умоўная агульная назва культур бронзавага веку в-ва Крыт (мінойскай), астравоў Эгейскага м. (кікладскай) і мацерыковай Грэцыі (эладскай). Узнікла і развівалася ў 3—2-м тыс. да н.э. (30—12 ст. да н.э.). Зведала непасрэдны ўплыў культ. здабыткаў Б.Усходу (Стараж. Егіпет), але захавала сваю самабытнасць; паліт., эканам. і культ. жыццё мясц. протадзяржаў развівалася ў палацавых гаспадарках гарадоў Крыта, Мікенаў, Троі, Піласа і інш. Яе гісторыя паводле вынікаў археал.даследаванняўангл. археолага А.Дж.Эванса падзяляецца на 4 перыяды: раннемінойскі, ці дапалацавы (2600—2000 да н.э.); сярэднемінойскі, ці палацавы (2000—1700 да н.э.); сярэднемінойскі, ці новапалацавы (1700—1400 да н.э.); познамінойскі, ці пасляпалацавы (1400—1150 да н.э.). Росквіт гаспадаркі і культуры найб.стараж. дзяржавы на Крыце адбыўся ў 17—16 ст. да н.э. Сумеснай працай многіх пакаленняў архітэктараў, земляробаў, рамеснікаў і рабоў быў пабудаваны суцэльны комплекс прыбл. з 300 памяшканняў — велічны трохпавярховы Кноскі палац, т.зв. Лабірынт. Падобны палац быў у Фесце на Пд Крыта. Рэлігіяй крыцян было мнагабожжа: «Вялікая багіня» (захавалася статуэтка багіні, якая трымае змей), Мінатаўр і інш. Жывапіс прадстаўлены фрэскамі («гульня з быком», «кноская парыжанка» і інш.), расфарбаванымі рэльефамі на сценах («цар-жрэц»). У 1953 дэшыфраваны таблічкі лінейнага пісьма 18—11 ст. да н.э. (гл.Крыцкае пісьмо). З уварваннем з Прыдунаўя на мацерыковую Грэцыю плямён ахейцаў у канцы 3-га тыс. да н.э. пачалося фарміраванне стараж.-грэч. народнасці і мікенскай культуры (па назве яе цэнтра Мікены). Яе росквіт прыпадае на 15—13 ст. да н.э.
Шахтавыя магілы з мноствам каштоўных рэчаў з золата, серабра і інш. (залатая маска, кераміка, зброя) даследаваны ням. археолагам Г.Шліманам (1876). Асн. цэнтр мікенскай культуры — палацы Мікен, Піласа, Афін, Фіваў і інш. Іх архітэктура адрозніваецца ад крыцкай (умацаванні, магутныя сцены, цытадэлі). Захаваліся фрэскі, размаляваная кераміка, тэракотавыя статуэткі і інш. На мяжы 13—12 ст. да н.э. К.-м.к. і яе цывілізацыя перасталі існаваць пад ударамі плямён дарыйцаў.
Літ.:
Колпинский Ю.Д. Искусство Эгейского мира и Древней Греции. М., 1970;
Сидорова Н.А. Искусство Эгейского мира. М.,1972;
Соколов Г.И. Искусство Древней Греции. М., 1980;
История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. Древняя Европа М., 1988.
М.С.Корзун, К.А.Равяка.
Да арт.Крыта-мікенская культура. Ільвіныя вароты ў Мікенах. Рэльеф. 13 ст. да н.э.Да арт.Крыта-мікенская культура. Маска з грабніцы VI магільнага круга «А» ў Мікенах. 16 ст. да н.э.Да арт.Крыта-мікенская культура. Зборшчык шафрану. Фрагмент фрэскі з Кноскага палаца. 1700—1600 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—19 ст. Размяшчаўся на мысе правага берага р. Дняпро. Яго дзядзінец меў форму, блізкую да чатырохвугольніка (пл. больш за 1 га). З захаду пляцоўка дзядзінца ўзвышалася над далінай р. Дубровенка на 20 м, з Пд — над далінай Дняпра на 25 м, з У — на 14 м; з Пн была ўмацавана ровам. Замак пабудаваны ў 1526 на месцы могільніка 12—13 ст. Па перыметры пляцоўку замка ўмацоўваў вал з гліны і пяску, абпаленых для трываласці да цэглападобнага стану. Археал. даследаванні пацвердзілі звесткі Баркулабаўскага летапісу пра замак: «Лета 1526 большой замок зароблен и принято много горы Могилы, на которой теперь замок Могилев стоит». Ад назвы гэтай гары і атрымаў сваю назву замак. У 16 ст. М.з. меў драўляныя ўмацаванні зрубнай канструкцыі, цэйхгаўз для зброі і ваен. рыштунку. Уначы ахоўвала варта. У ваен. час яго абаранялі жыхары Магілёва і воласці, у гароднях замкавых умацаванняў размяшчаліся іх сем’і са сваім скарбам. У час паўстання пад кіраўніцгвам С.Налівайкі М.