КЛЯЎКО́ (Генадзь Якаўлевіч) (1.5.1932, в. Варонічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 21.8.1979),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1955). Працаваў у газ. «Калгасная праўда», час. «Вожык», «Беларусь», з 1973 нам.гал. рэдактара час. «Полымя». Друкаваўся з 1950. У зб-ках вершаў і паэм «Абветраныя далягляды» (1962), «Сто крокаў» (1967), «Прыстань» (1974) і інш. апяванне красы жыцця, маладосці, шчырая захопленасць роднымі краявідамі. Творы адметныя філасафічнасцю, канкрэтнасцю сюжэтнай пабудовы, маст. праўдзівасцю вобразаў. Аўтар гумарыстычных вершаў і мініяцюр (зб-кі «Лайдак і кнопкі», 1964; «Каб не сурочыць», «Што праўда, то не грэх...», абодва 1971), твораў для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯЎЧЭ́НЯ (Аляксандр Сямёнавіч) (н. 18.9.1924, в. Дзяніскавічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. філосаф. Д-рфілас.н. (1971), праф. (1972). Скончыў БДУ (1954), у 1957—95 працаваў у ім (у 1974—88 заг. кафедры гісторыі філасофіі і логікі). Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы логікі і філасофіі, гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі Беларусі і Польшчы, асветніцкую дзейнасць і навук. спадчыну Кірылы Тураўскага і А.Міцкевіча. Адзін з аўтараў падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па логіцы.
Тв.:
Грамадска-палітычныя і сацыялагічныя погляды Адама Міцкевіча. Мн., 1959;
Очерки по истории марксистско-ленинской философской мысли в Польше. Мн., 1978;
У истоков белорусской культуры: Кирилл Туровский // Философская и общественно-политическая мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНУШАВІ́ЦКІ (Святаслаў Мікалаевіч) (6.1.1908, г. Пятроўск Саратаўскай вобл., Расія — 19.2.1963),
расійскі віяланчэліст, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1956). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929, клас С.Казалупава), з 1941 выкладаў у ёй (з 1950 праф.). З 1929 саліст-канцэртмайстар аркестра Вял.т-ра ў Маскве, у 1943—51 — аркестра Усесаюзнага радыё. Выступаў як саліст і ансамбліст. З 1940 удзельнік трыо (з Л.Аборыным і Д.Ойстрахам) і санатнага ансамбля (з Аборыным). У рэпертуары творы сусв.муз. класікі і сучасных аўтараў, у т. л. прысвечаныя яму канцэрты для віяланчэлі М.Мяскоўскага, А.Хачатурана, С.Васіленкі. Яго выкананне вылучалася паэтычнасцю і высакароднасцю фразіроўкі, цёплым, выразным гукам. Сярод вучняў М.Хоміцэр. 1-я прэмія на Усесаюзным конкурсе музыкантаў-выканаўцаў (1933). Дзярж. прэмія СССР 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЗЕЛ (Іван Васілевіч) (21.5.1928, в. Какчаны Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 30.1.1970),
бел.драматург. Скончыў БДУ (1955), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1969). Настаўнічаў, у 1963—68 працаваў у НДІ педагогікі Мін-ва асветы БССР, Мінскай студыі навук.-папулярных і хранік.-дакумент. фільмаў, Камітэце СМБССР па друку. Друкаваўся з 1957. У драме «Папараць-кветка» (паст. 1957), прысвечанай барацьбе працоўных Зах. Беларусі за сац. і нац. вызваленне, арганічна спалучаецца жыццёвая праўдзівасць характараў герояў і падзей з алегарычнай вобразнасцю фалькл. матываў. П’еса «Канчане — суседзі мае» (паст. 1961 пад назвай «Над хвалямі Серабранкі») пра жыццё бел. вёскі.
Тв.:
Над хвалямі Серабранкі. Мн., 1963;
Папараць-кветка. Мн., 1970.
