РАКАПАДО́БНЫЯ, ракі (Crustacea),

клас (падклас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з кембрыю (больш за 500 млн. г. назад). 5 (паводле інш. класіфікацый да 9) падкл.: ракушкавыя, жабраногія (Branchiopoda), максілаподы (Maxillopoda), цэфалакарыды (Cephalocarida), вышэйшыя ракі (Malacostraca); каля 30 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Жывуць у тоўшчы вады і на дне вадаёмаў, некат. на сушы (макрыцы, некат. трапічныя крабы). На Беларусі каля 100 відаў з атр. галінаставусых, дзесяціногіх ракападобных, карпаедаў, раўнаногіх, жабраногаў, разнаногіх, ракавінкавых. Бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, рак шыракапальцы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. ад долей міліметра да 80 см, маса да 15 кг і больш. Цела сегментаванае, мае 3 аддзелы: галаву, грудзі і брушка, укрыта кутыкулай. На галаве 2 пары вусікаў (антэнулы і антэны), верхнія сківіцы (мандзібулы) і 2 пары ніжніх сківіц (максілулы і максілы). Органы зроку — фасетачныя вочы, часам няпарнае вока. Органы раўнавагі — статацысты. Нерв. сістэма складаецца з брушнога нерв. ланцужка. Крывяносная сістэма незамкнёная. Дыхаюць жабрамі або ўсёй паверхняй цела. Пераважна ўсёедныя. Большасць Р. раздзельнаполыя, ёсць гермафрадыты, некат. уласцівы партэнагенез. Развіццё пераважна з ператварэннем. Лічынка — наўпліус. Многія Р. (бакаплавы, весланогія рачкі, цыклопы, эўфаўзіевыя. мізіды. галінаставусыя, кумавыя і інш.) — корм для рыб, вадаплаўных птушак, водных млекакормячых. Некат. Р. — паразіты або прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Многія (пераважна планктонныя формы) — біял. меліяратары. Амары, крабы, крэветкі, лангусты, рачныя ракі і інш. — аб’екты промыслу і развядзення. Гл. таксама Артэмія, Вадзяны вослік, Вусаногія, Дафніі, Коранегаловыя, Лістаногія, Шчытні.

Літ.:

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 2. 2 изд. М., 1988;

Шарова И.Х. Зоология беспозвоночных. М., 1999.

Ю.​Р.​Гігіняк.

Ракападобныя: 1 — калянус; 2 — капілія; 3 — марскі таракан мезідатэя; 4 — анандалеум японскі; 5 — вослік вадзяны; 6 — рак вузкапальцы; 7 — рак-шчаўкун альфеус; 8 — басміна даўгаротая; 9 — лептадора драпежная.

т. 13, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЎ,

вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р. Іслач, каля аўтадарогі Мінск—Гродна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на ПдУ ад г. Валожын, 39 км ад Мінска, 16 км ад чыг. ст. Беларусь. 2106 ж., 765 двароў (2001). З-д буд. вырабаў, лясніцтва. Сярэдняя школа, філіял муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква хрысціян веры евангельскай «Божая ласка». Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік на магіле бел. кампазітара М.​Р.​Грушвіцкага. Помнікі архітэктуры: Ракаўская Спаса-Праабражэнская царква, Ракаўскі касцёл дамініканцаў, капліца св. Ганны (2-я пал. 19 ст.). Стараж. цэнтр ганчарнага промыслу (гл. Ракаўская кераміка). Каля вёскі гарадзішча жал. веку. У наваколлі Р. санаторый Нац. АН Беларусі, санаторый-прафілакторый «Іслач», дзіцячы санаторый «Пралеска», 9 дзіцячых устаноў адпачынку і аздараўлення, геал. помнік прыроды Ракаўскі кангламерат.

