БО́ГДАН (Мікалай Уладзіміравіч) (н. 14.1.1943, пас. Верасава Архангельскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне машынабудавання, адзін з заснавальнікаў навук.школы гідрапнеўмааўтаматыкі на Беларусі. Д-ртэхн.н. (1986), праф. (1989). Скончыў Бел.політэхн.ін-т (1970). З 1972 у Бел.політэхн. акадэміі. Навук. даследаванні па распрацоўцы і канструяванні гідра- і пнеўмасістэм з электроннымі сродкамі кіравання для мабільных машын. Адзін з аўтараў вучэбных дапаможнікаў «Трактары. Ч. 5. Асновы эксплуатацыі і рамонту» (1980), «Гідрапнеўмааўтаматыка і гідрапрывод мабільных машын. Аб’ёмныя гідра- і пнеўмамашыны і перадачы» (1987).
Тв.:
Тракторные поезда. М., 1982 (у сааўт.);
Применение микропроцессорной техники в автотракторостроении. Мн., 1987 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́РНА ((Adorno) Тэадор) (11.9.1903, г. Франкфурт-на-Майне — 6.8.1969),
нямецкі філосаф, сацыёлаг, музыказнавец. Прадстаўнік франкфурцкай школы. Пасля 1933 у эміграцыі (Англія, ЗША). З 1949 у Франкфурце-на-Майне: праф. ун-та, з 1953 кіраўнік Ін-та сац. даследаванняў. Погляды Адорна склаліся на перакрыжаванні ням. неагегельянства і авангардысцкай крытыкі культуры. Паводле яго філасофіі эвалюцыя чалавецтва — гэта гісторыя «няўдалай цывілізацыі», гісторыя «індывідуалізацыі» чалавека, тоеснай пастаяннаму паглыбленню яго «адчужэння». У духу гэтых ідэй Адорна рабіў сац.-філас. аналіз музыкі. Асн. працы: «Дыялектыка асветы» (1947, з М.Хоркхаймерам), «Філасофія новай музыкі» (1949), «Аўтарытарная асоба» (1950, у сааўт.), «Прызмы. Крытыка культуры і грамадства» (1955), «Негатыўная дыялектыка» (1966) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДЖЭ́ЛІКА, Фра Анджэліка,
Беата Анджэліка (Angèlico, Fra Angelico, Beato Angèlico; сапр.Гвіда ды П’етра; Guido di Pietro; каля 1400, г. Вік’ё, прав. Фларэнцыя, Італія — 18.2.1455),
італьянскі жывапісец эпохі Ранняга Адраджэння. Прадстаўнік фларэнцінскай школы. Як мастак склаўся пад уплывам познагатычнага жывапісу, у далейшым выкарыстаў рэалізм Мазачыо. Наіўнае і глыбока рэліг. мастацтва Анджэліка прасякнута светлым лірызмам і мяккай паэтычнасцю: «Каранацыя Марыі» (каля 1434—35); фрэскі б. манастыра Сан-Марка ў Фларэнцыі (1438—45), «Мадонна на троне паміж святымі Кацярынай і Даменікам» (1445), капэлы Мікалая V у Ватыкане (1445—48) і інш.
Фра Анджэліка. Мадонна на троне паміж святымі Кацярынай і Даменікам. 1445.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯКЕ́ТАЎ (Андрэй Мікалаевіч) (8.12.1825, с. Новая Бякетаўка Пензенскай вобл., Расія — 14.7.1902),
расійскі вучоны ў галіне батанікі, стваральнік рус.школы батаніка-географаў. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1891, ганаровы чл. з 1895), праф. Пецярбургскага ун-та (1863—97). Скончыў Казанскі ун-т (1849). З 1859 працаваў у ім, у 1849—54 рэктар Пецярбургскага ун-та, у 1867—89 кіраваў таксама Вышэйшымі жаночымі курсамі. Навук. працы па праблемах занальнасці расліннага покрыва і мэтазгоднасці ў жывой прыродзе, эксперыментальнай марфалогіі; вывучаў заканамернасці будовы вегетатыўных органаў раслін, упершыню вылучыў зону лесастэпу. Аўтар першага рус. падручніка «Геаграфія раслін» (1896).
Тв.:
Курс ботаники: Морфология, систематика и геогр. распределение семейств... СПб., 1897.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙНГАРТНЕР, Вайнгартнер (Weingartner) Фелікс Паўль фон (2.6.1863, г. Задар, Харватыя — 7.5.1942), аўстра-нямецкі дырыжор, кампазітар, муз. пісьменнік. Вучыўся ў г. Грац (Аўстрыя), у Лейпцыгскай кансерваторыі (1881—93). Працаваў оперным і канцэртным дырыжорам у ням. гарадах. У 1908—11 і 1935—36 дырэктар і гал. дырыжор Венскай оперы, у 1919—24 — т-ра «Фольксопер». Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў аўстра-ням. дырыжорскай школы. Тонкі інтэрпрэтатар твораў Л.Бетховена, Р.Вагнера, Г.Берліёза, А.Барадзіна, П.Чайкоўскага. Сярод яго твораў 9 опер, 7 сімфоній, 3 сімф. паэмы, інстр. і харавыя творы.