Літ.:
Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Кн. 2. Мн., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЗЕЛ (Казела, Козел-Паклеўскі) Іван (Ян) Іванавіч (псеўд.Скала; 1837, маёнтак Сэрвач, цяпер Вілейскі р-н Мінскай вобл. — 19.5.1896), адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Брат В.І.Козела. У час вучобы ў школе гв. падпрапаршчыкаў і інж. акадэміі належаў да пецярбургскай афіцэрскай рэв. арг-цыі. З 1859 у адстаўцы. Адзін з заснавальнікаў арг-цыі «чырвоных» ў Мінску. З восені 1862 чл.Літоўскага правінцыяльнага камітэта. З крас. 1863 у Варшаве, з восені ваен. начальнік Аўгустоўскага і Гродзенскага ваяводстваў, са снеж.нач. 3-га корпуса паўстанцкіх узбр. сіл. Пасля падаўлення паўстання ў эміграцыі (Францыя). Удзельнічаў у франка-прускай вайне 1870—71. У 1872 вярнуўся ў Расію і сасланы. З 1883 жыў на радзіме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЗІК (Леанід Пятровіч) (н. 13.7.1948, г. Барысаў Мінскай вобл.),
дзяржаўны дзеяч Рэспублікі Беларусь. Канд.эканам.н. (1997). Засл. работнік прамысловасці Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1977), Бел.ін-тнар. гаспадаркі (1989). З 1976 пам. пракурора г. Барысава, з 1978 старшыня прафс.к-та Барысаўскага з-да аўтатрактарнага электраабсталявання. У 1985—92 дырэктар Барысаўскай швейнай ф-кі. У 1995—98 чл. Калегіі, Паўнамоцны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь у Міждзярж. эканам. к-це Эканам. саюза СНД. З 1996 чл. Выканаўчага к-та Супольнасці (Саюза) Беларусі і Расіі. З лют. 1998 нам. прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. У 1990—95 дэпутат Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь, старшыня камісіі па эканам. рэформе, эканам. самастойнасці і суверэнітэце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПАНЕЎ (Павел Ільіч) (н. 19.1.1922, в. Малыя Копані Шастакоўскага р-на Кіраўскай вобл., Расія),
бел. мовазнавец. Д-р. філал.н. (1973), праф. (1975). Скончыў Кіраўскі пед.ін-т (1942), Ленінградскі ун-т (1949). Працаваў з 1949 у Гродзенскім, з 1955 у Варонежскім пед. ін-тах. З 1961 у Мінскім лінгвістычным ун-це. Навук. працы па агульным мовазнаўстве, германскіх мовах, праблемах перакладу і ўзаемадзеяння моў: «Пытанні гісторыі і тэорыі мастацкага перакладу» (1972), «Тэорыя і практыка пісьмовага перакладу. Ч. 1. Пераклад з нямецкай мовы на рускую» (1986), «Падручнік нямецкай мовы: Дзелавыя зносіны» (ч. 1—2, 1995, з М.Г.Хільтавым).
Тв.:
Комплементарная функция художественного перевода. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎСКІ БОЙ 1942,
бой партыз. атрадаў імя Дзімітрава (камандзір І.П.Мірашнічэнка), імя Шчорса (П.В.Пранягін) і імя Варашылава (І.С.Зайкоў) супраць ням.-фаш. гарнізона (60 салдат і 50 паліцэйскіх) у г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Разведаўшы сілы праціўніка, сістэму аховы і размяшчэнне яго агнявых пунктаў, у ноч на Зжн. партызаны з дапамогай падпольшчыкаў нанеслі раптоўны ўдар і пасля 2-гадзіннага бою разграмілі гарнізон (разбурылі вузел сувязі, спалілі камендатуру і інш.адм. будынкі, смалакурны з-д, масты), захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, харч. прадуктаў. Пасля бою на працягу месяца Косава было пад кантролем партызан. У гонар дзейнасці партызан і антыфаш. арганізацыі ў Косаве помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎСКІ ПАЛА́Ц,
помнік архітэктуры сярэдзіны 19 ст. Пабудаваны за 1,5 км ад г. Косава (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) паводле праекта арх. Ф.Яшчалда (1838), буд-ва завершана пад кіраўніцтвам У.Марконі. Быў абкружаны паркам (не захаваўся) і з’яўляўся цэнтрам кампазіцыі. Мураваны палац з элементамі класіцызму мае сім. кампазіцыю. Гал. (у цэнтры 2-павярховы, па баках 1-павярховы) і 2 бакавыя 2-павярховыя аб’ёмы, размешчаныя ніжэй, злучаны вузкімі пераходамі з высокімі стральчатымі аркамі. Вуглы гал. аб’ёму корпуса фланкіраваны гранёнымі вежамі, а бакавых — контрфорсамі, падобнымі да вежаў. У дэкар. аздабленні выкарыстаны зубчастыя завяршэнні аб’ёмаў, стральчатыя аркі праёмаў і нішаў, машыкулі і інш. У палацы размалёўка мастака Ф.Жмуркі. Захаваўся часткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СІЧ (Марыя Мікалаеўна) (1850, с. Расуха Унецкага р-на Бранскай вобл., Расія — ?),
бел. фалькларыстка, этнограф і пісьменніца. Адукацыю атрымала ў Пецярбургу. Аўтар фалькл. працы «Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні» (1901), прысвечанай вуснай нар. паэзіі і духоўнай культуры беларусаў. У прадмове да зборніка характарызуюцца жыццё і побыт сялян, іх вераванні, паданні, песні, асаблівасці гаворкі і спеваў. Пісала пра матэрыяльную культуру беларусаў (арт. «Аб пабудовах беларускага селяніна Чарнігаўскай губерні...», 1906). Сярод інш. твораў паэма «На перасяленне. Расказ цёткі Домны з Палесся» (1903), байкі, вершы. На бел. мову пераклала байкі І.Крылова («Пералажэнне некаторых баек Крылова на беларускую мову», 1903).
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971.