з. спалены 13.12.1595, аднак хутка адноўлены, пра што сведчыць інвентар Магілёва за 1604. Замкавыя ўмацаванні складаліся з 7 вежаў і 2—3-ярусных гародняў, пастаўленых на высокім земляным вале. Цераз абарончы роў, які аддзяляў замак ад горада, быў перакінуты драўляны мост на палях. Яго апошні пад’ёмны пралёт — «узвод на ланцугах» — падводзіў да 5-яруснай «Горнай брамы». Астатнія 6 вежаў былі 3—5-ярусныя, а «Дольная» брама мела 4 ярусы. З боку замка да Дняпра і Дубровенкі вялі 2 патаемныя хады. Сцены гародняў і вежаў мелі таўшчыню ў 1—2—3 бервяны, з боку поля іх рабілі больш магутнымі і звычайна абмазвалі глінай. У 1633 замак згарэў, але праз 2 гады адноўлены 2 брамы і сцены ў выглядзе 1—2-раднага частаколу. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 з 6.2 да 1.5.1655 М.з. вытрымаў аблогу казацкіх войск, ад падкопаў замкавы вал моцна пацярпеў. У 1655—60 замак аднавілі і рэканструявалі: з трох бакоў пабудавалі бастыёны, на дзядзінцы — разнастайныя гасп. пабудовы (пазней двойчы гарэлі). Бастыённыя ўмацаванні замка ў пач. 19 ст. знівеліраваны. Археал. даследаванні замка праводзілі М.А.Ткачоў (1982), З.Л.Яцкевіч (1990), І.М.Марзалюк (1992—96). У выніку даследаванняў Марзалюка даказана, што на гары Магіла ў 12—13 ст. існавала ўмацаванае слав. паселішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙЯ,
індзейскі народ у Мексіцы, Гватэмале (п-аў Юкатан) і Белізе. 700 тыс.чал., у т. л. ў Мексіцы 670 тыс. (1992). Мова М. з галіны майя-кічэ. Вернікі — католікі. Продкі М. стварылі адну з найб. развітых цывілізацый дакалумбавай Амерыкі, якая існавала на тэр. сучасных паўд.-ўсх. Мексікі, Гватэмалы, Беліза і Гандураса. Узнікненне цывілізацыі М. звязана з культурай альмекаў. Умоўна стараж. гісторыю М. падзяляюць на «Стараж. царства» (1-е тыс. да н.э. — 8—9 ст. н.э.) і «Новае царства» (11—16 ст.). «Стараж. царства» — час найб.культ. росквіту цывілізацыі М., асн. цэнтры якой знаходзіліся ў даліне р. Усумасінта і на плато Петэн. З гэтых часоў захаваліся руіны больш як 40 гар. цэнтраў М.: Цікаля, Вашактуна, Капана, Паленке, Банампака і інш. Паводле апошніх даследаванняў, яны былі сапраўднымі гарадамі, а не толькі цырыманіяльнымі цэнтрамі, як лічылася раней. М. ведалі развітую сістэму земляробства («паднятыя палі», ірыгацыю, палі на тэрасах), якая дазваляла ім вырошчваць кукурузу, фасолю, гарбузы, памідоры, караняплоды, бавоўнік. З свойскіх жывёл гадавалі індыкоў і сабак. Займаліся паляваннем, рыбалоўствам і пчалярствам. Унутр. супярэчнасці і ўварванне інш. плямён прывялі да заняпаду і поўнага абязлюдзення гарадоў. З 9 ст. пачаўся рост паселішчаў М. на п-ве Юкатан, якія да пач. 11 ст. былі заваяваны плямёнамі тальтэкаў з Мексікі. Узнікла змешаная майя-тальтэкская культура. Сталіцай тальтэкаў быў г. Чычэн-іца, які разбурылі паўстаўшыя М. ў пач. 13 ст. У 13—15 ст. на Юкатане панавалі правіцелі г. Майяпан; значнымі цэнтрамі былі гарады Ушмаль, Тулум і інш. (захаваліся руіны). Пасля разбурэння ў сярэдзіне 15 ст. Майяпана на Юкатане ўзнікла мноства незалежных гарадоў-дзяржаў, што былі заваяваны іспанцамі (апошні з іх, Тайясаль, у 1697). М. неаднаразова паўставалі супраць іспанцаў і ўлад Мексікі (найб. працяглым было паўстанне 1847—1904). Ад стараж. цывілізацыі М. захаваліся шматлікія рэшткі будынкаў — храмы на вял. 4-гранных ступеньчатых пірамідах («Храм Сонца» і «Храм надпісаў» у Паленке і інш.), шматпакаёвыя палацы, пляцоўкі для культавых гульняў. Значнае развіццё набыла скульптура ў выглядзе рэльефаў на сценах храмаў і стэлах. Жывапіс прадстаўлены насценнымі размалёўкамі (Банампак). М. стварылі найб. дасканалую ў дакалумбавай Амерыцы сістэму пісьма (гл.Майя пісьмо), валодалі ведамі ў матэматыцы і астраноміі, якія дазволілі ім стварыць дакладны сонечны каляндар.
