ВАРЛАА́М (свецкае імя Шышацкі Рыгор; 1750, в. Красілаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 1821 ці 1823),
праваслаўны царк. дзеяч. Скончыў Пераяслаўскую духоўную семінарыю і Кіеўскую духоўную акадэмію. У 1776 прыняў манаства, у 1780—95 ігумен і архімандрыт манастыроў у Расіі, на бел. і літ. землях Рэчы Паспалітай. У 1793 памагаў мінскаму архіепіскапу Віктару (Садкоўскаму) вяртаць уніятаў да праваслаўя. З 1805 епіскап, з 1808 архіепіскап магілёўскі і віцебскі. У час вайны 1812 падтрымаў французаў, загадаў служыць набажэнствы за Напалеона. Пасля выгнання акупантаў прыцягнуты да адказнасці па справе аб здрадзе, у 1813 пазбаўлены сану і сасланы простым манахам у Ноўгарад-Северскі і Спаса-Праабражэнскі манастыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (лац. velaris ад velum заслона) у мовазнаўстве, дадатковая артыкуляцыя, якая выражаецца ў пад’ёме задняй часткі спінкі языка да мяккага паднябення. У бел. мове ў заднеязычных зычных «г», «к», «х» яна супадае з асноўнай артыкуляцыяй, таму іх называюць велярнымі; у шыпячых зычных яна не супадае з асноўнай артыкуляцыяй, збліжэннем языка з цвёрдым паднябеннем, таму іх называюць двухфокуснымі. Выразная велярызацыя ў гука «л», што робіць яго непадобным да невелярызаванага, т.зв. сярэднееўрапейскага l. Ва ўсіх астатніх цвёрдых зычных велярызацыя служыць для больш выразнага іх проціпастаўлення адпаведным мяккім палаталізаваным зычным (гл.Палаталізацыя). Акустычны эфект велярызацыі нагадвае эфект ад лабіялізацыі (агублення).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК ЗА́ПАДНОЙ РОССИ́И»,
палітычны і гіст.-літ. часопіс. Выдаваўся ў 1862—64 у Кіеве пад назвай «Вестник Юго-Западной и Западной России» і ў 1864—71 у Вільні на рус. мове ў 4 кнігах асобнымі тамамі (ад 4 да 12 на год). Напачатку выступаў з пазіцый нац. адраджэння ўкраінцаў і беларусаў, але хутка адышоў ад такога кірунку і стаў правадніком ідэі заходнерусізму. Падтрымліваў палітыку рас. улад, накіраваную на стварэнне ў Беларусі рускамоўнай школы, насаджэнне расійскага чыноўніцтва і інш. Выступаў супраць польск. і бел. дваранства, каталіцкага духавенства, уніяцтва. Змяшчаў матэрыялы па археалогіі, краязнаўстве, статыстыцы, этнаграфіі Беларусі, Літвы, Украіны. Друкаваў маст. творы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЦСЛАБАДСКІ БОЙ 1943,
баявая аперацыя партыз. фарміраванняў Беларусі, Літвы, Латвіі і Калінінскай вобл. Расіі па разгроме ням.-фаш. гарнізона 13 студз. ў нас. пункце Вецслабада ў Латвіі ў Вял.Айч. вайну. План аперацыі распрацаваны штабам Латышскага партыз. атрада, кіраўніцтва ёю ажыццяўляў штаб брыгады «За Савецкую Беларусь» (камандзір А.В.Раманаў). Удзельнічалі байцы трох бел. і Калінінскай брыгад, Латышскага і Літоўскага партыз. атрадаў. Партызаны разграмілі будынкі гарнізона, спалілі спісы грамадзян, якіх гітлераўцы збіраліся вывезці на прымусовую працу ў Германію, узарвалі складскія памяшканні, захапілі вял. колькасць збожжа, цукру, воўны, нарабаваных акупантамі ў насельніцтва для адпраўкі ў Германію. У выніку бою былі сарваны планы карных аперацый праціўніка супраць партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЛАВУ́Х ((Wysłouch) Ігнацій Баляслаў Людвігавіч) (22.11.1855, маёнтак Сохі, цяпер у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. — 13.9.1937),
польскі грамадскі дзеяч, публіцыст. У 1874—79 вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це. У 1879 арыштаваны за рэв. прапаганду сярод бел. і польскага студэнцтва. У 1880 адзін з кіраўнікоў Варшаўскай сацыял.-рэв. арг-цыі. Распрацаваў яе тэарэт. аснову, склаў новую праграму, у т. л. па нац. пытанні. У лют. 1880 арыштаваны, на 3 гады зняволены ў турму. У 1884 выехаў у Галіцыю. У 1886—87 рэдактар львоўскага час. «Przegląd Społeczny» («Грамадскі агляд»), у 1889 заснаваў газ. «Przyjaciel Ludu» («Сябар народа»). У 1922—28 чл. польскага сената.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЯ (Астап) (сапр.Губенка Павел Міхайлавіч; 12.11.1889 13.11.1889, с. Грунь Сумскай вобл., Украіна — 28.9.1966 28.9.1956),
украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це. Майстар кароткага памфлета, сатыр. фельетона, гумарэскі. Аўтар кніг «Справы нябесныя» (1923), «Тварам да вёскі» (1926), «Усмешкі» (т. 1—4, 1930), «Зенітка» (1947), «Вішнёвыя ўсмешкі» (1950), «Мудрасць калгасная» (1952), «Нешчаслівае каханне» (1956) і інш. Сатыра Вішні — своеасаблівая маст. інтэрпрэтацыя сац., грамадска-паліт. з’яў і падзей, ёй уласцівы глыбіня адлюстравання і трактоўкі праблем, бачанне перспектыў.