Тв.:
Рус.пер. — О дирижировании. Л., 1927;
Исполнение классических симфоний: Советы дирижерам. Т. 1. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК ЗА́ПАДНОЙ РОССИ́И»,
палітычны і гіст.-літ. часопіс. Выдаваўся ў 1862—64 у Кіеве пад назвай «Вестник Юго-Западной и Западной России» і ў 1864—71 у Вільні на рус. мове ў 4 кнігах асобнымі тамамі (ад 4 да 12 на год). Напачатку выступаў з пазіцый нац. адраджэння ўкраінцаў і беларусаў, але хутка адышоў ад такога кірунку і стаў правадніком ідэі заходнерусізму. Падтрымліваў палітыку рас. улад, накіраваную на стварэнне ў Беларусі рускамоўнай школы, насаджэнне расійскага чыноўніцтва і інш. Выступаў супраць польск. і бел. дваранства, каталіцкага духавенства, уніяцтва. Змяшчаў матэрыялы па археалогіі, краязнаўстве, статыстыцы, этнаграфіі Беларусі, Літвы, Украіны. Друкаваў маст. творы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЁЦІ ((Viotti) Джавані Батыста) (12.5.1755, г. Фантанета-да-По, Італія — 3.3.1824),
італьянскі скрыпач, кампазітар. Вучань Г.Пуньяні. Папярэднік Н.Паганіні. Працаваў у Парыжы (у 1782—91 і 1819—22 узначальваў Парыжскую оперу), Лондане (1794—98 і з 1802) і інш. Аўтар канцэртаў для скрыпкі з аркестрам, у якіх узмацніў ролю сольнай партыі, павялічыў склад аркестра, канчаткова зацвердзіў для 1-й ч. форму санатнага алегра, а таксама тып фінальнага ронда. Зрабіў уплыў на развіццё скрыпічнага мастацтва 19 ст. і фарміраванне т.зв. парыжскай школы. Сярод яго вучняў М.Казімір Агінскі і М.Клеафас Агінскі. З 1950 у г. Верчэлі праводзіцца міжнар. конкурс музыкі і танца імя Віёці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬЯ (Villa) Франсіска, Панча Вілья [сапр.Аранга (Arango) Даратэа; 4.10.1877, г. Рыо-Грандэ, Мексіка — 20.7.1923], дзеяч Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17, нац. герой Мексікі. Удзельнічаў у звяржэнні дыктатуры П.Дыяса (1911), задушэнні мяцяжу П.Ароска (1912). У 1913 сфарміраваў і ўзначаліў паўстанцкую Паўн. дывізію, якая дзейнічала ў штатах Чыўаўа і Кааўіла, дзе праводзілася раздача канфіскаваных зямель сялянам, канфіскацыя прамысл. прадпрыемстваў, адкрываліся школы. Разам з сял. арміяй Э .Сапаты атрады Вільі ў снеж. 1914 уступілі ў Мехіка, але ў студз. 1915 пасля паражэння пакінулі сталіцу. У 1916—17 змагаўся супраць інтэрвенцкіх войск ЗША. У 1916—19 вёў партыз. барацьбу супраць урада Карансы. У 1920 адышоў ад рэв. руху. Забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́Маркава манастыра.
Існавала ў Віцебску ў канцы 17 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1691 на правым беразе Зах. Дзвіны ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пастаўлена на фундаменце крыжовага драўлянага храма (засн. ў 1633), знішчанага пажарам.
Царква 4-зрубная, крыжова-цэнтрычнай кампазіцыі, тры зрубы 5-гранныя, заходні прамавугольны ў плане, паміж крыламі трансепта і алтарным зрубам — шматгранныя рызніцы. Зрубы і сяродкрыжжа былі перакрыты самкнутымі купаламі і накрыты невысокімі шатрамі з галоўкамі. Увесь будынак меў вял. абходную галерэю на разьбяных слупках з ганкам пры ўваходзе, накрытым шатровым дахам. Знесена ў 1920-я г.
Т.В.Габрусь.
Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра. Малюнак 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ЛЬПЕ (Вулпе) Іван Мікалаевіч
(1.9.1876, г. Балград, Украіна — 26.8.1929),
балгарскі спявак (бас), педагог; адзін з заснавальнікаў балг.вак.школы. Скончыўшы Маскоўскую кансерваторыю (1902), спяваў у Оперным т-ры Зіміна ў Маскве, у гар. т-ры ў Іркуцку. З 1908 жыў у Балгарыі. З 1912 выкладаў у муз. вучылішчы ў Сафіі (з 1921 Дзярж.муз. акадэмія). Удзельнічаў у стварэнні Балг. опернага т-ра (з 1921 Сафійская нар. опера; да 1926 яе саліст). Сярод партый: Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Марсель («Гугеноты» Дж.Меербера). Сярод яго вучняў Х.Брымбараў, П.Райчаў, М.Папоў, А.Нікалай.