Літ.:
Рус А. Народ майя: Пер. с исп. М., 1986;
Гуляев В.И. Города-государства майя. М., 1979;
Яго ж. Древние майя: Загадки погибшей цивилизации. М., 1983.
В.У.Адзярыха.
Да арт.Майя. Рэшткі палацавых пабудоў у Паленке (Мексіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ПРАГРЭ́С (НТП),
працэс бесперапыннага ўзаемазвязанага, паступальнага развіцця навукі і тэхнікі, які праяўляецца ў пастаянным уздзеянні навук. ідэй (адкрыццяў і ведаў) на ўзровень удасканалення сродкаў і прадметаў працы, тэхналогіі і арг-цыі вытв-сці. Ажыццяўляецца ў форме паступовага эвалюцыйнага ўдасканалення матэрыяльнай вытв-сці і яго навук.-тэхн. асноў або ў форме карэннага якаснага пераўтварэння вытв. сіл на базе выкарыстання прынцыпова новых навук. і тэхн. дасягненняў, што забяспечваюць пераход да больш прагрэс. этапу развіцця грамадскай вытв-сці; мае рэв. характар развіцця і прымае форму навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. У рэальных працэсах развіцця грамадства эвалюцыя і рэвалюцыя — неабходныя ўзаемазвязаныя формы (роўныя кампаненты) НТП. Эвалюцыя падрыхтоўвае рэвалюцыю і стварае для яе неабходныя ўмовы, а рэвалюцыя адкрывае якасна новыя магчымасці эвалюцыі, садзейнічае яе далейшаму развіццю.
Навука і вытв-сць пачалі збліжацца ў 16—18 ст., калі развіццё гандлю, мараплавання, мануфактурнай вытв-сці і інш. патрабавалі тэарэт. і эксперым. вырашэння практычных задач; 2-1 яе этап звязаны з машыннай вытв-сцю ў канцы 18 ст., калі навука і тэхніка ўзаемна стымулявалі паскораныя тэмпы развіцця. Бурнае развіццё навукі з канца 19 ст. і ў 20 ст. прывяло да значных адкрыццяў, што стала пачаткам новага кірунку НТП. Хуткае развіццё і практычнае выкарыстанне эл. энергіі, стварэнне рухавіка ўнутр. згарання, рост хім. і нафтахім. прам-сці, укараненне новых тэхналогій, выкарыстанне энергіі атамнага ядра, атрыманне штучных алмазаў, вынаходства і развіццё ЭВМ, асваенне космасу і інш.
Асн. кірункі НТП: комплексная аўтаматызацыя і камп’ютэрызацыя вытв-сці; пошук новых крыніц энергіі, стварэнне новых сродкаў транспарту і сувязі, асваенне новых тэхналогій, у т. л. біятэхналогій. Многія кірункі НТП цесна ўзаемазвязаны, іх размежаванне ўмоўнае. Затраты на НТП пастаянна павялічваюцца і ў эканамічна развітых краінах складаюць значную долю валавога ўнутр. прадукту. Усё большае значэнне набывае павышэнне эфектыўнасці выкарыстання навукова-тэхнічнага патэнцыялу.
На Беларусі НТП развіваўся ў непасрэднай сувязі з развіццём мануфактурнай і машыннай вытв-сці, прамысл. пераваротам 19 — пач. 20 ст.; яго тэмпы паскорыліся ў ходзе індустрыялізацыі ў 1930-я г. і асабліва ў 2-й пал. 20 ст., калі ўзніклі новыя галіны вытв-сці: аўтамабіле-, трактара-, прыладабудаванне, электра-, радыётэхнічная, электронная, хім., нафтаперапрацоўчая і інш.прам-сць. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі» ў бюджэце краіны ўстанаўліваецца ліміт агульных расходаў на навук.-тэхн. дзейнасць і нарматыў фінансавання фундаментальных і пошукавых даследаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКІЯ ТЭМПЕРАТУ́РЫ.
крыягенныя тэмпературы, тэмпературы ніжэй за 120 К. Т-ры. меншыя за 0,3 К, адносяць да звышнізкіх. Пры Н.т., асабліва блізкіх да абсалютнага нуля, цеплавы рух атамаў рэчыва памяншаецца і пачынаюць праяўляцца яго квантавыя ўласцівасці (напр., звышправоднасць, звышцякучасць). Пры Н.т. стан цвёрдага рэчыва разглядаецца як упарадкаваны, што дазваляе апісваць яго ўласцівасці з дапамогай квазічасціц. Кандэнсаваны (вадкі або цвёрды) стан рэчыва пры Н.т. вывучае фізіка нізкіх тэмператур. Эфекты, што праяўляюцца пры Н.т., выкарыстоўваюць у касм. матэрыялазнаўстве, крыябіялогіі, крыяэлектроніцы і інш.
