«МАЛА́НКА»
(«Blitz»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгады Сіроцінскай і мясц. насельніцтва ў Бешанковіцкім і Сіроцінскім р-нах Віцебскай вобл. (у міжрэччы Зах. Дзвіны і Обалі, уздоўж чыг. Віцебск—Полацк) 23.9—4.10.1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 21-й ахоўнай дывізіі пры падтрымцы браняпоезда і паліцэйскіх падраздзяленняў мясц. гарнізонаў. 23 вер. праціўнік пачаў наступленне, імкнучыся акружыць брыгаду, расчляніць яе на часткі і знішчыць. Асн. сілы брыгады своечасова адышлі за р. Обаль і занялі абарону на яе правым беразе; атрады 4-ы (камандзір Дз.М.Ляўковіч) і 3-і (камандзір В.Р.Несцераў) апынуліся ў акружэнні. 4-ы атрад 3 сутак адбіваў атакі карнікаў, а потым пад прыкрыццём невялікага заслона (2 сутак стрымліваў праціўніка) прарваўся да в. Залужжа, адкуль мясц. жыхары вывелі яго да в. Грабянцы ў тыл ворага. На У ад в.Шашы бой у акружэнні вёў 3-і атрад, разам з якім у лесе хавалася каля 3 тыс. мясц. жыхароў. Спачатку праціўнік вёў моцны артыл. агонь, потым пачаў прачэсваць лес. Адбіваючыся апошнімі гранатамі, партызаны разам з жанчынамі, малымі і старымі пачалі адыход да Зах. Дзвіны, дзе размяшчаліся сілы загараджэння карнікаў. У гэты час эскадрылля сав. штурмавікоў, што наносіла ўдары па станцыях Полацк і Гараны, вярталася з задання. Лётчыкі заўважылі вял. колькасць гітлераўцаў на беразе ракі і з брыючага палёту абстралялі іх. Выкарыстаўшы паніку ў стане праціўніка, партызаны з часткай насельніцтва пераправіліся цераз раку і выйшлі ў размяшчэнне атрада «Смерць фашызму». Пацярпеўшы няўдачу ў аперацыі, карнікі загубілі 567 чал., спалілі 9 вёсак.
У.С.Пасэ.
т. 10, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ СССР,
з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Рас. Сав. Федэратыўнай Сацыяліст. Рэспублікі (РСФСР), Укр. Сав. Сацыяліст. Рэспублікі (УССР), Бел. Сав. Сацыяліст. Рэспублікі (БССР) і Закаўказскай Сав. Федэратыўнай Сацыяліст. Рэспублікі (ЗСФСР), на якім абвешчана стварэнне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Адбыўся 30.12.1922 у Маскве. Дэлегаты з’езда (2214 чал., у т. л. 1673 з рашаючым голасам, 541 з дарадчым) былі выбраны на з’ездах Саветаў у кожнай з 4 намінальна незалежных рэспублік: 1727 ад РСФСР (1217 з рашаючым голасам), 364 ад УССР (354 з рашаючым голасам), 91 ад ЗСФСР (73 з рашаючым голасам), 33 ад БССР (23 з рашаючым голасам). З іх 94,1% былі камуністамі, 0,2% (5 чал.) належалі да інш. партый, 5,7% былі беспартыйнымі. Старшынёй з’езда абраны М.І.Калінін, ганаровым старшынёй — У.І.Ленін. З’езд аднагалосна зацвердзіў Дэкларацыю аб утварэнні СССР і Саюзны дагавор, падпісаны 4 рэспублікамі. Па прапанове М.В.Фрунзе абодва дакументы вырашана перадаць на дадатковы разгляд у ЦВК саюзных рэспублік з тым, каб ЦВК СССР з улікам атрыманых водгукаў зацвердзіў іх і ўвёў у дзеянне. Канчатковы тэкст Дэкларацыі і Саюзнага дагавора падлягаў зацвярджэнню на 2-м з’ездзе Саветаў СССР. З’езд выбраў ЦВК СССР у складзе 371 чл. і 138 кандыдатаў ад усіх рэспублік прапарцыянальна колькасці іх насельніцтва з некаторымі адступленнямі на карысць менш населеных рэспублік (БССР, маючы 1,2% ад насельніцтва СССР, атрымала ў складзе саюзнага ЦВК 1,9% месцаў). На 1-й сесіі ЦВК СССР (30.12.1922) выбраны Прэзідыум ЦВК з 19 членаў і 13 кандыдатаў. Былі абраны 4 старшыні ЦВК: М.І.Калінін ад РСФСР, Р.І.Пятроўскі ад УССР, Н.Нарыманаў ад ЗСФСР, А.Р.Чарвякоў ад БССР.
