СВІ́РАН,

традыцыйная гасп. пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення, хатняга начыння. Здаўна вядомы на Беларусі, у Літве, асобных раёнах Польшчы. Ад клецяў адрозніваецца большымі памерамі, дыферэнцыраванасцю функцыян. прызначэння, дэкар. аздабленнем. Будавалі іх пераважна з дрэва, з 18 ст. вядомы мураваныя або ў тэхніцы «прускага муру». Некат. С. набліжаліся сваім выглядам да лямусаў і скарбніц. С. былі 1-ярусныя франтальнай кампазіцыі і 2-ярусныя франтальна-яруснай і цэнтрычна-яруснай кампазіцыі. У 17 ст. ўзнік тып шматкамернага С. франтальнай кампазіцыі — падоўжаны будынак, падзелены сценамі на самаст. памяшканні, кожнае з якіх мела ўваход з галерэі, утворанай падчэнямі. Часам галерэі мелі аркады, аздаблялі іх гіркамі і інш. дэкар. элементамі. Дахі ўпрыгожвалі метал. флюгерамі. У верхнім ярусе 2-яруснага С. рабілі галерэйку, на якую вяла з ганка адкрытая лесвіца. С. цэнтрычна-яруснай кампазіцыі мелі кругавыя галерэі ў абодвух ярусах. У некат. С. пад збожжа выкарыстоўвалі толькі ніжнія ярусы, а верхнія служылі скарбніцай. На Беларусі С. былі пашыраны да сярэдзіны 20 ст.

Ю.​А.​Якімовіч.

Свіран у вёсцы Мяжаны Браслаўскага раёна Віцебскай вобл. Здымак пач. 20 ст.
Свіран у вёсцы Чамброва Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл. Здымак пач. 20 ст.
Свіран у г. Клецк Мінскай вобл. Здымак пач. 20 ст.

т. 14, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕКВЕ́СТР (ад лац. sequestro стаўлю па-за, аддзяляю),

1) забарона ці абмежаванне, якое накладаецца дзяржавай на карыстанне якой-н. маёмасцю.

2) Канфіскацыя ў памешчыкаў Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны маёнткаў з сялянамі за апазіцыйную дзейнасць супраць рас. улад у канцы 18 — пач. 1-й пал. 19 ст. 3) У цывільным праве Рэспублікі Беларусь права абмежаванага карыстання чужой нерухомай маёмасцю (зямельным участкам, збудаваннямі і інш.). С. можа ўстанаўлівацца для забеспячэння праходу і праезду праз суседні зямельны ўчастак, пракладкі і эксплуатацыі лініі электраперадач, сувязі і трубаправодаў, водазабеспячэння, каналізацыі і меліярацыі, а таксама інш. патрэб уласніка нерухомасці, якія не могуць быць ажыццёўлены без устанаўлення С. Парадак устанаўлення С., яго ўмовы, інш. акалічнасці, аб’екты, што могуць абмяжоўвацца С., вызначаюцца заканадаўствам.

4) У бюджэтным праве спец. механізм, які ўводзіцца ў выпадках, калі пры выкананні бюджэту адбываецца перавышэнне ўстаноўленага ўзроўню бюджэтнага дэфіцыту або скарачаюцца паступленні з даходных крыніц, а таксама ў выпадку, калі ў ходзе выканання бюджэту дэфіцыт не змяншаецца, у выніку чаго становіцца немагчымым фінансаванне прадугледжаных у бюджэце мерапрыемстваў. Механізм С. заключаецца ў прапарцыянальным зніжэнні дзярж. выдаткаў на пэўную колькасць працэнтаў штомесячна па ўсіх артыкулах бюджэту на працягу часу бягучага фін. года, які застаўся.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕКТА́НЦТВА (ад секта),