Вядомы з 15 ст. Уласнасць Кежгайлаў, Завішаў, Сангушкаў, Салагубаў, Агінскіх. Пры Сангушках горад, гандл. цэнтр. У канцы 16 — пач. 17 ст. працавала друкарня. У 1686 заснаваны дамініканскі, у 1702 — базыльян кляштары. У 1701 атрымаў прывілей на 2 кірмашы ў год. З 1793 у Рас. імперыі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Мінскага пав., 1006 ж., 159 двароў, царква, школа, сінагога, з-ды с.-г. прылад, ганчарны, цагельня, піваварня, 2 млыны, 29 крам. У 1897—3641 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Маладзечанскага пав. Віленскага ваяв. Са снеж. 1939 у Вілейскай вобл. БССР. У 1940—54 гар. пасёлак, да 1960 у Радашковіцкім р-не Маладзечанскай вобл. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты спалілі Р., загубілі больш за 2 тыс. чал. У 1960—62 і з 1965 у Валожынскім, у 1962—64 у Маладзечанскім р-нах Мінскай вобл.

Літ.:

Рагойша В. Заходнебеларускае мястэчка як асяродак беларуска-польскага культурнага сумежжа (на прыкладзе Ракава) // Куфэрак Віленшчыны. 2000. №2.

В.​М.​Налецкі.

Капліца святой Ганны ў в. Ракаў.

т. 13, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТЭРДАМ (Rotterdam),

горад на З Нідэрландаў. Знаходзіцца на паўн. рукаве дэльты р. Рэйн; каналам Новы водны шлях злучаны з Паўн. морам, інш. каналамі — з Амстэрдамам і Гаагай. 1105 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Найб. марскі порт свету (штогадовы грузаабарот каля 300 млн. т), аванпарты на Паўн. моры — Улардынген, Східам, Хук-ван-Холанд, Еўрапорт; вузел суднаходства ў бас. р. Рэйн. Абслугоўвае трансп. сувязі Нідэрландаў (каля 60% знешнегандл. абароту краіны), Германіі, Бельгіі, Швейцарыі і інш. краін. Паромная сувязь з Вялікабрытаніяй. Нафта- і прадуктаправодамі злучаны з прадпрыемствамі Германіі і Бельгіі. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-прамысл. цэнтр краіны (праўленні транснац. манаполій, банкаў). Прам-сць базіруецца гал. ч. на прывазной сыравіне. У Р. і яго ваколіцах буйныя нафтахім. і нафтаперапр. прадпрыемствы (штогод перапрацоўваюць больш за 100 млн. т нафты). З інш. галін прам-сці найб. развіты металаапрацоўка і машынабудаванне (судна- і аўтамабілебудаванне, абсталяванне для партоў, эл.-тэхн. і інш.), хім., лёгкая (асабліва тэкст. і швейная), харч. і харчасмакавая (вытв-сць кармоў, маргарыну, перапрацоўка чаю, какавы, кавы). Метрапалітэн. Ун-т імя Эразма, Акадэмія, мастацтваў, Нац. ін-т навігацыі і караблебудавання і інш. Музеі: гіст., марскі, горада, этналогіі. Карцінная галерэя. Гатычныя цэрквы (15 ст.), у т. л. царква Сінт-Лаўрэнскерк, дамы і ветраныя млыны (17—18 ст.).

На тэр. сучаснага Р. паселішча вядома з 9 ст., у пісьмовых крыніцах — з 1282. З 1 340 горад. У 1572 захоплены і разрабаваны іспанцамі, далучыўся да паўстання Нідэрландаў супраць ісп. панавання. Пасля адмены ў 1685 Нанцкага эдыкта 1598 у Р. перасялілася шмат франц. пратэстантаў (гандляры і рамеснікі). У 17—18 ст. цэнтр гандлю (у асн. з Францыяй і Англіяй), караблебудаўніцтва і сукнаробства. Пасля злучэння ў 1882 Р. каналам з Паўн. морам — адзін з найб. партоў свету. У 2-ю сусв. вайну моцна пацярпеў ад ням. бамбардзіровак.

