рускі паэт, дзекабрыст. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817). Служыў у Калегіі замежных спраў; выкладаў рус. і лац. мовы. З 1820 падарожнічаў па Еўропе, служыў на Каўказе пры А.П.Ярмолаве. З 1825 у Пецярбургу, чл.«Паўночнага таварыства дзекабрыстаў». Пасля паражэння паўстання дзекабрыстаў пакінуў Пецярбург з мэтай выехаць за мяжу. Імкнуўся наладзіць сувязь з кіраўніком т-ва«Ваенныя сябры» К.Г.Ігельстромам. З пачаткам Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825 выбраў свой шлях праз Беларусь, дзе стаялі часці Літоўскага асобнага корпуса (Мінск, Нясвіж, Слонім, Пружаны, Камянец). У Варшаве арыштаваны. Прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага зняволеннем у крэпасці. З 1836 на пасяленні ў Сібіры. Друкаваўся з 1815. Прыхільнік «высокіх жанраў»: гераічная паэма, грамадз. ода, трагедыя. З У.Ф.Адоеўскім выдаваў альманах «Мнемозина» (1824—25), у якім друкаваў свае вершы, аповесці, праграмныя крытычныя артыкулы. Аўтар паэм «Касандра» (нап. 1822—23), «Давід» (нап. 1826—29), «Юрый і Ксенія» (1832—35), «Агасфер» («Вечны жыд», 1832—46; апубл. 1878), трагедый «Аргівяне» (1822—25), «Пракофій Ляпуноў» (1834, апубл. 1938), містэрыі «Іжорскі» (1827—41, апубл. 1939), казкі «Пахом Сцяпанаў» (1832), драм. казкі «Іван, Купецкі сын» (1832—42), рамант. аповесці «Апошні Калона» (1832—43, апубл. 1937), цыкла артыкулаў і нарысаў «Еўрапейскія лісты» (1820), «Падарожжа» (1822), «Дзённіка» (апубл. 1929) і інш.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М.; Л., 1967;
Соч.Л., 1989;
Путешествие. Дневник. Статьи Л.,1979.
Літ.:
Архипова А.В. Литературное дело декабристов. Л., 1987;
Горбунова Л.Г. Творчество Кюхельбекера: Пробл фантастики и мифологии... Саратов, 1991;
Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́ЦЫНЫ,
расійскія ваен. і дзярж. дзеячы, князі з розных галін аднаго стараж. роду.
Паходзяць ад Гедзімінавічаў. Родапачынальнік — Міхаіл па мянушцы Галіца (п. у 1554), баярын, удзельнік паходаў на Ноўгарад, Смаленск, бітвы пад Оршай (1514), дзе трапіў у палон. Яго сынЮрый Міхайлавіч першы стаў пісацца князем Галіцыным. У 11—17 ст. Галіцыны служылі акольнічымі, стольнікамі, ваяводамі, намеснікамі, баярамі, начальнікамі прыказаў. У 17 ст. род Галіцыных разгалінаваўся, а ў 18—19 ст. налічваў некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў.
