КЁЛЕР ((Köhler) Георг) (н. 17.4.1946, г. Мюнхен, Германія),

нямецкі імунолаг. Скончыў Фрайбургскі ун-т (1971). З 1971 у імуналагічным ін-це (г. Базель, Швейцарыя), з 1974 у лабараторыі малекулярнай біялогіі Кембрыджскага ун-та (Вялікабрытанія). З 1985 дырэктар ін-та імунабіялогіі М.​Планка (г. Фрайбург). Навук. працы па даследаваннях выпрацоўкі антыцел. Распрацаваў біятэхналогію атрымання монакланальных антыцел, што сакрэтызуюцца клетачнымі гібрыдамі. Нобелеўская прэмія 1984 (разам з Н.К.Ерне, С.Мільштэйнам).

Г.Кёлер.

т. 8, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЖЫЖАНО́ЎСКІ Канстанцін, бел. скрыпач, педагог і кампазітар сярэдзіны 19 ст. Выкладаў музыку ў Мінскай мужчынскай гімназіі, прыватных пансіёнах. Выступаў у аматарскіх канцэртах як скрыпач і спявак. Сябраваў з С.​Манюшкам і В.​Дуніным-Марцінкевічам. Разам з Манюшкам стварыў музыку да спектакляў тэатра Дуніна-Марцінкевіча «Рэкруцкі набор» (1841) і «Ідылія» («Сялянка», 1852). У сваіх творах выкарыстоўваў нар. песенныя і танц. мелодыі. Сярод яго вучняў М.Ельскі.

А.​Д.​Капілаў.

т. 8, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БДЭН ((Cobden) Рычард) (3.6.1804, Данфард, каля г. Мідхерст, Вялікабрытанія — 2.4.1865),

палітычны дзеяч Вялікабрытаніі. Прыхільнік эканам. лібералізму, ідэолаг прамысл. буржуазіі. Фабрыкант. У 1838 разам з Дж.​Брайтам заснаваў Лігу супраць хлебных законаў і пачаў барацьбу з агр. пратэкцыянізмам, які выражаў інтарэсы зямельнай арыстакратыі. У 1841—57 і 1859—65 чл. палаты абшчын. З пазіцый пацыфізму выступаў за скарачэнне ўзбраенняў, міжнар. арбітраж, крытыкаваў знешнюю палітыку Г.​Дж.​Пальмерстана.

т. 8, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Уладзімір Іванавіч) (н. 2.1.1947, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-р мед. н. (1991), праф. (1992). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1970), працуе ў ім (з 1998 заг. кафедры). Навук. працы па адаптацыйнай медыцыне і эксперым. кардыялогіі.

Тв.:

Stress-induced stomach peptic ulceration: Treatment with adaptation to periodic Hypoxia (разам 3 У.​Ц.​Валуём, М.​Я.​Фёдаравым) // Pathophysiology. 1998. Vol. 5.

т. 8, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМІ́Н (Артур Васілевіч) (н. 26.3.1929, Мінск),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Канд. тэхн. н. (1964), праф. (1989). Скончыў БПІ (1953). З 1953 у БПА. Навук. працы па супраціўленні стомленасці і надзейнасці дэталей машын. Распрацаваў методыкі разліку на надзейнасць і даўгавечнасць дэталей машын агульнага прызначэння.

Тв.:

Расчеты деталей машин. 3 изд. Мн., 1986 (разам з І.​М.​Чэрніным, Б.​С.​Козінцавым), Прикладная механика. Мн., 1997 (у сааўт.).

т. 8, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПЧАНКА (Генадзь Уладзіміравіч) (н. 16.6.1941, пас. Яленаўка Данецкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў Марыупальскі металург. ін-т (1963). З 1970 у Фіз.-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэрмічнай апрацоўцы металаў, гарачатрывалых і каразійнаўстойлівых матэрыялах, металазнаўстве каляровых і высакародных металаў і сплаваў.

Тв.:

Структура и свойства эвтектических композиционных материалов. Мн., 1986 (разам з Л.​М.​Несцяровічам).

т. 9, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ВА,

даўні від бел. нар. мэблі. Масіўная доўгая шырокая дошка, замацаваная на калодках ці ножках. У хаце звычайна былі 2 нерухомыя Л. ўздоўж сцен, якія сыходзіліся на покуці. Л. маглі мець спінку (з адной дошкі ці наборную), часам упрыгожаную разьбой. З канца 19 ст. Л. саступіла месца рухомай мэблі (канапам, крэслам і інш.) і часта выкарыстоўвалася разам з ёй. У наш час амаль выйшла з ужытку.

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НДШТАЙНЕР ((Landsteiner) Карл) (14.6.1868, Вена — 26.6.1943),

аўстрыйскі вучоны, адзін з заснавальнікаў імунагематалогіі. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Венскі ун-т (1891). З 1922 праф. паталогіі і бактэрыялогіі Ракфелераўскага ін-та ў Нью-Йорку. Навук. працы па імуналогіі і імунахіміі. Разам з Я.​Янскім адкрыў групы крыві чалавека (1900), з Э.​Поперам даказаў інфекц. прыроду поліяміэліту (1909), з А.​Вінерам выявіў рэзус-фактар (1940). Нобелеўская прэмія 1930.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ДЭРБЕРГ ((Lederberg) Джошуа) (н. 23.5.1925, г. Монтклэр, ЗША),

амерыканскі генетык і біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Калумбійскі (1944) і Іельскі (1947) ун-ты. У 1947—58 у Вісконсінскім ун-це, з 1959 праф. Станфардскага і адначасова з 1962 Каліфарнійскага (з 1978 рэктар) ун-таў. Навук. працы па генетыцы мікраарганізмаў. Адкрыў механізм генет. рэкамбінацыі ў бактэрый. Нобелеўская прэмія 1958 (разам з Дж.Бідлам і Э.Тэйтэмам).

Дж.Ледэрберг.

т. 9, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕН ((Lehn) Жан Мары П’ер) (н. 30.9. 1939, г. Расэм, Францыя),

французскі хімік-арганік. Чл. Парыжскай АН (1985). Скончыў Страсбурскі ун-т (1960), дзе працаваў у 1963—79 (з 1970 праф.). З 1979 у Калеж дэ Франс. Навук. працы па хіміі макрагетэрацыклічных злучэнняў (краўн-эфіраў). Распрацаваў агульныя метады сінтэзу полімакрацыклічных краўн-сістэм, у т. л. металаарган. характару. Нобелеўская прэмія 1987 (разам з Д.​Дж.Крэмам, Ч.Педэрсенам).

т. 9, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)