т. 13, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ НАРО́ДНАЯ А́РМІЯ (РВНА),

вайсковае фарміраванне з б. грамадзян СССР, арганізаванае ў канцы 1941 ням.-фаш. акупантамі ў Вял. Айч. вайну. Асновай РВНА сталі атрад нар. міліцыі ў пас. Локаць Брасаўскага р-на Арлоўскай вобл. (Расія) і групы мясц. самааховы ў навакольных вёсках пад кіраўніцтвам К.​П.​Васкабойніка (кіраўнік адміністрацыі аўт. раёна, створанага ў тыле 2-й танк. арміі вермахта). Пасля гібелі Васкабойніка фарміраванне ўзначаліў інж. Б.​В.​Камінскі, які разгарнуў актыўную дзейнасць супраць партызан. Пасля рэарганізацыі гітлераўцамі аўт. раёна ў павет, потым у акругу з насельніцтвам каля 600 тыс. чал. Камінскі ў выніку мабілізацыі скамплектаваў брыгаду колькасцю да 12 тыс. байцоў і назваў яе РВНА. Падраздзяленні РВНА ваявалі супраць партызан, неслі ахоўную службу. У 1-й пал. 1943 часці Чырв. Арміі нанеслі РВНА шэраг паражэнняў. У жн. 1943 з дазволу ням. камандавання Камінскі пачаў эвакуацыю РВНА і цывільнага насельніцтва акругі (эвакуіравана каля 30 тыс. чал.) у раён г. Лепель. Аднак у выніку масавага дэзерцірства і пераходу байцоў і жыхароў акругі на бок сав. партызан колькасць РВНА скарацілася больш чым на ​2/3. Брыгада, папоўненая мясц. паліцэйскімі, абараняла тылавыя камунікацыі 3-й танк. арміі вермахта, па якіх наносілі ўдары партыз. брыгады Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. У пач. 1944 РВНА разам з бежанцамі пераведзена ў г. Дзятлава Гродзенскай вобл. У крас.—маі 1944 два палкі брыгады ўдзельнічалі ў антыпартыз. аперацыях «Лівень» і «Веснавое свята», у час якіх яны былі ўключаны ў склад баявой групы К. фон Готберга як «штурмавая брыгада РВНА». Потым РВНА разгорнута ў 29-ю грэнадзёрскую дывізію СС. У жн. 1944 асн. сілы дывізіі ўдзельнічалі ў задушэнні Варшаўскага паўстання, дзе панеслі вял. страты. Вызначыліся рабаўніцтвам мясц. жыхароў і марадзёрствам. Камінскі асуджаны ваен.-палявым судом СС і расстраляны. У кастр. 1944 рэшткі дывізіі раззброены і адпраўлены ў Мюнзінген (Германія), дзе ўвайшлі ў склад 1-й дывізіі Рускай вызваленчай арміі ген. А.А.Уласава.

С.​У.​Жумар.

т. 13, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАВО́ДСТВА,

тэорыя і практыка развядзення і гадоўлі рыбы, павелічэння і паляпшэння якасці рыбных запасаў у прыродных і штучных вадаёмах. Як галіна нар. гаспадаркі ўключае Р. сажалкавае, садковае, індустрыяльнае, у вадаёмах натуральных і комплекснага прызначэння. Кірункі сучаснага Р. — меліярацыя і ўгнаенне сажалак для стымулявання іх прыроднай базы, удасканаленне спосабаў кармлення рыб, селекцыя высокапрадукцыйных парод, вырошчванне полікультуры рыб і інш.