Найб. вядомыя: Васіль Васілевіч (1643—2.5.1714), вылучыўся пры цару Фёдару Аляксеевічу, баярын (з 1676), прыхільнік Міласлаўскіх, фаварыт правіцельніцы Соф’і Аляксееўны, пасля прыходу да ўлады ўрада Пятра I пазбаўлены баярства, усёй маёмасці, сасланы ў Архангельскі край; Барыс Аляксеевіч (1654—1714), дзярж. дзеяч, баярын (з 1690), дзядзька-выхавальнік Пятра I, у 1697—98 узначальваў урад; Дзмітрый Міхайлавіч (1665—25.4.1737), дзярж. дзеяч, дыпламат, сенатар (з 1718), чл.Вярх. тайнага савета (1726—30); Міхаіл Міхайлавіч (11.11.1675—21.12.1730), ген.-фельдмаршал (1725), дзярж. дзеяч, паплечнік Пятра I, удзельнік Паўночнай вайны 1700—21, з 1728 прэзідэнт Ваен. калегіі; Міхаіл Міхайлавіч (1681—5.6.1764), ген.-адмірал (1756), дзярж. дзеяч, дыпламат, астраханскі ген.-губернатар (з 1740), пасол у Іране (1745—48); Аляксандр Міхайлавіч, гл.Галіцын А.М.; Дзмітрый Аляксеевіч (26.5.1734—7.3.1803), аўтар кніг па прыродазнаўстве, філасофіі і паліт. эканоміі, ганаровы чл. Пецярбургскай і шэрагу замежных АН, пасол у Францыі і Нідэрландах (1762—98); Аляксандр Мікалаевіч (19.12.1773—4.12.1884), дзярж. дзеяч, міністр нар. асветы (1816—24); Мікалай Сяргеевіч (28.6.1809—15.7.1892), ваен. гісторык, ген. ад інфантэрыі (1880), удзельнік рус.-тур. вайны 1828—29 і задушэння паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і на Беларусі; Мікалай Дзмітрыевіч, гл.Галіцын М.Дз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НІЮШ (Ларыса Антонаўна) (9.8.1910, хутар Жлобаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.4.1983),
бел. паэтэса, празаік. Скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію (1928). У 1937 выехала ў Прагу, дзе вучыўся, а пасля працаваў лекарам муж. Удзельнічала ў дзейнасці бел. эміграцыі (была сакратаром урада БНР). 5.3.1948 з мужам арыштавана ў Празе, прывезена ў Мінск. У 1949 прыгаворана Вярх. судом БССР да 25 гадоў лагераў. Пакаранне адбывала ў Комі АССР (Інта, Абезь). Вызваленая ў 1956, пасялілася ў г.п. Зэльва Гродзенскай вобл., дзе, маючы грамадзянства Чэхаславакіі, жыла да смерці. Друкавалася з 1939 у эмігранцкіх выданнях (у час вайны ў газ. «Раніца», «Беларускі работнік», час. «Новы шлях»). У першым зб. «Ад родных ніў» (Прага, 1942, факс. выд., Слонім, 1995) пераважаюць нац.-вызв. матывы. Аўтар зб. «Невадам з Нёмана» (1967), «На чабары настоена» (1982), кн. для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972), «Добрай раніцы, Алесь» (1976). У творчасці паэтэсы вобраз Беларусі скразны. Вершы Геніюш меладычныя, прасякнуты фалькл. ўплывамі (паэмы «Куфар», 1967; «Маёй бабусі», апубл. ў 1989; «Даўніна», апубл. ў 1990). Звярталася да гісторыі Беларусі. Нязломнасцю духу вызначаюцца лагерныя творы («Крывёй напоўніліся поймы рэк», «Мы — народ»), кн. ўспамінаў «Споведзь» (апубл. ў 1990). На вершы Геніюш напісаны песні. Пра жыццё і творчасць Геніюш дакумент. фільм «Вянок цярновы васількоў» (сцэнарый Р.Барадуліна), маст. фільм «Птушкі без гнёздаў» (рэж. М.Грыгор’еў).
Тв.:
Dziewiać wieršaú. Biełastok. 1987;
Вершы: Рукапісны зборнік з 1945—47 гг. Лондан, 1992;
Маці і сын. Беласток, 1992;
Белы сон. Мн., 1990;
Споведзь. Мн., 1993.
