ЦЫНЦЫНА́ТЫ (Cincinnati),

горад на ПнУ ЗША, штат Агайо. Засн. ў 1788. 331 тыс. ж. (2000), з прыгарадамі 1,7 млн. ж. Порт на р. Агайо. Трансп. вузел. Буйны прамысл., гандлёва-фін. і культ. цэнтр. Прам-сць: суднабудаванне, маш.-буд., металаапр., эл.-тэхн. і радыёэлектронная, хім. (вытв-сць мыла і мыйных сродкаў, касметыкі, медыкаментаў), харчасмакавая (мясная, мукамольная, піваварная), паліграф., мэблевая, папяровая. Вытв-сць авіяц. рухавікоў і ракет, быт. машын і прылад.

т. 17, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯННО́,

горад, цэнтр Сенненскага р-на Віцебскай вобл., на беразе воз. Сянно. Вузел аўтадарог на Багушэўск, Чашнікі, Бешанковічы, Талачын. За 56 км на ПдЗ ад Віцебска. 8,9 тыс. ж. (2001).

У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1534. У розны час належала Дз.​Відуніцкаму-Любецкаму, Сапегам, Агінскім, Курчам, Серакоўскаму і інш. У 1595 згадваецца маёнтак, замак і мястэчка С. з «цэрквамі і іх фундушамі». З 1772 С. ў складзе Рас. імперыі, горад (1773), цэнтр Сенненскага павета (з 1773) Магілёўскай губерні (у 1773—77 і з 1802), намесніцтва (1778—96), Бел. губерні (1796—1802). У 1781 зацверджаны герб: у зялёным полі дзве скрыжаваныя залатыя касы (у знак багацця сенам). У 1897 у С. 4061 ж. (з іх 39,9% пісьменных). У пач. 20 ст. было 4367 ж., 543 дамы, 54 рамесныя прадпрыемствы (у 1907), натарыяльная кантора, 4 страхавыя агенты, паштовая кантора, тэлеграф, друкарня, фатаграфія, 10 заезных дамоў, 82 крамы, 6 корчмаў; адбывалася 6 кірмашоў у год; працавалі гар. вучылішча, 4-класная жаночая прагімназія, З б-кі, 2 бальніцы, аптэка. З 1919 С. ў складзе Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 у складзе БССР, з 17.7.1924 цэнтр Сенненскага раёна Віцебскай акр., з 1938 — Віцебскай вобл. У 1939 у С. 4,3 тыс. ж., ільнозавод, заатэхнікум, бальніца, гасцініца, кінатэатр, лазня. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 да 25.6.1944 С. акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 3104 чал. Дзейнічала Сенненскае патрыятычнае падполле, у 1942—44 існавала Сенненска-Аршанская партыз. зона. 5,4 тыс. ж. у 1959, 5,2 тыс. ж. у 1970.

Працуюць: з-д сухога абястлушчанага малака, ільнозавод, 3 буд. арганізацыі, камбінат каап. прам-сці, дарожнае рамонтна-буд. ўпраўленне; 2 сярэднія школы, школа-інтэрнат, дзіцячая юнацка-спарт. школа, дзіцячая школа мастацтваў, Сенненскі краязнаўчы музей, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Каля С. гарадзішча жал. веку (мясц. назва Гарадок).

В.​М.​Удальцоў.

Горад Сянно. Цэнтральная плошча.

т. 15, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ВУСЫ,

горад, цэнтр Чавускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Бася. За 41 км ад г. Магілёў, 5 км ад чыг. ст. Чавусы на лініі Магілёў—Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Крычаў, Мсціслаў, Чэрыкаў. 10,9 тыс. ж. (2002). Прадпрыемствы харч. (Чавускі масласырзавод), пач. апрацоўкі лёну, буд. матэрыялаў прам-сці. Брацкія магілы: сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнікі археал.: стаянка (неаліт), 2 селішчы (2—10—16 ст.), курганныя могільнікі (9—12 ст.).

