БЕЛ-ЛАНКА́СТЭРСКАЯ СІСТЭ́МА ўзаемнага навучання,

сістэма навучання ў пач. школе, пры якой старэйшыя вучні, якія больш паспяхова займаліся, пад кіраўніцтвам настаўніка вялі заняткі з астатнімі навучэнцамі. Узнікла ў сувязі з неабходнасцю масавага навучання пісьменнасці. Прапанавана незалежна адзін ад аднаго англ. педагогамі Э.​Белам (1791) і Дж.​Ланкастэрам (1801). Спачатку ўжыта ў Індыі, потым у Вялікабрытаніі. У пач. 19 ст. шырока практыкавалася ў Францыі, Расіі, ЗША, Даніі і інш. краінах. У Расійскай імперыі ў 1817—19 школы ўзаемнага навучання ўзніклі ў некаторых вайск. часцях і ў маёнтках ліберальна настроеных памешчыкаў. Адной з першых такая школа адчынена для сялян у маёнтку графа М.​П.​Румянцава ў Гомелі. Супраць Бел-Ланкастэрскай сістэмы выступалі прыхільнікі навучання, якое садзейнічала развіццю асобы. У сярэдзіне 19 ст. Бел-Ланкастэрска сістэма страціла папулярнасць.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Гумбальта, адзін з буйнейшых ун-таў Германіі. Засн. ў 1810 у Берліне па ініцыятыве і паводле канцэпцыі В.​Гумбальта як Фрыдрых-Вільгельм ун-т. З 1949 сучасная назва. Працэс адукацыі быў пабудаваны паводле прынцыпу адзінства даследаванняў і навучання. Хутка дасягнуў сусв. значнасці і паўплываў на перабудову інш. універсітэцкіх сістэм. У 19 — пач. 20 ст. быў адзін з вядучых цэнтраў навукі. З ун-там звязана дзейнасць братоў Я. і В.​Грым, Ф.​Бопа, Г.​Гегеля, І.​Фіхтэ, Р.​Коха, Г.​Гельмгольца; у ім працавалі М.​Планк, В.​Нернст, А.​Эйнштэйн і інш. Ф-ты і аддзяленні: філас., юрыд., эканам., пед., тэалагічны, мед., прыродазнаўча-матэм., вет., сельскай гаспадаркі і садоўніцтва, тэорыі і арганізацыі навукі. Пры ун-це працуюць НДІ генетыкі і эксперым. псіхалогіі, абсерваторыя, б-ка і інш.

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯМА́СА (ад бія... + маса),

агульная маса асобін віду, іх папуляцый, груп ці згуртаванняў (раслін, мікраарганізмаў, жывёл), якая прыпадае на адзінку паверхні або аб’ёму месцапражывання; адзін з важнейшых экалагічных тэрмінаў. Біямасы часцей за ўсё выражаюць у масе сырога або сухога рэчыва (г/м², кг/га, г/м³, кг/м³ і інш.). Біямаса раслін наз. фітамасай, жывёл — заамасай, бактэрый — бактэрыямасай.

Сумарная біямаса сухога арган. рэчыва біясферы складае 85—100∙10​9 т, з якіх фітамасе належыць 97—99%, заамасе — 1—3% (90—95% складаюць беспазваночныя). Для Беларусі агульная біямаса сухога рэчыва жывых арганізмаў складае 2—3∙10​9 т. На паказчыках біямасы грунтуюцца ўсе разлікі характару і інтэнсіўнасці біялагічнага кругавароту рэчываў. Вызначэнне біямасы выкарыстоўваюць для вывучэння біялагічнай прадукцыйнасці груп арганізмаў, асобных біяцэнозаў і біясферы ў цэлым, пры прагназаванні гасп. дзейнасці чалавека.

т. 3, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕ́ДНАЯ ПАГА́НКА (Amanita phalloides),

мухамор зялёны, белы мухамор, шапкавы базідыяльны грыб сям. мухаморавых. Пашырана ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца зрэдку пераважна ў зах. і паўд. раёнах. Расце ў свежых і вільготных шыракалістых і мяшаных лясах, у сфагнавых хвойніках з дамешкай бярозы.

