спосаб вымярэння адлегласцей (даўжынь адрэзкаў) і вуглоў сродкамі праектыўнай геаметрыі.
Сутнасць спосабу ў замацаванні некаторай фігуры ў якасці абсалюта, які вызначае дадзеную метрычную геаметрыю, і ў вылучэнні з групы праектыўных пераўтварэнняў такіх, якія адлюстроўваюць абсалют у сябе і ствараюць такім чынам адпаведную групу рухаў. Напр., метрыка плоскасці Лабачэўскага атрымліваецца, калі за абсалют прыняць нераспадальную рэчаісную лінію 2-га парадку. Тады даўжыня адрэзка AB роўная (ABPQ), дзе P і Q — пункты перасячэння прамой AB з абсалютам, — пастаянная, аднолькавая для ўсіх адрэзкаў, (ABPQ) — падвойны стасунак (гл.Праектыўнае пераўтварэнне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРО́СА»,
«Ляда», бел.нар. гульня. Вядома ўсім усх.-слав. народам. Верагодна, была прымеркавана да веснавых аграрна-магічных абрадаў, элементы якіх арганічна спалучаліся са шлюбнай сімволікай. Удзельнікі становяцца ў 2 рады (хлопцы насупраць дзяўчат) і, узяўшыся за рукі, спяваюць па чарзе: «Дзеўкі проса сеялі, сеялі» — «А мы проса вытапчам, вытапчам». Заканчваецца песня словамі: «Мы дзевачку забяром, забяром» — «Мы вам коней аддаём, аддаём». Затым хлопцы забіраюць дзяўчыну ў свой рад або ловяць удзельніка, які бяжыць паміж радамі («Ляда»). Гульня спыняецца, калі ўсе ўдзельнікі з аднаго рада пяройдуць у другі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАДЗЕ́ЙНАЯсістэмы сіл, сіла, якая аказвае на цвёрдае цела такое ж механічнае дзеянне, як і дадзеная сістэма сіл, што прыкладзены да цела. Р. сістэмы n сіл
, дзе — адна з сіл, што дзейнічаюць на цела, i = 1, 2, ..., n. У найпрасцейшых выпадках, калі сілы прыкладзены да аднаго пункта або размешчаны ў адной плоскасці, Р. можна знайсці, карыстаючыся правілам паралелаграма. Р. мае не кожная сістэма сіл: напр., пара сіл або 2 сілы, якія не ляжаць у адной плоскасці, Р. не маюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫГАРЫ́ЗМ (франц. rigorisme ад лац. rigor суровасць, строгасць),
няўхільнае прытрымліванне пэўнага прынцыпу ў дзеяннях, паводзінах і думках. Выключае кампрамісы, улік інш. прынцыпаў, прыстасаванне да канкрэтных абставін, часта звязаны з аскетызмам, фанатызмам. Як этычны прынцып сфармуляваны І.Кантам у яго вучэнні пра абавязак, паводле якога маральнымі ўчынкамі прызнаюцца толькі здзейсненыя паводле матываў абавязку; учынкі, здзейсненыя паводле інш. матываў (напр., схільнасцей), не прызнаюцца маральнымі, нават калі не супярэчаць абавязку. Супраць кантаўскага Р. выступаў Ф.Шылер, які лічыў, што гэты прынцып накіраваны на заглушэнне асабістых схільнасцей і пажаданняў і прыводзіць да абмежаванасці чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ ТРЫБУНА́Л,
1) надзвычайны суд у Францыі ў часы Французскай рэвалюцыі 1789—99. Створаны як часовы трыбунал у жн. 1792, рэарганізаваны ў сак. 1793. Назву атрымаў пры якабінцах, калі стаў адным з органаў якабінскай дыктатуры. Яго рашэнні не падлягалі апеляцыі і касацыі; адзінай мерай пакарання была смяротная кара. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 1794 Р.т. — орган контррэвалюцыйнага тэрору. Скасаваны ў 1795.
