часткова ісламізавана. Нац.-вызв. паўстанні ў 19 ст. (у т. л.Герцагавінска-баснійскае паўстанне 1875—78) пацярпелі няўдачу. Пасля паражэння Турцыі ў вайне 1877—78 з Расіяй Боснія і Герцагавіна адміністрацыйна падпарадкавана Аўстра-Венгрыі, у 1908 анексіравана яе войскамі (гл.Баснійскі крызіс 1908—09). Сараеўскае забойства наследніка аўстра-венг. трона, якое 28.6.1914 здзейсніў Г.Прынцып, паслужыла зачэпкай да развязвання 1-й сусв. вайны. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі краіна 1.12.1918 увайшла ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (крас. 1941), уключана ў т.зв. Незалежную дзяржаву Харватыя. У ходзе Народна-вызваленчай вайны ў Югаславіі 1941—45 вызвалена. З ліст. 1945 нар. рэспубліка ў складзе Федэратыўнай Народнай Рэспублікі Югаславіі, з 1963 адна з рэспублік Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (СФРЮ).
У ліст. 1990 у Босніі і Герцагавіне ўпершыню праведзены шматпарт. выбары, у выніку якіх да ўлады прыйшлі партыі ад асноўных нац.-рэліг. груп насельніцтва — Мусульм. партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Паміж імі разгарнулася паліт. барацьба вакол пытання пра будучы нац.-тэр. лад краіны. Пасля распаду СФРЮ у кастр. 1991 абвешчана незалежнасць Босніі і Герцагавіны (ухвалена ў сак. 1992 на рэсп. рэферэндуме, які байкатавалі баснійскія сербы). 6.4.1992 рэспубліку прызналі Еўрапейская супольнасць і ЗША. Пасля абвяшчэння 7.4.1992 на землях баснійскіх сербаў Рэспублікі Сербскай пачаўся этн. канфлікт, які перарос у грамадз. вайну (гл.Баснійскі крызіс 1990-х г.). 4.5.1992 з Босніі і Герцагавіны выведзены войскі Югасл.нар. арміі, 22 мая рэспубліка прынята ў ААН, з ліп. 1992 — удзельнік Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. 25.2.1994 заключана перамір’е паміж харватамі і мусульманамі, 17.3.1994 створана Баснійская мусульмана-харвацкая федэрацыя. Амаль за 4 гады вайны забіты і паранены больш за 200 тыс.чал., каля 3 млн. сталі бежанцамі. 14.12.1995 у Парыжы падпісана пагадненне аб міры ў Босніі і Герцагавіне, у аснове якога пагадненне, парафіраванае 21.11.1995 пасля перагавораў паміж сербскай, харвацкай і баснійскай дэлегацыямі ў г. Дэйтан (ЗША). Дакумент прадугледжвае захаванне Босніі і Герцагавіны ў яе сучасных межах як адзінай суверэннай дзяржавы з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (ХМФ; 51% тэр.) і Сербскай Рэспублікі Босніі (39% тэр.), з калект. прэзідэнцтвам (харват і мусульманін-басніец ад ХМФ і баснійскі серб, якія кіруюць папераменна) і заканад. органам (палата дэпутатаў). Канстытуцыя Босніі і Герцагавіны прадугледжвае стварэнне плюралістычнага грамадства.
Гаспадарка. Да 1991 Боснія і Герцагавіна была даволі развітой часткай б. Югаславіі. Здабываліся жал. руда (руднікі Вараш і Любія), баксіты, буры вугаль, соль. ГЭС на горных рэках. Прадпрыемствы чорнай металургіі (Зеніца, Іліяш, Вараш), коксавыя з-ды (Зеніца, Лукавац), лясная і дрэваапр., машынабуд., харч., лёгкая прам-сць, вытв-сць соды, азотных угнаенняў, цэлюлозы. Буйныя прамысл. вузлы Сараева, Зеніца, Тузла. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўвалася палавіна тэрыторыі, у т. л. 50% пад ворыва, агароды, сады і вінаграднікі, 50% — лугі і горную пашу. Гадоўля буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней. Земляробства пераважна на Пн і ў далінах рэк. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, бульбу, з тэхн. культур — каноплі, цукр. буракі, сланечнік, тытунь (асабліва ў Герцагавіне). Садоўніцтва (сліва, яблыня, груша, грэцкі арэх); у Герцагавіне вінаградарства. Краіна горнага турызму. Транспарт пераважна чыгуначны і аўтамабільны. Экспарт складаўся з прадуктаў горнай прам-сці, садавіны, тытуню, імпарт — пераважна з прамысл. абсталявання і нафтапрадуктаў. Грашовая адзінка — дынар Босніі і Герцагавіны.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Босніі і Герцагавіны выяўлены кераміка, статуэткі жанчын і жывёл эпохі неаліту, помнікі мастацтва ілірыйцаў і кельтаў, рэшткі стараж.-рым. гарадоў, ювелірныя вырабы стараж. славян. На сярэдневяковае мастацтва Босніі і Герцагавіны паўплывалі Візантыя, Сербія, Далмацыя, Цэнтр. Еўропа, а з сярэдзіны 15 ст. і Турцыя. У раннехрысціянскі перыяд у царк. дойлідстве тут пашыраны базілікі (у Зеніцы, Брэзе і інш.); у сярэднявеччы — крыжова-купальныя, а таксама 1-нефавыя раманскія і гатычныя храмы. У перыяд тур. панавання будаваліся мячэці (Хусрэў-бега, 1531, арх. Сінан; Алі-Пашы, 1571, у Сараеве), караван-сараі, лазні, масты (Вішаград, 1571). У час аўстр. акупацыі (1878—1918) у гарадах узводзіліся збудаванні ў духу еўрап. эклектызму, у «маўрытанскім» (ратуша ў Сараеве) і неакласіцыстычным (тэатр у Сараеве) стылях. Традыцыі функцыяналізму 1-й пал. 20 ст. саступілі ў 1960-я г. месца пластычнай выразнасці пабудоў, схіленню да бруталізму, выкарыстанню мясцовых дэкар. матэрыялаў (спарт. цэнтр «Скендэрыя» ў Сараеве). У 1980-я г. ў архітэктуры павялічылася цікавасць да нац.маст. традыцый (універмаг «Развітак» у Мостары).
У сярэдневяковым выяўл. мастацтве пашыраны каменныя надмагіллі (т.зв. стэчакі) з плоскарэльефнымі арнаментальнымі і фігурнымі выявамі, дзе арганічна пераплецены нар., раманскія і гатычныя матывы. Зберагліся рэдкія помнікі сярэдневяковага манумент. жывапісу (фрэскі царквы ў Добруне, 2-я пал. 14 ст.), блізкія да сценапісаў Сербіі, яны сведчаць і пра блізкасць да культуры Італіі. У мастацтве мініяцюры 12—14 ст. адчуваюцца сербскія і візант. уплывы. Цікавыя багамільскія рукапісы з наіўна-фалькл. мініяцюрамі («Капітарава евангелле», 14 ст., і інш.). Іканапіс рэгіёна да сярэдзіны 19 ст. прытрымліваўся візант. канонаў. Высокай дасканаласці ў сярэднявеччы дасягнулі апрацоўка металу і маст. ткацтва (кілімы з геам. і расліннымі арнаментамі). У канцы 19 — пач. 20 ст. жывапісцы, якія навучаліся за мяжой, асвойвалі метады сучаснага еўрап. жывапісу. Большасць мастакоў працавала ў Сербіі (І.Біеліч, Н.Гваздзенавіч, скульптар С.Стаянавіч). Паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі склалася група мясц. жывапісцаў, у творчасці якіх зварот да нар. жыцця і роднай прыроды спалучаўся з пошукамі нац. своеасаблівасці, выкарыстаннем прыёмаў пленэрнага жывапісу, а таксама постімпрэсіянізму (Ш.Бацарыч, В.Дзімітрыевіч, І.Шарамет). З канца 1950-х г. пераважалі экспрэсіянізм, абстрактнае мастацтва (Дзімітрыевіч) і інш. кірункі мадэрнізму. З 1970-х г. пашыраецца «фігуратыўнае» мастацтва (Муезіновіч).
У.Я.Калаткоў (гісторыя да 1918), М.С.Даўгяла (гісторыя з 1918).
Герб і сцяг Босніі і Герцагавіны.Да арт.Боснія і Герцагавіна. І.Біеліч. Баснійскі пейзаж. 1935.Да арт.Боснія і Герцагавіна. Ускраіна г. Сараева. На пярэднім плане мячэць Газі-Хусрэф-Бега.Да арт.Боснія і Герцагавіна. Традыцыйны жаночы касцюм. 2-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІЯ́ЦЫЯ (франц. aviation ад лац. avis птушка),
тэорыя і практыка палётаў у каляземнай паветр. прасторы на апаратах, цяжэйшых за паветра; арганізацыя (служба), якая выкарыстоўвае для палётаў такія апараты. Адрозніваюць грамадзянскую авіяцыю (трансп., сан., спарт., спец. прызначэння і інш.) і ваенную (ваенна-паветраныя сілы, марская авіяцыя, ППА). Для забеспячэння руху па авіялініях грамадз. авіяцыя мае: парк самалётаў і верталётаў, аэрадромы і аэрапорты; службы кіравання палётамі. Асн. абсталяванне лятальных апаратаў: авіяцыйныя рухавікі і паветраныя вінты; электрамех., гідраўл. і пнеўматычныя прыстасаванні для забеспячэння ўзлёту, пасадкі, кіравання; авіяц. прыборы і сістэмы (паветранай скорасці ўказальнік, вышынямер, авіягарызонт, аўтапілот, авіякомпас, гіраскапічныя прыстасаванні і інш.); сродкі навігацыі паветранай, электронікі, выліч. тэхнікі і г.д.Самалётаваджэнне забяспечваюць таксама наземныя сродкі: радыёстанцыі, радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі, святломех. кодавыя і сігнальныя агні. Авіяцыя развіваецца дзякуючы навук. даследаванням у галінах аэрадынамікі, газавай дынамікі, балістыкі, тэорыі рухавікоў і інш.
