АКСА́КАЎ (Сяргей Цімафеевіч) (1.10.1791, г. Уфа — 12.5.1859),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Казанскім ун-це (1805—07). Чл.-кар. Пецярбургскай АН (з 1856). З 1843 жыў у маёнтку Абрамцава. Літ. дзейнасць пачаў у 1820-я г. як тэатр. рэцэнзент. Першы маст. нарыс «Буран» (1834). У кн. «Запіскі пра тое, як вудзіць рыбу» (1847), «Запіскі ружэйнага паляўнічага Арэнбургскай губерні» (1852), «Апавяданні і ўспаміны паляўнічага пра розныя паляванні» (1855) выступіў як уважлівы назіральнік паводзін, звычак звяроў, птушак і рыб. Вяршыня творчасці — аўтабіягр. аповесці «Сямейная хроніка» (1856) і «Дзіцячыя гады Багрова-ўнука» (1858), у якіх стварыў шырокую панараму памешчыцкага побыту канца 18 ст. Пісаў артыкулы, рэцэнзіі, нататкі пра л-ру і тэатр, мемуары («Літаратурныя і тэатральныя успаміны», 1856—58, «Гісторыя майго знаёмства з Гогалем», 1852—55, незаконч.; апубл. 1890) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1986.

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬЯМС (Пётр Уладзіміравіч) (30.4.1902, Масква — 1.12.1947),

рускі тэатр. мастак, жывапісец, графік. Засл. дз. мастацтваў Расіі (1944). Праф. (1947). Вучыўся ў студыі В.Мяшкова (з 1909) і ў Вхутэмасе (1919—24) у К.Каровіна, І.Машкова і інш. Чл. Т-ва мастакоў-станкавістаў (1925—30). Напачатку займаўся станковым жывапісам (партрэт У.​Меерхольда, 1925, «Акрабатка», 1926). Ілюстраваў дзіцячыя кнігі. З 1929 у т-ры, у 1941—47 гал. мастак Вялікага т-ра ў Маскве. Тэатр. работы: «Піквікскі клуб» паводле Ч.​Дзікенса (МХАТ, 1934), «Вільгельм Тэль» Дж.​Расіні (1942; Дзярж. прэмія СССР 1943), «Папялушка» (1945; Дзярж. прэмія СССР 1946), «Рамэо і Джульета» (1946; Дзярж. прэмія СССР 1947) С.​Пракоф’ева — усе ў Вялікім т-ры. У Бел. т-ры оперы і балета аформіў «Пікавую даму» П.​Чайкоўскага (1934).

М.​Л.​Цыбульскі.

П.Вільямс. Эскіз дэкарацый да спектакля «Піквікскі клуб» паводле Ч.​Дзікенса (МХАТ, 1934).

т. 4, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПІН (Васіль Піліпавіч) (12.2.1902, с. Новы Валавай Пачалмскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 11.1.1991),

бел. і расійскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў вак. аддзяленне Вучэбна-тэатр. камбіната (1933; цяпер Рас. акадэмія тэатр. мастацтва). З 1933 саліст Вял. т-ра ў Маскве. У 1938—49 (з перапынкам) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. У 1949—63 у канцэртных арг-цыях Масквы. Валодаў сакавітым голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай і артыстызмам, што дазваляла яму ствараць выразныя, эмацыянальна насычаныя вобразы. Сярод партый на бел. сцэне: Міхась («Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Андрэй («У пушчах Палесся» А.​Багатырова), Конрад («Кветка шчасця» А.​Луранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Уладзімір Дуброўскі («Дуброўскі» Э.​Напраўніка), Альфрэд («Травіята» Дж.​Вердзі), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні).

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Яўген Аляксеевіч) (15.1.1917, г. Балакова Саратаўскай вобл., Расія —9.6.1997),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1968). Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Цэнтр. тэатр. вучылішча ў Маскве (1940). Працаваў у тэатрах Тбілісі, Ленінграда. З 1956 у Санкт-Пецярбургскім Вял. драм. т-ры. Акцёру быў уласцівы глыбокі псіхалагізм, эмацыянальная прыўзнятасць, схільнасць да вострай характарнасці, трансфармацыі і гратэску. Сярод найб. значных роляў: Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Манахаў і Бяссеменаў («Варвары» і «Мяшчане» М.​Горкага), Артура Уі («Кар’ера Артура Уі» Б.​Брэхта), Халстамер («Гісторыя каня» паводле Л.​Талстога), Круціцкі («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага) і інш. Здымаўся ў кіно: «У агні броду няма» (1968), «Дзіўныя людзі» (1970), «Блакада» (1975, 1978; Дзярж. прэмія Расіі 1980), «Кентаўры» (1979) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1968. Ленінская прэмія 1986 за тэатр. работы.

Літ.:

Рабинянц Н. Евгений Лебедев. Л., 1969.

т. 9, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМЕ́ДАЎ (Мехты Асадула аглы) (22.5.1918—1985),

азербайджанскі рэжысёр. Нар. арт. Азербайджана (1958). Нар. арт. СССР (1974). Д-р мастацтвазнаўства. Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1941). З 1945 працаваў (з перапынкамі) у Азербайджанскім т-ры імя М.​Азізбекава (у 1960—63 гал. рэжысёр), у 1956—60 гал. рэжысёр Азербайджанскага т-ра оперы і балета імя М.​Ахундава (абодва ў Баку). З 1960 праф. Азербайджанскага тэатр. ін-та. У пастаноўках імкнуўся дасягнуць жыццепераканаўчай і паэт. атмасферы спектакля. Паставіў: у драм. т-рах — «Мадрыд» М.​Ібрагімава, «Вагіф» С.​Вургуна, «Яшар» Дж.​Джабарлы, «На далёкіх берагах» І.​Касумава і Г.​Сеідбейлі, «Хаям» Г.​Джавіда, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Жывы труп» Л.​Талстога і інш.; у т-ры оперы і балета — «Севіль» Ф.​Амірава, «Азад» Дж.​Джангірава, «Кёр-аглы» У.​Гаджыбекава, «Тоска» Дж.​Пучыні і інш. Аўтар шэрагу тэатразнаўчых работ.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНШО́Н ((Planchon) Ражэ) (н. 12.9.1931, г. Сен-Шамон, Францыя),

