горная сістэма на Пн Іранскага нагор’я, пераважна на тэр. Ірана і на ПдЗ Туркменістана; паўн.ч.Туркмена-Харасанскіх гор. Даўж. каля 650 км. Шыр. ад 40 км на ПдУ да 200 км на ПнЗ. Найвыш. пункт — г. Хезармесджэд (3117 м) у Іране. К. — сістэма сярэдневышынных хрыбтоў, град і плато, падзеленых падоўжнымі і папярочнымі далінамі. Утварылася ў альпійскую складкавасць. Складзена пераважна з асадкавых парод — вапнякоў, мергеляў, пясчанікаў і глін мелавога і палеагенавага ўзросту. Развіты карст (Бахардэнская пячора). Значная сейсмічнасць. Радовішчы руд ртуці, мыш’яку, барыту, шматлікія мінер., у т. л. тэрмальныя крыніцы. Клімат субтрапічны, міжземнаморскага тыпу, сухі. Рэкі перасыхаюць на значнай частцы сваіх рэчышчаў або ператвараюцца ў ланцужкі засоленых азёр. Расліннасць паўпустынная і горна-стэпавая, вышэй за 2200 м — горныя лугі. У далінах лясы з грэцкага арэху, арчэўныя і фісташкавыя рэдкалессі, сады (міндаль, інжыр, яблыні і інш.), вінаграднікі, пасевы збожжавых. У гарах — паша. У межах К. — Капетдагскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТА́Ж (франц. carottage ад carotte буравы керн, літар. морква),
комплекс геафіз. і геахім. метадаў, якія выкарыстоўваюцца ў свідравінах для вывучэння геал. разрэзу, кантролю затэхн. станам свідравіны і распрацоўкай нафтавых і газавых радовішчаў. Метады заснаваны на даследаванні прыродных і штучна ўтвораных фіз. палёў, фіз. уласцівасцях горных парод, пластавых флюідаў (вада, расол, нафта), колькасці і саставу розных газаў у буравым растворы. Праводзіцца з дапамогай каратажных станцый з прыёмнымі і рэгістравальнымі прыстасаваннямі. Вынікі вымярэнняў падаюцца ў выглядзе каратажных дыяграм.
Для вывучэння геал. разрэзу выкарыстоўваюцца віды К.: электрычны (метады супраціўлення, бакавога каратажнага зандзіравання, самаадвольнай палярызацыі); магнітны (вымярэнне магн. успрымальнасці горных парод або зямнога магн. поля); тэрмічны (па цеплавым супраціўленні, тэмператураправоднасці; эфекце ахаладжэння); сейсмічны (запісваецца час прабегу пругкіх ваганняў ад датчыка ў свідравіне да рэгістравальніка); радыеактыўны (гама-К., нейтронны гама-К., нейтронны К., гама-гама-К.); газавы (вывучае залежнасць наяўнасці сумы гаручых газаў і іх цяжкай фракцыі ад глыбіні) і інш.геафіз. і геахім. метады і іх мадыфікацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛАВІ́ЦКІ КАНГРЭ́С 1698—99,
перагаворы аб міры паміж краінамі — удзельніцамі «Свяшчэннай лігі» (Аўстрыя, Венецыя, Рэч Паспалітая, Расія) і Атаманскай Портай (Турцыя) пры пасрэдніцтве Англіі і Нідэрландаў у мяст. Карлавіцы (цяпер г. Срэмскі-Карлаўцы, Сербія). Адбыўся ва ўмовах шэрагу ваен. паражэнняў Турцыі ў аўстра-турэцкіх войнах 16—18 ст. і польска-турэцкіх войнах 17 ст. У выніку перагавораў падпісаны 3 асобныя двухбаковыя мірныя дагаворы. Паводле дагавора ад 16.1.1699 Рэч Паспалітая атрымала ч. Правабярэжнай Украіны і Падолію з крэпасцю Камянец, вярнула Турцыі 6 раней занятых малд. гарадоў (Сарокі, Сачава і інш.). Паводле дагавораў ад 26.1.1699 Аўстрыя атрымала Цэнтр. Венгрыю, Сяміграддзе (Трансільванію), Бачку (вобласць паміж рэкамі Ціса і Дунай), б.ч. Славоніі і вярнула Турцыі прав. Тэмешвар на р. Ціса; да Венецыі адышлі п-аў Марэя, 6 крэпасцей у Далмацыі і шэраг Іанічных а-воў. 24.1.1699 заключана таксама рас.-тур. перамір’е на 2 гады з захаваннем за бакамі таго, што яны мелі (у т. л. Азоў застаўся пад уладай Расіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РЧАНСКА-ФЕАДАСІ́ЙСКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1941—42,