Развіццё авіяцыі пачалося з паветраплавання. Франц. марак Ле Бры ў 1857—67 ажыццявіў палёты на пабудаваным ім планёры, ням. інжынер О.Ліліенталь у 1891—96 пабудаваў і выпрабаваў некалькі планёраў. Рус. вынаходнік А.Ф.Мажайскі ў 1881 атрымаў першы патэнт на самалёт, абсталяваны парасілавой устаноўкай. Упершыню ў 1890 адарваўся ад зямлі самалёт з паравым рухавіком франц. інжынера К.Адэра. У 1903 падняліся ў паветра на самалёце з рухавіком унутр. згарання амер. вынаходнікі браты У. і О.Райт. З 1906 будаваў самалёты франц. інжынер Л.Блерыё, які ўпершыню (1909) пераляцеў Ла-Манш. У 1909—14 у Расіі распрацаваны самалёты канструкцыі Я.М.Гакеля, Дз.П.Грыгаровіча і інш. Палёт на біплане ўласнай канструкцыі ў 1910 ажыццявіў А.С.Кудашаў (Кіеў). Прыярытэт у канструяванні верталёта (1909) належыць І.І.Сікорскаму, па яго праекце ў 1913 пабудаваны самалёт-біплан «Рускі віцязь» з 4 рухавікамі па 100 к.с. (удасканаленай канструкцыяй гэтага самалёта быў «Ілья Мурамец»). Тэорыю верталёта ў 1910—12 распрацаваў рус. інжынер Б.М.Юр’еў. Вялікі ўплыў на развіццё авіяцыі зрабілі працы М.Я.Жукоўскага і С.А.Чаплыгіна. Папулярызацыі і развіццю авіяцыі садзейнічалі палёты рус. лётчыкаў М.Яфімава, М.Папова, Р.Аляхновіча, Б.Расінскага, С.Утачкіна, А.Васільева, Л.Андрэадзі, Л.Маціевіча і інш. У 1910 Папоў дасягнуў рэкорднага ўзлёту на вышыню 600 м, Аляхновіч у 1911 зрабіў 100-кіламетровы пералёт з рэкорднай скорасцю 92 км/гадз. Далейшае развіццё авіяцыя атрымала ў гады 1-й сусв. вайны: скорасць самалётаў вырасла да 220 км/гадз, вышыня палётаў — да 7 тыс.м.Рус. лётчык П.М.Несцераў распрацаваў асновы тэхнікі пілатажу і здзейсніў палёт (1913) па пятлі ў верт. плоскасці (гл.Несцерава пятля). У 1916 першым увёў самалёт у штопар, каб прадэманстраваць спосаб выхаду з яго, рус. лётчык К.Арцаулаў. У час вайны выкарыстоўваліся цяжкія самалёты-бамбардзіроўшчыкі тыпу «Ілья Мурамец», якія мелі экіпаж да 8 чал., падымалі да 500 кг бомбаў, былі ўзброены 3—7 кулямётамі (камандзірам такога бамбардзіроўшчыка быў А.М.Касценчык з Гродна). Развіццю авіяцыі садзейнічалі працы У.П.Вятчынкіна, А.А.Мікуліна, Б.С.Сцечкіна ў галіне тэорыі рухавікоў. У 1922 разгарнулі дзейнасць авіяц. канструктарскія бюро Грыгаровіча, М.М.Палікарпава, А.М.Тупалева, А.Дз.Швяцова і інш., на самалётах якіх былі атрыманы рэкордныя вынікі. Экіпаж лётчыка М.М.Громава на самалёце «Пралетарый» канструкцыі Тупалева ў 1926 ажыццявіў пералёт па Еўропе. На самалёце «Краіна Саветаў» (таго ж канструктара) экіпаж лётчыка С.А.Шастакова ў 1929 пераляцеў з Масквы ў Нью-Йорк праз Сібір і Камчатку. У 1937 экіпажы В.П.Чкалава і Громава зрабілі беспасадачныя пералёты ад Масквы да Амерыкі праз Паўн. полюс. З 1932 канструктары працавалі над развіццём знішчальнай авіяцыі і стварылі першыя скарасныя знішчальнікі-манапланы, якія дасягалі скорасці 450 км/гадз і вышыні палёту 10 км.
У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыграў самалёт-штурмавік Іл-2 канструкцыі С.У.Ільюшына. Знішчальнікі Як-3, Як-9 канструкцыі А.С.Якаўлева сталі асн. самалётамі знішчальнай авіяцыі. Знішчальнікі МіГ-3 (А.І.Мікаяна і М.І.Гурэвіча), Ла-5, Ла-7, Ла-9 (С.А.Лавачкіна), бамбардзіроўшчыкі Ту-2 (Тупалева), Пе-2, Пе-8 (У.М.Петлякова) не саступалі нямецкім (напр., Ме-109 М), а па асн. паказчыках пераўзыходзілі іх. Пад канец вайны скорасць знішчальнікаў дасягала 700 км/гадз, далёкасць палёту 3 тыс.км, вышыня палёту 13,5 км; скорасць бамбардзіроўшчыкаў — 600 км/гадз, бомбавая нагрузка 5—6 т, вышыня палёту 10,5 км.
Вял. дасягненне авіяцыі — выкарыстанне рэактыўных рухавікоў. Скорасць гуку была дасягнула на самалёце МіГ-17 з такім рухавіком (1948), звышгукавая скорасць на самалёце МіГ-19. Далейшае развіццё авіяцыі было звязана з распрацоўкай магутных і лёгкіх газатурбінных рухавікоў. Створаны самалёты верт. ўзлёту і пасадкі, са зменнай у палёце геаметрыяй крыла. П.В.Сухім распрацаваны рэактыўныя самалёты Су-9, Су-15 і інш. звышгукавыя знішчальнікі са стрэлападобным і трохвугольным крылом. У 1965 пабудаваны трансп. самалёт Ан-22 («Антэй») з найб. у свеце грузападымальнасцю (канструкцыя А.К.Антонава), у 1977 — самалёт кароткага ўзлёту і пасадкі Ан-72. Да канца 1970-х г. скорасць самалётаў дасягнула 3500 км/гадз, найб. вышыня да 30 км, далёкасць палёту больш за 10 тыс.км. Шырокае развіццё атрымалі верталёты. У 1968 пабудаваны верталёт В-12 (канструкцыі М.Л.Міля) рэкорднай грузападымальнасці (12 т). Створаны верталёты разнастайнага прызначэння канструкцыі М.І.Камава. Скорасць верталётаў дасягнула 355 км/гадз, грузападымальнасць 40 т, далёкасць палёту 3400 км, найб. вышыня 12,5 км. У 1980—90-я г. высокімі лётна-тэхн. паказчыкамі вылучаюцца самалёты МіГ-29, МіГ-31, Су-25, Су-27, Ту-160, Ту-154М, аэробус Іл-86, Ан-124 «Руслан», Як-42, Як-96, Ту-204; верталёты Мі-26, Мі-10К (верталёт-кран), Ка-32, вінтакрыл Ка-22, аэрасані Ка-30 і інш. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі ў пасляваен. перыяд на ўзбраенні былі самалёты розных тыпаў і прызначэння, напр. знішчальнікі F-4 «Фантом» і F-104 «Старфайтэр» (ЗША), «Міраж» F.1C і «Міраж-2000» (Францыя), «Тарнада» GR.1 (Вялікабрытанія), знішчальнік-перахопнік F-15 «Ігл», стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі B-52 і B-1B, ваенна-транспартны C-5B «Гелаксі» (грузападымальнасць да 118 т), ваенна-камандны пункт E-4B і самалёт радыёэлектроннай барацьбы EF—111A, сістэмы далёкага радыёлакацыйнага выяўлення АВАКС (на базе «Боінга-707», усе ЗША); эксплуатуюцца пасаж. самалёты: амер. «Боінгі» розных тыпаў, франка-герм. шырокафюзеляжны A-320 (на 331 месца), англа-франц. звышгукавы «Канкорд» і інш. У 1944 створана Міжнар.арг-цыяграмадз. авіяцыі (ІКАО), якая распрацоўвае рэкамендацыі і стандарты па правах палётаў, эксплуатацыі самалётаў, забеспячэння бяспекі палётаў і інш. Значны ўплыў зрабіла авіяцыя на касманаўтыку.
На Беларусі авіялініі звязваюць паміж сабой многія гарады, а таксама рэспубліку з замежнымі краінамі (гл. ў арт.Паветраны транспарт). Статус міжнар. атрымалі абл. аэрапорты Брэста, Гомеля, Гродна, а Мінск-2 пацвердзіў II катэгорыю ІКАО. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» (эксплуатуюцца самалёты: на магістральных трасах Ту-154Б, Ту-154М, Ту-134А, Ан-26, на мясцовых Ан-24, Як-40, Ан-2; верталёты Ка-26, Мі-2 і інш.), Мінскі авіярамонтны з-д (рамантуе самалёты Ту-134, Як-40, Як-42), авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай, Мінскі дзярж.авіяц. каледж (рыхтуе спецыялістаў для грамадз. і ваен. авіяцыі). Сан. авіяцыя забяспечана сан. самалётамі і верталётамі. Авіяцыя спец. прызначэння абслугоўвае сувязь, геал. экспедыцыі, сельскую гаспадарку, пажарную ахову і інш.Гл.таксамаАвіяцыйная прамысловасць, Авіяцыйны спорт.
Літ.:
Пономарёв А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;
Яковлев А.С. Советские самолёты. 4 изд. М., 1982;
Андреев И. Боевые самолёты. М., 1981.
