сямейства млекакормячых жывёл атр. непаўназубых. Вядомы з ніжняга міяцэну Паўд. Амерыкі (каля 25 млн.г. назад). 3 роды (мурашкаеды гіганцкія — Myrmecophaga, карлікавыя — Cyclops, тамандуа — Tamandua), 3 віды. Пашыраны ад Паўд. Мексікі да Паўн. Аргенціны. Жывуць у трапічных лясах, трапляюцца ў саваннах. Наземныя і дрэвавыя жывёлы. Гіганцкі, або трохпальцы, мурашкаед (M. trydactila) у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела да 120 см, хваста да 90 см, маса да 23 кг. Валасяное покрыва развітое. Канец морды трубкападобны. Кіпцюры на пярэдніх лапах доўгія (да 10 см), загнутыя, вострыя. Язык доўгі (да 60 см), ліпучы; служыць для лоўлі насякомых (пераважна мурашак і тэрмітаў). Нараджаюць 1 дзіцяня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСЦЬЕ́,
археалагічная эпоха сярэдняга палеаліту ў межах 70—32-га тыс. да н.э. Вылучана франц. археолагам Г. дэ Мартылье ў канцы 1860-х г., назва ад стаянкі ў пячоры Ле-Мусцье на ПнЗ Францыі. Насельніцтва — неандэртальцы, якія займаліся збіральніцтвам і паляваннем, жылі на адкрытых пляцоўках у прымітыўных жытлах і пячорах. У эпоху М. вынайдзены спосаб здабывання агню, з’явіліся грунтоўныя змены ў апрацоўцы каменю. Крамянёвы інвентар мусцьерскага тыпу выраблены на адшчэпах (скрэблы, трохвугольныя востраканечнікі і ручныя рубілы), сустракаецца амаль ва ўсіх частках Еўразіі і Пн Афрыкі. На Беларусі знойдзены прылады працы, выкананыя ў мусцьерскай тэхніцы (каляв. Абідавічы Быхаўскага, Падлужжа Чачэрскага і Свяцілавічы Веткаўскага р-наў). Помнікі М. на тэр. Беларусі пакуль не выяўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ЛЬНІК,
сапанарыя (Saponaria), род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 2 віды: М. лекавы — мыльны корань, ці сабачае мыла (S. officinalis), і інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН — М. базілікападобны (S. ocymoides). Трапляецца ў хмызняках, на лясных палянах, па берагах рэк.
Адна-, двух- і шматгадовыя травы. Сцёблы голыя ці апушаныя, прамастойныя, ляжачыя або прыўзнятыя. Карані пры расціранні ў вадзе мыляцца і даюць пену (адсюль назва). Лісце шырокалінейнае ці лопасцевае. Кветкі двухполыя ў мяцёлчатых або галоўчатых суквеццях. Плод — каробачка. Карэнішча і карані М. лекавага (т.зв.чырв. мыльны корань) маюць сапаніны, слізь і выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі, для мыцця шэрсці і шоўку, вырабу халвы, шыпучых напіткаў, піва. У кветкаводстве вырошчваюць махровыя формы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НСТЭРСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
навучальная ўстанова ў Германіі. Засн. ў 1780 як ун-т. З 1818 Акадэмія філасофіі і тэалогіі, з 1902 ун-т, з 1907 ун-т Мюнстэра. У 1997/98 навуч.г.каля 45 тыс. студэнтаў; ф-ты: каталіцкай тэалогіі, пратэстанцкай тэалогіі, юрыд., філас., гісторыі і філасофіі, эканомікі і сац. навук, мед. (у т. л. стаматалогія), матэматыкі і прыродазнаўчых дысцыплін, псіхалогіі, адукацыі, фізікі, хіміі, біялогіі, фізкультуры, ням. мовы і л-ры, класічных і нееўрап. моў, мастацтва, у т. л. падрыхтоўка настаўнікаў; ф-ты вывучэння Германіі, Вялікабрытаніі і інш. краін. У складзе ун-та ін-ты, б-кі, у т. л. універсітэцкая (больш за 1,5 млн. тамоў) і інстытуцкія (1 млн. 655 тыс. тамоў); мінералагічны, геалагічны, археалагічны музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЎЛЯ́НСКА-ШЧАКАТАЎСКА́Я АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
баі партыз. атрадаў імя Кірава (камандзір У.П.Яромаў), Мазырскага (А.Л.Жыльскі), укр.партыз. злучэння А.М.Сабурава, асобнага атрада імя В.Бажэнкі (М.А.Рудзіч) па разгроме ням.-фаш. гарнізонаў у г.п. Нароўля, вёсках Шчакатава і Слабада Мазырскага р-на ў ноч на 30.8.1943 у Вял.Айч. вайну. Нараўлянскі гарнізон (каля 130 гітлераўцаў) быў умацаваны бліндажамі і дзотамі, узброены 10 кулямётамі і 3 мінамётамі і інш. Партызаны атрадаў імя Кірава і імя Бажэнкі перакрылі дарогу на Нароўлю, захапілі мост цераз р. Нараўлянка, акружылі і да раніцы знішчылі гарнізон. Партызаны Мазырскага атрада і злучэння Сабурава атакавалі гарнізоны ў вёсках Шчакатава і Слабада і за гадзіну бою знішчылі гэтыя гарнізоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЫ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Нарыца Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Заснаваны, верагодна, у сярэдзіне 18 ст. на беразе невял. рэчкі. Парк рэгулярнага тыпу, пл.