2) Органы правасуддзя ў першыя гады савецкай улады. Створаны паводле Дэкрэта аб судзе ад 22.11.1917 для барацьбы з контррэвалюцыяй, сабатажам і інш. небяспечнымі злачынствамі. Скасаваны ў 1922.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГРЭ́СНЫ ІСК,
адваротнае патрабаванне аб вяртанні грашовай сумы (або інш. матэрыяльнай каштоўнасці), якая была выплачана трэцяй асобе па віне даўжніка. Напр., асоба, адказная за прычыненую шкоду, абавязана па Р.і. страхавой арг-цыі кампенсаваць сумы страхавых выплат пацярпеламу. На даўжніка па Р.і. ўскладаецца абавязак кампенсаваць крэдытору аплачаныя ім трэцяй асобе сумы ў поўным аб’ёме. Выключэнне складаюць Р.і. прадпрыемства (установы) да свайго работніка, калі дзейнічаюць агульныя нормы матэрыяльнай адказнасці (кампенсацыя шкоды, якая аплачана прадпрыемствам, у гэтым выпадку, можа быць у памеры акладу, трэці акладу і г.д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭМІТЭ́НТ [ад лац. remittens (remittentis) які адсылае],
уладальнік вэксаля, які мае права на атрыманне пазначанай у ім сумы грошай. Асоба, пазначаная ў якасці атрымальніка грошай на самім вэксалі, наз. першым Р. Пры перадачы вэксаля законным Р. з’яўляецца асоба, якая асноўвае сваё права на неперарыўным шэрагу індасаментаў. Калі Р. набыў вэксаль нядобрасумленна або, набываючы яго, зрабіў грубую неасцярожнасць, ён абавязаны перадаць яго былому ўладальніку. Р. мае права на атрыманне плацяжу па вэксалі ад акцэптанта (вэксалядаўца простага вэксаля). Р. належаць таксама інш. правы, прадугледжаныя вэксальным заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ШАТАЎ (Павел Дзмітрыевіч) (26.8.1911, в. Бегунова Цвярской вобл., Расія — 27.6.1944),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1942 на фронце. Кулямётнае аддзяленне на чале з сяржантам Р. вызначылася 27.6.1944 у баі каля в. Абухава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. пры спробе ворага вырвацца з віцебскага«катла», дзе знішчыла большую частку яго калоны. Калі Р. застаўся адзін, то апошняй гранатай падарваў сябе і фашыстаў. У в. Уна Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНЬГО́, Трохцарства,
перыяд у гісторыі Кітая (220—265 або 220—280), калі пасля распаду імперыі Хань ён быў падзелены на тры царствы (Вэй, У і Шу), якія вялі паміж сабой бясконцыя войны за гегемонію над усёй краінай. Напачатку дамінавала царства Шу, але ў 263 знясіленае ўнутр. барацьбой яно было заваявана царствам Вэй. У 265 уладу ў царстве Вэй захапіў палкаводзец Сыма Янь, які заснаваў дынастыю Цзінь [265—420], а ў 280 канчаткова заваяваў царства У. Перыяд С. адлюстраваны ў гіст. рамане 14 ст. «Апавяданні з гісторыі Трохцарства».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЙЛАВІЦКІ БОЙ 1943,
бой партызанскага атрада імя Шчорса (камандзір А.І.Колчанка) па разгроме фаш. гарнізона (каля 100 гітлераўцаў) у в. Сейлавічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. 7—8 вер. ў Вял.Айч. вайну. Гарнізон, умацаваны сістэмай дзотаў, бункераў, лініямі траншэй з калючым дротам, замініраванымі ўчасткамі абароны, перашкаджаў перадыслакацыі і баявым рэйдам партыз. фарміраванняў у зах.ч. Беларусі. Скарыстаўшы сітуацыю, калі 60 гітлераўцаў гарнізона накіраваліся ў г.п. Гарадзея, партызаны (350 чал.) скрытна падышлі да гарнізона, атакавалі і разграмілі яго. Адышлі без страт з захопленай ням. зброяй і боепрыпасамі.