Да арт.Авіяцыя. Самалёты: 1 — А.Ф.Мажайскага; 2 — братоў Райт; 3 — «Ілья Мурамец».Да арт.Авіяцыя. Самалёты перыяду 2-й сусветнай вайны: 4 — Іл-2; 5 — Як-3; 6 — МіГ-З; 7 — Ла-7; 8 — Пе-8; 9 — Ме-109 (Германія).Да арт.Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 10 — МіГ-19; 11 — самалёт вертыкальнага ўзлёту і пасадкі Як-38; 12 — самалёт са зменнай геаметрыяй крыла МіГ-23; 13 — Ту-154 Іл-76; 14 — Іл-76 Ту-154; 15 — верталёт Мі-10К.Да арт.Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 16 — Як-42; 17 — верталёт Ка-26; 18 — F-15 «Ігл» (ЗША); 19 — A-320 (Францыя —Германія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на ПдУ Беларусі, каля граніц з Украінай і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,4 тыс.км². Нас. 1594,2 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гомель. У вобласці 21 раён: Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі (гл. адпаведныя артыкулы), 17 гарадоў, у т. л. 8 абл. падпарадкавання — Гомель, Добруш, Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск, 18 гар. пасёлкаў, 279 сельсаветаў, 2665 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці раўнінная. Большая ч. вобласці размешчана на Палескай нізіне, паўд.-ўсх. і ўсх. — на Прыдняпроўскай нізіне. У межах вобласці вылучаюцца 3 фізіка-геагр. раёны падправінцыі Беларускага Палесся: Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомельскае Палессе. На правым беразе Прыпяці — Мазырская града з вышэйшым пунктам вобласці — 221 м, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці — Хойніцка-Брагінскія вышыні (да 157 м). Пераважае нізінны рэльеф (вышыні 135—150 м над узр. м.), які займае ¾ тэр. вобласці. Ніжэйшы пункт у пойме Дняпра пры выхадзе яго на тэр. Украіны — 103,4 м над узр. м. Карысныя выкапні: нафта (60 радовішчаў пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім р-нах), калійныя і каменныя солі (Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай солей, Давыдаўскае і Мазырскае радовішча каменнай солі), буры вугаль (Брынёўскае і Жыткавіцкае радовішчы), гаручыя сланцы (Тураўскае радовішча), торф, будаўнічы і абліцовачны камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, цагельныя гліны і суглінкі, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,3 °C на ПдЗ да -8,2 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,5 °C на З да 19,7 °C на У. Вегетац. перыяд 188—199 сутак. Гадавая колькасць ападкаў 510—670 мм. Каля 70% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Рэкі належаць да басейна Дняпра, што працякае па тэр. вобласці з Пн на Пд на працягу амаль 400 км. Найб. яго прытокі ў межах вобласці суднаходныя — Прыпяць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (злева), Сцвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (справа), Сажа — Беседзь і Іпуць (злева). Самае вял. па плошчы воз. Чырвонае, у поймах рэк невял. азёры-старыцы. Густая сетка меліярац. каналаў. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (31,6%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,7%), тарфяна-балотныя (19,2%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (31,2%) і пясчаныя (30,8%), менш тарфяных (19,2%) і сугліністых (18,8%). Асушаныя землі займаюць каля 30% сельгасугоддзяў, найб. у Акцябрскім р-не — 50%, у Калінкавіцкім, Ельскім, Петрыкаўскім, Светлагорскім, Хойніцкім р-нах каля 40%. Пад лесам каля 44% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 65%, бярозавыя — 14, чорнаальховыя — 9,5, дубовыя — 8%. Найб. лясістасць на З і Пд вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,2%, каля 2/3 з іх нізінныя. Балоты, пераважна нізінныя, займаюць каля 13% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік (з 1997 нац. парк), 11 біялагічных, 1 ландшафтны і інш. заказнікі, 35 помнікаў прыроды. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 69,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзію-137 больш як 5 Кі/км² займае 27,5% тэр. вобласці. У найб. забруджанай (шчыльнасць па цэзію-137 больш за 40 Кі/км²) паўд.ч. вобласці створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,4%), жывуць таксама рускія (9%), украінцы (3%), яўрэі (2,8%) і інш. Гарадскога насельніцтва 68,2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гомель (514), Мазыр (107), Светлагорск (76), Рэчыца (73), Жлобін (67), Калінкавічы (42), Рагачоў (37), Добруш (20). Пасля 1985 нараджальнасць і натуральны прырост зніжаюцца, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Нараўлянскім, Брагінскім і Хойніцкім р-нах (найб. пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася больш як на 50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гаспадарчым комплексе. У ёй занята 30% усіх працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. У 1991—95 для прам-сці вобласці характэрна зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці і рост беспрацоўя. Вобласць спецыялізуецца на здабычы нафты, кухоннай солі, вытв-сці сталі і пракату, асобных галінах машынабудавання, хім., лясной, лёгкай і харч. прам-сці. У вобласці вырабляюць (у % да рэсп. вытв-сці): нафты і кухоннай солі (здабыча) — 100%, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — 50, сталі — 81,5, сернай кіслаты — 49,3, фосфарных угнаенняў — 100, кормаўборачных камбайнаў — 100, падшыпнікаў качэння — 34, металарэзных станкоў — 20, аконнага шкла — 100, паперы — 29, кардону — 44, шпалераў — 58, драўняна-стружкавых пліт — 34, кандытарскіх вырабаў — 29, кансерваў — 21, туалетнага мыла — 100, гасп. мыла — 91%. Самыя вял. прадпрыемствы ў Гомелі, Мазыры, Светлагорску, Жлобіне, Рэчыцы, дзе сканцэнтравана каля 80% прамысл. патэнцыялу вобласці. У Рагачове малочнакансервавы камбінат і прадпрыемствы машынабудавання, у Рэчыцкім р-не асн. здабыча нафты краіны, у Добрушы папяровая ф-ка «Герой працы», фарфоравы з-д. На тэр. вобласці больш за 10 буйных прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці. У раённых цэнтрах і гар. пасёлках працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (агародніны, мяса, малака), лясной, дрэваапр., лёгкай прам-сці, па вытв-сці будматэрыялаў. Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, у прыгарадных гаспадарках таксама на птушкагадоўлі, вырошчванні агародніны і пладаводстве. У сельскай гаспадарцы занята 17,5% усіх працуючых. Галіна перажывае негатыўныя вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: паменшылася плошча сельгасугоддзяў (асабліва ворыва), змянілася структура пасеваў, скарацілася пагалоўе жывёлы і інш. У цэлым роля вобласці ў с.-г. вытв-сці рэспублікі пасля Чарнобыльскай катастрофы паменшылася. Сельгасугоддзі займаюць 36,3% тэр. вобласці, у т. л. лугі і паша — каля 13%, ворыва — 21,5%. Найб. асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі, Добрушскі р-ны, дзе пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэр. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры (гл.табл. 1).
Сярод збожжавых найб. плошчы пад жытам і ячменем. У 1995 пры долі пасяўных плошчаў 14,3% (ад пасяўных плошчаў па рэспубліцы) атрымана 14,3% збожжа, 15,5% бульбы, 16,6% агародніны ад вытв-сці па рэспубліцы. На 433 фермерскія гаспадаркі (1996) прыпадае 8,3 тыс.га сельгасугоддзяў (у т. л. 6,7 тыс.га ворыва), што складае 0,6% ад усіх сельгасугоддзяў вобласці і 0,7% ворыва. Павышаецца доля фермерскіх і асабістых дапаможных гаспадарак у валавых зборах бульбы (83,6% у 1995), агародніны (80,9%), пладоў і ягад (96,4%). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, развіты свінагадоўля і птушкагадоўля. Дынаміка пагалоўя на 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2).
У апошнія гады павышаецца доля асабістых дапаможных гаспадарак у вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага р-наў, малака — Акцябрскага, Гомельскага, Калінкавіцкага, яец — Гомельскага р-на.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 903 км. Праходзяць важныя міжнар. магістралі: С.-Пецярбург—Жлобін—Адэса, Вільнюс—Мінск—Жлобін—Корасцень—Кіеў, Брэст—Гомель. Удзельная вага чыг. транспарту ў агульным грузаабароце вобласці складае больш за 90%, у пасажыраабароце — 50% (1995). Буйныя чыг. вузлы Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Аўтамаб. транспарт займае 2-е месца пасля чыгуначнага па груза- і пасажыраабароце. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,9 тыс.км (1994). Асн. магістралі С.-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Кіеў, Мінск—Гомель, Бранск—Гомель—Пінск—Брэст. Суднаходства па Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы. Па тэр. вобласці праходзіць магістральны нафтаправод «Дружба», газаправоды Гомель—Мінск, Шчорс—Гомель. Сетка нафтаправодаў злучае нафтапромыслы з нафтаправодам «Дружба». У Гомелі аэрапорт.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
880,5
855,2
Збожжавыя і зернебабовыя
379,7
407,8
Бульба
112,1
101,8
Лён
6,0
5,0
Агародніна
6,8
12,0
Плады і ягады
25,2
24,1
Кармавыя культуры
367,1
321,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1981
1991
1996
Буйная рагатая жывёла
1221
1160,3
776,2
у т.л. каровы
504
368,4
324,7
Свінні
652
686,3
556,4
Авечкі і козы
88
13,6
19,0
Птушка
7132
8274,5
5122,0
Да арт.Гомельская вобласць. Балота ў Рэчыцкім раёне (уверсе). На рацэ Сож у Гомелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі. Размешчана на З краіны, мяжуе з Польшчай і Літвой. Утворана 20.9.1944. Пл. 25 тыс.км². Нас. 1215,6 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гродна. У вобласці 17 раёнаў: Астравецкі, Ашмянскі, Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Гродзенскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Лідскі, Мастоўскі, Навагрудскі, Свіслацкі, Слонімскі, Смаргонскі, Шчучынскі (гл. адпаведныя арт.), 12 гарадоў, у т. л. 6 абл. падпарадкавання — Гродна, Ваўкавыск, Ліда, Навагрудак, Слонім, Смаргонь, 21 гар. пасёлак, 195 сельсаветаў, 4414 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (130—190 м). Цэнтральнае становішча займае Нёманская нізіна, выцягнутая ўздоўж Нёмана. Пры выхадзе Нёмана за межы рэспублікі знаходзіцца самы нізкі пункт краіны — 80 м над узр. мора. На Пн і ПнУ — Лідская раўніна (да 170 м) і Ашмянскае ўзвышша (да 320 м), на крайнім ПнУ — ч.Нарачана-Вілейскай нізіны. На Пд і У марэнныя згладжаныя ўзвышшы: Гродзенскае ўзвышша, Ваўкавыскае ўзвышша, Навагрудскае ўзвышша, на ім найвышэйшы пункт вобласці — Замкавая гара (323 м). Карысныя выкапні: жал. руды (Навасёлкаўскае радовішча ільменіт-магнетытавых руд у Карэліцкім р-не і шэраг рудапраяўленняў уздоўж граніцы з Літвой у Гродзенскім р-не), торф (пераважна на Нёманскай нізіне), мел, цагельныя і чарапічныя гліны, цэментная сыравіна (гал. радовішчы ў Ваўкавыскім р-не), сілікатныя пяскі, вапняковая сыравіна, пясчана-гравійны матэрыял. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,6 °C у Карэліцкім і Навагрудскім р-нах да -5 °C на ПдЗ у Бераставіцкім і Свіслацкім р-нах, у ліп. 17—18,2 °C. Вегетац. перыяд 189—200 сут. Гадавая колькасць ападкаў 520—640 мм (у Навагрудку 706 мм), 71% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Амаль уся тэр. вобласці адносіцца да бас. Нёмана і яго прытокаў: Бярэзіны, Гаўі, Дзітвы, Лебяды, Котры (справа), Ушы, Сэрвачы, Шчары, Ласосны (злева). На ПнУ — р. Вілія (з Ашмянкай). На ПнЗ пачынаецца р. Нараў — прыток Віслы. Вядомы Аўгустоўскі канал, які злучаў басейны Нёмана і Віслы. Найб. азёры: Белае, Рыбніца, Малочнае, Свіцязь (у межах Свіцязянскага ландшафтнага заказніка), Свір і Вішнеўскае (на мяжы з Мінскай вобл.). Глебы с.-г. угоддзяў значна завалунены і эрадзіраваны, часткова пераўвільготнены і забалочаны. Дзярнова-падзолістыя глебы складаюць 78,9% пл.с.-г. угоддзяў, дзярнова-падзолістыя забалочаныя — 17,5%. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя глебы — 56,9%, ёсць сугліністыя — 23,1%, пясчаныя і тарфяныя — па 10%. Асушаныя землі займаюць 18,5% с.-г. угоддзяў. Сярэдняя лясістасць 33%, ад 10 — 12% у Бераставіцкім і Зэльвенскім р-нах да 50% у Свіслацкім. Лясы пераважна хваёвыя (68,8%) і яловыя (11%), менш бярозавых, чорнаальховых, дубовых, грабавых, ясянёвых. Захаваліся буйныя лясныя масівы — пушчы: Налібоцкая, Ліпічанская, Графская, Белавежская (часткова). Балоты, пераважна нізінныя, займаюць 6,6% тэр. вобласці, б.ч. іх асушана. Пад лугамі 14,4%, 2/3 іх нізінныя. На тэр. вобласці частка нац. парку Белавежская пушча, 10 прыродных заказнікаў рэсп. значэння, 50 помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС радыеактыўнаму забруджванню падверглася 6,8% тэр. вобласці.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (65,1%), палякі (24,7%), жывуць таксама рускія (7,7%), украінцы (1,4%) і інш. Гарадскога нас. 61,4%. Сярэдняя шчыльн. 48,6 чал. На 1 км², сельскага нас. 18,9 чал. На 1 км², вагаецца ад 12,7 чал. на 1 км² у Свіслацкім да 22,8 чал. на 1 км² у Шчучынскім і Лідскім раёнах. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гродна (301), Ліда (101), Слонім (53), Ваўкавыск (44), Смаргонь (38), Навагрудак (31). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1993 адмоўны). З 1994 адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва вобласці.