Шапка дыям. 5—10 см, званочкавая, пазней пуката-распасцёртая, бледна- або аліўкава-зялёная, радзей белаватая, слізкаватая, укрытая рэдкімі шматкамі. Пласцінкі белыя або ледзь зеленаватыя. Ножка белая, з кольцам у верхняй ч., каля асновы расшыраная накшталт клубня, з адкрытай вольвай (похвай). Утварае мікарызу з лісцевымі дрэвамі. Смяротна ядавіты грыб; мае таксічныя поліпептыды: фалаідзін (смяротная доза для чалавека 0,02—0,03 г), фалаін, α- і β-аманіціны і інш. Нярэдкія выпадкі атручэння з-за памылак пры вызначэнні віду ў час збору грыбоў.

Бледная паганка.

т. 3, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЗЕ—ЭЙНШТЭ́ЙНА СТАТЫ́СТЫКА,

фізічная статыстыка, якая апісвае фіз. ўласцівасці сістэм тоесных часціц з нулявым і цэлалікавым спінам (базонаў); адна з квантавых статыстык. Прапанавана Ш.Бозе для светлавых квантаў (фатонаў) і развіта А.Эйнштэйнам для часціц ідэальнага газу (1924).

Аснова Бозе—Эйнштэйна статыстыкі — Бозе—Эйнштэйна размеркаванне. Паводле Бозе—Эйнштэйна статыстыкі ў кожным квантавым стане сістэмы можа знаходзіцца любая колькасць базонаў. На падставе Бозе—Эйнштэйна статыстыкі тлумачацца макраскапічныя квантавыя эфекты звышправоднасці і звышцякучасці, а таксама залежнасць цеплаёмістасці цвёрдага цела ад т-ры, законы выпрамянення абсалютна чорнага цела і інш. фіз. з’явы, якія не мелі тлумачэння ў межах законаў класічнай фізікі. Пры высокіх т-рах і малой канцэнтрацыі часціц, калі эфекты спінавага несілавога ўзаемадзеяння можна не ўлічваць, Бозе—Эйнштэйна статыстыка пераходзіць у Больцмана статыстыку. Гл. таксама Фермі—Дзірака статыстыка, Статыстычная фізіка.

А.​І.​Болсун.

т. 3, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КЦЫЯ (ад франц. action акцыя, дзеянне),

1) каштоўная папера, якая сведчыць пра ўдзел яе ўладальніка ў акцыянерным таварыстве, дае права атрымліваць долю прыбытку ў выглядзе дывідэнду, удзельнічаць у кіраванні дзейнасцю таварыства і размеркаванні маёмасці пры яго ліквідацыі. Як прадмет куплі-продажу акцыя, апрача намінальнай вартасці, мае цану, або курс, які вагаецца ў адпаведнасці з кан’юнктурай рынку.

Акцыі бываюць прывілеяваныя (прыносяць уладальніку раней устаноўлены працэнт даходу незалежна ад прыбытку акц. т-ва) і звычайныя (даход залежыць ад прыбытку акц. т-ва), імянныя і на прад’яўніка. Адрозніваюць акцыі, якія маюць адзін голас; якія не маюць голасу (у т. л. часам і прывілеяваныя); т.зв. ўстаноўчыя, якія маюць некалькі галасоў кожная і даюць права атрымліваць новыя выпушчаныя акцыі.

2) Дзеянне з паліт., эканам., ваен. або інш. мэтай.

Г.​І.​Краўцова.

т. 1, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНА́ЎЭР ((Adenauer) Конрад) (5.1.1876, Кёльн — 19.4.1967),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Германіі, першы федэральны канцлер ФРГ. Юрыст. У 1917—33 і маі—крас. маі—кастр. 1945 обер-бургамістр г. Кёльн. У 1918—19 і 1923 выступаў за аддзяленне Рэйнскай правінцыі ад Прусіі і стварэнне Рэйнскай рэспублікі. У 1920—33 прэзідэнт прускага Дзярж. савета. Пры нацыянал-сацыялістах пазбаўлены пасады обер-бургамістра, у 1944 зняволены. З 1946 старшыня створанага ім Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) у брыт. акупац. зоне, у 1950—66 федэральны старшыня ХДС. У 1948—49 старшыня Парламенцкага савета. У 1949—63 федэральны канцлер, адначасова міністр замежных спраў (1951—55). Ва ўнутр. палітыцы прытрымліваўся прынцыпаў прававой дзяржавы. Урад Адэнаўэра падпісаў Парыжскія пагадненні 1954, ажыццявіў уступленне ФРГ у НАТО (1955), устанавіў дыпламат. адносіны з СССР (1955).