Літ.:
Бічэль-Загнетава Д. З прынямонскіх вярбін // Полымя. 1988. № 4;
Яе ж. Ларыса Геніюш // Беларусь. 1985. № 8;
Сачанка Б. Ларыса Геніюш // Маладосць. 1988. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКІЯ,
дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ, Рэчы Паспалітай герба «Пелеш». Вядомы з канца 16 ст., асн. маёнткі мелі на Піншчыне і Міншчыне. Найб. вядомыя:
Францішак (1738—23.3.1821), скарбнік, падстолі гродзенскі (1777), падкаморы старадубскі (1780). На сеймах 1778 і 1780 выбіраўся скарбовым камісарам ВКЛ. Маршалак Трыбунала ВКЛ (1783). Пасол на Чатырохгадовы сейм 1788—92. У час паўстання 1794чл.Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Чл.Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага 1812. Станіслаў (?—3.1.1829), камісар скарбовы ВКЛ (1784—92) і Рэчы Паспалітай (1792—93), маршалак Ігуменскага пав. (1795—1812). Канстанцін (?—21.10.1799), шамбялян (камергер) караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пасол на Чатырохгадовы сейм 1788—92. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, прызначаны Т.Касцюшкам ген.-м. Гродзенскага пав. Пасля задушэння паўстання ў падполлі. Людвік (1785—8.8.1843). У званні маёра ўдзельнічаў у Маскоўскай кампаніі 1812 Напалеона. З 1823 у Варшаве, прэзідэнт Польск. банка (1828). У час паўстання 1830—31нам. міністра скарбу. Кароль (?—1824), скульптар. Бацька Казіміра Ельскага. Пачынаў як лепшчык у 1778—82 з арх. К.Спампані, працаваў пераважна ў Вільні. Упрыгожыў маёнтак Д.Пшаздзецкага ў Заслаўі, аўтар помнікаў Спампані ў Цаперскім манастыры пад Клецкам і М.Завішы ў капліцы ў Кухцічах (Уздзенскі р-н), скульптур Алены, Казіміра і Станіслава для Віленскага кафедральнага сабора. Для касцёла бернардзінцаў у Троках (Літва) зрабіў фігуры 4 евангелістаў, анёлаў і абраз св. Тройцы. Ян (1780—?), скульптар. Сын Караля. Выканаў фігуры прарокаў Іераміі і Ісаі (1804) для гал. алтара касцёла Пятра і Паўла ў Вільні. Па прыватных заказах Дамініка Радзівіла зрабіў 10 разных рам для партрэтаў у Нясвіжскім замку і інш.Гл. таксама Ельскі М.К., Ельскі А.К., Ельскі К., Ельскі К.М.
Да арт.Ельскія. Казімір Ельскі. Бюст Захарыя Нямчэўскага. Паміж 1810 і 1820.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАМА́ЕВА ПАБО́ІШЧА»,
«Сказанне пра Мамаева пабоішча», «Пра пабоішча Мамая...», помнік стараж.-рус. літаратуры 1-й чвэрці 15 ст., важнейшы твор Кулікоўскага цыкла, які змяшчае найбольш падрабязнае апісанне Кулікоўскай бітвы 1380.
Асн. ідэя — сцвярджэнне вядучай ролі вял. маскоўскага кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Русі ў аб’яднанні сіл усх.-слав. зямель, услаўленне гераічнага подзвігу рус. народа. Аўтар адзначае вял. ролю прадстаўнікоў ВКЛ у перамозе над войскамі Мамая, важнасць ваенна-паліт. саюза гэтага княства з Маск. дзяржавай. Гал. герой Дзмітрый Іванавіч Данскі апісаны як мужны і мудры палкаводзец. Аўтар выкарыстаў анахранізмы (напр., саюзнікам Мамая названы вял.кн.ВКЛ Альгерд, а не яго сын Ягайла, як было на самой справе), абстрактны псіхалагізм (Мамай і яго саюзнік Алег Разанскі паказаны рэзка адмоўнымі), маст. прыёмы і вобразы, уласцівыя фальклору. Апісанне рэальных падзей, заснаванае на дакумент. крыніцах і ўспамінах сучаснікаў, спалучаецца ў творы з вусна-паэт. паданнямі і маст. вымыслам. Вобраз Дзмітрыя Іванавіча Данскога пададзены месцамі ў агіяграфічна-рытарычным плане.
Захавалася 8 рэдакцый «М.п.», шмат варыянтаў і спісаў. Адна з рэдакцый, скарочаны пераклад на бел. мову «Пра пабоішча Мамая», створана ў 17 ст. Яна дапоўнена кароткай гіст. аповесцю пра татарскіх ханаў, тэкст аповесці падзелены на 12 частак (кожная мае сваю назву); вызначаецца сцісласцю апісання падзей, больш дынамічным выкладам сюжэту. Рукапіс бел. рэдакцыі зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Больш поўная рэдакцыя помніка захавалася ў бел.-ўкр. хранографе «Вялікая хроніка».