Атрыманне Н.т. заснавана на звадкаванні газаў у спец. устаноўках — звадкавальніках, дзе моцна сціснуты газ пры расшырэнні да звычайнага ціску ахаладжаецца і кандэнсуецца (паводле Джоўля—Тамсана эфекту). Як холадаагенты выкарыстоўваюць паветра, азот, неон, вадарод, гелій (т-ра кіпення Тн = 4,2 К). Для падтрымання Н.т. Тн холадаагента павінна быць пастаяннай пад атм. ціскам, для чаго выкарыстоўваюць спец. тэрмастаты. Адпампоўваннем газу, што выпараецца, з герметызаванай пасудзіны памяншаюць ціск над вадкасцю і гэтым зніжаюць т-ру яе кіпення. Так дасягаюцца Н.т.: ад 77 да 63 К пры дапамозе вадкага азоту, ад 27 да 24 К — вадкага неону, ад 20 да 14 К — вадкага вадароду, ад 4,2 да 1 К — вадкага гелію. Пры больш нізкіх т-рах вадкія газы цвярдзеюць і страчваюць ахаладжальныя якасці (за выключэннем ізатопа гелію 4Не, які застаецца вадкім амаль да абс. нуля). Метадам адыябатычнага размарожвання парамагнітных солей дасягаюць т-ры 10−3К, гэтым жа метадам з выкарыстаннем ядзернага парамагнітнага рэзанансу ў сістэме атамных ядраў дасягнута т-ра 10−6 К. Т-ры парадку 10−3К атрымліваюць таксама больш зручным метадам — растварэннем вадкага 3Не у вадкім 4Не. Вымярэнне Н.т. да 1 К ажыццяўляюць газавым тэрмометрам. У дыяпазоне 0,3—5,2 К нізкатэмпературная тэрмаметрыязасн. на залежнасці ціску насычаных пароў гелію ад т-ры. У практычнай тэрмаметрыі выкарыстоўваюць пераважна тэрмометры супраціўлення.
На Беларусі даследаванні з выкарыстаннем Н.т. вядуцца з 1964 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, з 1980-х г. — у Цэнтры крыягенных даследаванняў пры гэтым ін-це (В.І.Гасцішчаў, С.Я.Дзям’янаў і інш.), а таксама ў інш. ін-тах Нац.АН, БДУ.
Літ.:
Лоунасмаа О.В. Принципы и методы получения температур ниже 1 К: Пер. с англ.М., 1977;
Капица П.Л. Физика и техника низких температур: Науч. тр.М., 1989;
Вепшек Я. Измерение низких температур электрическими методами: Пер. с чеш. М. 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ЖЫЦЦЯ́,
працягласць існавання асобіны (часам клону), якая абумоўлена генетычна і залежыць ад розных фактараў. У жывёл і раслін адрозніваюць П.ж. фізіялагічную, экалагічную і сярэднюю. Фізіялагічная — макс. П.ж. для асобін дадзенага віду пры аптымальных умовах існавання, абумоўленая генетычна. Экалагічная П.ж. характарызуе мяжу ўзросту асобін у прыродных умовах і залежыць ад шматлікіх знешніх фактараў. Сярэдняя П.ж. — узрост, якога ў сярэднім дасягаюць асобіны пэўнай выбаркі аднаго віду. У раслін найб. П.ж. ў хвоі асцістай і баабаба — 4—5 тыс. гадоў, секвоядэндрана, ціса, кіпарыса — да 3 тыс. гадоў, дуба, каштана, грэцкага арэха — больш за 2 тыс. гадоў. Сярод жывёл — у чарапахі (больш за 150 гадоў), пласцініста-жаберных малюскаў (да 100 гадоў), некаторых рыб (асятровыя — да 100 гадоў, шчупак — больш за 80 гадоў), сланоў (60—70 гадоў), птушак (філін — да 70, клондар — да 40 гадоў). У некаторых амёб у спрыяльных умовах П.ж. не абмежавана, клоны парамецый жывуць да 10 гадоў. П.ж. чалавека вызначаецца яго біял., спадчыннымі асаблівасцямі, сацыяльнымі (побыт, праца, адпачынак, харчаванне) і экалагічнымі ўмовамі. У дэмаграфічнай статыстыцы выкарыстоўваецца шэраг сярэдніх характарыстык П.ж., якія разлічваюцца з дапамогай табліц смяротнасці. Чакаемая П.ж. паказвае — колькі гадоў можа пражыць у сярэднім адзін чалавек з пакалення народжаных або дасягнуўшых пэўнага ўзросту, калі на працягу далейшага жыцця гэтага пакалення ў кожным узросце захаваецца інтэнсіўнасць смяротнасці дадзенага перыяду. Паводле даследаванняў П.ж. і стан здароўя насельніцтва залежаць на 51,2% ад спосабу жыцця, на 20,4% ад біял. даных чалавека, у т. л. спадчыннасці, на 19,9% ад стану навакольнага асяроддзя і на 8,5% ад узроўню развіцця аховы здароўя. Паводле даных на 1999 найб. высокую чакаемую П.