сямейства рыб атр. акунепадобных. Каля 20 родаў, 40 відаў. Пашыраны ў прэсных і саланаватых водах трапічнай і Паўд. Афрыкі, Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Жывуць у стаячых ці з павольнай плынню вадаёмах з падводнай расліннасцю.
Даўж. да 60 см (гурамі). Маюць надшчэлепны орган з пласціністых вырастаў, укрытых слізістай абалонкай са шматлікімі дробнымі крывяноснымі сасудамі (лабірынтавы апарат, — адсюль назва), з дапамогай якога могуць дыхаць атм. паветрам. Анабасы, або рыбы-паўзуны, могуць доўгі час заставацца без вады, зарываюцца ў мул або перапаўзаюць па сушы ў другі вадаём. Кормяцца воднымі беспазваночнымі. Аб’ект промыслу і развядзення. Многія віды ўтрымліваюць у акварыумах (байцовая рыбка, або пеўнік, гурамі, ляліус, макрапод і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМІНА́РЫЯ, марская капуста (Laminaria),
род пласціністых бурых водарасцей сям. ламінарыевых. 30 відаў. Пашыраны ў халодных акіянах і морах абодвух паўшар’яў. Сустракаецца ад паверхні да глыб. 200 м. Найб. вядомыя Л.: Гур’янавай (L. gurjanovae), пальчатарассечаная (L. digitata), паўн. (L. hyperborea), цукрыстая (L. saccharina), японская (L. japonica).
Слаявіна даўж. 0,5—50 м у выглядзе пласціны суцэльнай або рассечанай, гладкай ці маршчыністай, складкаватай, з пузырамі або без іх Прымацоўваецца да субстрату дыскападобнай падэшвай ці галінастымі рызоідамі. Размнажэнне бясполае (зааспоры) і палавое (аагамія). Каштоўны аб’ект прамысл. здабычы і штучнага развядзення з харч. мэтамі. Сыравіна для атрымання лек. сродкаў і хім. рэчываў. Выкарыстоўваецца ў тэкст. і папяровай прам-сці, ідзе на корм, угнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ЦЫУМ (Calicium),
род парашкаплодных лішайнікаў сям. каліцыевых. 90 відаў. Пашыраны ў Галактыцы, трапічных і субтрапічных краінах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 8 відаў, найчасцей трапляюцца К.: піхтавы (C. abietinum), бэлечны (C. trabinellum), зялёны (C. viride) на кары хвойных і лісцевых дрэў, гнілой драўніне; К. усыпаны (C. adspeisum) занесены ў Чырв. кнігу.
Слаявіна накіпная, тоўстая, зярністая шэра-карычневага колеру, на ёй цвікападобныя пладовыя целы (апатэцыі), бывае малапрыкметная, паглыбленая ў драўніну, без пладовых цел. Апатэцыі на ножках выш. да 5 мм з шырокім выпуклым дыскам, на якім утвараецца спорападобная маса. Сумкі цыліндрычныя, споры 1—2-клетачныя, бываюць з перацяжкай пасярэдзіне. Водарасці (фікабіёнты) родаў Protococcus, Stichococcus, Trentepohlia.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВЯНА́Я ТЛЯ (Eriosoma lanigerum),
насякомае падатр. (сям.) тлей. Пашырана ў Амерыцы, Паўд. Афрыцы, на а-вах Н. Зеландыя і Тасманія. Завезена ў Еўропу. Трапляецца ў Закаўказзі, Крыме, Малдавіі. Шкоднік яблыні.
Даўж. да 3 мм. Цела бурае, укрыта белым пушком з васковых нітак. Лапкі двухчленістыя, з кіпцюркамі. Калі тлю расціснуць, застаецца чырв. пляма (адсюль назва). Корміцца сокамі дрэва, у месцах смактання на ствалах і каранях утвараюцца жаўлакі, нарасты, шчыліны. Калоніі К.т. (накшталт снежных камякоў ці камякоў ваты) на парастках, ствалах і каранях дрэва; небяспечная для сеянцаў. Размнажаецца ў Еўропе без апладнення (партэнагенез), за лета дае да 19 пакаленняў. Зімуе на ствалах і каранях яблыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТО́Н (лац. Krypton),
Kr, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 36, ат. м. 83,8, адносіцца да інертных газаў. Прыродны складаецца з 6 стабільных ізатопаў, найб. колькасць 84Kr (56,9% па аб’ёме). У атмасферы 1,1410−4% па аб’ёме. Англ. вучоныя У.Рамзай і М.Траверс адкрылі К. разам з ксенонам і неонам у 1898, з-за цяжкасці атрымання названы ад грэч. kryptos — схаваны.