Е.Ф.Саўчук.
т. 12, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬ ІВА́НАВІЧ ШУ́ЙСКІ (1522—12.9.1612),
рускі цар [1606—10]. З удзельных ніжагародска-суздальскіх князёў. Выбраны царом на Земскім саборы (19.5.1606) пасля забойства Лжэдзмітрыя I (гл. Ілжэдзмітрый I). Узмацніў прыгонніцтва, вызначыў тэрмін для пошуку беглых сялян — 15 гадоў, што паспрыяла задушэнню Балотнікава паўстання 1606—07. Для барацьбы з Ілжэдзмітрыем II і інтэрвенцыяй Рэчы Паспалітай заключыў саюз са швед. каралём Карлам IX (1609), якому аддаў г. Карэла (Кексгольм) з паветам. 24.6.1610 пацярпеў паражэнне ад войск польск. караля і вял. князя літ. Жыгімонта II Вазы. Палітыка Васіля Іванавіча Шуйскага выклікала незадаволенасць насельніцтва. 17.7.1610, напярэдадні ўступлення ў Маскву войск Рэчы Паспалітай, часткай баярства, сталічнага і правінцыяльнага дваранства скінуты з прастола і пастрыжаны ў манахі. Памёр у польск. палоне.
т. 4, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКАСТА́ХАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з вер. 1941 да крас. 1942 у в. Вял. Стахава Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Аб’ядноўвала 25 чал. Кіраўнікі С.Л.Бочак, А.Л.Валагжанін, В.П.Бальшакоў. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, здабывалі зброю, боепрыпасы, дакументы, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад, на чыг. ветцы Барысаў—Лядзішчы падарвалі фаш. эшалон, знішчылі 5 вагонаў з ваен. маёмасцю. У сак. і летам 1942 фашысты схапілі і пасля катаванняў расстралялі 13 падпольшчыкаў. Бальшакоў з уцалелымі патрыётамі пайшоў у лес і ўзначаліў партыз. групу, на базе якой і дыверсійнай групы «Бывалыя» сфарміраваны партыз. атрад «Дзядзькі Колі». У в. Вял. Стахава пастаўлены помнік загінуўшым падпольшчыкам.
т. 4, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛГАКО́ЎСКІ (Дзмітрый Гаўрылавіч) (1845—1918?),
бел. этнограф, фалькларыст, краязнавец. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1869). У 1902 адмовіўся ад духоўнага сану. Працаваў настаўнікам рус. і царк.-слав. моў у Ваўкавыску. Друкаваў артыкулы, фальклорна-этнагр. творы ў газетах «Новое время», «Санкт-Петербургские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости» і інш. Аўтар прац «Беларускія песні. Валачобныя» (1868), «Практычны дапаможнік па наглядным засваенні рускага правапісу» (1873), «Гістарычны нарыс Ваўкавыска, павятовага горада Гродзенскай губерні» (1881) і інш. У 1890 выдаў фальклорна-этнагр. зборнік «Пінчукі», прысвечаны духоўнай культуры насельніцтва цэнтр. часткі Палесся (уключае песні, загадкі, прыказкі, прымаўкі, а таксама апісанні вераванняў, абрадаў і звычаяў). Аўтар рамана «Блізняты» (1903), аповесці «У баку ад жыцця» (1909; на аўтабіягр. матэрыяле).
А.І.Гурскі.
т. 3, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГО́МЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў ліп. 1941 — вер. 1942 на тэр. Бягомльскага р-на Мінскай вобл. Мела 2 групы (каля 20 чал.): маладзёжную ў в. Нябышына (кіраўнік А.Ф.Фрол) і групу ў г.п. Бягомль (арганізавана ў жн. 1941, кіраўнік Я.А.Шаўцоў). Падпольшчыкі мелі сувязь з партызанамі, для якіх збіралі і перадавалі зброю, боепрыпасы, разведданыя, харчы, здабывалі бланкі дакументаў, удзельнічалі ў сумесных баявых аперацыях, запісвалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро. У маі 1942 фашыстамі была раскрыта група ў Бягомлі, многія падпольшчыкі пакараны смерцю. У вер. 1942 палова нябышынскай групы пайшла ў партызаны, астатнія былі сувязнымі партыз. брыгады «Жалязняк» да вызвалення раёна ад ням.-фаш. захопнікаў.