На Беларусі Р. развівалася з 18 ст. (пераважна ў памешчыцкіх гаспадарках), спецыялізавалася на гадоўлі карпа і стронгі. Найб. вядомы комплекс «Альба» князёў Радзівілаў каля Нясвіжа. Да 1917 на Беларусі мелася 856 га рыбаводных сажалак, сярэдняя прадукцыйнасць якіх не перавышала 0,6 ц/га. Прамысл. Р. пашыралася ў 1920—30-я г., пабудаваны сажалкавыя гаспадаркі: у 1924 «Белае» (пл. сажалак 1268 га) Жыткавіцкага, у 1932 «Волма» (1553 га) Чэрвеньскага і «Трэмля» (400 га) Петрыкаўскага р-наў. Найб. інтэнсіўна рыбныя гаспадаркі будаваліся ў 1960—80-я г. ў сувязі з асваеннем Палескай нізіны. Макс. аб’ём прадукцыі Р. атрыманы ў 1989 (20,6 тыс. т), выхад таварнай прадукцыі — 14,3 ц/га. У 2000 працавала 18 сажалкавых гаспадарак з агульнай пл. 21,86 тыс. га, садкоў 20 тыс. м²; адна халаднаводная гаспадарка вырошчвае стронгу. Займаюцца Р. таксама калгасы і саўгасы (пл. сажалак 4,59 тыс. га), дапаможныя гаспадаркі прамысл. прадпрыемстваў і інш. Асн. аб’ект Р. — карп, дадатковыя — карась, расліннаедныя рыбы, шчупак, стронга. Вытворчасць складае каля 9,3 тыс. т (2000). Навук.-тэхн. праблемы Р. распрацоўваюць БелНДІ рыбнай гаспадаркі, ін-т заалогіі Нац. АН Беларусі.

Найб. развіта Р. ў Японіі, Кітаі, ЗША, Расіі, Даніі, Канадзе, Швецыі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі (сумарны гадавы аб’ём перавышае 10 млн. т), якія маюць выхад да мораў і акіянаў і буйныя ўнутр. вадаёмы або сажалкі.

Т.​М.​Шаўцова.

Да арт. Рыбаводства: 1 — атрыманне палавых прадуктаў ад вытворнікаў; 2 — інкубацыя ікры ў апаратах Вейса; 3 — адлоў малькоў.

т. 13, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАНУКЛЕІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ (РНК),

біялагічныя палімеры, якія складаюцца з монануклеатыдаў. Абавязковы кампанент усіх жывых клетак, многіх вірусаў. Удзельнічаюць у рэалізацыі генет. інфармацыі. Першасную структуру РНК вызначае паслядоўнасць размяшчэння монануклеатыдаў у поліпептыдным ланцугу. На ўзроўні другаснай структуры малекула РНК фарміруе адзін ланцуг (асобныя ўчасткі, камплементарныя адзін аднаму, утвараюць 2 ланцугі). У фарміраванні трацічнай структуры РНК важную ролю адыгрываюць бялкі, пры гэтым узнікаюць рыбасомы, інфармасомы.

Адрозніваюць некалькі тыпаў РНК: рыбасомная (рРНК) — каля 80% клетачнай РНК, транспартная (тРНК) — 15%, матрычная або інфармацыйная (мРНК) — каля 5% усёй РНК клеткі. Гал. функцыя рРНК — структурная арг-цыя рыбасомы, дзе адбываецца зборка поліпептыднага ланцуга. Трансп. РНК актывізуе і пераносіць амінакіслоты і выконвае адаторную функцыю, якая дазваляе перакласці «мову» генет. кода (паслядоўнасць нуклеатыдаў) у «мову» структуры бялковай малекулы (амінакіслотная паслядоўнасць). Матрычная РНК — камплементарная копія генаў, якія кадзіруюць структуру бялкоў. Яна выкарыстоўваецца як матрыца пры зборцы поліпептыднага ланцуга. Асобна вылучаюць вірусную РНК. У некат. тыпаў вірусаў яна адыгрывае ролю захавальніцы генет. інфармацыі. Пранікненне такога віруса ў клеткі патрабуе папярэдняга сінтэзу дэзоксірыбануклеінавай кіслаты (ДНК) на матрыцы РНК гэтага віруса. Паток генет. інфармацыі (экспрэсія генаў) уключае транскрыпцыю — сінтэз усіх тыпаў РНК на малекуле ДНК і трансляцыю — біясінтэз бялку на мРНК (генет. інфармацыя ДНК рэалізуецца шляхам праграміраванага праз мРНК сінтэзу бялкоў, якія вызначаюць фенатыпічныя прыкметы жывых арганізмаў). Утварэнне мРНК на матрыцы ДНК у пракарыятычных клетках — адносна просты працэс і ўключае гал. чынам транскрыпцыю адпаведнага гена з дапамогай РНК-полімеразы. Біясінтэз мРНК у эўкарыётаў значна адрозніваецца шматступеньчатасцю фарміравання актыўнай малекулы. Малекулы тРНК як у эўкарыётаў, так і ў пракарыётаў сінтэзуюцца ў выглядзе вял. папярэднікаў. У клетках эўкарыётаў сінтэз рРНК лакалізаваны ў ядзерку і ажыццяўляецца РНК-полімеразай I; геном утрымлівае ад 50 да 1000 ідэнтычных копій генаў, якія кадзіруюць рРНК.