Публ.:
У кн.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959. С. 125—143.
Літ.:
История русской литературы. Л., 1980. Т. 1. С. 175—179;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЗЕРАЎ (Юрый Мікалаевіч) (н. 26.1.1921, Масква),
расійскі кінарэжысёр. Брат М.М.Озерава. Засл. дз. маст. Славакіі (1971), Польшчы (1972), Чэхіі (1981). Нар.арт. Расіі (1974). Нар.арт.СССР (1977). Скончыў ваен. акадэмію імя Фрунзе (1944), Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1951), у 1977—92 выкладаў у ім (з 1984 праф.). У 1971—85 сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў СССР. З 1949 на кінастудыі «Масфільм». Асн. кірунак творчасці — гісторыя Вял.Айч. вайны. Найб. майстэрства дасягнуў у эпічным кінацыкле «Вызваленне»; фільмы «Вогненная дуга», «Прарыў» (абодва 1970), «Напрамак галоўнага ўдару» (1971), «Бітва за Берлін», «Апошні штурм» (абодва 1972; за ўсе Ленінская прэмія 1972), дзе праз спалучэнне строгай дакументальнасці, маштабнасці гіст. абагульнення і прапрацоўкі вобразаў удзельнікаў падзей выявіў веліч подзвігу народа-пераможца. Сярод інш. фільмаў: «Салдаты свабоды» (фільмы 1—4, 1977, сумесна з Польшчай, Чэхаславакіяй, Венгрыяй, Балгарыяй, Румыніяй, ГДР), «Бітва за Маскву» (фільмы 1—4, 1985), «Сталінград» (фільмы 1—2, 1989), «Вялікі палкаводзец Георгій Жукаў» (2-серыйны, 1996). У 1994 на аснове гэтых фільмаў створаны 24-серыйны тэлесерыял «Трагедыі стагоддзя», які ахоплівае ўсе падзеі 2-й сусв. вайны. Зняў відавы фільм «У Нікіцкім батанічным садзе» (1952), маст.-дакумент. фільм «Арэна смелых» (1953, з С.Гуравым; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1953), дакумент. фільмы «Дзень маладога чалавека» (1961), «Балада пра спорт», «Алімпійскае свята», «Развітанне з Алімпіядай» (усе 1980), «О спорт — ты свет!» (1981, Дзярж. прэмія СССР 1982), «Анёлы смерці» (1992); маст. фільмы «Сын» (1955), «Качубей» (1958), «Фартуна» (1959, сумесна з Албаніяй), «Вялікая дарога» (1963) і інш. Аўтар, сааўтар шэрагу сцэнарыяў сваіх фільмаў і фільмаў інш. рэжысёраў.
расійскі і французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў Кіеўскай студыі Б.Ніжынскай (з 1921), потым у Э.Чэкеці. З 1923 жыў у Францыі. Да 1929 саліст трупы «Рускі балет Дзягілева». У 1930—63 (з перапынкамі) і 1977 балетмайстар, саліст (да 1956) і педагог Парыжскай оперы. У 1944—47 кіраўнік трупы «Нуво бале дэ Монтэ-Карла». Заснаваў Ін-т харэаграфіі ў Парыжы (1947). З 1955 выкладаў у Сарбоне. Танцоўшчык класічнай школы, валодаў развітой тэхнікай, драм. экспрэсіяй, лірычным дарам. Выконваў гал. партыі ў балетах «Кошка» А.Саге, «Ода» Н.Набокава, «Стальны скок» і «Блудны сын» С.Пракоф’ева, «Блакітны экспрэс» Д.Міё, «Матросы» Ж.Арыка, «Баль» В.Рыеці, «Апалон Мусагет» і «Пятрушка» І.Стравінскага і інш. Паставіў у розных т-рах больш за 200 балетаў, у т. л. на муз. Бетховена, С.Пракоф’ева, К.Дэбюсі, М.Равеля, М. дэ Фальі, П.Чайкоўскага, Стравінскага. Развіваў традыцыі акад. танца, распрацаваў прынцыпы т. зв. «трох харэаграфічных планаў», павялічыў ролю мужчынскага танца. Дзейнасць Л. паўплывала на сцвярджэнне прынцыпаў рус. харэаграфіі 20 ст. на франц. сцэне, адраджэнне франц. балета ў 1920—40-я г. Пад яго кіраўніцтвам балет Парыжскай оперы стаў адным з лепшых у Еўропе. Аўтар гіст. і тэарэт. прац, у якіх характарызаваў сваю творчасць як «неакласіцызм». У 1994 у Кіеве адбыўся прысвечаны Л. Міжнар. фестываль і конкурс балета.