Гаспадарка. У гасп. комплексе пераважае прамысловасць, у якой занята 27,6% працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. За 1991—94 аб’ём прамысл. вытв-сці панізіўся на 33%, асабліва вял. спад адбыўся ў хім. (на 63%), буд. матэрыялаў (на 44%), лёгкай (на 42%) прам-сці. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў хім., машынабуд., дрэваапр., цэлюлозна-папяровай, буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. галін. У 1994 у Гродзенскай вобласці было атрымана (у % да агульнарэсп. вытв-сці): азотных угнаенняў 100, сернай кіслаты 44,6, лакафарбавых матэрыялаў 71,7, бульбаўборачных машын 100, радыёэлектронных прылад 73, фанеры 24,4, паперы 28,3, кардону 21,2, драўняна-стружкавых пліт 26, цэменту 53, шыферу 65, вапны 61,6, баваўнянай пражы 32,3, шарсцяных тканін 22, тытунёвых вырабаў 100, піва 15,7. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў шматгаліновых цэнтрах: Гродне, Лідзе, Слоніме, Ваўкавыску, Навагрудку, Смаргоні. У Гродне выпускаюцца азотныя ўгнаенні, капралактам, капронавае валакно, разнастайная машынабуд. прадукцыя, шарсцяныя тканіны, баваўняная пража і ніткі, швейныя вырабы, абутак, тытунёвыя вырабы і інш. У Лідзе размешчана вытв-сцьс.-г. Машын, аўтобусаў, лакаў і фарбаў, электратэхн. вырабаў, абутку, харч. канцэнтратаў, піва і інш. Слонім вядомы прадукцыяй камвольна-прадзільнай ф-кі і кардонна-папяровага з-да; Ваўкавыск — з-дам дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, малочна-кансервавым камбінатам дзіцячых прадуктаў, а таксама размешчаным паблізу (пас. Краснасельскі) аб’яднаннем «Ваўкавыскцэментнашыфер»; Навагрудак — з-дам газавай апаратуры, металаапр. аб’яднаннем, прадпрыемствамі лёгкай і харч. прам-сці; Смаргонь — машынабудаваннем, камбінатам сілікатабетонных вырабаў. Шырока вядома прадукцыя шклозавода «Нёман» у Бярозаўцы Лідскага р-на. Самае буйное прадпрыемства дрэваапр. прам-сці ВА «Мастоўдрэў». Невял. і сярэднія прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, драўніны, па здабычы торфу, вытв-сці буд. матэрыялаў размеркаваны па раённых цэнтрах, гар. і рабочых пасёлках.
Сельская гаспадарка — высокаразвітая галіна, у ёй занята 22,8% працуючых. Па эфектыўнасці с.-г. вытв-сці Гродзенская вобласць займае вядучае месца сярод абласцей краіны. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжа, бульбы, а таксамацукр. буракоў на З і лёну на У. У прыгарадных зонах значных гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,5% тэрыторыі, ворныя землі — 35,9% (1994). Пры ўдзельнай вазе вобласці ў агульных сельгасугоддзях і ворных землях каля 14% вобласць дае (1995) 17,2% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 17,5% бульбы, 15% ільновалакна, 39% цукр. буракоў, 16,2% мяса (у жывой вазе), 16% малака. На долю раслінаводства прыпадае (1994) 45%, жывёлагадоўлі — 55% прадукцыі сельскай гаспадаркі. Доля раслінаводства з 1990 павышаецца, жывёлагадоўлі — зніжаецца. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1), павялічваюцца плошчы пад цукр. буракамі. Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукр. буракамі і льном-даўгунцом.
На пач. 1995 у Гродзенскай вобласці 329 фермерскіх гаспадарак, якія мелі 4,3 тыс.га зямлі, у т. л. 3,3 тыс.га ворыва. Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 58,5% (1990) да 90% (1994), агародніны з 34,2% да 79,4%, пладоў і ягад да 95%. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіта свінагадоўля, у прыгарадных зонах значных гарадоў — птушкагадоўля. Пагалоўе жывёлы з 1991 зніжаецца (гл.табл. 2). Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак павялічылася па вытв-сці мяса з 16% (1990) да 26,9% (1994), малака з 32% да 41,4%, яец з 45,7% да 52,3%.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 672 км. Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Мінск—Маладзечна—Смаргонь—Вільнюс, Вільнюс—Ліда—Баранавічы—Лунінец, Маладзечна—Ліда—Масты—Гродна, Вільнюс—Гродна—Беласток, Гродна—Ваўкавыск—Баранавічы, якія звязваюць вобласць з Польшчай, Літвой, Украінай, Расіяй, з астатнімі абласцямі краіны. Чыг. вузлы: Гродна, Ліда, Масты, Ваўкавыск. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,6 тыс.км. Асн. магістралі Мінск—Ашмяны—Вільнюс, Мінск—Ліда—Гродна, Баранавічы—Слонім—Ваўкавыск—Гродна, Вільнюс—Ліда—Слонім. Мясц. суднаходства па рэках Нёман і Шчара. Даўж. водных шляхоў 521 км. Па тэр. вобласці праходзяць адгалінаванні газаправодаў Дашава—Мінск і «Ззянне Поўначы»: Івацэвічы—Слонім—Ліда—Вільнюс, Івацэвічы—Слонім—Гродна. У Гродне аэрапорт. Прыгранічнае становішча вобласці спрыяе развіццю яе эканам. сувязей з Польшчай, Літвой, Расіяй (Калінінградская вобл.) у рамках еўрарэгіёна «Нёман».
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
893
870,6
Збожжавыя і зернебабовыя
417,9
407,7
Тэхнічныя культуры
54,3
38,5
у тым ліку:
лён-даўгунец
27
12,6
цукровыя буракі
14,2
17,8
Бульба
92,7
107,3
Агародніна
3,9
10,9
Кармавыя культуры
324,2
306,2
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1990
1994
Буйная рагатая жывёла
977,1
787,1
у т.л. каровы
334,5
314,7
Свінні
905,5
731,3
Авечкі і козы
63,1
29,5
Птушка
7765,7
6794,7
Да арт.Гродзенская вобласць. Краявід у Навагрудскім раёне (уверсе). Машынная зала Гродзенскага вытворчага аб’яднання «Азот».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЬТА (Malta),
Рэспубліка Мальта (мальтыйскае Repubblika ta’Malta, англ. Republic of Malta), дзяржава на Мальтыйскім архіпелагу, у цэнтр.ч. Міжземнага м. на Пд ад Сіцыліі. Пл. 320 км². Нас. 380 тыс.чал. (1998). Дзярж. мовы — мальтыйская і англійская. Сталіца — г.Валета. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 вер.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1964 (з папраўкамі 1974 і 1987). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, у склад якога ўваходзяць прэзідэнт і палата прадстаўнікоў (65 дэпутатаў выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Краіна займае 2 параўнальна значныя а-вы — Мальта (пл. 246 км²) і Гоца (пл. 67 км²) і некалькі дробных. У рэльефе пераважаюць закарставаныя вапняковыя плато выш. да 253 м (на в-ве Мальта). Клімат міжземнаморскі з гарачым сухім летам і мяккай дажджлівай зімой; сярэдняя т-ралют. 12 °C, жн. 25 °C. Ападкаў каля 530 мм за год. Рэк і ручаёў няма. У расліннасці пераважае рэдкі травастой са злакаў, на схілах — пусткі з нізкімі сухалюбівымі хмызнякамі і хмызнячкамі. Невял. гаі з хвоі, пініі, дубу. Жывёльны свет бедны. Рэзерват Гадыра.
Насельніцтва. Каля 98% складаюць карэнныя жыхары — мальтыйцы. Па мове яны блізкія да тунісцаў, па культуры — да жыхароў Паўд. Італіі. Жывуць таксама невял. групы англічан і італьянцаў. Пануючая рэлігія — каталіцызм (больш за 98% насельніцтва). Сярэднегадавы прырост 0,58% (1998). Сярэдняя шчыльн. 1200 чал. на 1 км² (адна з найб. у свеце). Найб. шчыльна заселена паўн.-ўсх.ч. в-ва Мальта. У гарадах жыве больш за 90% насельніцтва. У г. Валета 9,1 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 150 тыс.ж. (1995). Каля 10 тыс.ж. у гарадах Сліма, Хамрун, Рабат, Вікторыя, Зейтун. У прам-сці і буд. занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 2%, астатнія — у абслуговых галінах. Значная эміграцыя (за мяжой жыве каля 150 тыс. мальтыйцаў) пераважна ў Аўстралію і Вялікабрытанію.