т. 3, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́НАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку (3-е тыс. — 9 ст. да нашай эры) у басейне Сярэдняй Волгі. Назва ад могільніка каля в. Баланава ў Чувашыі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, магчыма, земляробствам, мела ўласную металургію медзі, колавы транспарт. Жыло пераважна ў зрубных дамах на ўмацаваных паселішчах. Пахавальны абрад — адзіночныя і парныя трупапалажэнні ў грунтавых магілах (ранні этап), калектыўныя трупапалажэнні пад курганамі. Нябожчыкаў хавалі ў драўляных скрынях ці кашолках, у скурчаным стане. У кераміцы пераважаў шарападобны посуд, упрыгожаны геам. арнаментам, адбіткамі штампаў. Сярод вырабаў з каменю — свідраваныя і клінападобныя сякеры, матыкі, цёслы, наканечнікі стрэл; пашыраны медныя наканечнікі коп’яў, сякеры, упрыгожанні. Некаторыя вучоныя адносяць Баланаўскую культуру да шнуравой керамікі культур, іншыя лічаць лакальнай групай фацьянаўскай культуры.
т. 2, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРГАНІЗА́ЦЫЯ ТО́ТА»,
паўваенная спецыялізаваная арг-цыя ў фаш. Германіі ў 1938—45 (назва ад прозвішча яе заснавальніка — нацыста інжынера Ф.Тота). У 2-ю сусв. вайну займалася буд-вам і рамонтам шашэйных дарог, мастоў, аэрадромаў, умацаванняў і іншых ваен. аб’ектаў, у т. л. на акупіраванай Беларусі. Летам 1941 падраздзяленні «Арганізацыі Тота» рухаліся за наступаючымі ням. войскамі, аднаўлялі разбураныя камунікацыі, выкарыстоўваючы працу ваеннапалонных і цывільнага насельніцтва. У 1943—44 арг-цыя ўдзельнічала ў стварэнні герм. стратэгічнага абарончага рубяжа — «Усходняга вала» па лініі р. Нарва—Пскоў—Віцебск—Орша—сярэдняе цячэнне р. Дняпро — рэкі Сож і Малочная. Падраздзяленні «Арганізацыі Тота» існавалі ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Слуцку і ў інш. нас. пунктах.
т. 1, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАЗЕ́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі бронзы (2-я пал. 12—10 ст. да нашай эры) на тэр. стэпавай зоны Паўн. Прычарнамор’я (Украіна). Назва ад паселішча на беразе Белазерскага лімана каля г. Каменка-Дняпроўская (Запарожская вобл.). Насельніцтва жыло на неўмацаваных паселішчах у наземных глінабітных жытлах з каменнымі падмуркамі і паўзямлянках. Аснова гаспадаркі — жывёлагадоўля і земляробства. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых (большасць) і курганных могільніках. Характэрны грубыя кухонныя гаршкі з наляпнымі валікамі і глянцаваны сталовы посуд, арнаментаваны канелюрамі, зубчатым штампам. Магчыма, носьбітамі Белазерскай культуры былі іранцы. Большасць даследчыкаў разглядае Белазерскую культуру як этап позназрубавай культуры, некаторыя — як позні этап сабацінаўскай культуры або як асобную культуру, блізкую да помнікаў тыпу фракійскага гальштата.
т. 2, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ КУЛЬТУ́РНАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ (БКЗ),
культурна-асветная арг-цыя, якая дзейнічала на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створана ў студз. 1944 у Мінску кіраўніцтвам Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) са згоды герм. акупац. улад. Кіраўнік А.Калубовіч. Мела 4 аддзелы: музыкі — узначальваў М.Шчаглоў (М.Куліковіч), прапаганды і бел. культуры — У.Дудзіцкі (У.Гуцька), л-ры — Н.Арсеннева, музеяў і краязнаўства — А.Шукелайць. Мела на мэце аб’яднаць усе існуючыя на той час на Беларусі культ.-асв. ўстановы (тэатры, нар. дамы, б-кі, музеі і інш.). Пры дапамозе БКЗ кіраўніцтва БЦР спадзявалася ўздзейнічаць на бел. насельніцтва з мэтай прапаганды афіц. палітыкі і ідэалогіі акупантаў, барацьбы супраць камуніст. ідэалогіі і інш.
А.М.Літвін.
т. 2, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)