К.Адэнаўэр.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕРДЗІ́Н-АНГУ́СКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы.

Мяснога кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Шатландыі (графствы Абердзін і Ангус) удасканаленнем мясц. чорнай бязрогай жывёлы. Гадуюць у Расіі, Казахстане, на Украіне, у Аўстраліі, Аргенціне, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі і інш. На Беларусі выкарыстоўвалася для прамысл. скрыжаванняў з малочнымі і малочна-мяснымі пародамі. Парода скараспелая, ёй уласціва ранняе адкладанне тлушчу і якаснае мяса з выражанай «мармуровасцю».

Жывёла з выразнымі мяснымі формамі і лёгкім касцяком. Характэрныя прыкметы — бязрогасць і чорная масць, якія ўстойліва перадаюцца патомству пры скрыжаваннях з інш. пародамі. Вызначаецца высокай пладавітасцю і лёгкасцю ацёлаў. Жывая маса нованароджаных цялят 25—28 кг, ва ўзросце 7 месяцаў 180—200, у 18 месяцаў 400—450 кг, дарослых кароў 450—500 і быкоў 750—900 кг. Забойны выхад дарослых жывёл 60%.

Абердзін-ангуская парода буйной рагатай жывёлы.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРЫКО́С (Armeniaca),

род дрэў і кустоў сям. ружавых. Вядома 10 відаў, пераважна ў Азіі. На Беларусі культывуецца абрыкос звычайны (A. vulgaris), абрыкос маньчжурскі інтрадукаваны Цэнтр. бат. садам АН Беларусі як дэкар. расліна.

Дрэва выш. да 8 м. Засухаўстойлівая, цепла- і святлолюбівая расліна. Лісце эліпса- або яйцападобнае. Кветкі белыя, ружаватыя, распускаюцца раней за лісце. Меданос. Плод — мясістая касцянка, мае цукры, арган. к-ты, вітаміны; сушаныя плады — урук, курага. Ва ўмовах Беларусі пладаносіць 7—8 разоў за 10 гадоў, па 20—30 кг з дрэва, жыве да 40 гадоў, пач. плоданашэння на 4—5-ы год. Размнажаецца насеннем, сарты і формы — прышчэпкамі. Плады маюць радыепратэктарныя ўласцівасці, карысныя пры захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, печані, нырак. Сарты: Пінскі, Знаходка, Спадчына, Памяці Шаўчука. Асн. хваробы: парша костачкавых і клястэраспарыёз.

Абрыкос звычайны.

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУХО́ВІЧ (Міхал Лявон) (? — 22.10.1668),

дзярж. і ваенны дзеяч ВКЛ, мемуарыст. Сын П.К.Абуховіча. Скончыў філас. ф-т Віленскай акадэміі. Служыў пры двары караля Яна Казіміра Вазы. Палкоўнік войска ВКЛ, падкаморы мазырскі (1662), навагрудскі (1665), стражнік ВКЛ (1668). Каралеўскі дыпламат, ганец у Маскву (1650, 1653). У 1651 удзельнічаў у ваен. паходзе супраць Б.​Хмяльніцкага, у 1656 ваяваў са шведамі пад Варшавай. Пасля смерці бацькі (1656) камандаваў яго палком. У 1660 пад час бітвы з рус. войскам І.​Хаванскага на Брэстчыне трапіў у палон і вывезены ў Маскву (у 1662 абменены на рус. военачальнікаў у Смаленску). Удзельнічаў у паходзе на Браншчыну (1664). Аўтар панегірыкаў, 2 «Дыярыушаў» на польск. мове пра маскоўскія звычкі і традыцыі, сеймы Рэчы Паспалітай, паліт. атмасферу часу, ваен. акцыі, у якіх сам удзельнічаў.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)