Аднаатамны газ без колеру і паху, tкіп -153,36 °C, шчыльн. 3,745 кг/м³ (0 °C). З хім. злучэнняў атрыманы толькі К. дыфтарыд KrF2 — бясколерныя крышталі з рэзкім пахам, наймацнейшы акісляльнік. Выкарыстоўваюць для напаўнення лямпаў напальвання, газаразрадных трубак; радыеактыўны ізатоп 85Кг — як крыніцу β-выпрамянення ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРА́ТАР,
1) у акустыцы — прыстасаванне для павелічэння інтэнсіўнасці гуку. Бываюць факусавальныя (сферычнай, цыліндрычнай ці інш. формы) і хваляводныя (напр., у выглядзе труб пераменнага сячэння з цвёрдымі сценкамі). Выкарыстоўваюцца ў хірургічных інструментах, ультрагукавых станках, для ультрагукавой зваркі і інш. 2)У тэлеграфіі — аўтаматычная (ці паўаўтаматычная) прылада, з дапамогай якой паведамленні ад многіх малазагружаных ліній сувязі канцэнтруюць на адным (або больш) тэлегр. апараце. Дае магчымасць без змяншэння колькасці ліній сувязі рабіць тэлегр. станцыі больш кампактнымі.
3) У тэлефаніі — прылада з клавішнай камутацыяй для непасрэднай сувязі з некалькімі абанентамі мясц. сувязі або абанентамі гар.тэлеф. сетак. Дае магчымасць адначасова размаўляць з некалькімі мясц. абанентамі, далучаць іх да тэлеф. станцыі і інш. Выкарыстоўваецца для аператыўнай сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРШУКО́Ў (Яўген Іванавіч) (н. 1.1.1932, в. Давыдавічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1956). З 1959 працаваў у раённых газетах Гомельшчыны, на Гомельскай студыі тэлебачання. З 1971 у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Вожык», у 1980—89 гал. рэдактар выд-ва «Юнацтва», з 1989 у апараце СП Беларусі. Друкуецца з 1955. Аўтар зб-каў гумарэсак і апавяданняў «У дарогу» (1963), «Не без таго...» (1967), «Сустрэча» (1969), «Бывай, кампанія!» (1977), «Перад Новым годам» (1980), «Пісьмо жонцы», «І надыходзіць дзень» (абодва 1982), «Надвячоркам» (1992), кн. для дзяцей «Змоўшчыкі» (1975), «Пасланне нашчадкам» (1987) і інш. Перакладае з славацкай мовы (зб-кіапавяд. «Апошні вераснёвы дзень», 1982, «Соль зямлі», 1992; раман Р.Морыца «Выбух», 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІ́ЧНАЯ ШКО́ЛАпалітэканоміі,
кірунак эканам. думкі, прадстаўнікі якога лічылі рынак самарэгулявальнай сістэмай, здольнай бездзярж. ўмяшання забяспечыць эканам. рост і поўную занятасць. Узнікла ў канцы 17 ст. ў мануфактурны перыяд. Яе заснавальнікі У.Пеці ў Вялікабрытаніі і П.Буагільбер у Францыі, якія паклалі пачатак прац. тэорыі вартасці; далей развіта ў творах фізіякратаў (Ф.Кенэ, А.Р.Ж.Цюрго і інш.) і дасягнула вяршыні ў вучэннях А.Сміта і Д.Рыкарда. Найб. вядомыя прадстаўнікі К.ш.: Ж.Б.Сей, Ф.Бастыя, Т.Р.Мальтус, Г.Ч.Кэры, Дж.С.Міль і К.Маркс (увёў тэрмін «класічная палітычная эканомія») і інш. Яны перанеслі прадмет эканам. тэорыі ў сферу вытв-сці, паставілі праблему эканам. законаў і велічыні вартасці тавару. К.ш. зрабіла значны ўплыў на развіццё эканам. навукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛО́ЧКІ,
дзяржаўныя дзеячы ў ВКЛ герба «Павяла». Родапачынальнік Ян, што жыў у сярэдзіне 15 ст. і пакінуў сыноў Войцеха, Міхну, Мікалая і Алехну. З іх Войцех [каля 1450(?)—1514] служыў ахмістрам вял. княгіні Алены Іванаўны, набыў маёнтак Дарагова ў Новагародскім пав.; у канцы жыцця быў намеснікам ковенскім. Яго сын Мацей (каля 1480—1543), ваявода віцебскі з 1532 і адначасова (з 1533) намеснік Аболецкага маёнтка каралевы Боны Сфорцы, староста жамойцкі з 1542, часам выкарыстоўваў прозвішча Ахмістровіч. Быў жанаты з Кацярынай Глябовіч, спадчынніцай маёнтка Рудка на Падляшшы. У 1528 ставіў са сваіх маёнткаў у войска 65 коннікаў. Памёр без нашчадкаў. Іншыя галіны роду К. згаслі ў 2-й пал. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́СКАВІЧЫ,
возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Сечна, за 5 км на Пд ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,72 км², даўж. 2,8 км, найб.шыр. 750 м, найб.глыб. 30,7 м, даўж. берагавой лініі 8,2 км. Пл. вадазбору 6,2 км². Схілы катлавіны выш. 20—22 м (на Пн і З 14—15 м), параслі хмызняком, на Пн разараныя. У паўд.-ўсх.ч. 2 вузкія залівы. Берагі зліваюцца са схіламі, на З нізкія, забалочаныя. Найб. глыбакаводная паўн.ч. возера, у залівах глыб. не больш за 5—6 м. Дно выслана ілам, уздоўж берагоў пясчанае. На Пд упадаюць ручаі з воз. Разван і возера без назвы, на ПнЗ злучана пратокай з воз. Круглік.