рэлігійныя аб’яднанні, што ўзнікаюць як апазіцыя да пэўнай царквы. У царк. практыцы С. наз. ерасямі. Падставай для ўзнікнення С. з’яўляецца інш. тлумачэнне пэўных прынцыпаў веравызнання або элементаў культавай практыкі. Вытокі С. караняцца ў канфесіянальным асяроддзі (пратэст супраць кіраўніцтва царквы, амбіцыёзнасць нефармальных лідэраў і інш.) ці ў грамадскай рэчаіснасці (незадаволенасць сац. становішчам, дзярж. уладай, якую падтрымлівае царква). Істотнымі рысамі С. з’яўляюцца паглыблены містыцызм, імкненне выключным чынам тлумачыць рэліг. дактрыны, спрашчэнне абраднасці, тэндэнцыя ізаляцыі ад грамадства, наяўнасць настрою абранасці, актыўная місіянерская дзейнасць і інш. У практыцы С. назіраюцца 2 процілеглыя тэндэнцыі: працэс далейшай дыферэнцыяцыі, драблення на новыя секты і пераўтварэнне сект у цэрквы з рэгенерацыяй інстытута святароў, цэнтралізаванай сістэмай кіравання. Рэліг. аб’яднанні пераходнага тыпу, якія ўзніклі як секты і знаходзяцца на стадыі пераўтварэння ў самаст. царкву, наз. дэнамінацыямі. Некат. секты эвалюцыяніравалі ў самаст. цэрквы (гл. Пратэстантызм). Рэліг. аб’яднанні, якія характарызуюцца антысац. дзеяннямі (чалавечыя ахвярапрынашэнні, тэрарызм і інш.), поўнай падпарадкаванасцю паводзін і свядомасці вернікаў кіраўніцтву наз. дэструктыўнымі, таталітарнымі сектамі. Дзейнасць такіх сект забаронена ў большасці краін свету. У Рэспубліцы Беларусь забаронены рэліг. аб’яднанні сатаністаў, шайва-шактыстаў, «Аум Сенрыкё», «Саенталагічная царква», «Белае брацтва» і інш.

А.​А.​Цітавец.

т. 14, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНІ́ЦКІ (Іван Францавіч) (1856 або 1861, Смаргоншчына, Гродзенская вобл. — 2.5.1939),

бел. мемуарыст, падарожнік. Юнацтва правёў на Украіне. У 1893 вярнуўся ў г. Смаргонь, уключыўся ў рэв. барацьбу, арганізаваў б-ку, прапагандаваў творы Л.​Талстога і М.​Горкага, пісаў карэспандэнцыі ў віленскія газеты. З 1901 падарожнічаў за мяжою, напісаў кнігу «Новая Зеландыя — Еўропа» — першае на рус. мове апісанне Новай Зеландыі (забаронена цэнзурай, карэктурны адбітак зберагаецца ў Гродзенскім гіст.-археал. музеі). Перад рэвалюцыяй 1905—07 вярнуўся на радзіму. За актыўны ўдзел у рэв. падзеях арыштаваны і сасланы ў Валагодскую губ. У турме і ссылцы напісаў па просьбе М.​Рубакіна ўспаміны «З майго жыцця ў вёсцы», прысвечаныя рэв. падзеям у Смаргоні ў канцы 19 — пач. 20 ст. (рукапіс зберагаецца ў Дзярж. б-цы Расіі, Масква). З ссылкі ўцёк у Фінляндыю. Вярнуўшыся на радзіму, устанавіў сувязі з газ. «Наша ніва», пісаў у яе карэспандэнцыі (магчыма, пад псеўданімам Смаргонец). У 1920—30-я г. падтрымліваў сувязь з Т-вам бел. школы.

