АМІТО́Н (Аляксандр Навумавіч) (20.12.1911, г. Марыупаль — 6.5.1969),
бел. скрыпач і педагог. Засл. арт. Беларусі (1940). Праф. (1947). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1935). У 1937—51 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Выступаў як саліст і ансамбліст, меў у рэпертуары і творы бел. кампазітараў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу скрыпачоў, віяланчэлістаў і піяністаў (1937—38). Пасля 1951 працаваў у Грузіі і Расіі.
т. 1, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́Й БАБО́ЛЯ (1591—16.5.1657),
бел. святы, езуіцкі манах, прапаведнік. Прапагандаваў ідэі Брэсцкай уніі 1596 у Вільні, Бабруйску, Полацку, Ломжы і Пінску, за што празваны пінскім апосталам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 захоплены ў 1657 казакамі і пасля катаванняў забіты. Пахаваны ў Пінску. У 1827 яго мошчы перанесены ў Полацк Кананізаваны ў 1938 папам Піем IX.
т. 1, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРЫ́Т (ад лац. antrum пячора, поласць + ...im),
запаленне слізістай абалонкі і касцявых сценак поласці соскападобнага адростка скроневай косці — антрума. Назіраецца ў дзяцей першых месяцаў жыцця. Узнікае як ускладненне вострага сярэдняга атыту, іншы раз ад агульнага знясілення арганізма (пры таксічнай дыспепсіі, пнеўманіі). Падстава на падазрэнне антрыту — цяжкі, зацяжны, востры атыт і завушны абсцэс пасля прарыву гною з антрума. Лячэнне хірургічнае.
т. 1, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРГІБА́ (Хабіб Бен Алі) (н. 3.8.1903, г. Манастыр, Туніс),
палітычны і дзяржаўны дзеяч Туніса. Скончыў юрыд. ф-т Сарбоны і Вышэйшую паліт. школу ў Парыжы (1927). З 1934 ген. сакратар партыі «Новы Дустур» (з 1964 — Сацыяліст. дустураўская партыя). Першы прэм’ер-міністр (1956—70) незалежнага Туніса, у 1957—87 прэзідэнт краіны. Звольнены з пасады пасля ўрадавага перавароту.
т. 3, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЯ́ННЕ,
спосаб вытворчасці шарсцяных вырабаў (сукно, лямец, валены абутак) счапленнем і перапляценнем паміж сабой ваўняных валокнаў. Пры валянні воўну разрыхляюць на трапальных і шчыпальных машынах, замасліваюць і змешваюць; з сумесі робяць вату, з якой наслаеннем рыхтуюць аснову па форме вырабу, але большых памераў. Аснову ўшчыльняюць, прамочваюць растворам сернай кіслаты і ўвальваюць, пасля чаго праводзяць інш. апрацоўчыя работы.
т. 3, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РТБЕРГ (Wartberg) Герман, храніст 14 ст. Капелан Лівонскага ордэна. Аўтар «Хронікі Лівоніі», напісанай на лац. мове неўзабаве пасля 1378. Сучасныя аўтару падзеі апісваюцца з 1358. Выкарыстаў хронікі папярэднікаў і шматлікія дакументы з канцылярыі ордэна. У гэтым творы каштоўная інфармацыя пра войны крыжакоў з Ноўгарадам і Псковам, паходы рыцараў на Полаччыну, рэйды войск ВКЛ ва ўладанні ордэна.
т. 4, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРЦЫНГЕ́ТАРЫГ, Верцынгетарыкс (Vercingetorix; каля 85—46 да н.э.),
правадыр гальскага племя арвернаў. У 52 да н.э. ўзначаліў паўстанне ў Галіі супраць Рыма. У бітве з войскамі Цэзара каля Герговіі (сучасны Жэргаві, Францыя) паўстанцы атрымалі перамогу, але былі акружаны ў крэпасці Алезія і пасля працяглай галоднай аблогі перабіты. Верцынгетарыг трапіў у палон, быў перавезены ў Рым і пакараны смерцю.
т. 4, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДУКІНД (Widukind, Witikind, Wittekind) Корвейскі (каля 925 — пасля 973), нямецкі сярэдневяковы гісторык, саксонскі бенедыкцінскі манах абацтва Корвей у Вестфаліі. Аўтар «Гісторыі саксаў» (у 3 кн., даведзена Відукіндам да 967; прадоўжана невяд. аўтарам да 973), у якой апісаны падзеі паліт. і ваен. жыцця саксаў (войны з венграмі і славянамі) і дзейнасць першых двух герм. каралёў Саксонскай дынастыі.
т. 4, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЭАКА́МЕРА, камкордэр,
малагабарытная перадавальная тэлевізійная камера, аб’яднаная з касетным відэамагнітафонам для запісу тэлевізійных сігналаў. Бывае адна- і шматтрубкавая на відыконах, ПЗС-матрыцах. Мае аб’ектыў з пераменнай фокуснай адлегласцю, электронны відашукальнік, які выкарыстоўваецца для кантролю запісу пры здымцы (відэаманітор) і кантрольнага прагляду знятага матэрыялу адразу пасля здымкі, і сістэму аўтам. факусіроўкі. Адрозніваюць быт., паўпрафес. і прафес. відэакамеры.
т. 4, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАГРА́ДАЎ (Дзмітрый Іванавіч) (1729? — 5.9.1758),
стваральнік рускага фарфору. У 1736 пасланы за мяжу, дзе вывучаў хімію, металургію і горную справу. Пасля вяртання ў Расію ў 1744 быў накіраваны ў Пецярбург на Парцэлінавую мануфактуру (цяпер фарфоравы з-д імя М.В.Ламаносава). У 1752 Вінаградаў атрымаў першы фарфор з айч. сыравіны.
Літ.:
Никифорова Л.Р. Родина русского фарфора. Л., 1979.
т. 4, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)