Гісторыя. Першыя паселішчы чалавека з’явіліся на М. ў эпоху неаліту каля 4-га тыс. да н.э. З таго часу на а-вах Мальта і Гоца захаваліся унікальныя мегалітычныя культавыя пабудовы. абнесеныя сценамі цыклапічнай муроўкі. З часоў антычнасці М. з-за зручнага геагр. і стратэг. становішча ў цэнтры Міжземнамор’я неаднаразова была аб’ектам каланізацыі і ваен. захопаў. У 13 ст. да н.э. яе каланізавалі фінікійцы. з 8—7 ст. да н.э. — карфагеняне. У 6—3 ст. да н.э. М. — уладанне Карфагена, з 218 да н.э. — Стараж. Рыма, у 395—870 н.э. — Візантыі (у 5 ст. часова захоплена вандаламі, потым остготамі). У 870—1091 М. валодалі арабы, якія значна паўплывалі на гаспадарку, культуру і мову яе насельніцтва. У 1091 заваявана нарманамі і ў 12 ст. далучана імі да Сіцылійскага каралеўства. З 1302 М. разам з Сіцыліяй належала каралеўству Арагон, з 1504 — у складзе падначаленага Іспаніі Сіцылій абедзвюх каралеўства. У 1530 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (адначасова ісп. і сіцылійскі кароль) Карл V перадаў М. каталіцкаму рыцарскаму ордэну іаанітаў (Мальтыйскі ордэн). У 16 ст. М. неаднаразова цярпела ад нападаў тур. флоту і войск. У 1565 рыцары вытрымалі ва ўмацаваннях в-ва Мальта працяглую. і жорсткую тур. аблогу. У 1566 вял. магістр ордэна Ж. дэ ла Валет заснаваў на М. сталіцу — г. Валета. У 1775 адбылося паўстанне мясц. насельніцтва супраць іаанітаў. У 1798 М. захоплена Францыяй. у 1800 — Вялікабрытаніяй, якая стварыла тут ваен.-марскую базу. Стратэг. значэнне М. вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У час 1-й і 2-й сусв. войнаў парты М. служылі базай ваен.-марскіх сіл Вялікабрытаніі і яе саюзнікаў, у 1940—43 яна цярпела ад налётаў ням. і італьян. авіяцыі, ад абстрэлаў і блакады з мора. Пад націскам нац.-вызв. барацьбы мальтыйцаў Вялікабрытанія ў 1921 і 1947 давала М. абмежаванае самакіраванне (адменена ў 1933 і 1959), у 1962 прадаставіла ўраду М. права вырашаць справы краіны. акрамя пытанняў знешняй палітыкі і абароны. З 21.9.1964 М. — незалежная дзяржава ў складзе брыт. Садружнасці. Да 1974 канстытуцыйная манархія (кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам).
13.12.1974 М. абвешчана парламенцкай рэспублікай. У 1979 з краіны выведзены апошнія брыт. войскі. 14.5.1981 М. афіцыйна абвясціла аб сваім нейтралітэце. Ва ўнутрыпаліт. жыцці асн. барацьба за ўладу адбываецца паміж Нацыяналіст. і Лейбарысцкай партыямі. У перыяд першага праўлення лейбарыстаў (1971—87) створаны моцны дзярж. сектар эканомікі, закладзены асновы незалежнага знешнепаліт. курсу М. З 1994 прэзідэнт краіны — лідэр лейбарыстаў У.Міфсуд Банічы. На парламенцкіх выбарах 1998 перамагла Нацыяналіст. партыя (прыхільнікі ліберальнай эканам. мадэлі з прыярытэтам прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці), яе лідэр Э.Фенек Адамі сфарміраваў урад. Дзейнічаюць таксамаДэмакр. партыя М., рух Дэмакр. альтэрнатыва. Асн. прафсаюзы: Усеагульны саюз рабочых і Канфедэрацыя прафсаюзаў М. М. — чл.ААН (з 1964), Савета Еўропы (з 1965), асацыіраваны чл.Еўрап.эканам. супольнасці (з 1971). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 16.2.1993.
Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. 12,9 тыс.дол. (1997). Абслуговыя галіны даюць 61% даходаў краіны, прам-сць — 34%, сельская гаспадарка — 5%. У эканоміцы пераважае замежны (пераважна англійскі) капітал. Дзяржаве належыць шэраг прамысл. прадпрыемстваў, яна фінансуе развіццё партоў, агракомплексаў, прамысл. зон, станцый апраснення марской вады, пашырэнне сеткі атэляў, асваенне непрыдатных зямель. Аснова эканомікі — суднарамонт, транзітна-трансп. паслугі, замежны турызм. Мальтыйскія докі рамантуюць судны больш чым 70 краін свету (адно з найб. суднарамонтных прадпрыемстваў на Міжземным м.), на іх занята больш за 5000 рабочых. Важнае значэнне транзітнага гандлю, забеспячэнне гандл. суднаў розных краін палівам, вадой і інш. Павялічваецца роля замежнага турызму. Штогод бывае больш за 1 млн. турыстаў, пераважна з Вялікабрытаніі, Італіі, краін Паўн. Еўропы. Турыстаў прываблівае маляўнічае ўзбярэжжа, сонечнае надвор’е, гіст. і арх. помнікі. У 1994 турызм прынёс даход у 639 млн.дол. Развіты электронная, тэкст., трыкат., абутковая, мэблевая, харч. (кансервы) і харчасмакавая (асабліва вінаробства і тытунёвая) прам-сць, вытв-сцьпрамысл.хім. прэпаратаў, касметычных і фармацэўтычных вырабаў, буд. матэрыялаў і інш. Ёсць з-д па зборцы аўтамабіляў і аўтарамонтныя майстэрні. Развіты саматужныя промыслы — выраб карункаў, філігранных упрыгожанняў, пляценне з саломы, хатняе ткацтва, чаканка па серабры і золаце, шкловыдзімальнае майстэрства. Выпрацоўка электраэнергіі — 1,4 млрд.кВт∙гадз (1996). Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Апрацоўваецца каля 14 тыс.га. Значная частка зямлі належыць царкве, якая здае яе ў арэнду сялянам. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі пл. да 2 га. Гал. культуры: ранняя бульба, памідоры, салодкі перац, капуста, цыбуля. Вырошчваюць таксама бахчавыя культуры, бавоўнік, пшаніцу і ячмень. За год здымаюць 2—3 ураджаі.
Развіты садоўніцтва (вінаград, апельсіны, аліўкі, інжыр), кветкаводства і насенная гаспадарка. Жывёлагадоўля развіта менш з-за недахопу кармавых угоддзяў. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 15, свіней — каля 55, коз і авечак — каля 12. Птушкагадоўля (каля 1,5 млн. курэй). Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. На астравах 1,3 тыс.км аўтадарог. А-вы Мальта і Гоца злучаны паромнай пераправай. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. порт Валета. Міжнар. аэрапорт Лука на в-ве Мальта. У 1996 экспарт склаў 1,7 млрд.дол., імпарт — 2,8 млрд.дол. У экспарце пераважаюць прадукцыя машынабудавання, швейныя і трыкат. вырабы, тканіны, абутак, ранняя агародніна і кветкі, у імпарце — харч. прадукты, паліва, машыны і паўфабрыкаты. Асн.гандл. партнёры: Італія (32% экспарту, 27% імпарту), Германія (адпаведна 16 і 14%), Вялікабрытанія (8 і 13%). Значную ролю адыгрываюць грашовыя пераводы грамадзян М., якія жывуць за мяжой. Грашовая адзінка — мальтыйская ліра.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.Г.Нікіцін (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫКАЗНА́ЎСТВА,
навука пра музыку; галіна мастацтвазнаўства. Падзяляецца на некалькі асобных узаемазвязаных дысцыплін адпаведна разнастайнасці форм музыкі і жыццёвых функцый, якія яны выконваюць, або выбранаму аспекту разгляду муз. з’яў. Аснова класіфікацыі М. — падзел на гіст. і тэарэт. галіны адпаведна выкарыстанню гіст. і лагічнага метадаў даследавання, аднак вывучэнне рэальных працэсаў маст. творчасці часта патрабуе сінтэзу названых метадаў. Гістарычнае М. вывучае гісторыю музыкі як маст. працэс, развіццё нац.муз. культур, жанры музыкі, дзейнасць кампазітараў; уключае муз. крыніцазнаўства, палеаграфію і тэксталогію. Тэарэт. М. даследуе гармонію, поліфанію, мелодыку, рытміку, метрыку, інструментоўку, форму музычную. Асобныя галіны М. — этнамузыкалогія, тэорыя і гісторыя выканальніцкага мастацтва, муз. сацыялогія, псіхалогія, крытыка.
Тэарэт. асэнсаванне пытанняў музыкі пачалося ў краінах стараж. цывілізацый — Асірыі, Вавілоне, Егіпце, Кітаі, Індыі. У Стараж. Грэцыі зарадзілася вучэнне аб этасе, муз. ладах і гукарадах, рытме, інтэрвалах. У эпоху Адраджэння асэнсаваны асновы танальнай гармоніі, перагледжана вучэнне аб ладах, падкрэслена асаблівае значэнне іанійскага (мажор) і эалійскага (мінор) ладоў. Дж.Царліна вызначыў 2 віды трохгуччаў у залежнасці ад становішча ў іх вял. тэрцыі і стварыў перадумовы для ўстанаўлення паняццяў меладычнага і гарманічнага мажору і мінору. даў практычныя ўказанні па тэхніцы поліфанічнага пісьма, суадносін тэксту і музыкі. У 17 ст. паявіліся працы энцыклапедычнага характару па муз.-тэарэт., акустычных і эстэт. праблемах. Важны этап у фарміраванні М. як навукі — эпоха Асветніцтва. Канчаткова як самаст. навука, што вырашае асаблівыя задачы і валодае ўласнымі метадамі даследавання, М. склалася ў 20 ст. У Расіі М. развівалася з канца 17 ст. ў працах І.Коранева («Мусікія», 1660-я г.) і М.Дылецкага («Граматыка мусікійская», 1670-я г.), дзе зроблена спроба стварыць рацыяналістычна стройнае вучэнне, і інш. У 18 ст. пачалася распрацоўка пытанняў, звязаных са станаўленнем і развіццём свецкай нац.муз. культуры. У 19 ст. ў артыкулах У.Адоеўскага і інш. закрануты пытанні пра народнасць музыкі, адметныя рысы рус.муз. школы і яе адносіны да інш.нац. школ. Росквіт рус. класічнага М. звязаны з дзейнасцю А.Сярова (увёў тэрмін «М.»), У.Стасава, Г.Лароша. Шмат прац прысвяцілі М. кампазітары М.Глінка, П.Чайкоўскі, М.Рымскі-Корсакаў, С.Танееў і інш. У 1920-я г. створаны спец.навук. ўстановы для распрацоўкі фундаментальных праблем тэорыі і гісторыі музыкі.