У пісьмовых крыніцах згадваецца з сярэдзіны 16 ст. як в. Чавусавічы. З 1589 у складзе Магілёўскай эканоміі. З 1604 горад Ч., у 1634 атрымаў магдэбургскае права і герб — выява св. Марціна, узброенага мячом, на кані. У 1648 у Ч. 176 дамоў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Ч. заняты рус. войскамі і падараваны царом Аляксеем Міхайлавічам палкоўніку Бел. палка К.Паклонскаму. З вясны 1656 рэзідэнцыя казацкага палкоўніка І.Нячая. Увосень 1660 вызвалены войскамі Рэчы Паспалітай. У час Паўночнай вайны 1700—21 горад разрабаваны ў 1708 шведскімі войскамі; паступова адбудаваны. У пач. 1770-х г. у Ч. каля 2530 ж., больш за 420 дамоў, штогод праводзіўся кірмаш. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, цэнтр павета Магілёўскай (у 1796—1802 Беларускай) губ. У 1778 зацверджаны план забудовы горада. У 1781 Ч. нададзены новы герб — на чырв. полі перакрыжаваныя шабля і меч, аб’яднаныя лаўровым вянком. З 1789 у Ч. працавала 2-класнае нар. вучылішча. У 1825 каля 4 тыс. ж., 569 дамоў, 5 цэркваў, 30 крам, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1897 у Ч. 4690 ж., з іх 41,1% пісьменных; з 1901 працавалі 3-класнае гар. вучылішча, царкоўнапрыходская школа; у 1904—6,1 тыс. ж., праводзіліся 4 кірмашы на год, дзейнічала 41 прамысловае (97 рабочых) і 41 рамеснае (239 рамеснікаў) прадпрыемствы, працавалі бальніца на 24 ложкі, друкарня, бібліятэка-чытальня. З 25.5.1919 Ч. ў складзе Гомельскай губ. РСФСР, з 1922 — цэнтр воласці Магілёўскага пав. З 1924 у складзе БССР, цэнтр раёна. У 1939—7,2 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 15.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 1786 чал. Вызвалены 25.6.1944 часцямі 50-й арміі 2-га Бел. фронту ў ходзе Магілёўскай аперацыі 1944 ва ўзаемадзеянні з партыз. палком «Трынаццаць» (камандзір С.​У.​Грышын). У 1959 у Ч. 7,8 тыс. ж.

В.​В.​Грынявецкі.

т. 17, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧУ́ЧЫН,

горад, цэнтр Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. За 68 км на У ад Гродна, за 7 км ад чыг. ст. Ражанка на лініі Ваўкавыск—Ліда. 16,3 тыс. ж. (2002). Шчучынскі завод «Аўтапровад», прадпрыемствы с.-г. і трактарнага машынабудавання, харч. (Шчучынскі масласырзавод) прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Шчучынскі касцёл Святой Тэрэзы, Свята-Міхайлаўская царква, Шчучынскі палац.

Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах 1-й пал. 15 ст. ў сувязі з заснаваннем тут трокскім ваяводам П.​Лелюшам касцёла. У 2-й пал. 15—17 ст. Ш. належаў Кучукам, Кішкам, Радзівілам, Давойнам, Лімонтам; уваходзіў у склад Лідскага пав. Віленскага ваяв. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Ш. моцна пацярпеў ад войск кн. Хаванскага і атрадаў В.​Залатарэнкі, у пач. Паўночнай вайны 1700—21 — ад войск Карла XII. У канцы 17—1-й пал. 18 ст. мястэчкам Ш. валодалі Юзафовічы-Глябіцкія (Хлябіцкія), потым — Сцыпіёны. У 18 — пач. 20 ст. называўся Шчучын-Літоўскі. У 1718 тут засн. Шчучынскі піярскі калегіум. 23.5.1761 Ш. атрымаў герб — у блакітным полі пад залатой каронай сярэбраная манаграма IS [I (gnatus) S(cipion)]. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, мястэчка Лідскага пав. Гродзенскай (з 1802) і Віленскай (з 1842) губ. З 1807 Ш. належаў Друцкім-Любецкім. У 1866 у мястэчку 1088 ж., 123 дамы, парафіяльная школа, аптэка, паштовая станцыя, царква, касцёл. У 2-й пал. 18 ст. пабудаваны Шчучынскі палац, у 1888 — дрэваапр. з-д. У 1897—1742 ж., лячэбніца. У 1905 цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ., 1799 мяшчан, валасное праўленне, царква, касцёл, капліца, сінагога, яўр. малітоўны дом, аптэка, паштовая станцыя, вінакурны, цагельны, вапнавы з-ды, 29 крам, 5 корчмаў. У 1914 бібліятэка і архіў Сцыпіёнаў і Друцкіх-Любецкіх перададзены ў музей Чартарыйскіх у Кракаве. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага ваяв. У 1923 — 1539 ж., 239 будынкаў. У 1929 Ш. — цэнтр Шчучынскага павета Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 4.12.1939 цэнтр Шчучынскага р-на Баранавіцкай вобл., з 15.1.1940 гар. пасёлак, 3500 ж. У Вял. Айч. вайну з 25.6.1941 да 13.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ш. і раёне 2749 чал. У 1948 у Ш. 7 тыс. ж., у 1959 — 6,5 тыс., у 1970—10,3 тыс. ж. З 31.8.1962 — горад.

Літ.:

Крень И.П., Мараш Я.Н. Щучин: Ист.-экон. очерк. Мн., 1989;

Данскіх С.У. Наш Шчучын. Гродна, 2001;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Шчучынскага р-на. Мн., 2001.

Р.​В.​Баравой, У.​В.​Мальцаў.

Шчучын. Фрагмент забудовы.

т. 17, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІ́ДАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «XVIII партз’езд». За 30 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Быхаў, 60 км ад Магілёва, З км ад Дняпра. 747 ж., 288 двароў (1994).

У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца ў 16 ст., у 1600 сяло ў складзе маёнтка Тайманава Рэчыцкага пав. З 1742 у т.зв. Быхаўскім графстве, з 1772 у Старабыхаўскім (Быхаўскім) пав. Рас. імперыі. У 1880 у Абідавічах 790 ж. З 1924 цэнтр сельсавета ў Журавіцкім р-не, з 1935 у Доўскім (Журавіцкім), з 1956 у Быхаўскім р-не. У 1969 — 883 ж

Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання, гандлёвы цэнтр. За 3 км на ПдЗ гарадзішча зарубінецкай і калочынскай культур (2 ст. да н.э.—3 ст. н.э.).