дэсантная аперацыя войск Закаўказскага, з 30.12.1941 Каўк. фронту (камандуючы ген.-лейт. Дз.Ц.Казлоў, ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва аперацыяй), сіл Чарнаморскага флоту (віцэ-адм. П.С.Акцябрскі) і Азоўскай ваен. флатыліі (контр-адм. С.Г.Гаршкоў) супраць ням.-фаш. і рум. войск у Вял.Айч. вайну. Праведзена 25.12.1941—2.1.1942 з мэтай авалодання Керчанскім п-вам і стварэння ўмоў для поўнага вызвалення Крыма. Удзельнічалі 44-я і 51-я арміі (6 стралк. дывізій, 2 стралк. брыгады, 2 горнастралк. палкі — усяго каля 42 тыс.чал.), 500 самалётаў франтавой авіяцыі, больш за 250 караблёў і суднаў. 26 снеж. пачалася высадка дэсантаў на ўсх. узбярэжжы Керчанскага п-ва, 29 снеж. — у раёне г. Феадосія. 29 снеж. вызвалена Феадосія, 30 снеж. Керч, да 2.1.1942 — увесь Керчанскі п-ваў. К.-ф.а. адцягнула значную колькасць ням.-фаш. войск ад Севастопаля, але далейшага развіцця не атрымала.
Літ.:
Зубков А.И. Керченско-Феодосийская десантная операция. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЖЫ,
востраў у паўн. частцы Анежскага воз., у Карэліі, Расія. На востраве ансамбль драўляных збудаванняў Кіжскага (Спаскага) пагоста. З 14 ст. знаходзіўся на шляху Ноўгарад—Беламор’е (цераз возера). Кіжскі пагост з 14 ст. быў адм. цэнтрам вёсак, размешчаных на астравах Анежскага возера, у 16 ст. ўключаў больш за 100 вёсак.
У ансамблі К. драўляныя цэрквы: 22-купальная Праабражэнская (1714, у інтэр’еры 4-ярусны іканастас 18 ст.), 9-купальная Пакроўская (1764) і шатровая званіца (1874, будаўнік С.Пятрухін), узведзеныя нар. майстрамі без выкарыстання цвікоў. Пластычныя, маляўнічыя па сілуэце пабудовы ўдала ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе, утвараючы гарманічны ансамбль. У 1960 на тэр. К. створаны музей-запаведнік нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі. Тут размешчаны драўляныя цэрквы (у т. л. Лазараўская Мурамскага манастыра, 14 ст.), сял. хаты, гасп. пабудовы 17 — пач. 19 ст., характэрныя для мясц. дойлідства. К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НАН (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 23.4.1934, в. Вераскава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. філосаф, гісторык, літ. крытык. Д-рфілас.н. (1982). Скончыў БДУ (1959). З 1962 у ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1991 заг. аддзела Нац.навук.-асв. цэнтра імя Ф.Скарыны. Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы філасофіі і культуралогіі, гісторыю эстэт. думкі, пытанні фалькларыстыкі і літ.-знаўства Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за цыкл работ па гісторыі філас. і грамадскай думкі Беларусі (апубл. ў 1973—80).