На Беларусі муз. жыццё гарадоў у 19 — пач. 20 ст. давала шмат матэрыялаў для развіцця муз. крытыкі. Артыкулы і нататкі пра муз. жыццё ў газ. «Минские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва» і інш. мелі пераважна інфарм. характар і найчасцей былі звязаны з пытаннямі выканальніцтва, хоць у некат. матэрыялах выявіўся зварот да нац. музыкі, прапанавана праграма стварэння бел. кірунку ў муз. культуры. У пач. 20 ст. спробы творчага асэнсавання пытанняў муз. мастацтва разглядаліся ў арт. М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, З.Бядулі. У 1920-я г. фарміраваліся прапагандысцка-асв. тэндэнцыі ў М. У арт. Ю.Дрэйзіна і інш. абагульнены некат. новыя з’явы, што ўзніклі ў грамадскім жыцці. У 1926 выдадзены слоўнік Дрэйзіна «Музычныя тэрміны». У канцы 1920 — пач. 1930-х г. у друку шырока асвятляліся пытанні музычнай адукацыі, выдаваліся падручнікі і навуч. дапаможнікі, у т. л. «Музычная пісьменнасць» В.Яфімава, «Пачатковая тэорыя музыкі» М.Мацісона, уступныя арт. да бел. опер і балетаў з нотнымі фрагментамі; працягвалася вывучэнне нар.муз. творчасці. Актывізавалася і даследчая дзейнасць. У 1930-я г. ўзбагацілася жанравая палітра музыказнаўчых прац, паявіліся артыкулы аналітычнага характару. Станаўленню М. садзейнічалі шырокая дыскусія пра развіццё бел.прафес. музыкі (1925), арганізацыя сімф. аркестра (1928) і опернага т-ра (1933). Характэрнымі жанрамі муз. публіцыстыкі 1930-х г. былі творчы партрэт і нарыс. У канцы 1940-х—50-я г. даследаваліся пытанні прафес.муз. творчасці і нац. выканальніцкай культуры. Апублікаваны брашуры і нарысы пра бел. музыку (І.Нісневіч, Б.Смольскі, Г.Цітовіч), яе вядучыя жанры (С.Нісневіч, В.Сізко), муз. калектывы (Л.Мухарынская, Б.Смольскі, І.Жыновіч). Распрацоўваліся эстэт. праблематыка нац. музыкі, актуальныя пытанні бел.муз. творчасці, опернай драматургіі, лібрэта, муз. мовы, узаемаадносін прафес. і нар. музыкі. Да 1960-х г. вызначыліся кірункі, звязаныя з распрацоўкай тэарэт. асноў нац. мастацтва. У працах абагульняльнага характару бел. музыка разглядалася ў некалькіх аспектах: нац.нар. музыка, муз. культура Беларусі ад сярэднявечча да 20 ст., сучасная бел.муз. творчасць і выканальніцтва, эстэт. праблемы нац.муз. мастацтва і інш. Цэнтрамі н.-д. думкі сталі кафедры гісторыі і тэорыі музыкі Бел.дзярж. кансерваторыі (цяпер Бел. акадэмія музыкі) і створанага ў 1957 аддзела музыкі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, грамадска-публіцыстычнай — Саюз кампазітараў Беларусі. Даследаванні ў галіне музыкі праводзяцца таксама на муз.-пед. ф-це Бел.дзярж.пед. ун-та імя М.Танка і Бел. ун-це культуры. У 1960—90-я г. апублікаваны манаграфіі, выдадзены зборнікі навук. прац па гісторыі нац.муз. культуры, у т. л. «Гісторыя беларускай савецкай музыкі» (1971), «Гісторыя беларускай музыкі» (1976). Раздзелы пра бел.прафес. музыку ўвайшлі ў грунтоўнае выданне Ін-та гісторыі мастацтваў Мін-ва культуры СССР «Гісторыя музыкі народаў СССР» (т. 1—7, 1970—97). Фундаментальны характар мае праца Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі «Музычны тэатр Беларусі» (кн. 1—4, 1990—97; Дзярж. прэмія Беларусі 1998 за кн. 2—4). У вывучэнні творчых працэсаў сучаснай бел.муз. культуры важнае значэнне мела выданне зборнікаў праблемных артыкулаў «Музычная культура Беларускай ССР» (М., 1977), «Пытанні тэорыі і гісторыі музыкі», «Зборнік артыкулаў па музычнаму мастацтву» (абодва 1976), «Пытанні музыказнаўства» (1981), «Беларуская савецкая музыка на сучасным этапе: Тэарэтычныя нарысы» (1990), «Пытанні культуры і мастацтва Беларусі» (вып. 1—13, 1982—94), а таксамазб. «Музыка нашых дзён» (з 1969; з 1975 наз. «Беларуская музыка»). Істотны ўклад у даследаванне творчых працэсаў бел. музыкі (асобных жанраў, пытанняў муз. стылю, форм, тэматызму, выкарыстання фальклору ў творчасці кампазітараў, прынцыпу праграмнасці, праблемы нац. і інтэрнацыянальнага і інш.) зрабілі музыказнаўцы С.Нісневіч, Н.Юдзеніч, Сізко, Г.Куляшова, Т.Дубкова, Г.Глушчанка, К.Сцепанцэвіч, Т.Шчарбакова, І.Назіна, Р.Аладава, Л.Сцяпура, В.Савіцкая, А.Друкт, Р.Сергіенка, Т.Ляшчэня, Т.Шчэрба, В.Антаневіч, А.Смагін, Н.Юўчанка, Т.Дзядзюля, Э.Алейнікава, А.Карпілава і інш. Выдадзены працы пра творчасць бел. кампазітараў, выканаўцаў і муз. калектываў (І. і С.Нісневічы, Л.Мухарынская, Куляшова, Дубкова, І.Зубрыч, А.Ракава, Дз.Жураўлёў, Н.Калеснікава, Л.Аўэрбах), біябібліягр. даведнікі «Кампазітары Савецкай Беларусі» (1966) і «Саюз кампазітараў БССР» (1978) Жураўлёва, «Кампазітары Беларусі» Т.Мдывані і Сергіенка (1997). З 1970 выходзіць шматтомнае навук. выданне бел. фальклору «Беларуская народная творчасць». З 1980-х г. распрацоўваецца праблематыка муз. культуры Беларусі ад старажытнасці да 19 ст., даследуецца царк. музыка Беларусі [Л.Касцюкавец, В.Дадзіёмава, В.Пракапцова (Масленікава), А.Капілаў, А.Ахвердава, Т.Ліхач, У.Неўдах]. Узбагацілася тэарэт.л-ра па праблемах нар. музыкі (Г.Цітовіч, В.Ялатаў, Мухарынская, З.Мажэйка, Т.Якіменка, Т.Варфаламеева), ствараецца вучэбная л-ра па бел. музыцы і бел.нар. творчасці для муз.навуч. устаноў розных узроўняў. Развіваецца эстэт. праблематыка (А.Ладыгіна), даследуюцца пытанні тэорыі опернага (Куляшова) і сімф. (Дубкова) жанраў, гукавышыннай арганізацыі сучаснай музыкі (Сергіенка). Распрацоўваюцца гісторыка-тэарэт. праблемы рас., сав., зарубежнай музыкі (Глушчанка, Шчарбакова, Друкт, М.Шыманскі, Мдывані, Б.Златавярхоўнікаў, Н.Сцяпанская, А.Гарахавік, К.Дулава і інш.), муз. сацыялогіі, адукацыі, псіхалогіі, методыкі выкладання, выканальніцкага майстэрства. Бел. музыказнаўцы ўдзельнічаюць у муз. жыцці Беларусі, вядуць муз.-асв. працу, займаюцца крытычнай дзейнасцю, выступаюць у перыяд. друку, на тэлебачанні і радыё, з 1990-х г. удзельнічаюць у міжнар. канферэнцыях і сімпозіумах, супрацоўнічаюць у замежных энцыклапедычных выданнях і інш.
Літ.:
Серов А.Н. Музыка, музыкальная наука, музыкальная педагогика // Серов А.Н. Избр. статьи. М., 1957. Т. 2;
Глебов Игорь [Асафьев Б.В.]. Теория музыкально-исторического процесса, как основа музыкально-исторического знания // Задачи и методы изучения искусств. Пг., 1924;
Рыжкин И., Мазель Л. Очерки по истории теоретического музыкознания. Вып 1—2. М.; Л., 1934—39;
Цуккерман В. О теоретическом музыкознании // Цуккерман В. Музыкально-теоретические очерки и этюды. М., 1970;
Музыказнаўства // Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Дубкова Т.А. Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстэтыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974;
Методологические проблемы музыкознания. М., 1987;
Белорусская музыка 1960—1980 гг. Гл. 4. Мн., 1997;
Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ СПА́СА-ЕФРАСІ́ННЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р, Полацкі Спаскі манастыр,
помнік архітэктуры 12 — пач. 20 ст. ў г. Полацк Віцебскай вобл. Знаходзіцца на ўскраіне горада, на правым беразе р. Палата. Засн. ў пач. 12 ст. князёўнай Ефрасінняй Полацкай як абарончы фарпост Полацка (з Пн), за 2 км ад горада, у в. Сяльцо, на месцы, дзе знаходзілася драўляная царква Спаса. У 1579 кароль Рэчы Паспалітай Стафан Баторый заняў Полацк і заснаваў у манастыры сваю рэзідэнцыю, потым перадаў яе езуітам. У 1656 паводле загаду рас. цара Аляксея Міхайлавіча манастыр пераасвячоны і вернуты праваслаўным. З 1667 зноў належаў езуітам, пасля 1820 перайшоў да піяраў. З 1832 вернуты праваслаўным, з 1841 жаночы манастыр. У 1844 пры манастыры адкрыта 3-класнае жан. вучылішча, сіроцкі прытулак, багадзельня. Найб. росквіту манастыр дасягнуў у канцы 19 ст. пры ігуменні Яўгенні (Гаваровіч). У 1910 сюды з Кіева перавезены мошчы св. Ефрасінні Полацкай. У пач. 20 ст. ў манастыры былі мураваныя храмы, якія ўтваралі невял. плошчу пры ўваходзе, а таксама каля 20 драўляных і мураваных жылых і гасп. пабудоў, сад, агарод. У1928 манастыр закрыты. У Вял.Айч. вайну на тэр. манастырскага комплексу быў лагер сав. ваеннапалонных, многія пабудовы разбураны. З 1943 манастыр пачаў дзейнічаць. У 1960 зноў закрыты (насельніцы пераведзены ў Жыровіцкі Успенскі манастыр). З 1989 манастыр аднавіў сваю дзейнасць. У ансамбль уваходзяць: цэрквы Спаса-Праабражэнская і Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая), Крыжаўзвіжанскі сабор, жылы дом, брама-званіца з жылым манастырскім корпусам, падмуркі храма-пахавальні. У 1998—2000 узведзены манастырскі жылы корпус, гасп. пабудовы, майстэрні. Спаса-Праабражэнская царква — помнік архітэктуры Полацкай школы дойлідства. Размешчана ў цэнтры манастырскага комплексу. Пабудавана паміж 1152—61 дойлідам Іаанам на заказ Ефрасінні Полацкай як саборны храм. З пераходам манастыра да езуітаў царква была ператворана ў касцёл. У 1833 часткова перабудавана (арх. А.Порта). Мураваны 3-нефавы 6-стаўповы крыжова-купальны храм (8 χ 12). Цэнтр. неф з У завершаны паўкруглай масіўнай апсідай, больш вузкія бакавыя нефы — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. Паўд. і паўн. фасады расчлянёны пілястрамі з паўкалонамі, якія рытмічна падзяляюць паверхню на 3 вузкія і 2 шырокія прасценкі (чаргуюцца), прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі на 2 узроўнях (ніжнія ў 1,5 раза большыя за верхнія, з т.