каля 2 га. Цэнтр кампазіцыі — мураваны палац (пазней драўляны, не захаваўся), пабудаваны на месцы стараж. замка, ад якога засталіся валы і равы. На У ад яго ў бок вадаёма, які аддзяляў палац ад асн. паркавага масіву, прамавугольная тэраса з кветнікавым партэрам і групамі ясеню звычайнага. Планіровачную аснову парку складае сістэма ўзаемна перпендыкулярных ліпавых алей, з багатым кветнікавым афармленнем, баскетамі і круглымі пляцоўкамі на перакрыжаванні алей. Папярочная вось кампазіцыі падкрэслена сістэмай вадаёмаў (раней было 9). Парк моцна пашкоджаны. Захаваліся часткі алей, пляцовак, тэрас і асн. вадаёмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕВЯРО́ЎСКІ (Невіроўскі) Дзмітрый Пятровіч
(1.11.1771, с. Прохараўка Канеўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 2.11.1813),
расійскі ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1812). У арміі з 1786. Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91, «польскай кампаніі» 1792—93, задушэння паўстання 1794. У пач. 1812 сфарміраваў з ураджэнцаў Беларусі 27-ю дывізію, на чале якой у жн. вёў ар’ергардныя баі з напалеонаўскімі войскамі на аршанскай і мсціслаўскай дарогах, удзельнічаў у Смаленскай бітве, вызначыўся ў Барадзінскай бітве 1812, баях каля Таруціна, Малаяраслаўца і інш. Яго дывізія, якая панесла вял. страты ў восеньскай кампаніі, папоўнена ў Вільні і вясной 1813 далучылася да Сілезскай арміі. У час Лейпцыгскай бітвы 1813 смяротна паранены. У 1912 перапахаваны на Барадзінскім полі, дзе яму і 27-й дывізіі пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФЕЛІ́Н (ад грэч. nephelē мутнасць, воблака, з-за ўтварэння воблакападобнага геля крэменязёму пры разлажэнні мінералу кіслотамі),
мінерал групы фельдшпатоідаў падкласа каркасных сілікатаў, алюмасілікат натрыю і калію, KNa3 (AlSiO4)4. Мае аксіды алюмінію АІ2О3 — 33% і натрыю Na2O — 16%, калію К2О — 5—12%. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Утварае пераважна буйныя зерні і блокі крышталяў, сярэдне- і дробназярністыя агрэгаты, зрэдку гексаганальна-прызматычныя крышталі. Колер шэры, брудна-зялёны, мяса-чырвоны, буры, зрэдку бясколерны. Бляск тлусты, зрэдку паўпразрысты. Цв. 5,5—6. Шчыльн.каля 2,6 г/см³. Пародаўтваральны мінерал нефелінавых сіенітаў. Выкарыстоўваецца для атрымання гліназёму з адначасовай вытв-сцю соды, паташу, сілікагелю, бялітавых шламаў (сыравіна для высакаякасных цэментаў), а таксама ультрамарыну, угнаенняў і інш. Радовішчы ў, Расіі, ЗША, Нарвегіі, Германіі, Румыніі, Канадзе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КІЙ (Nikias; каля 469 да н.э., Атыка — 413 да н.э.),
афінскі дзярж. дзеяч (Стараж. Грэцыя), палкаводзец. Пасля смерці Перыкла правадыр памяркоўна-кансерватыўнага крыла (партыя міру) афінскай дэмакратыі. У Пелапанескую вайну як стратэг узначаліў шэраг паспяховых аперацый у 427—421 (супраць Мегар, Меласа, Беотыі, Карынфа, Кіферы, на п-ве Халкідыкі). Дамогся ў 421 да н.э. заключэння Нікіева міру. У 415 да н.э. ўзначаліў сіцылійскую ваен. экспедыцыю Афін. У 413 пасля аблогі Сіракуз (скончылася паражэннем афінскіх войск) узяты ў палон і забіты.
Літ.:
Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до нашей эры. Мн., 1975;
Фукидид. История: Пер. с греч. М., 1993;
Плутарх. Сравнительные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1—2. 2 изд. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ БО́ЛЕЦК,
гарадзішчы жал. веку і ранняга сярэдневякоўя каляв. Новы Болецк Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. Гарадзішча-1 (8 ст. да н.э. —5 ст.н.э.) днепра-дзвінскай культуры, памерам 45 × 30 м, з паўн. боку ўмацавана валам і равамі. Выяўлены рэшткі жылых пабудоў, жалезаапрацоўчай майстэрні, жал. прылады працы і зброя, гліняныя прасліцы, бронзавыя ўпрыгожанні, фрагменты ляпнога посуду і інш. Гарадзішча-2 у жал. веку было сховішчам, у 10—12 ст. функцыянавала як паселішча, у 14—15 тут былі могілкі. Складаецца з 2 пляцовак (45 × 30 і 36 × 25 м). Знойдзены нажы, прасліцы, шкляныя пацеркі, бронзавыя ўпрыгожанні, каменны крыж, фрагменты ганчарнага посуду 10—15 ст. і інш. Выяўлены магільныя агароджы з вял. камянёў, камень з антрапаморфнай выявай.