Літ.:

Дридзо А. Путешественник из Сморгони // Нёман. 1984. №4;

Каранеўскі А. Па слядах рэвалюцыянера і публіцыста // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 2.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 14, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРАНО́ ДЭ БЕРЖЭРА́К ((Cyrano de Bergerac) Жан Савіньен) (6.3.1619, Парыж — 28.7.1655),

французскі пісьменнік. Вучыўся ў Калеж дэ Бавэ пры Парыжскім ун-це (1631—37). Служыў у каралеўскай гвардыі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы 1-га этапу Фронды. Аўтар камедыі «Асмеяны педант», трагедыі «Смерць Агрыпіны» (надрук. у 1654), санетаў, рандо, памфлетаў, у т. л. вершаванага памфлета «Мазарынада» («Міністр дзяржавы пагарэлай...»), які выкрываў палітыку кардынала Мазарыні і працягваў бурлескную традыцыю П.​Скарона. Славу С. дэ Б. прынеслі філас. і навук.-фантаст. раманы і адначасова памфлеты «Іншы свет, або Дзяржавы і імперыі Месяца» (надрук. 1657, поўнасцю 1910) і «Дзяржавы і імперыі Сонца» (незавершаны, надрук. 1662), напісаныя ў манеры, блізкай да ісп. кансептызму, традыцыі шахрайскага рамана, у якіх даў вострую сатыр. карціну жыцця чалавецтва, стварыў інтэлектуальную утопію неабмежаванасці мыслення, свабоды сумлення, свету без войнаў і рэліг. фанатызму. Да рамант. вобраза С. дэ Б. — узнёслага і адначасова скептычнага паэта, высакароднага ў каханні, чалавека, які адмыслова валодае зброяй шпагі і вострага жарту, звярнуўся ў аднайм. камедыі Э.​Растан (1898).

Тв.:

Рус. пер. — Иной свет, или Государства и империи Луны // Утопический роман XVI—XVII вв. М., 1971.

Г.​В.​Сініла.

т. 14, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА ДРУКА́РСКІХ МЕР, тыпаметрыя,

сістэма вымярэння памераў, прынятая ў паліграфіі і выдавецкай справе. Створана ў 1737 франц. друкаром і словалітчыкам П.​С.​Фурнье, удасканалена Ф.​А.​Дзідо. З дапамогай Сд.м. вымяраюцца кеглі шрыфтоў, наборных лінеек, прагальных матэрыялаў, фарматы паласы набору; адбіўкі, водступы, палі, аборкі, міжлітарныя і міжрадковыя разрадкі, памеры калонак, ілюстрацый.

У аснову С.д.м. пакладзены друкарскі пункт, роўны ​1/72 франц. цалі, якая складае 27,06 мм. Для практычных вымярэнняў і большасці разлікаў 1 пункт прымаецца роўным 0,376 мм. 12 пунктаў складаюць 1 цыцэра, 4 цыцэра роўныя 1 квадрату, або 48 пунктам. Паміж адзінкамі С.д.м. і метрычнай існуюць суадносіны: 1 цыцэра = 4,51 мм, I квадрат = 18,04 мм, 1 мм = 2,66 пункта. Гэтая С.д.м. выкарыстоўваецца ў большасці еўрап. краін, у т. л. на Беларусі, Расіі і інш. краінах СНД. У ЗША, Вялікабрытаніі і інш. англамоўных краінах выкарыстоўваецца англа-амер. варыянт С.д.м., у аснову якога пакладзены друкарскі пункт, роўны ​1/72 т.зв. каралеўскай цалі (0,3514 мм); у іх фотанаборных машынах кегль шрыфту амаль на 7% меншы, чым у сістэме Дзідо.

Літ.:

Воскресенский М.И., Колосов А.И. Наборные процессы и переработка текстовой информации. М., 1989.

У.​М.​Сацута.

т. 14, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІТА́ЛЫ,

неарганічныя матэрыялы, якія ўтвараюцца пры аб’ёмнай крышталізацыі шкла. Матэрыялы, падобныя на С., наз. таксама піракерамам, дэвітракерамам, шклокерамам. Першыя С. атрыманы ў 1950-я г.