ж. мелі: Японія 80,5 гадоў, Швецыя 79,5, Канада і Швейцарыя 79 гадоў. Найменшы паказчык чакаемай П.ж. адзначаны ў краінах Афрыкі: Малаві 36 г., Замбія 37,5, Эфіопія і Уганда па 41,5 года. У большасці краін свету чакаемая П.ж. ў жанчын перавышае аналагічны паказчык у мужчын. Беларусь па ўзроўні П.ж. займае адно з апошніх месц у першай сотні краін свету. Паказчыкі чакаемай П.ж. пасля значнага росту амаль да канца 1960-х г. (П.ж. вырасла да 72,9 года ў 1964—69) стабілізаваліся ў канцы 1980-х г., а потым пачалі зніжацца. У 1999 узровень чакаемай П.ж. стаў ніжэй узроўню 1958—59 (70,3 года) і склаў 68,5 года. П.ж. адрозніваецца вял. дыферэнцыяцыяй паводле полу: у мужчын 64, у жанчын 74 гады. Мае месца і доўгажыхарства. Перапіс насельніцтва (1999) зарэгістраваў у групе людзей узростам 100 і болей гадоў 104 мужчыны, 877 жанчын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТА (ням. Rakete ад італьян. rocchetta шпуля, верацяно),
лятальны апарат, які рухаецца ад дзеяння рэактыўнай цягі. Можа рухацца і ў беспаветранай прасторы, што дае магчымасць выкарыстоўваць Р. для палётаў у космас. Бываюць адна- і шматступеньчатыя ракеты, кіравальныя (маюць сістэму кіравання, якая забяспечвае палёт па зададзенай траекторыі, напр., балістычныя ракеты) і некіравальныя (звычайна баявыя тактычныя Р. з далёкасцю палёту да дзесяткаў кіламетраў). Выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (ракетная зброя), для навук. (напр., «Космас»), геафіз. (напр., «Вертыкаль») і метэаралаг. даследаванняў, а таксама для запуску касмічных апаратаў (гл.Ракета-носьбіт).
Асн. часткі Р.: корпус з адсекамі (злучае ўсе часткі Р. ў адзіную канструкцыю), адзін або некалькі ракетных рухавікоў, ёмістасці з ракетным палівам (запас рабочага цела), карысны груз (баявая частка, касм. апарат, метэапрылады), сістэма кіравання (на кіравальных Р.). Канструкцыя Р. залежыць ад яе прызначэння і тыпу выкарыстаных рухавікоў. Асн. тып рухавіка для Р.-носьбіта — вадкасны ракетны рухавік, для большасці баявых, метэаралаг. і геафіз. Р. — цвердапаліўны ракетны рухавік. На многіх Р. устанаўліваюць спец. разгонныя або стартавыя рухавікі (звычайна цвердапаліўныя). Органы кіравання — аэрадынамічныя (напр., паветраныя рулі, інтэрцэптары, элероны), газадынамічныя (газаструменныя рулі, паваротныя камеры і соплы, дэфлектары) і камбінаваныя; забяспечваюць дынамічную стабілізацыю Р., кіраванне ёю на ўсёй траекторыі ці на яе асобных участках. Некіравальныя Р. стабілізуюцца ў палёце хваставым апярэннем або вярчэннем вакол падоўжнай восі. Запускаюцца з пускавых установак, у т. л. шахтавага тыпу, караблёў, падводных лодак, самалётаў, верталётаў, касм. — са стартавага комплексу касмадрома. Састаўныя (шматступеньчатыя) Р. складаюцца з 2—4 ракетных ступеняў, размешчаных паслядоўна ці па т.зв. пакетнай схеме. На 1-м этапе актыўнага ўчастка дзейнічае І-я ступень, разгон працягвае 2-я і г.д.Асн. характарыстыкі Р.: сіла цягі рухавіка (да 10 МН) і скорасць выцякання рэактыўнага струменя (3000—4500 м/с). Стартавая маса ад некалькіх кілаграм да некалькіх тысяч тон. Баявыя Р. бываюць: стратэгічныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя; блізкага дзеяння, сярэдняй і вял. далёкасці (міжкантынентальныя); класаў «зямля—зямля», «зямля—паветра», «паветра—паветра», «паветра—зямля», «паветра—карабель», «карабель—зямля» і інш. Уваходзяць у наземныя, авіяц. і карабельныя ракетныя комплексы. Р. класа «зямля—паветра» — асн. зброя войск ППА (гл.Зенітны ракетны комплекс). Высокадакладным дальнабойным сродкам паветранага нападзення з’яўляецца крылатая ракета (ляціць больш за 2,6 тыс.км на выш. каля 30—100 м).