Літ.:

Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 3 изд. М., 1998.

В.​К.​Кухта.

т. 13, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЖАНКО́Ў (Мікалай Аляксеевіч) (14.3.1932, в. Гладкава Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 8.12.1994),

бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя Мухінай (1960). Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Асн. тэма творчасці — гераічная гісторыя бел. народа. Творы вызначаюцца свабоднай, але стрыманай мадэліроўкай форм, разнастайнасцю вобразна-пластычных сродкаў. Сярод манум. работ: помнікі ў гонар перамогі рус. войск у 1812 на р. Бярэзіна пад Барысавам (1962), Герою Сав. Саюза Л.​М.​Даватару ў в. Хоціна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. (1965), партызану М.​Гойшыку каля в. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. (1968, абодва з арх. В.​Занковічам і Л.​Левіным), на брацкай магіле сав. ваеннапалонных у г. Барысаў (1967), мемар. комплексы Рыленкі (1973), у гонар Ветрынскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, партыз. брыгады імя Варашылава ў в. Гомель Полацкага р-на (1977), Манумент у гонар маці-патрыёткі (1975), помнік М.​Горкаму ў Мінску (1981, абодва з А.​Заспіцкім, І.​Міско, арх. А.​Трафімчуком), помнік-бюст Герою Сав. Саюза і Герою Сац. Працы К.​П.​Арлоўскаму ў в. Мышкавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. (1977, арх. Ю.​Казакоў), помнік Герою Сав. Саюза Г.​А.​Нікандравай на брацкай магіле сав. воінаў і партызан у г. Дуброўна Віцебскай вобл. (1979, арх. Трафімчук). Аўтар станковых кампазіцый «Вайна 1812 года» (1962), «Партызаны» (1964), «Дзеці» (1965), «Новае Палессе» (1983), рэльефаў «Шлях героя» (1967), «Навекі разам» (1982), «Парад партызан у Мінску ў 1944» (1984), партрэтаў Дз.​В.​Цябута (1979, 1985), двойчы Героя Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскага (1985) і інш., стварыў шэраг памятных медалёў. Дзярж. прэмія СССР 1987.

Э.​А.​Петэрсон.

М.Рыжанкоў. Помнік юнаму партызану М.​Гойшыку каля в. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. Арх. В.​Занковіч, Л.​Левін.

т. 13, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГУЛЯЦЫ́ЙНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

выпраўчыя гідратэхн, збудаванні для рэгулявання рэчышчаў рэк. Забяспечваюць ахову населеных пунктаў, прамысл. аб’ектаў і ворных зямель ад затаплення, берагоў ад разбурэння (берагаўмацавальныя збудаванні), падтрыманне неабходнага ўзроўню вады каля водазабораў (водазаборныя збудаванні), суднаходства і лесасплаў, рэгуляванне вадкага і цвёрдага рачнога сцёку, накіраванне воднага патоку да водазліўных адтулін (вадазліваў). Бываюць масіўныя (цяжкія), скразныя (заглейвальнікі) і струмененакіроўныя (лёгкія).

