род кветкавых раслін сям. чайных. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, Кітаі, Японіі. Культывуецца ў адкрытым грунце (Крым, Каўказ), аранжарэях, пакоях. Найб. пашырана К. японская (C. japonica), якая мае шмат гібрыдных форм.
Вечназялёныя дрэвы і кусты выш. 8—15 м. Лісце чаргаванае, простае, на кароткіх чаранках. Кветкі адзіночныя, пазушныя, чырвоныя, ружовыя, белыя, стракатыя, простыя ці махрыстыя. Плод — касцянка, каробачка або ягада. З лісця К. сасанква (C. sasanqua) атрымліваюць алей, які выкарыстоўваецца ў зубалячэбнай практыцы, касметыцы, харч. прам-сці.