Вынайдзена ў Кітаі пасля адкрыцця пораху (каля 10 ст.); першае ўпамінанне пра Р. (трубкі з порахам) адносяцца да 1232. У Еўропе звесткі пра парахавыя Р. з’явіліся ў 13 ст., у канцы 14 — пач. 16 ст. існавала некалькі тыпаў Р. (рухаліся вертыкальна, па паверхні вады, па канаце). З канца 14 ст. сталі выкарыстоўвацца для феерверкаў (уяўлялі сабой кардонную гільзу з карысным грузам — зорачкамі ў верхняй частцы і порахам у ніжняй). Найб. раннія звесткі пра выкарыстанне Р. на Украіне адносяцца да 1516. У сярэдзіне 17 ст. лепшым ракетчыкам Еўропы лічыўся бел. інжынер і вучоны К.Семяновіч, які апісаў (1650) розныя канструкцыі ракет, абгрунтаваў ідэю шматступеньчатай Р. і ракетных батарэй. Звесткі пра Р. ў Расіі адносяцца да 1675, у 1680-я г. створана маск. Ракетнае прадпрыемства. Даследаванні па розных тыпах Р. у канцы 18 ст. правялі франц. інжынеры. У пач. 19 ст.англ. канструктар У.Конгрыў абагульніў вопыт ракетабудавання, правёў шэраг навук.даследаванняў у галіне ракетнай тэхнікі, распрацаваў новыя тыпы парахавых Р. (выратавальныя, гарпунныя, са стартавай масай да 450 кг і далёкасцю палёту больш за 3 км). Р. як зброя пашырылася ў многіх краінах Еўропы. З канца 1920-х г. распрацоўку вадкасных Р. і ракетных рухавікоў у СССР пачалі ў Газадынамічнай лабараторыі, Рэактыўным НДІ і Групе па вывучэнні рэактыўнага руху. У пач. 1940-х г. у Германіі створана Р. Фау-2 (з 1944 выкарыстоўвалася для абстрэлу Вялікабрытаніі). У 1948 у ЗША адбыўся запуск 2-ступеньчатай вадкаснай Р. «Бампер» (1-й яе ступенню была дапрацаваная Р. Фау-2). У 2-й пал. 1950-х г. адбыўся пераход ад адна- да шматступеньчатых Р. (у СССР Р-7), з дапамогай якіх пачаліся даследаванні касм. прасторы (гл.Касманаўтыка). У Расіі і СССР развіццё Р. звязана з імёнамі А.Дз.Засядка, К.А.Шыльдэра, К.І.Канстанцінава, М.І.Кібальчыча, К.Э.Цыялкоўскага, Ф.А.Цандэра, А.І.Шаргея (Ю.В.Кандрацюк), С.А.Косберга, С.П.Каралёва, В.П.Глушко і інш. Значны ўклад у развіццё ракетабудавання зрабілі інжынеры і вучоныя Г.Гансвінт (Германія), Р.Эно-Пельтры (Францыя), Р.Годард (ЗША), Г.Оберт і І.Вінклер (Германія), В. фон Браўн (Германія, ЗША).
Літ.:
Ляпунов Б.В. Ракета. 2 изд. М., 1960;
Золин Б.И., Савин Н.В. Основы теории и конструкции ракет. М., 1971;
Киселев С.П. Физические основы аэродинамики ракет. М., 1976;
Князьков В.С., Рожков В.В. Боевые ракеты. М., 1977;
Колесников К.С. Динамика ракет. М., 1980;
Феодосьев В.И. Основы техники ракетного полета. 2 изд. М., 1981;
Бельск і А.М., Ткачоў М.А. Вялікае мастацтва артылерыі: Казімір Семяновіч. Мн., 1992.
У.С.Ларыёнаў, У.М.Сацута.
Схемы ракет: а, б — аднаступеньчатых на цвёрдым і вадкім паліве (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 і 5 — бакі акісляльніку і паліва, 4 — цвёрдае паліва, 6 — турбіна, 7 — камера згарання, 8 — стабілізатар); в — двухступеньчатай з папярочным дзяленнем (1 — карысны груз, 2 — пераходная ферма, РА — рухальны адсек, ПА — паліўны адсек); г — шматступеньчатай з пакетным размяшчэннем ступеняў (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 — паліўныя бакі, 4 — ракетныя рухавікі); д — стратэгічнай сярэдняй далёкасці (1 — галоўка саманавядзення, 2 — баявая частка, 3 — электроннае абсталяванне, 4 — маршавы рухавік, 5 — крыло, 6 — аэрадынамічныя рулі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАХІ́МІЯ (ад агра... + хімія),
агранамічная хімія, навука пра хім. працэсы ў глебе і раслінах, жыўленне раслін, выкарыстанне ўгнаенняў і сродкаў хім. меліярацыі глебаў; аснова хімізацыі сельскай гаспадаркі. Грунтуецца на дасягненнях аграноміі і хіміі.
Пачала фарміравацца ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Адзін з заснавальнікаў аграхіміі франц. вучоны Ж.Бусенго. Развіццё ў Расіі звязана з працамі М.І.Афоніна, А.Ц.Болатава, А.А.Нартава, М.Г.Паўлава і інш., у замежжы — шведскага хіміка І.Валерыуса, ням. Ю.Лібіха і А.Тэера. У галіне аграхіміі працавалі Дз.І.Мендзялееў (першыя доследы па вывучэнні эфектыўнасці ўгнаенняў), К.А.Ціміразеў, П.А.Костычаў, Дз.М.Пранішнікаў (заснавальнік аграхім. школы; распрацаваў тэорыю азотнага жыўлення раслін, навук. асновы фасфарытавання глеб) і інш. Вынікі аграхім. даследаванняў выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы пытанняў аховы земляў, ажыццяўленні папераджальных мер барацьбы з забруджваннем глебы.