Тв.:
Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гт.). Мн., 1968;
Демократическая эстетика Белоруссии (1905—1917 гг.). Мн., 1971;
Адам Бабарэка: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1976;
От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;
Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСАВІ́К (назва ад слова краскі, кветкі),
бел. назва 4-га месяца каляндарнага года (30 дзён), сярэдзіна вясны. 15 К. працягласць дня ў Мінску 14 гадз 01 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 45,8°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 393 МДж/м², радыяцыйны баланс 193 МДж/м². На тэр. Беларусі сярэднямесячная т-ра паветра 5,8 °C (4,5 °C на Пн, 7,5 °C на ПдЗ). Ападкаў 40—47 мм, колькасць дзён з ападкамі 12—14. Азёры ачышчаюцца ад лёду, на вял. рэках працягваецца разводдзе. У К. поўнасцю адтайваюць глебы, пачынаецца бурнае развіццё прыроды. Цвітуць шэрая вольха, ляшчына, вярба, таполя, асіна, бяроза, пралеска, медуніца. Узнаўляецца вегетацыя азімых, канюшыны. Пачынаецца выпас жывёлы. У садах вядуць барацьбу са шкоднікамі, садзяць дрэвы і кусты, уносяць угнаенні, сеюць раннія яравыя культуры. Вяртаюцца з выраю амаль усе птушкі, большасць робіць гнёзды і кладзе яйцы. Пачынаецца ацёл у ласіх і казуль. Нерастуюць шчупак, акунь, язь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАСЕ́ЛЬСКІ АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС,
група археал. помнікаў каменнага і бронзавага вякоў (шахты па здабычы крэменю, крэменяапрацоўчыя майстэрні, стаянкі, могільнік), селішча жал. веку і сярэдневякоўя каля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. і суседніх з ім вёсак. Гэты рэгіён заселены ў раннім мезаліце (9-е тыс. да н.э.); найб. колькасць помнікаў належыць да неаліту і бронзавага веку. У К.а.к. захавалася больш за 80 шахтавых выпрацовак. У адной з шахт знойдзена пахаванне шахцёра шнуравой керамікі культуры. На комплексе выяўлены таксама рэшткі крэменеапрацоўкі і крамянёвыя прылады працы, кераміка арэнбургскай культуры, позняга этапа нёманскай культуры, тшцінецкай культуры, зарубінецкай культуры, фрагменты ганчарнага посуду эпохі Стараж. Русі, позняга сярэдневякоўя, рэшткі паўзямлянкі 9—12 ст. і інш. На могільніку культуры шарападобных амфар (3-е тыс. да н.э.) знойдзены рэшткі пахавання чалавека і свойскай жывёлы, гліняны посуд, касцяныя наканечнікі стрэл і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЧКІ (Sternidae),
сямейства птушак атр. сеўцападобных. 10 родаў, 43 віды. Пашыраны ўсюды. Жывуць на водмелях, вадаёмах, якія зарастаюць, некаторыя трапічныя К. (роды Anous і Cygis) — на кустах і дрэвах. К. палярная (Sterna paradisaea) робіць самыя далёкія сярод усіх вандруючых жывёл міграцыі — з Арктыкі ў Антарктыду і пакрывае двойчы за год адлегласць каля 20 тыс.км. На Беларусі 6 відаў; найб. пашыраная — К. чорная (Chlidonias nigra), самая вял. па памерах — К. чаграва (Hydroprogne caspia), К. белашчокая (Ch. hybridus), К. белакрылая (Ch. leucoptera), К. рачная (S. hirundo), К. малая (S. albifrons). 2 віды і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП, К. малая — у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. да 55 см, размах крылаў да 135 см, маса да 700 г. Крылы доўгія, вузкія. хвост вілападобны. дзюба доўгая, простая. Ногі кароткія Афарбоўка ў асн. белая, з шызай мантыяй і чорнай шапачкай, некаторыя цалкам або зверху бурыя. Трымаюцца чародкамі. Кормяцца дробнымі жывёламі. Гняздуюцца калоніямі. Нясуць да 4 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІ́ЦКІ (Аляксандр Антонавіч) (н. 15.8.1927, в. Залессе Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец. Канд.філал.н. (1959). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1951). З 1952 у Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі. Навуковыя даследаванні ў галіне дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі, лексікаграфіі. Аўтар працы «Наша родная мова» (3-е выд., 1973). Сааўтар «Хрэстаматыі па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (ч. 1—2, 1963), «Лінгвістычнай геаграфіі і групоўкі беларускіх гаворак» (1968, кн. карт 1969), «Нарысаў па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Тураўскага слоўніка» (т. 1—5, 1982—87), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—98), «Лексічных ландшафтаў Беларусі» (1995), вучэбных дапаможнікаў, у т. л. «Фанетыка беларускай мовы» (1984), «Беларуская мова для тых, хто гаворыць па-руску» (3-е выд., 1990), «Падручнік беларускай мовы: Для самаадукацыі» (1994). Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел ў комплексе работ па бел. лінгвагеаграфіі.
Тв.:
Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979 (з А.І.Жураўскім).