Масіўныя Р.з. адносна рэчышча падзяляюцца на падоўжныя (дамбы, агараджальныя валы і інш.), папярочныя (буны, шпоры), запруды, якія перасякаюць усё рэчышча ў папярочным або касым напрамку, донныя запруды, паўзапруды і парогі. Для іх буд-ва выкарыстоўваюць каменную накідку, цюфячную або фашынную муроўку, палевыя, ражавыя і інш. канструкцыі. Скразныя Р.з. прапускаюць частку патоку, у іх асядаюць наносы, што дазваляе атрымаць рэчышча зададзенага віду. Бываюць з галін (яловых і лісцевых дрэў), шчытавыя (з фашын, дошак), сеткавыя (з жал. дроту), палевыя і стрыжнёвыя (з бярвён, пласцін, жардзін, жалезабетону і інш.). Струмененакіроўныя Р.з. дазваляюць транспартаваць донныя наносы і адкладваць іх у патрэбным месцы рэчышча. Складаюцца са шчытоў, размешчаных пад пэўным вуглом да цячэння. Бываюць стацыянарныя (на невял. рэках, вадацёках) і плывучая (донныя), якія складаюцца з струмененакіроўных шчытоў, падтрымных пантонаў, бярвён, паплаўкоў, схватак, апорных частак (фіксуюць шчыты ў патоку). Пры буд-ве донных Р.з. выкарыстоўваюць плятні, у т. л. падвойныя, з загрузкай камянямі, донныя парогі з гібонаў, ражы спец. канструкцыі і інш.

Літ.:

Корюкин С.Н. Регулирование русл рек в мелиоративных целях. М., 1972.

М.​Кандрацьеў.

Схемы рэгуляцыйных збудаванняў: а, б, — берагавыя мацаванні з каменнай накідкі; в — мацаванне падводнай часткі берага сеткавай матай (2) з цыліндрам (І) каля асновы; г — буны (1 — адтуліны, 2 — струмененакіроўная дамба, 3 — траверсы); д — запруда; е — шчытавое скразное збудаванне (1 — якар, 2 — каркас, 3 — веткі); ж — струмененакіроўныя плывучыя шчыты; з — тур-канструкцыі з плятнёвымі шчытамі (1 — камяні, 2 — шчыты).

т. 13, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЬМІЗА́ЦЫЯ (італьян. solmisazione ад назвы муз. гукаў соль і мі),

сальфеджыо, сальфеджыраванне, спевы мелодый з вымаўленнем назваў гукаў, адзін з прыёмаў муз. навучання. Існуюць 2 роды С. — адносная і абсалютная. Пры адноснай С. за кожнай ступенню гукарада замацоўваецца пэўная назва незалежна ад абсалютнай вышыні. Самыя стараж. сістэмы С.: кітайская (5-ступеневая), індыйская (7-ступеневая), грэчаская (4-ступеневая), сярэдневяковая зах.-еўрап. (уведзена Гвіда д’Арэца, 6-ступеневая са складовымі назвамі ut, re, mi, fa, sol, la). Усе яны былі адносныя. У сістэме гексахордаў для С. мелодый з вял. дыяпазонам ужывалася мутацыя; пры гэтым гукі атрымлівалі назвы адносна новага вышыннага стану (увесь гукарад «надбудоўваўся» пры перамяшчэнні гексахорда на кварту ці квінту ўверх ці ўніз, адсюль паняцце адноснай С.). Італьян. тэарэтык Дж.​Доні для зручнасці спеваў замяніў склад ut складам do (каля 1540). Увядзенне склада si пры дабаўленні да гукарада 7-й ступені (Х.​Вальрант, каля 1547) зрабіла залішняй мутацыю ў межах адной танальнасці. У 16—19 ст. ў Германіі і Францыі існавалі адносныя сістэмы С. з назвамі лічбаў. На Беларусі выкарыстоўваецца адносная С. са складовымі назвамі ё, лэ, ві, на, зо, ра, ці. Абсалютная С. — спевы мелодыі з назвай абсалютнай вышыні гукаў. У Францыі ў пач. 18 ст. выкарыстоўвалі склады ut, re, mi, fa, sol, la, si для абазначэння гукаў c, d, e, f, g, a, h. Гэты спосаб наз. натуральным сальфеджыраваннем, бо ў ім не браліся пад увагу знакі альтэрацыі. Абсалютная С. пашырылася пасля выдання «Сальфеджый для навучання ў кансерваторыі музыкі ў Парыжы», складзеныя Л.​Керубіні, Ф.​Гасекам, Э.​Мегюлем і інш. (1802). У 19—20 ст. распрацоўвалася мноства сістэм С. Пад С. часам разумеюць рытмізаванае чытанне нот без інтанавання, у адрозненне ад тэрміна «сальфеджыо» («Курс сальфеджый» К.​Альбрэхта, 1880). Такое тлумачэнне не адпавядае сучаснаму міжнар. выкарыстанню тэрміна «С.».