У С. мікракрышталі (< 1 мкм) адной або некалькіх крышт. фаз размеркаваны ў шклопадобнай фазе; колькасць крышт. фазы ад 20 да 95% па аб’ёме. Большасць С. маюць высокую мех. трываласць і цвёрдасць, зноса- і тэрмаўстойлівыя, газа- і вільгаценепранікальныя, хімічна ўстойлівыя. Атрымліваюць С. і вырабы з іх пераважна па шкляной (найб. пашырана) і керамічнай тэхналогіях. Шкляная тэхналогія ўключае: варку шкла з шыхты, у якую дадаюць спец. ініцыятары (пераважна аксіды тытану, хрому, нікелю, жалеза), што выклікаюць раўнамерную крышталізацыю ва ўсім аб’ёме; фармаванне вырабаў і іх тэрмічную апрацоўку паводле рэжыму, які забяспечвае атрыманне С. неабходнага фазавага саставу. Выкарыстоўваюць у розных галінах прам-сці і тэхніцы, напр., высокатрывалыя (С. на аснове сістэмы MgO — Al2O3 — SiO2) у ракета- і авіябудаванні, радыёэлектроніцы, аптычна празрыстыя (Li2O — Al2O3 — SiO2) у касм і лазернай тэхніцы, у медыцыне (біясіталы), буд-ве (шлака- і петрасіталы).

Літ.:

Жунина Л.А., Кузьменков М.И., Яглов В.Н. Пироксеновые ситаллы. Мн., 1974;

Бобкова Н.М., Силич Л.М. Бесщелочные ситаллы и стеклокристаллические материалы. Мн., 1992.

т. 14, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВУ́К (Слаук) Валерый Пятровіч

(н. 7.4.1947, г.п. Коханава Талачынскага р-на Віцебскай вобл),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). З 1997 выкладае ў Бел. АМ. Працуе ў станковай і кніжнай графіцы. Творчай манеры ўласцівы контурнасць выявы, мадэліроўка аб’ёмаў філіграннымі дробнымі штрыхамі, часта гратэскавасць і іранічнае шаржыраванне персанажаў. Для станковых твораў характэрны адыход ад канкрэтыкі сюжэтнага дзеяння, абагульненне вобразнай шматграннасці зместу, падрабязнае адлюстраванне прадметаў побыту і навакольнага асяроддзя: «Белы кот» (1995), «Начны візіт», «Дарога» (абодва 1996), «Аднарог», «Прыцемкі» (абодва 1997), «Запаволены рух», «Эдэм», «Ператварэнне» (усе 1998) і інш. Кніжная графіка вызначаецца абвостраным успрыманнем літ. зместу, эмацыянальным і глыбокім выяўленнем характараў герояў, своеасаблівасцей сюжэтаў: нар. казкі «Удовін сын» (1977—80), «Піліпка-сынок», «Курачка Раба» (абедзве 1983), «Людзей слухай, а свой розум май» (1988), «Алёнка» (1989), «Залаты птах» (1993), казку «Лятучы цмок» У.​Ягоўдзіка (1995), кнігі «Касмалёт» М.​Ганчарова (1979), «Ад рэчыва да сутнасці» К.​Шарыкава (1982), «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Я.​Баршчэўскага (1990), «Вясна ўвосень» У.​Караткевіча (2000) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 2001.

Літ.:

Баразна М.Р. Беларуская кніжная графіка 1960—1990-х гг. Мн., 2001.

М.​Р.​Баразна.

В.Славук. Іл. да казкі «Лятучы цмок» У.​Ягоўдзіка. 1995.

т. 14, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЛЕ́ЙКА, бетлейка (ад Betleem — польская назва г. Віфлеем, дзе нарадзіўся Хрыстос),

бел. нар. тэатр лялек. Вядома з 16 ст. Узнікненне батлейкі звязана са святам Каляд. Т-ры падобнага тыпу вядомы ў Польшчы (шопка) і на Украіне (вяртэп).