На Беларусі першыя аграхім. даследаванні праведзены ў Горы-Горацкай земляробчай школе (вывучэнне эфектыўнасці гною), на Беняконскай с.-г. (выкарыстанне лубіну на зялёнае ўгнаенне) і Мінскай балотнай (дзеянне ўгнаенняў на тарфяных глебах) доследных станцыях. Як самаст. навука развіваецца з 1920-х г.: распрацоўка асноў вапнавання глебаў і вывучэнне дзеяння ўгнаенняў на розных глебах і культурах (А.К.Кедраў-Зіхман, Р.І.Пратасеня, І.Р.Уласенка, І.К.Шпілеўскі, В.І.Штэмпель, В.С.Рубанаў, У.М.Пілько, Р.Т.Вільдфлуш, З.П.Ганчарова, Б.Б.Бельскі), распрацоўка рацыянальных спосабаў выкарыстання сідэратаў (Я.К.Аляксееў) і торфу як угнаення. Н.-д. работа па праблемах аграхіміі вядзецца ў Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі, які стаў метадычным цэнтрам па кіраўніцтве Дзярж. аграхім. службай і геагр. сеткай доследаў з угнаеннямі, а таксама ў н.-д. ін-тах земляробства і кармоў, меліярацыі і лугаводства, пладаводства, агародніцтва, бульбы, Бел.с.-г. акадэміі, Гродзенскім с.-г. ін-це, аддзелах аграхіміі абл. доследных станцый. Распрацаваны тэарэт. асновы і спосабы выкарыстання ўгнаенняў пад запланаваны ўраджай з улікам уласцівасцяў глебаў і біял. асаблівасцяў культур. Вывучаецца аграхімія глебаў і жыўлення раслін з дапамогай мечаных атамаў (С.Н.Іваноў). Складаюцца дэталёвыя планы выкарыстання ўгнаенняў для палёў і культур кожнай гаспадаркі рэспублікі, размяркоўваюцца фонды мінер. угнаенняў і вапны, робяцца прагнозы ўраджайнасці с.-г. культур, разлікі планавай і фактычнай акупнасці ўгнаенняў (Т.Н.Кулакоўская, І.М.Багдзевіч, Л.П.Дзяткоўская, Р.У.Васілюк). З 1980-х г. роля аграхіміі ў рашэнні праблем сельскай гаспадаркі нязмерна вырасла. Інтэнсіўныя тэхналогіі вырошчвання с.-г. культур у многім базіруюцца на рацыянальным выкарыстанні ўгнаенняў і інш.хім. сродкаў, што патрабуе распрацоўкі аптымальных рэжымаў жыўлення раслін, новых формаў угнаенняў і спосабаў іх прымянення.
Літ.:
Новое в повышении плодородия почв. Мн., 1988;
Агрохимическая характеристика почв сельскохозяйственных угодий Республики Беларусь. Ч. 1—2. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАБАТА́НІКА (ад геа... + батаніка),
навука пра расліннае покрыва Зямлі, яго структурныя элементы — раслінныя згуртаванні (фітацэнозы); раздзел батанікі. Вывучае заканамернасці фарміравання, склад, будову, развіццё і класіфікацыю раслінных згуртаванняў, іх уплыў на асяроддзе. Развіваецца ў цеснай сувязі з комплексам геагр. навук, з экалогіяй раслін, лугазнаўствам, лесазнаўствам, аграмеліярацыяй. Асн. задача геабатанікі: ацэнка магчымасцей павелічэння прадукцыйнасці розных формаў расліннага покрыва і стварэнне штучных фітацэнозаў (лесааднаўленне, стварэнне пашы і лугоў шматгадовага карыстання і інш.). Геабат. звесткі шырока выкарыстоўваюцца ў раянаванні і пры распрацоўцы праектаў рацыянальнага гасп. выкарыстання тэрыторыі, аховы прыроды і генафонду расліннага свету.
Як самаст. навука сфарміравалася ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. Тэрмін увёў ням. вучоны А.Грызебах у 1866. У Расіі ў 1880-я г. пад геабатанікай разумелі пераважна вучэнне пра сувязь расліннасці з глебамі. Вял. ўклад у развіццё геабатанікі зрабілі рус. вучоныя А.М.Красноў, Дз.І.Літвінаў, Л.Р.Раменскі, А.П.Шэннікаў, У.М.Сукачоў, В.Б.Сачава, Я.М.Лаўрэнка, Т А.Работнаў і інш.