Н.​Г.​Мазурына.

т. 14, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін з буйнейшых ун-таў Расіі, навук. цэнтр. Засн. ў 1819 у Пецярбургу на базе Гал. пед. ін-та. Адкрыты ў 1820. Меў 3 ф-ты: гіст.-філал., філас.-юрыд., фіз.-матэматычны. У 1854 адкрыты ф-т усходніх моў, у 1-й пал. 19 ст. — кафедры валашскай, арм., груз., тат. і інш. моў. У 1956 ва ун-т (на правах ф-та) увайшоў Першы ленінградскі пед. ін-т замежных моў (з 1938). З 1970-х г. ун-т працуе як сістэма двух навучальна-навук. комплексаў — у С.-Пецярбургу і Петрадварцы. У 1994/95 навуч. г. ва ун-це больш за 17 тыс. студэнтаў, больш за 4 тыс. выкладчыкаў; ф-ты: геал., эканам., юрыд., філал., усх., гіст., філас., псіхалогіі, фіз., механіка-матэм., прыкладной матэматыкі, геаграфіі і геаэкалогіі, хім., біял.-глебавы, журналістыкі, менеджменту, міжнар. адносін. Аспірантура. У складзе ун-та каля 200 кафедраў, 10 НДІ, каля 200 н.-д. лабараторый і станцый, абсерваторыя; 2 музеі, навук. б-ка (больш за 6 млн. уліковых адзінак), выд-ва. Пры ун-це працуюць Цэнтр рус. мовы, ін-ты павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў вышэйшых, сярэдніх спец. і прафес.-тэхн. устаноў, вышэйшыя пед. курсы, акад. гімназія, школы-інтэрнаты фіз.-матэм. і біял.-хім. профілю. Выдае «Вестник» (з 1946, з 1956 — у 6 серыях).

У розны час у С.-П.у. працавалі АМ.Бекетаў (рэктар у 1876—83), А.​М.​Бутлераў, Э.​Х.​Ленц, Дз.​І.​Мендзялееў, А.​С.​Папоў, І.​М.​Сечанаў, А.​А.​Шахматаў; вучыліся І.​Я.​Білібін, А.​А.​Блок, А.​К.​Глазуноў, М.​І.​Глінка, І.​І.​Мечнікаў, М.​М.​Міклуха-Маклай, І.​П.​Паўлаў, Дз.​І.​Пісараў, Я.​Райніс, І.​С.​Тургенеў, М.​А.​Урубель, М.​Г.​Чарнышэўскі, К.​А.​Ціміразеў і інш.

Літ.:

275 лет. Санкт-Петербургский государственный университет: Летопись 1724—1999. СПб., 1999.

т. 14, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)