МА́РКІН (Пётр Аляксандравіч) (25.7.1903, г. Саратаў, Расія — 16.8.1958),
расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Вышэйшыя майстэрні тэатр. мастацтва (Саратаў, 1924). З 1925 акцёр і рэжысёр т-раў Расіі. З 1949 у Брэсцкім абл.драм. т-ры. Акцёр шырокага дыяпазону. Спалучаў эмацыянальнасць і глыбокі псіхалагізм з мяккім лірызмам, камедыйнасцю і яркай пластычнай выразнасцю. Ролі ў Брэсцкім т-ры: Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Калібераў («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Каспар («Салаўі пяюць на волі» паводле З.Бядулі), Круціцкі («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Дорн («Чайка» А.Чэхава), Бяссеменаў («Мяшчане» М.Горкага), Гарнастаеў («Любоў Яравая» К.Транёва) і інш. Паставіў спектаклі: «Зыкавы» М.Горкага, «Навальніца» Астроўскага (абодва 1952), «Блудны сын» Э.Ранета (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЯ ГАЛЕРЭ́Я,
1) спецыяльна прыстасаванае памяшканне для экспанавання твораў мастацтва. Тэрмін «М.г.» ўжываецца і як сінонім музеяў мастацкіх (гл. таксама Карцінная галерэя).
2) Установа, якая займаецца экспанаваннем, захоўваннем, вывучэннем, прапагандай твораў мастацтва і Сумяшчае музейную дзейнасць з камерцыйнай (выстаўкі-продажы, маст. аўкцыёны і інш.). Важная састаўная частка фарміравання маст. рынку. На Беларусі дзейнічае рэсп.Мастацкая галерэя Саюза мастакоў Беларусі ў Мінску. З пач. 1990-х г. галерэйная дзейнасць на Беларусі ажыццяўляецца пры розных прадпрыемствах, установах, прыватнымі асобамі: маст. цэнтр «Жыльбел», «Стары горад» пры Саюзе кампазітараў Беларусі, «Мастацтва» пры цэнтр. салоне-магазіне Маст. фонду Беларусі, «А.Л.» пры Цэнтры сучаснай бел. драматургіі, «Шостая лінія» пры акц. т-ве «Белтэхналогія» (усе ў Мінску); прыватныя «На ростанях» (Мінск), «У Пушкіна» (Віцебск), «У майстра» (Гродна) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТО́ЎСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення на Панямонні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Мастоўскім, Шчучынскім і Зэльвенскім р-нах Гродзенскай вобл. Жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца з цёмна-сіняй даматканкі, кроеная з 6 кліноў або андарак з 4 прамавугольных полак (чырвона-малінавага колеру ў вузкія гарыз. разнаколерныя паскі), белы або цёмны фартух, аздоблены фальбонамі і карункамі, катанка (накшталт кофты) з белага ці шэрага валенага сукна, аблямаваная чорным аксамітам. Галаўныя ўборы жанчын — каптур, даматканая ці крамная хустка, упрыгожанні — каралі, стужкі, крыжыкі. Мужчынскае адзенне істотных мясц. адрозненняў ад іншых строяў Панямоння не мела. Вопраткай былі белая або шэрая світа, кажух.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.. Жанчыны ў верхнім адзенні (катанках). Вёска Катчыно Мастоўскага раёна. Пачатак 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХНА́Ч (Нінель Мікалаеўна) (19.7.1941, Мінск — 31.5.1995),
бел. філосаф. Канд.філас.н. (1974). Скончыла БДУ (1954). З 1957 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. Навук. працы па праблемах нац.-вызв. руху, грамадска-паліт. і філас. думкі Беларусі канца 18—1-й пал. 19 ст., станаўлення нац. самасвядомасці, гісторыі, культуры і этыкі. Адна з аўтараў «Нарысаў гісторыі філасофскай і сацыялагічнай думкі Беларусі (да 1917 г.)» (1973) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1984.
Тв.:
Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е гг. XIX в. Мн., 1971;
От Просвещения к революционному демократизму: (Обществ. полит. и филос. мысль Белоруссии конца 10-х — начала 50-х гг. XX в.). Мн., 1976;
Общественно-политическая и этическая мысль Белоруссии начала XIX в. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦКЕ́ВІЧ (Леў Пятровіч) (24.4.1903, г. Орша Віцебскай вобл. — 27.11.1968),
бел. архітэктар. Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1936). З 1945 нам.нач. Упраўлення па справах архітэктуры пры СМ Беларусі, гал. архітэктар Мінска і нач. Упраўлення па справах буд-ва і архітэктуры Мінгарвыканкома. З 1962 выкладаў у БПІ. Працаваў у Расіі: генплан Масквы 1935 (у сааўт.), адм. будынак ін-та «Электрахіммет» (1936—37, у сааўт.) і інш.Асн. работы на Беларусі: генпланы Оршы (1946), Полацка (1946—47), у Мінску — праекты забудовы Незалежнасці плошчы, пл. Я.Коласа, Скарыны праспекта (1947—51), забудовы Машэрава праспекта (1954), вул. Маскоўскай (1948), пл. Кастрычніцкай (1950—55), праект дэталёвай планіроўкі Мінска (да 2000 года; 1954—55, усе ў сааўт.).