зв. броўкамі з 4 радоў плінфы). Напачатку царква мела пазакамарнае пакрыццё асн. аб’ёму і больш нізкага нартэкса. Барабан купала ўзвышаўся над скляпеннямі асн. аб’ёму і апіраўся на квадратны ў плане пастамент, на гранях якога былі какошнікі. Закамары і какошнікі мелі кілепадобнае завяршэнне, што стварала ярусную кампазіцыю верху. У 19 ст. пазакамарнае пакрыццё заменена 3-схільным дахам. Уваход на хоры — у паўн. частцы зах. сцяны. Па баках хораў 2 маленькія келлі, адна з іх, паводле падання, прызначалася для Ефрасінні Полацкай. Інтэр’ер аздоблены фрэскамі 12 ст. — унікальнымі творамі стараж.-рус.манум. мастацтва. Даследаванні паверхні сцен, скляпенняў і слупоў даюць падставу меркаваць, што ўвесь храм багата ўпрыгожаны фрэскамі, якія закрыты напластаваннямі тынку і алейнай размалёўкай 5 832—35 і 1840. Расчыстка сценапісу праводзілася ў 1937, 1938, 1940, 1950, 1972. Адкрыта 8 фрагментаў фрэсак 12 ст. Тры з іх знаходзяцца ў алтарнай частцы: на лапатках паўд. і паўн. сцен выявы невядомых святых ва ўвесь рост з кнігамі ў руках, на паўд. сцяне побач з бакавым праёмам выява святога, што моліцца на фоне высокай вежы. 5 фрагментаў у цэнтр. частцы: на паўд. сцяне 2 з выявамі святых манашак; на паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. слупах франтальныя выявы святых ва ўвесь рост са скруткамі ў руках; на паўн.-зах. слупе, які падтрымлівае хоры, выява невядомай маладой святой. У апошнія гады пазнейшыя алейныя размалёўкі пачалі ападаць. Адкрылася шмат новых фрагментаў і сюжэтных кампазіцый у цэнтр. (10 выяў) і бакавых апсідах, цэнтр. частцы, у келлі Ефрасінні Полацкай. Фрэскі вылучаюцца выразнасцю індывід. характарыстык, натхнёнасцю, эмацыянальнасцю, суровай экспрэсіяй. Выявы святых пададзены ў класічных прапорцыях: з прадаўгаватымі тварамі, вял. міндалепадобнымі вачыма, цёмнымі вачніцамі, сціснутымі, але прыгожымі і жывымі вуснамі. Стараж. фрэскамі таксама была размалявана вонкавая паўд. сцяна (не захавалася). У 1161 Лазар Богша для царквы зрабіў Крыж Ефрасінні Полацкай. Крыжаўзвіжанскі сабор размешчаны з левага (паўн.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. Узведзены ў 1893—97 з цэглы (паводле праекта У.Ф.Коршыкава) у руска-візант. стылі. З пач. 1990-х г. вядзецца расчыстка і кансервацыя размалёвак (мастак-рэстаўратар І.В.Ракіцкі). Уяўляе сабой крыжова-купальны 3-нефавы храм, 4-слуповы, 5-купальны, з 3 прытворамі і паўцыркульнай апсідай. Цэнтр. шлемападобны купал на высокім светлавым 12-гранным барабане. Па вуглах ад яго 8-гранныя вежы, завершаныя шлемападобнымі купаламі. У дэкар. аздабленні фасадаў выкарыстаны закамары, арачныя ўваходныя парталы, паўкалонкі, круглыя медальёны. У 1990 праведзена рэстаўрацыя сабора.
Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая) царква размешчана з правага (паўд.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. У 1847 1-павярховы жылы дом быў прыстасаваны пад царкву, у 1849 перабудаваны. Уяўляе сабой прамавугольны ў плане аб’ём з 5-граннай апсідай (з У), 4-гранным прыдзелам (з Пд) і прытворам (з 3). Накрыта 2-схільным дахам, у цэнтры якога невял. купал з галоўкай на драўляным 8-гранным барабане. Уваход у выглядзе арачнага партала з шырокай лесвіцай, сцены дэкарыраваны рустам, аконныя праёмы паўцыркульныя з ліштвамі. У 1989 царква адрэстаўрыравана. Жылы корпус размешчаны на ПдУ ад Спаса-Праабражэнскай царквы (каля храма-пахавальні). Пабудаваны ў пач 18 ст. з цэглы як жылы, пазней — летняя рэзідэнцыя генерала езуіцкага ордэна. 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з уваходам з усх. боку. Сцены прарэзаны невял. аконнымі праёмамі з ліштвамі, вуглы дэкарыраваны руставанымі лапаткамі і ўмацаваны (з боку яра) 2 масіўнымі контрфорсамі. Брама-званіца і манастырскі корпус размешчаны пры ўваходзе на тэр. манастыра з боку вул. Фрунзе. Брама-званіца, узведзеная ў 1882 з цэглы, уяўляла сабой 1-арачны пралёт, перакрыты цыліндрычным скляпеннем і завершаны вежай-званіцай (не захавалася; у 1992 адноўлена). Да яго з 2 бакоў далучаліся 1-павярховыя флігелі. Да левага флігеля ў 1902 прыбудаваны 3-павярховы (1-ы паверх цокальны) мураваны жылы манастырскі корпус. Фундаменты храма-пахавальні размешчаны за 100 м на ПнУ ад Спаса-Ефрасіннеўскай царквы. Існаваў у 1-й пал. 12—1-й пал. 17 ст. Уваходзіў у ансамбль манастыра. Быў пабудаваны ў традыцыях Полацкай школы дойлідства. Паводле археал. даследаванняў 1947, 1961—62, 1964, 1976 храм быў 3-нефавы, 4-стаўповы, крыжова-купальны (шыр. 14,85 м, даўж. без апсіды 17,2 м), 3-апсідны (бакавыя апсіды размешчаны ў тоўшчы ўсх. сцяны). З паўд., зах. і паўн. бакоў абнесены галерэяй (шыр. 4,1 м), якая пераходзіла ў невял. капліцы з самаст. апсідамі. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы муроўкі са «схаваным радам». Фасады аформлены лапаткамі ступеньчатага профілю. Унутры храм быў багата аздоблены. Знойдзена шмат кавалкаў тынкоўкі з фрэскавай размалёўкай: з арнаментам, выявамі святых і анёлаў. Узорыстая мазаічная падлога была выкладзена з керамічных паліваных плітак рознай формы; малюнкі выкладаліся са смальты ў форме квадратаў, трохвугольнікаў і палосак. Выяўлены таксама рэшткі мужчынскіх пахаванняў ў цагляных камерах. Храм быў пахавальняй полацкіх епіскапаў. Захаваліся падмуркі і часткова ніжнія ч. сцен. Комплекс манастыра ўваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. З 1997 у манастыры знаходзіцца адноўлены Крыж Ефрасінні Полацкай (маст. М.Кузьміч). У 2000 у гонар 2000-годдзя Раства Хрыстова і 100-годдзя смерці ігуменні Яўгенні (Гаваровіч) у саборы ўстаноўлена памятная дошка (аўтары: А.Інькова, Г.Лаўрэцкі, А.Царык).
Літ.:
Монастырь у церкви Спаса: Полоцкий Спасо-Ефросиниевский монастырь с древности до наших дней: Фотоальбом. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МНІКІ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ,
аб’екты матэрыяльнай і духоўнай творчасці, якія маюць гіст. ці маст. каштоўнасць; своеасаблівае адлюстраванне гісторыі народа. Вылучаюць тыпалагічныя групы помнікаў: археалогіі, гісторыі, архітэктуры і горадабудаўніцтва, мастацтва, дакументальныя. П.г. і к. адыгрываюць важную ролю ў патрыят. і духоўным выхаванні людзей усіх дзяржаў і нацый, складаючы вобразны летапіс іх гісторыі 1 культуры. Найб. выдатныя помнікі сусв. значэння ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. На тэр. Беларусі П.г. і к. сусв. значэння са снеж. 2000 з’яўляецца Мірскі замкава-паркавы комплекс. У 1972 прынята міжнар. Канвенцыя па ахове сусв.культ. і прыроднай спадчыны, падпісаная большасцю краін свету. У Рэспубліцы Беларусь П.г. і к. прызнаны ўсенар. набыткам і ахоўваюцца дзяржавай. У Расіі захады па ахове асобных помнікаў старажытнасці ўпершыню прыняты Пятром 1 (1718, 1722). Указамі 1838 і 1839 зацверджана дзярж. апека над помнікамі, пачалася работа па іх уліку і каталагізацыі. У сав. час выдадзена больш за 15 дэкрэтаў па ахове помнікаў. На Беларусі 24.12.1923 СНКБССР прыняў пастанову аб абавязковай рэгістрацыі і ахове помнікаў мастацтва, старажытнасці і прыроды, якія знаходзіліся ва ўласнасці ўстаноў, т-ваў, прыватных асоб. Да 1925 ахову помнікаў ажыццяўляў Наркамат асветы БССР, потым Інбелкульт. Першы спіс помнікаў культуры зацверджаны пастановай СНКБССР ад 5.7.1926. У 1950 і 1957 праведзена перарэгістрацыя помнікаў, што зберагліся, зацверджаны новыя спісы помнікаў ваен. гісторыі, археалогіі, архітэктуры і мастацтва, якія падлягалі дзярж. ахове. У снеж. 1966 створана Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. З 1967 ахова помнікаў ускладзена на Мін-ва культуры БССР, а нагляд за іх станам — на выканкомы мясц. Саветаў і іх аддзелы культуры. У 1969 у БССР прыняты закон «Аб ахове помнікаў культуры», у 1978 — закон «Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры», паводле якога з 1.11.1978 дзярж. кіраўніцтва па ахове помнікаў ажыццяўляў СМБССР, выканкомы абл., раённых, пасялковых Саветаў, а таксама ўпаўнаважаныя дзярж. органаў аховы помнікаў. У 1.984—88 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» выпусціла «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» ў 7 тамах (8 кнігах), які стаў афіц. дакументам уліку помнікаў, што падлягаюць дзярж. ахове. 13.11.1992 прыняты закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (змены і дапаўненні 1995 і 1998), паводле якога дзярж. палітыка ў галіне ўліку і аховы гіст.культ. спадчыны ажыццяўлялася ўрадам рэспублікі праз спец.дзярж. орган — Дзярж. інспекцыю (у 1997 пераўтворана ў Камітэт па ахове гіст.-культ. спадчыны пры Мін-ве культуры). Матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні чалавечай творчасці, якім у адпаведнасці з гэтым законам нададзены статус каштоўнасці, уносяцца ў Дзярж. спіс гіст.-культ. каштоўнасцей. Вінаватыя ў наўмысным разбурэнні і пашкоджанні помнікаў падлягаюць крымін. адказнасці. Кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры, выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва праводзяць пад кантролем К-та па ахове гіст.-культ. спадчыны дзярж. і прыватныя спецыялізаваныя прадпрыемствы: «Мінскрэстаўрацыя», «Брэстрэстаўрацыя», «Белбудэнерга» і інш. У 1970—89 Бел. добраахвотнае т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры выдавала інфармацыйны навук.-метадычны бюлетэнь «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», з 1989 сумесна з Бел. фондам культуры выдае час.«Спадчына». На тэр. Беларусі (кастр. 2000) зарэгістравана 17 769 нерухомых гіст.-культ. каштоўнасцей (помнікаў).