Тв.:
Твори. Т. 1—7. Київ, 1963—65;
Фейлетони. Гуморески. Усмішки. Щоденникові записи. Київ, 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГО́ЛЬНІК,
ударны музычны інструмент высокага рэгістра класа ідыяфонаў. Мае выгляд раўнабедранага трохвугольніка са стальнога прэнта (дыяметр каля 10 мм), незамкнёнага ў адным з вуглоў. Пры ўдары па вугольніку тонкім стальным цвіком ці палачкай ад малога барабана ўзнікае гук неакрэсленай вышыні, адрывісты або трэмалюючы, звонкі, празрысты, пяшчотнага тэмбру. Вугольнік вядомы з 16 ст., з 18 ст. выкарыстоўваецца ў аркестрах (спачатку ў ваенным, пазней у сімф.). У бел.нар.муз. практыцы пашыраны як рытмічна-каларыстычны інструмент у ансамблях са скрыпкай, гармонікам, цымбаламі, дудкай і бубнам пры выкананні танцаў, вясельных маршаў. Быў найб. вядомы на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, у некаторых раёнах Міншчыны і Гродзеншчыны. Зараз сустракаецца рэдка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́СНАЯ МО́ВА,
гукавая форма мовы, якой карыстаюцца людзі ў непасрэдных зносінах паміж сабой, у адрозненне ад пісьмовай мовы. Бел. вусная мова ў адносінах да пісьмовай рэалізуецца ў стылявых разнавіднасцях. Афіцыйная мова (аратарская) выкарыстоўваецца ў афіц. выступленнях, лекцыях, дакладах; характарызуецца павольным тэмпам, вытрыманасцю вымаўленчых нормаў, лексікай і сінтаксісам набліжаецца да пісьмовай мовы. Штодзённа-размоўнай мовай карыстаюцца ў гутарках неафіц. характару, бытавых абставінах; вызначаецца менш выразным вымаўленнем гукаў, перавагай бытавой лексікі, прастатой сінтаксічных канструкцый. Народна-дыялектная мова захоўваецца пераважна ў асяроддзі сельскага насельніцтва і характарызуецца мясц. асаблівасцямі ў фанетыцы, граматыцы і лексіцы. У вуснай мове важную ролю адыгрываюць нелексічныя сродкі — інтанацыя, жэсты, міміка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКЛІ́ЧНІК,
часціна мовы, якая аб’ядноўвае словы, што выражаюць пачуцці і пабуджэнні, але не называюць іх. Вызначаецца нязменнай формай, не мае самаст. лексічнага і граматычнага значэння, марфалагічна непадзельны, сінтаксічна не звязаны з членамі сказа, а адносіцца да зместу ўсяго сказа, напр.: «О, колькі песень з сэрца рвецца!» (Я.Купала).
У бел. мове сярод выклічнікаў выдзяляюцца: паводле структуры — простыя («а!», «ой!», «ух!», «эй!», «ого!»), састаўныя («вось яно што!», «да пабачэння!», «вось табе і на!»); паводле паходжання — невытворныя («э!», «ай!», «ох!», «но!», «гм!»), вытворныя («бацюхны!», «дудкі!», «айда!»); паводле значэння — эмацыянальныя («о!», «у!», «ах!», «эх!», «эге!»), імператыўныя («ша!», «ну!», «гэй!», «цыц!»).