Вытокі батлейкі ў сярэдневяковым містэрыяльным т-ры Зах. Еўропы, адкуль праз Польшчу прынесены езуітамі на Беларусь. Развіваўся ў цеснай сувязі са школьным тэатрам. Фактычна батлейка — «народная асіміляцыя школьнай драмы з яе інтэрмедыямі» (Ф.​Аляхновіч). На працягу ўсяго існавання батлейкі разыгрывалася п’еса «Цар Ірад». Паказ складаўся з 2 частак: сур’ёзнай, якая апавядала пра нараджэнне Хрыста і ганенне яго царом Ірадам (т.зв. асн. сюжэт), і камедыйнай — інтэрмедый звычайна вясёлага зместу, з жартаўлівымі дыялогамі ці маналогамі, песнямі, танцамі. Часткі не мелі агульнага сюжэта, паміж сабой спалучаліся механічна, фармальна, фактычна іх аб’ядноўваў своеасаблівы карнавальны настрой, уласцівы Калядам. Біблейскія падзеі ў батлейцы набывалі адвольную нар. трактоўку. Пры адным традыцыйным асн. сюжэце паказы батлейкі ў розных рэгіёнах яе бытавання адрозніваліся менавіта інтэрмедыямі, сярод якіх «Мужык (Мацей) і доктар», «Антон з казой і Антоніха», «Скамарох з мядзведзем», «Вольскі — купец польскі», «Цыган і цыганка» і інш. Папулярныя персанажы інтэрмедый — Мужык, Доктар, Яўрэй, Франт (чужаземец), Цыган, Казак і інш. Для паказаў батлейкі рабілі 2-павярховую скрынку накшталт царквы або хаткі. Батлеечнікі (або «ралёшнікі») вадзілі драўляныя лялькі на шпянях па проразях у падлозе паверхаў. Сцэна кожнага паверха мела 3 аддзелы: вял. цэнтральны, дзе адбывалася дзеянне, і меншыя бакавыя (для ўваходаў і выхадаў).

Батлейка шырока бытавала па ўсёй Беларусі. Разнавіднасцямі яе былі жлоб і яселка. Паказы адбываліся па хатах, у корчмах, на вуліцах гарадоў, мястэчак, вёсак, суправаджаліся музыкай (найчасцей скрыпка і бубен). Асаблівае месца займалі батлейкі, зробленыя па прынцыпе ценявога т-ра (Віцебск, Веліж). У канцы 19 — пач. 20 ст. жанравыя сцэны батлейкі выконваліся не толькі лялькамі, а непасрэдна акцёрамі (жывая батлейка ці батлея). На пач. 20 ст. своеасаблівай з’явай стала батлейка Патупчыка (Докшыцы), дзе апрача традыцыйнага паказу дэманстраваліся і бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. Гэты ж прынцып пакладзены ў аснову дзейнасці Залескага нар. т-ра «Батлейка» (арганізаваны Я.​Ліс і А.​Лосем у 1983). З канца 1980-х г. робяцца спробы адрадзіць традыц. паказы батлейкі на Каляды. З 1991 яны адбываюцца ў філіяле музея М.​Багдановіча «Беларуская хатка» ў Мінску (батлейка з’яўляецца фрагментам экспазіцыі), а прафесійныя т-ры — Дзярж. т-р лялек і Тэатр-студыя кінаакцёра — паставілі батлеечную п’есу «Цар Ірад» (у сваёй інтэрпрэтацыі).

Літ.:

Барышаў Г.І., Саннікаў А.К. Беларускі народны тэатр батлейка. Мн., 1962;

Народны тэатр. Мн., 1983.

Дз.​У.​Стэльмах.

Да арт. Батлейка. Ельнінскі вяртэп і яго лялькі. 18 — пач. 19 ст.