Тв.:
Минск: Послевоенный опыт реконструкции и развития. М., 1966 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАВЕ́ЦКІ (Генадзь Іосіфавіч) (н. 21.9.1935, в. Навапольцы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізікі цвёрдага цела. Д-рфіз.-матэм.н. (1989), праф. (1991). Скончыў БДУ (1957). З 1958 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН Беларусі (у 1976—94 нам. дырэктара). Навук. працы па сінтэзе цвёрдых раствораў паўправадніковых сістэм на аснове складаных халькагенідаў пераходных металаў, даследаванні іх магн., эл., цеплавых і інш.фіз. уласцівасцей у шырокім дыяпазоне тэмператур і магн. палёў.
Тв.:
Фазовая диаграмма магнитного состояния системы теллурид хрома—селенид хрома // Физика твердого тела. 1986. Т. 28, № 3;
Структурные, магнитные и электрические свойства твердых растворов системы теллурид хрома—теллурид марганца (разам з А.І.Галясам, К.І.Янушкевічам) // Там жа. 1997. Т. 39, № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́Й (Іван Юр’евіч) (1882, в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.7.1955),
бел.нар. казачнік. Парабкаваў, працаваў у Беластоку на тэкстыльных ф-ках, у пякарні. З 1904 жыў у в. Алексічы каля Зэльвы. Там у 1946 удзельнікі фальклорнай экспедыцыі БДУ пад кіраўніцтвам Л.Р.Барага запісалі ад яго каля 30 казак. М. «разыгрываў» казку ў асобах, па-майстэрску перадаваў інтанацыі, міміку, рухі і паходку персанажаў, надаваў казкам асаблівую сюжэтную напружанасць, арыгінальна спалучаў камічныя і драм. сюжэты. Адна з лепшых чарадзейных казак рэпертуару М. «Кіёчак» апубл. ў зб. «Чарадзейныя казкі» (ч. 1, 1973) і ў перакладзе на ням. мову ў зб. «Беларускія народныя казкі» (10-е выд., Берлін, 1980).
Літ.:
Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969. С. 242—243.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКУШО́К (Маркел Емяльянавіч) (14.1.1881, с. Вярхнячка Уманскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 31.1.1952),
бел. вучоны ў галіне заалогіі. Акад.АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1947). Д-рбіял.н. (1937), праф. (1918). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Кіеўскі ун-т (1910). З 1918 праф. Маскоўскага ун-та, з 1927 заг. кафедры Казанскага ун-та, з 1931 у Акіянаграфічным ін-це. У 1937—41 праф., у 1943—52 заг. кафедры, у 1950—52 прарэктар БДУ. Навук. працы па параўнальнай анатоміі жывёл, іхтыялогіі, герпеталогіі. Даследаваў пытанні паходжання лёгкіх і плавальнага пузыра, развіцця галавы пазваночных жывёл, сістэматыкі губак воз. Байкал і Баранцава м., іхтыяфауны Беларусі. Заснаваў у БДУ шкалу заолагаў марфолага-экалагічнага кірунку.
Тв.:
Карликовый сомик, его хозяйственное значение и биологические особенности. Мн., 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕ́ВІЧ (Мікалай Андрэевіч) (1898, г. Лібава, Латвія — 1944),
бел. графік. Працаваў пераважна ў кніжнай графіцы. У 1920—30-я г. працаваў у газ. «Чырвоная змена», выконваў ілюстрацыі да час. «Іскры Ільіча» і «Беларускі піянер». Аформіў кнігі для дзяцей «Першы дзень у дзіцячым садзе» (1928), «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» М.Лынькова (1937), «Казка пра рыбака і рыбку» А.Пушкіна, «Канёк-гарбунок» П.Яршова (абедзве 1938), «Верабейчык» Я.Герасімовіча (1939), «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» К.Чорнага (1941). У 1920-я 1930-я г. працаваў і як карыкатурыст (8 пано-плакатаў «Падпал рэйхстага Ван дэр Любэ»).
Літ.:
Ціхановіч В. М.А.Малевіч. Мн., 1959.
М.А.Гугнін.
М.Малевіч. Ілюстрацыі да казкі «Канёк-гарбунок» П.Яршова, 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЧА́НАВА (Лідзія Аляксандраўна) (н. 15.7.1921, в. Бузанава Астроўскага р-на Кастрамской вобл., Расія),
бел. этнограф. Д-ргіст.н. (1969). Скончыла Ленінградскі ун-т (1944). З 1948 у Ін-це гісторыі, з 1957 — Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе матэрыяльную культуру беларусаў (нар. жыллё, земляробчую тэхніку, адзенне). Аўтар манаграфій «Беларуская народная архітэктурная разьба» (1958), «Матэрыяльная культура беларусаў» (1968), «Народная метралогія» (1973), «Нарысы матэрыяльнай культуры беларусаў XVI—XVIII стст.» (1981). Адна з аўтараў нарыса «Беларусы» для шматтомнага выдання «Народы Еўрапейскай часткі СССР» (т. 1, 1964), рэгіянальнага гіст.-этнагр. атласа Украіны, Беларусі і Малдавіі, прац «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў» (1974), «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Змены ў побыце і культуры сельскага насельніцтва Беларусі» (1976), «Палессе. Матэрыяльная культура» (1988).