На Беларусі геабат. работы праводзіліся з канца 19 — пач. 20 ст. (І.К.Пачоскі, У.С.Дактуроўскі, Н.К.Генко, Г.І.Танфільеў). У 1920—30-я г. даследаванні вяліся ў Ін-це бел. культуры, потым у АНБССР, Ін-це сельскай і лясной гаспадаркі (У.У.Адамаў, М.А.Збіткоўскі, В.А.Міхайлоўская, В.С.Палянская, М.А.Прахін і інш.). Планамернае развіццё геабатанікі пачалося з арганізацыяй у 1956 у Ін-це эксперым. батанікі АНБССР лабараторыі геабатанікі пад кіраўніцтвам І.Д.Юркевіча. Асн. кірункі геабат. даследаванняў: класіфікацыя і картаграфаванне расліннасці, вылучэнне ўздзеяння экалагічных фактараў на расліннасць, павелічэнне прадукцыйнасці прыродных фітацэнозаў і распрацоўка прынцыпаў аховы раслінных комплексаў. Распрацаваны класіфікацыі, тыпы і асацыяцыі лясоў Беларусі, іх структура і прадукцыйнасць залежна ад глебава-грунтавых умоў (Юркевіч, Л.П.Смаляк, В.С.Гельтман, В.І.Парфёнаў, А.В.Бойка, М.Ф.Лоўчы, Дз.С.Голад, У.С.Адзярыха, П.Я.Пятроўскі, Я.Г.Пятроў, Э.П.Ярашэвіч і інш.). Вывучаны заканамернасці размяшчэння, фарміравання і змен расліннасці (Голад), біял. і гасп. прадукцыйнасць лугоў поймы Нёмана, Прыпяці, Бярэзіны, Віліі, Гарыні, невялікіх рэк Палесся (Н.А.Буртыс, Е.А.Круганава, Г.А.Кім, С.Р.Бусько, Л.М.Сапегін, П.М.Сянько, Я.М.Сцепановіч і інш.), мацерыковыя лугі Бел. Паазер’я (М.Е.Баранава), лугава-балотная расліннасць на меліяраваных землях Палесся. Абгрунтавана геабатанічнае раянаванне расліннасці Беларусі. Створана серыя картаў расліннасці краіны і асобных яе рэгіёнаў. Вядуцца даследаванні розных тыпаў расліннасці на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎЕ,
горад абл. падпарадкавання ў Мінскім р-не, на аўтадарозе Мінск—Маладзечна, на р. Свіслач пры ўпадзенні яе ў Заслаўскае вадасх. За 27 км ад Мінска, чыг. ст. Беларусь на лініі Мінск—Маладзечна, 13,7 тыс.ж. (1997).
Паводле археал.даследаванняў, у 10 ст. на правым беразе р. Свіслач існавала неўмацаванае паселішча крывічоў, на процілеглым беразе — пагост (велікакняжацкі адм.-гасп. пункт). Каля 985 на ПдЗ ад іх узнікла гарадзішча «Замэчак», якое на мяжы 11—12 ст. насельніцтва пакінула пасля ўзвядзення дзядзінца на месцы правабярэжнага паселішча. Паводле летапіснага падання, у 10 ст. кіеўскі кн.Уладзімір Святаславіч заснаваў туг горад для жонкі кн. полацкай Рагнеды Рагвалодаўны і сына Ізяслава Уладзіміравіча, у гонар якога названы. Верагодна, з пач. 12 ст. быў цэнтрам удзельнага Ізяслаўскага княства. У летапісах З. (Изяславль, Жеславль, Жаславль) упамінаецца пад 1127 у сувязі з паходам на Полацкую зямлю вял кн. кіеўскага Мсціслава Уладзіміравіча. У сярэдзіне 12 ст. горад і княства сталі аб’ектам барацьбы паміж полацкімі і мінскімі князямі. У канцы 13 ст., верагодна, увайшло ў склад ВКЛ. З 1345 прыватнаўласніцкі горад, належаў кн. Яўнуту, нашчадкі якога зваліся князямі Заслаўскімі. У 1539 З. належала Глябовічам, з 1569 у складзе Мінскага пав. Былы дзядзінец у 16 ст. ператвораны ў рэзідэнцыю ўладальнікаў З. (гл.Заслаўскі замак). У канцы 16 ст. тут пабудаваны кальвінскі збор. З 1678 горадам валодалі Сапегі, з 1753 — Пшаздзецкія. У канцы 17—18 ст. цэнтр Заслаўскага графства, паводле прывілея 1772 атрымала права на 4 кірмашы ў год. У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў З. былі цагельня і суконная ф-ка. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці. У 1873 праз яго пракладзена Лібава-Роменская чыгунка, адкрыта ст. Ізяслаў. У 1904—3 тыс.ж., 2 школы, бальніца, аптэка, пошта, 2 царквы (захавалася Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква), Заслаўскі фарны касцёл. У 1924—59 цэнтр Заслаўскага раёнаБССР, з 27.9.1938 гар. пасёлак, з 14.8.1985 горад абл. падпарадкавання. З 28.6.1941 да 4.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў З. і раёне загубілі 3938 чал. У 1977—6,5 тыс.чал.Стараж. частка горада, археал. і арх. помнікі ўключаны ў Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік.
Працуюць карданажна-паліграф.ф-ка, з-ды драбільна-сартавальны, жалезабетонных вырабаў, асфальтавы, малочны, хлебазавод. Брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму, памятны крыж у гонар 1000-годдзя хрысціянства на Беларусі. Памятны камень (1985) з нагоды 1000-годдзя горада. Помнікі архітэктуры: Заслаўскі фарны касцёл, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква. Помнік археалогіі гарадзішча Замэчак. На тэр. З. існаваў Заслаўскі музей рамёстваў і народных промыслаў.
Да арт.Заслаўе. Памятны крыж на гарадзішчы Замэчак.