французскі рэжысёр, акцёр, драматург. Творчую дзейнасць пачаў у засн. ім у Ліёне «Тэатр дэ ла камеды» (1952). У 1957 стварыў і ўзначальвае «Тэатр дэ ла сітэ» ў Віёрбане (з 1973 Нац. нар. т-р). Зазнаў уплыў Б.​Брэхта. Паставіў спектаклі «Генрых IV» У.​Шэкспіра (1957), «Жорж Дандэн» (1958) і «Тарцюф» (1962, 1973) Мальера, «Тры мушкецёры» паводле А.​Дзюма (1958), «Мёртвыя душы» (1959) паводле М.​Гогаля, «Нейтральная паласа» Х.​Пінтэра (1979), «Аталі» Ж.​Расіна (1980), якім уласціва сучасная інтэрпрэтацыя літ. матэрыялу. Сярод інш. пастановак: «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Швейк у другой сусветнай вайне» (1961) Брэхта, а таксама ўласныя драм. творы, у якіх звяртаецца да актуальных праблем сучаснасці: «Карэтны хлеў» («Даўжнікі», 1962), «Белая лапа» (1964), «Сінія, белыя, чырвоныя» (1966), «Знявага» (1968), «Здаюся!» (1972) і інш.

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ГАЎЦАВА (Ада Мікалаеўна) (н. 6.7.1937, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна),

украінская актрыса. Нар. арт. СССР (1978). Скончыла Кіеўскі тэатр. ін-т (1959). З 1959 у Кіеўскім рус. драм. т-ры імя Лесі Украінкі. З 1980 адначасова выкладае ў Кіеўскім ін-це тэатр. мастацтва імя І.​Карпенкі-Карага. Лірыка-драм. актрыса, валодае сцэн. абаяльнасцю, музычнасцю, шчырасцю: Гелена («Варшаўская мелодыя» Л.​Зорына, 1967), Далорэс («Каменны гаспадар» Лесі Украінкі, 1971), Ларыса («Беспасажніца» А.​Астроўскага, 1973), Леся Украінка («Спадзявацца» Ю.​Шчарбака, 1979), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.​Чэхава, 1980), Саша («Іванаў» А.​Чэхава, 1985), Таісія Пятроўна («Урокі музыкі» Л.​Петрушэўскай, 1989) і інш. Выступае і ў камед. ролях. З 1957 здымаецца ў кіно: «Салют, Марыя!», «Утаймаванне агню», «Авадзень», «Вечны кліч», «За што?», «Чатыры лісты фанеры», «Два месяцы, тры сонцы» і інш. Дзярж. прэмія Украіны 1981.

Літ.:

Актеры советского кино. Вып. 12. М., 1976.

А.М.Рогаўцава.

т. 13, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНУА́Р ((Renoir) Жан) (15.9.1894, Парыж — 12.2.1979),

французскі кінарэжысёр. Сын А.Рэнуара. З 1924 у кіно (у 1941—51 у Галівудзе). Найб. значны фільм — «Вялікая ілюзія» (1937, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі) пра падзеі 1-й сусв. вайны. Сярод інш. фільмаў: «Марсельеза» і «Чалавек-звер» (абодва 1938), «Правілы гульні» (1939), «Французскі канкан» (1956), «Снеданне на траве» (1959), «Маленькі тэатр Жана Рэнуара» (тэлефільм, 1969). Для яго творчасці характэрна спалучэнне жыццёвай праўдападобнасці з паэт. успрыняццем свету і тэатр. пачаткам; у выяўл. і колеравых рашэннях арыентаваўся на традыцыі імпрэсіянісцкага жывапісу. Аўтар кнігі пра свайго бацьку (1962), аўтабіягр. кн. «Маё жыццё і мае фільмы» (1974). Спец. прэмія «Оскар» 1975.

Тв.:

Рус. пер. — Моя жизнь и мои фильмы., М., 1981.

Літ.:

Лепроон П. Современные французские кинорежиссеры: Пер. с фр. М., 1960;

Жан Ренуар: Статьи. Интервью. Воспоминания. Сценарий: Пер. с фр. М., 1972.

т. 14, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЧ ((Bartsch) Ігнат) (27.7.1697, г. Клодзка, Польшча — 5.7.1753),

сталяр і разьбяр па дрэве. У 1725—28 працаваў у Брэсцкім езуіцкім калегіуме. З 1731 жыў у Вільні. Працаваў пры касцёле св. Яна, рабіў для яго мэблю. Удзельнічаў у аздабленні інтэр’ера, тэатр. залы, б-кі і інш. памяшканняў Віленскай езуіцкай акадэміі.

т. 2, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАЯ́НАВА (Алена Іванаўна) (13.7.1819 — 26.10.1857),

руская балерына. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1837). Да 1854 у Пецярбургскай балетнай трупе. Прадстаўніца рамант. балета. Выкананне Андраянавай вызначалася віртуознасцю класічнага і характарнага танцаў, пантамімнай выразнасцю, тэмпераментам, дасканаласцю пластыкі. Першая рус. выканальніца партый Жызэлі («Жызэль» А.​Адана), Пахіты («Пахіта» Э.​Дэльдэвеза) і інш.

т. 1, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)