Літ. тв.: Дягилев и с Дягилевым. М., 1994; Страдные годы. С Дягилевым: Воспоминания. Киев, 1994; Рус.пер. — Мемуары Икара. М., 1995.
Літ.:
Плещеев А. С.Лифарь. Париж, 1938;
Иофьев М. Балет «Гранд-Опера» в Москве // Иофьев М. Профили искусства. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАН (London) Джэк [сапр.Грыфіт
(Griffith) Джон; 12.1.1876, г. Сан-Францыска, ЗША — 22.11.1916], амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ў Каліфарнійскім ун-це (1896—97). Быў золаташукальнікам на Алясцы (1897—98). Друкаваўся з 1893. Вядомасць яму прынеслі т. зв. паўночныя апавяданні, у якіх дадзены яркія апісанні суровай паўн. прыроды і паводзіны чалавека ў іх: зб-кі «Сын ваўка» (1900),
«Бог яго бацькоў» (1901), «Дзеці марозу» (1902), раман «Дачка снягоў» (1902). Майстар анімалістычнага жанру (аповесці «Кліч продкаў», 1903, экранізацыя 1972; «Белы Ікол», 1906, экранізацыя 1946) і т.зв. марской прозы (раман «Марскі воўк»,1904, экранізацыя 1941; зб. «Апавяданні паўднёвых мораў», 1911). Пад уплывам барацьбы амер. пралетарыяту і рэвалюцыі 1905—07 у Расіі выдаў зб-кі публіцыстычных артыкулаў «Вайна класаў» (1905), «Рэвалюцыя» (1910), раман-утопію «Жалезная пята» (1908). Вяршыня творчасці Л. — аўтабіягр. раман «Марцін Ідэн» (1909) пра трагічны лёс пісьменніка з народа. Аўтар раманаў «Месячная даліна» (1913), «Маленькая гаспадыня Вялікага дома» (1916), «Сэрцы трох» (выд. 1920) і інш. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі А.Якімовіч, А.Мардвілка, Н.Саламевіч, А.Саламевіч, У.Чаркас.
Тв.:
Бел.пер. — Незвычайны адрывак. Мн., 1926;
Бук — паштовы сабака Мн., 1930;
Забаставаў. Мн., 1931;
Кулі. Мн., 1931;
Сказанне аб Кішы. Мн., 1938;
Смок Белью.
Мн., 1947; Кліч продкаў; Любоў да жыцця; Белы Ікол. Мн., 1997; Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—13. М., 1976; Мартин Иден: Роман; Рассказы. Мн., 1985; Маленькая хозяйка Большого дома; Сердца трех. Мн., 1987; Золотой каньон: Рассказы. Мн., 1998.
