САЦЫЯЛІНГВІ́СТЫКА, сацыяльная лінгвістыка,
навуковая дысцыпліна, у якой мова разглядаецца найперш як грамадская з’ява (у процілегласць падыходам прыродазнаўчым, гіст., псіхал.), як сацыяльна разгалінаваны сродак зносін людзей, што ў вял. ступені залежыць ад сац. стратыфікацыі саміх носьбітаў мовы (палажэнне ў грамадстве, характар заняткаў, адукаванасць, узрост, пол і інш.). Развіваецца на сумежжы мовазнаўства, сацыялогіі, псіхалогіі сацыяльнай і этнаграфіі. Распрацоўвае шырокі комплекс праблем сац. прыроды мовы, што раскрываецца ў грамадскіх функцыях розных моўных утварэнняў (этнамоў, кайнэ, літаратурных моў, сацыяльных дыялектаў і інш.), механізму ўздзеяння сац. фактараў на мову, дынамікі двухмоўя і шматмоўя, тыпалогіі моўных сітуацый, моўнай палітыкі дзяржавы, сувязей мовы і культуры і інш. На Беларусі вытокі сацыялінгвістычных даследаванняў у працах Я.Ф.Карскага і П.А.Бузука. Пытанні С. распрацоўвалі і распрацоўваюць А.І.Жураўскі, А.А.Лукашанец, В.У.Мартынаў, А.Я.Міхневіч, Н.Б.Мячкоўская, Б.Ю.Норман, А.Я.Супрун, П.П.Шуба, В.К.Шчэрбін і інш.
Літ.:
Новое в лингвистике. Вып. 7. Социолингвистика. М., 1975;
Лукашанец А.А., Михневич А.Е., Щербин В.К. Общество—язык—политика. Мн., 1988;
Мечковская Н.Б. Социальная лингвистика. 2 изд. М., 2000.
А.Я.Міхневіч.
т. 14, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)