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОНЬ,

вёска ў Беларусі, у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 3 км на ПнУ ад г. Мар’іна Горка, 60 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Пухавічы. 1874 ж., 370 двароў (1995).

У 19 ст. маёнтак, уласнасць Бонч-Асмалоўскіх. У 1886 у вёсцы 226 ж., 86 двароў; Троіцкая царква, касцёл, школа, млын, 2 разы на год кірмаш. З 1880-х г. дзякуючы дзейнасці А.В.Бонч-Асмалоўскага і яго жонкі В.І.Вахоўскай Блонь стала апорным пунктам рэвалюцыянераў розных кірункаў У 1899—1908 дзейнічала Блонская сялянская арганізацыя. З 1924 цэнтр сельсавета Пухавіцкага р-на. У 1939—54 наз. в. Зарэчча. У 1970 — 1590 ж.

У Блоні сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Блонская Троіцкая царква, сядзібны дом і парк (2-я пал. 19 ст.). Магіла ахвяраў фашызму.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́ШЫНА,

вёска ў Беларусі, у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнУ ад Навагрудка, 185 км ад Гродна, 46 км ад чыг. ст. Наваельня. 299 ж., 168 двароў (1994). Базавая школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання.

Да 1401 двор Новагародскай зямлі, дзярж. ўласнасць. У 1428 Вітаўт падараваў Асташына сваёй жонцы Юльяне Іванаўне Гальшанскай у якасці вена. З канца 15 ст. ўласнасць Чартарыйскіх, потым Саламярэцкіх, Радзівілаў, Чачотаў. У 1897 — 929 ж., 150 двароў, царква, царкоўнапрыходская школа, хлебазапасны магазін, піцейны дом. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Любчанскай гміны Навагрудскага пав. У Асташына і навакольных вёсках адбылося Асташынскае выступленне сялян 1932. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Любчанскім раёне, з 1956 у Навагрудскім раёне. У 1969 — 730 ж., 248 двароў.

М.​Ф.​Спірыдонаў (гісторыя).

т. 2, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМО́ (Rameau) Жан Філіп (25.9.1683, г. Дыжон, Францыя — 12.9.1764),

французскі кампазітар, арганіст, клавесініст, скрыпач, муз. тэарэтык. Служыў арганістам у саборах Францыі. З 1723 у Парыжы, набыў славу першага арганіста Францыі. З 1745 прыдворны кампазітар. Развіваў заснаваны Ж.Б.Люлі жанр лірычнай трагедыі. У оперы ўзмацніў эмацыянальную выразнасць музыкі, ролю аркестра, увагу да рэчытатыўна-арыёзнай сферы. Аўтар опер, опер-балетаў, балетаў, камедый-балетаў і інш., свецкіх кантат, матэтаў, канцэртаў для клавесіна і камернага ансамбля, п’ес для клавесіна, музыкі для спектакляў і інш. У «Трактаце пра гармонію...» (1722) абгрунтаваў тэрцавую будову акордаў, увёў паняцце «гарманічнага цэнтра» (тонікі), дамінантнай і субдамінантнай функцый.

Літ.:

Адамян А. Эстетика Рамо // Вопросы теории и эстетики музыки. Л., 1963. Выд. 2;

Брянцева В.Н. Ж.​Ф.​Рамо и французский музыкальный театр. М., 1981;

Малиньон Ж. Ж.​Ф.​Рамо: Пер. с фр. Л., 1983.

Ж.Ф.Рамо.

т. 13, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛУ-АРЫЗО́НТЫ (Belo Horizonte),

горад на ПдУ Бразіліі. Адм. ц. штата Мінас-Жэрайс. Засн. ў 1892. 2,3 млн. ж. (1989), з прыгарадамі 3,7 млн. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр буйнога горнапрамысл. раёна (здабыча жал. і марганцавых рудаў, золата). Чорная металургія, хім., фармацэўтычная, паліграф., тэкст., гарбарна-абутковая, швейная, харч. прам-сць. Федэральны і каталіцкі ун-ты, ун-т мастацтваў штата Мінас-Жэрайс. Гіст. музей. Каля Белу-Арызонты спартыўны і турыст. гарадок Пампулья.

т. 3, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́ТА (Valletta),

горад, сталіца Мальты. На паўн.-ўсх. узбярэжжы в-ва Мальта. Засн. ў 1560-я г. 9,1 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 150 тыс. ж. (1993). Марскі порт. Міжнар. аэрапорт Лука. Суднабудаванне і суднарамонт, харч., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая прам-сць. Рыбалоўства. Ун-т (з 1592). Музеі (Зброевая палата — узбраенне і даспехі рыцараў Мальтыйскага ордэна, Маст. галерэя). Нац. б-ка. Тэатр. Арх. помнікі 16—18 ст. Горад з’яўляецца сусв. помнікам культуры.

т. 3, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)