Літ.:
Балтроп Р. Джек Лондон, человек, писатель, бунтарь: Пер. с англ.М., 1981;
Стоун И. Моряк в седле: Биография Д.Лондона: Пер. с англ.Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТУКО́ЎСКІ (Мікалай Ягоравіч) (н. 12.9.1929, в. Калюціна Расонскага р-на Віцебскай вобл.),
бел.драматург.Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Скончыў БДУ (1956). Працаваў у Расонскім райкоме ЛКСМБ і раённай газеце. З 1952 у газ. «Звязда», на Бел. радыё, з 1964 гал. рэдактар рэпертуарна-рэд. калегіі Мін-ва культуры Беларусі, з 1966 уласны карэспандэнт, заг.Бел. аддзялення газ. «Известия». З 1993 у газ. «Рэспубліка», у 1995—98 кіраўнік літ. часткі Нац.т-ра імя Я.Купалы. Друкуецца з 1950. Першая п’еса — камедыя-вадэвіль «Мужчына, будзь мужчынам!» (паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача, 1966). Шырокую вядомасць набылі яго сатыр. камедыі «Амністыя» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1970; аднайм. кінафільм, 1982) і «Мудрамер» (паст. там жа, 1987; Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Дынамічнасцю і займальнасцю сюжэта, праўдзівасцю і глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары вызначаюцца драмы «Тры дні і тры ночы» (паст. 1967), «Апошняя інстанцыя» (паст.Дзярж. рускім драм. т-рам, 1974), «Наследны прынц» (паст. пад назвай «Наследнік», 1976), «Паядынак» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1984), «Бездань» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1992), камедыя-фарс «Калізей» (паст. Магілёўскім абл. т-рам драмы і камедыі, 1992). У цэнтры п’ес востранадзённыя маральна-этычныя праблемы сучаснасці, пытанні выхавання моладзі, сямейных узаемаадносін. Аўтар камедыі «Зомбі, альбо «Мудрамер-два» (1998), п’ес «Сярэбраная табакерка» (паводле казкі З.Бядулі, нап. 1998), «Беражыце эдэльвейсы» (паводле матываў «Альпійскай балады» В.Быкава, нап. 1999), сцэнарыяў фільмаў: дакумент. «Мінск — горад-герой» (1974), «Імгненне перамогі» (1975), маст. «Сын старшыні» (1976), «Траянскі конь» (1980). Піша нарысы, эсэ, публіцыст. артыкулы (кн. «Чужая бяда», 1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́ЛІШСКІ КАСЦЁЛ І КЛЕ́ШТАР АЎГУСЦІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры ранняга барока ў в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. Кляштар засн. ў 1622 рэферэндарыем ВКЛ Я.Ц.Бжастоўскім, які аддаў кляштару фальварак Рудашаны, а яго сын Цыпрыян Павел — Мілашуны і Буйвідзы. Быў філіялам Віленскага кляштара аўгусцінцаў. У 1839 кляштар закрыты. У 1653 (паводле інш. звестак у 1662) тут пабудаваны мураваны касцёл Міхаіла Архангела (арх. К.Пенс) — 2-вежавы 1-нефавы храм з 5-граннай апсідай і нізкімі бакавымі сакрысціямі, накрыты 2-схільным (над апсідай вальмавым) дахам. Нязначны перапад вышынь зальнай ч., апсіды і вежаў стварае ступеньчатую кампазіцыю сілуэта будынка. Гал. фасад завершаны чацверыковымі вежамі з шатровымі дахамі і шчытом з трохвугольным франтонам паміж імі, раскрапаваны нішамі. Вежы падзелены на 2 ярусы карнізам, які праходзіць па ўсім перыметры касцёла. Пры ўваходзе невысокі паўкруглы ў плане прытвор-барбакан. Бакавыя плоскасныя сцены прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. У ніжніх ярусах вежаў — капліцы, паміж якімі на шырокай арцы галерэя хораў. Інтэр’ер дэкарыраваны 8 стукавымі рэльефнымі алтарамі і пано, 12 скульпт. выявамі апосталаў на кансолях, пуцці, маскаронамі, картушамі, лісцем аканта і інш. (выкананы ў канцы 17 ст. арцеллю італьян. і мясц. майстроў на чале з П.Перці і М.Жылевічам). Бакавыя алтары акаймаваны барэльефнай арнаментальнай вяззю з лісця аканта з укампанаванымі ў завіткі выявамі міфалагічных істот. Багатым дэкорам з пазалочанага разнога дрэва ўпрыгожаны амбон з балдахінам. У капліцах каваныя рашоткі 18—19 ст. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 касцёл пашкоджаны, у 1920-я г. адноўлены. Іл.гл. таксама да арт.Акант, Барока, Вязь.