т. 2, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна тэхнікі, якая распрацоўвае і вырабляе сродкі аўтаматызацыі матэм. вылічэнняў, апрацоўкі інфармацыі і кіравання (напр., электронныя вылічальныя машыны, вылічальныя сістэмы, комплексы, іх перыферыйнае абсталяванне) у розных галінах дзейнасці чалавека; навука аб прынцыпах пабудовы, дзеяння і праектавання гэтых сродкаў. Вылічальная тэхніка пашырана ў вылічальных цэнтрах, сістэмах сувязі, сістэмах навігацыі плавальных і лятальных апаратаў, касм. аб’ектаў і інш., сістэмах аўтам. кіравання для збору, апрацоўкі і выкарыстання інфармацыі, інфарм. пошукавых сістэмах і інш. Сістэмы кіравання з выкарыстаннем вылічальнай тэхнікі бываюць вялікімі сістэмамі, што ахопліваюць усю краіну, раён, галіну прам-сці цалкам або групу прадпрыемстваў, і лакальнымі, якія дзейнічаюць у межах аднаго з-да або цэха. Кірункі сучаснай вылічальнай тэхнікі: фіз.-тэхн. асновы элементнай базы вылічальнай тэхнікі; архітэктура ЭВМ; матэматычнае забеспячэнне выліч. сістэм і комплексаў; выкарыстанне сродкаў вылічальнай тэхнікі (гл. Аўтаматызацыя вытворчасці, Аўтаматызаваная сістэма кіравання).

Першыя прыстасаванні для механізацыі вылічэнняў (абак, кітайскі суанпан, лічыльнікі і інш.) вядомыя з глыбокай старажытнасці, вылічальныя прыстасаванні (шкала Непера, лагарыфмічная лінейка, арыфм. машына франц. вучонага Б.​Паскаля і інш.) — з 17 ст. У 19 ст. англ. вучоны Ч.​Бэбідж прапанаваў праект «аналітычнай машыны» (гл. Вылічальная машына). У канцы 19 — пач. 20 ст. развіццё вылічальнай тэхнікі звязана з пабудовай аналагавых вылічальных машын. У 1944 у ЗША пабудавана першая лічбавая электронная вылічальная машына «МАРК-1» на эл.-магн. рэле, а першая хуткадзейная ЭВМ «ЭНІАК» — у 1946 (першая ў кантынентальнай Еўропе малая ЭВМ «МЭСМ» распрацавана ў 1950 у АН Украіны).

На Беларусі вылічальная тэхніка ў сваім развіцці прайшла шлях ад першай лямпавай ЭВМ да стварэння выліч. сістэм і аўтаматызаваных сістэм рознага прызначэння. Навук. даследаванні вядуцца ў БДУ, НДІ ЭВМ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, ін-тах матэматыкі, тэхн. кібернетыкі АН, Ваеннай акадэміі і інш. Першая ЭВМ «Прамень» распрацавана ў Ін-це фізікі і матэматыкі АН у канцы 1950-х г. Выліч. машыны М-3М асвоены Мінскім з-дам ЭВМ імя Арджанікідзе ў 1959; з 1960 пачаўся выпуск вылічальных машын «Мінск» 1-га і 2-га пакаленняў; з 1973 — машын 3-га пакалення адзінай сістэмы электронных вылічальных машын — ЕС ЭВМ; у 1980-я г. распрацаваны высокапрадукцыйныя выліч. сістэмы ЕС ЭВМ, а таксама комплексы на трансп. сродках; у 1990-я г. — новае пакаленне ЭВМ — сям’я «Мінск-9000» (ЕС-1230). За распрацоўку і асваенне сродкаў вылічальнай тэхнікі спец. прызначэння спецыялістам Мінскага з-да ЭВМ прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1985. За ўкараненне вылічальнай тэхнікі ў вытв. тэхналогію работнікам Брэсцкага эл.-мех. з-да прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1981. Стваральнікі ЕС ЭВМ адзначаны Ленінскай прэміяй 1983, Дзярж. прэміямі СССР 1978, 1983.

Літ.:

Заморин А.П. Мячев А.А., Селиванов Ю.П. Вычислительные машины, системы, комплексы: Справ. М., 1985.

М.​П.​Савік.

т. 4, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)