Да помнікаў археалогіі адносяцца: стаянкі і паселішчы, селішчы, гарадзішчы розных археалагічных культур, ч.стараж. гарадоў (вакольны горад, замчышчы, пасады); стараж. помнікі вытв. дзейнасці чалавека — руднікі, шахты крэменездабыўныя, майстэрні, ірыгацыйныя сістэмы, курганы, могільнікі, каменныя ідалы і крыжы, наскальныя малюнкі і помнікі эпіграфікі (Барысавы камяні), знаходкі першабытнага мастацтва, следавікі, свяцілішчы, месцы асобных знаходак археал. прадметаў (касцей выкапнёвых жывёл, скарбаў, затанулых стараж. суднаў і іх грузаў).
Помнікі гісторыі ўключаюць: стараж. прылады земляробства (саха, валакуша), вытв-сці і перапрацоўкі с.-г. прадуктаў (млыны, ветракі і інш.), прамысл. вытв-сці (будынкі мануфактур, першых фабрык, з-даў і майстэрняў), гідратэхн. і дарожнага буд-ва (каналы, дарогі, масты і г.д.), інж. гаспадаркі (унікальныя збудаванні, механізмы), рамесныя і гандл. цэнтры, цэнтры нар. промыслаў, мясціны і помнікі прац. дзейнасці, гіст.прамысл. будоўлі. Помнікі і памятныя мясціны, звязаныя з гісторыяй грамадска-паліт. рухаў, паліт. падзей, нар. паўстанняў, у т. л. з рэв. рухам дзекабрыстаў, рэв.-дэмакратаў, з кіраўнікамі і дзеячамі нац.-вызв. руху, з рэвалюцыяй 1905—07, Лютаўскай і Кастр. рэвалюцыямі 1917, грамадзянскай вайной і замежнай інтэрвенцыяй 1918—20. Помнікі і памятныя мясціны, звязаныя з дзярж. і грамадскім жыццём, уключаюць месцы гіст.нар. сходаў, будынкі дзярж. устаноў, будынкі, у якіх адбываліся важныя з’езды, кангрэсы, нарады. Помнікі і памятныя мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю нар. герояў, рэвалюцыянераў, герояў воінскай славы і працы, выдатных грамадска-паліт., дзярж., паліт. і ваен. дзеячаў. Да помнікаў гісторыі таксама адносяцца: будынкі, звязаныя з узнікненнем культ.-асв. устаноў, навуковых т-ваў, творчых саюзаў і інш. арг-цый, дзе працавалі выдатныя дзеячы культуры; памятныя мясціны, сядзібы, паркі, будынкі, звязаныя з жыццём і дзейнасцю вядомых асветнікаў, вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў і інш.; магілы дзеячаў навукі і культуры і скульптурныя надмагіллі на іх. Помнікі барацьбы народа за сваю незалежнасць і мясціны воінскай славы ўключаюць месцы бітваў, месцы фарміравання нар. дружын і апалчэнняў, вайск. часцей, дыслакацыі партыз. атрадаў і злучэнняў, падп.патрыят. арг-цый, памятныя мясціны братэрства па зброі, брацкія і адзіночныя магілы сав. воінаў і партызан, помнікі ахвярам фашызму, помнікі аднавяскоўцам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, месцы спаленых ням.-фаш. захопнікамі разам з жыхарамі вёсак; помнікі і памятныя знакі, звязаныя з ахвярамі рэпрэсій палітычных у СССР, з воінамі-інтэрнацыяналістамі, што загінулі ў Афганістане і інш. мясцінах. На месцы гіст. падзей ці ў іх гонар, на месцы пахаванняў ставяцца помнікі, сярод якіх шмат выдатных арх.-маст. твораў. Найб. пашыраны абеліскі, храмы, мемар. капліцы, манументы, стэлы, мемарыяльныя дошкі, арх.-маст. комплексы і інш. мемарыяльныя збудаванні.
Помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва ўключаюць: помнікі горадабуд. мастацтва — гіст. гарады (Гродна, Мінск, Полацк, Тураў і інш.) і іх часткі, рэшткі стараж. планіроўкі, буйныя арх. комплексы і ансамблі, якія вызначаюць сілуэт стараж. гарадоў і вёсак, іх панараму; жыллёвай архітэктуры — гар. і сельскія жылыя дамы, гасп. будынкі, палацы і палацава-замкавыя комплексы; грамадз. архітэктуры — будынкі ратуш, банкаў, судоў, навуч. устаноў, тэатраў, бальніц, вакзалаў, гандлёвыя будынкі, музеі; прамысл. архітэктуры — вытв. збудаванні; культавай архітэктуры — манастыры, цэрквы, саборы, касцёлы, капліцы, сінагогі, мячэці, кірхі; ваеннаабарончага дойлідства — равы, валы, дзядзінцы, вежы, абарончыя збудаванні; садова-паркавага мастацтва — планіроўка паркаў з насаджэннямі, фантанамі, каналамі, альтанкамі, паркавай скульптурай, малымі формамі ў архітэктуры; арх. манументы ў гарадах, на месцах пахаванняў, мемарыяльныя ансамблі на тэрыторыях, звязаных з гіст. падзеямі — абеліскі, стэлы, калоны, Курганы Славы, Курганы Дружбы, арх.-скульптурныя комплексы.
Помнікі мастацтва ўключаюць творы манум., выяўл.дэкар.-прыкладнога і інш. відаў мастацтва. Помнікі манум. мастацтва: манум. скульптуры — скульптурныя кампазіцыі, манументы, бюсты, надмагіллі, скульптура прыдарожная, рэльефы, мемарыяльныя дошкі; манументальнага жывапісу — унутр. і вонкавая размалёўка сцен, перакрыццяў; дэкар. мастацтва — арнаментальная і дэкар. размалёўка, дэкар. лепка, разьба па дрэве. Помнікі выяўл. мастацтва — творы станковага і дэкар. жывапісу, мініяцюры; станковая, газетна-часопісная, кніжная, прамысл.графіка, плакат, карыкатура; станковая скульптура і скульптура малых форм. Помнікі дэкар.-прыкладнога мастацтва — посуд, прылады працы, адзенне, ювелірныя і ткацкія вырабы.
Дакументальныя помнік і — акты органаў дзярж. улады і органаў дзярж. кіравання, інш. пісьмовыя і графічныя дакументы, кінафотадакументы і гуказапісы, а таксамастараж. і інш. рукапісы і архівы, запісы фальклору і музыкі, рэдкія друкаваныя выданні. Да П.г. і к. могуць быць аднесены і інш. аб’екты, якія маюць гіст., навук., мастацкую і інш.культ. каштоўнасць. Іл.гл. пры арт.Архітэктура, Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, Жывапіс, Манументальная скульптура, Манументальны жывапіс, Мемарыяльныя збудаванні і інш.
Літ.:
Короткевич В.Б. Памятники истории и культуры. Мн., 1978;
Кисель В.П. Памятники всемирного наследия. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́НГЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у складзе Расіі. Утворана 23.9.1937. Пл. 587,4 тыс.км². Насельніцтва 1547,4 тыс.чал. (1994), гар. 76%. Цэнтр — г.Архангельск. Уключае Ненецкую аўтаномную акругу і астравы Паўн. Ледавітага ак. (Калгуеў, Вайгач, Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, Салавецкія і інш.). Найб. гарады: Котлас, Северадзвінск, Навадзвінск, Анега.
Прырода. Размешчана на ПнУсх.-Еўрапейскай раўніны. У паўн.-зах. частцы тэр. цягнецца горны краж Ветраны Пояс (выш. да 344 м), на ПнУ — Ціманскі краж (выш. да 303 м), Канін Камень (да 242 м) і хр. Пай-Хой (выш. да 467 м). Цэнтральная ч. парэзана далінамі рэк, асобныя платопадобныя ўчасткі выш. 150—270 м (Каношскае і Няндомскае ўзвышшы, Беламорска-Кулойскае плато і інш.). На У ад Ціманскага кража — вялізная забалочаная Пячорская нізіна б.ч. якой занята Вяліказямельскай і Малазямельскай тундрамі з шэрагам марэнных градаў выш. да 250—275 м. Карысныя выкапні: медзь, баксіты, алмазы, свінцова-цынкавыя руды, вапнякі, даламіты, гліны, кварцавыя пяскі, нафта, прыродны газ, вял. запасы торфу. Клімат на Пн субарктычны, на Пд умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -12 да -18 °C, ліп. ад 8 да 16 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. На Пн шматгадовая мерзлата. Гал. рэкі: Паўн. Дзвіна (з прытокамі Вычэгда, Пінега і Вага), Пячора, Анега, Мязень. Густая сетка азёраў (каля 2,5 тыс.), найб. Лана, Кенвозера, Кожвозера. Рэзка выяўлена шыротная занальнасць глебава-расліннага покрыва. На ПнУ зона тундры (арктычная, мохава-лішайнікавая і хмызняковая) на тундрава-глеевых і тундрава-балотных глебах. Зона лесатундры занята рэдкалессем на тарфяна-глеевых і слабападзолістых глебах. Лясы займаюць ½ тэр. Архангельскай вобласці, пераважае тайга з елкі і хвоі, на У трапляюцца піхта і лістоўніца. У Архангельскай вобласці Пінежскі запаведнік.
Гаспадарка. Архангельская вобласць — буйны раён лесанарыхтоўкі, лесапілавання, лесаэкспарту, цэлюлозна-папяровай вытв-сці. Развіты машынабудаванне (суднабудаванне, суднарамонт, дарожныя машыны, абсталяванне для лясной прам-сці), лёгкая, харч.прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Гал. галіны сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля (высокапрадукцыйная халмагорская буйн. раг. жывёла). На Пн — аленегадоўля, зверагадоўля, пушны і марскі промысел. Пасевы жыта, бульбы, агародніны. Марскі і рачны транспарт (водная трансп. сістэма — Паўн. Дзвіна з прытокамі), суднаходныя таксама Вычагда, Пячора, Мязень. Парты: Архангельск, Анега, Мязень, Нар’ян-Мар. Чыг. лініі Волагда-Архангельск, Канаш—Котлас—Мікуль. Касмадром Плясецк. Цэнтры нар. промыслаў: Каргапаль, Сольвычагодск, Халмагоры. Курорты: Сольвычагодск, Саланіха, Беламор’е і інш. На Салавецкіх а-вах гіст.-арх. і прыродны музей-запаведнік з Салавецкім манастыром.