колькасць малака, атрыманага ад с.-г. жывёл за пэўны перыяд часу; паказчык малочнай прадукцыйнасці жывёлы. Адрозніваюць Н.: разавы, сутачны, месячны, гадавы, лактацыйны (за перыяд лактацыі) і пажыццёвы. Залежыць ад віду, пароды, узросту (павышаецца да 6—7-й лактацыі, потым зніжаецца), стадыі лактацыі (у першыя 1,5—3 мес павышаецца, потым зніжаецца), індывід. асаблівасцей (масы і складу цела жывёлы, узросту на момант 1-га ацёлу, фізіял. стану і інш.), кармлення, умоў трымання і тэхналогіі даення жывёл. Сярэднія лактацыйныя Н. (тыс.кг) кароў 1—5 і больш, кабыл і вярблюдзіц 1—2, зебу 0,8—1,2, буйваліц 0,8—1, коз 0,15—0,2. Найб. Н. у кароў кастрамской, сіментальскай, халмагорскай, чорна-пярэстай, чырв. дацкай, яраслаўскай і інш.парод (гл. адпаведныя арт.). На Беларусі сярэдні гадавы Н. кароў каля 2,5 тыс.кг (1990-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРОДАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,
найб. пашыраныя мінералы зямной кары, з якіх пераважна або цалкам складзены горныя пароды. Прадстаўлены сілікатамі (больш за 75% масы зямной кары), карбанатамі, аксідамі, хларыдамі і сульфатамі. Вылучаюць галоўныя (асноўныя) П.м. (больш за 10% у пародзе), другарадныя (1—10%) і акцэсорныя мінералы (менш за 1%). Найб. пашыраныя П.м.; кварц, палявыя шпаты, слюды (характэрны для ўсіх груп парод: магматычных, асадкавых, метамарфічных); амфіболы, піраксены (магматычныя, метамарфічныя); гліністыя (гідраслюда, каалін, монтмарыланіт) і карбанатныя (кальцыт, даламіт) мінералы (пераважна асадкавыя). Радзей П.м. з’яўляюцца алівін, ільменіт, нефелін, лейцыт, магнетыт, гранат, хларыт, глаўканіт, апатыт, гіпс, ангідрыт, галіт, сільвініт і інш. Адрозніваюць П.м.: светлыя (кварц, палявыя шпаты і інш.) і цемнаколерныя (біятыт, амфіболы, піраксены і інш.); першасныя (сінгенетычныя з утварэннем пароды) і другасныя (узнікаюць пры пераўтварэнні пароды). Хім. элементы, якія складаюць П.м., наз.петрагеннымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВІКІ, радыялярыі (Radiolaria),
клас (падкл.) прасцейшых падтыпу саркодавых. 4 атр., каля 8 тыс. відаў. Адзіночныя, радзей каланіяльныя формы. Жывуць пераважна ў цёплых морах у складзе планктону. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн.г. назад). Рэшткі П. уваходзяць у састаў геал.парод: апокі, радыялярыту, трэпелу, яшмы. На Беларусі адзначаны ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Памеры ад 0,04 да 1 мм, у некат. каланіяльных — да некалькіх сантыметраў. Унутр. шкілет — скурыстая капсула з порамі, вонкавы — мінеральны, з воднага крэменязёму (апалу) або сернакіслага стронцыю. У цытаплазме П. трапляюцца аднаклетачныя водарасці. Ад цела адыходзяць шматлікія псеўдаподыі, іх функцыя — улоўліванне корму, — інш. прасцейшых. Размнажаюцца дзяленнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКА-ДАНЕ́ЦКІ АЎЛАКАГЕ́Н,
пахаваны палеазойскі рыфт. Уключае Данецкі рыфт, Брагінска-Лоеўскую седлавіну і Прыпяцкі рыфт. Даўж. 1200 км, шыр. 70—170 км. Сфарміраваўся ў герцынскі тэктанічны этап, пераважна ў познім дэвоне. У паўн.-зах. напрамку глыбока ўразаецца ва Усх.-Еўрап. платформу з боку яе паўд. складкавага абрамлення і заканчваецца на ўсх. схіле Палескай седлавіны. На ПнУ аўлакаген адмежаваны ад Беларускай і Варонежскай антэкліз Баранавіцка-Астраханскім, а на ПдЗ ад Украінскага шчыта — Палеска-Маныцкім глыбіннымі мантыйнымі разломамі. Запоўнены магутнай тоўшчай вулканагенна-асадкавых парод рыфею, венду і дэвону; адклады карбону, пярмі, трыясу, юры, мелу, палеагену, неагену і антрапагену складаюць накладзеную на рыфт Прыпяцка-Дняпроўскую сінеклізу. Магутнасць асадкавага чахла павялічваецца ад 1—6 км на ПнЗ да 12 км, магчыма да 24 км на ПдУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕКЛІ́ЗА (ад грэч. syn разам + enklisis нахіленне),
вялікі (да некалькіх сотняў метраў, часам больш за 1 тыс.км у папярочніку) няправільна-авальнай ці акруглай формы пакаты прагін у межах платформы. Нахіл слаёў на крылах — долі градуса, на флексурах да 1°. Запоўнена магутнай тоўшчай (ад 3 да 8 км, радзей да 20 км) асадкавых або вулканагенна-асадкавых парод. Ускладнена структурамі 2-га (скляпенні, упадзіны), 3-га (валы, дэпрэсіі) і больш дробных парадкаў. Развіваюцца на працягу аднаго або некалькіх тэктанічных цыклаў, нярэдка над аўлакагенамі. Адрозніваюць С. накладзеныя, унаследаваныя, краявыя (вузлавыя), трапавыя і інш. Да С. часта прымеркаваны артэзіянскія, вугляносныя, саляносныя, нафтаносныя і інш. басейны. Тэрмін прапанаваны сав. геолагам А.П.Паўлавым у 1903. На тэр. Беларусі заходзіць ч.Маскоўскай сінеклізы. Гл. таксама Антэкліза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́НКІ,
група парод дробных даўгашэрсных дэкар. сабак. Выведзены ў г. Балоння (Італія). У свеце больш вядомыя пад назвай бішоны: вялікі, гаванскі, бішон-фрыз, бішон-ліо і інш. Гадуюцца сабакаводамі-аматарамі ўсюды.
Найб. пашыраны балонкі: мальтыйская (балонскі бішон), выш. ў карку 20—25 см пры масе 3—4 кг (іншы раз да 5 кг), поўсць белая, прамая, шаўкавістая, тонкая; французская (бішон-фрыз), выш. ў карку 20—26 см, поўсць белая, доўгая, мяккая, хвалепадобная або кучаравая з густым падшэрсткам. Ва ўсіх балонак морда карацейшая за чэрап, вушы віслыя, на храстку, канстытуцыя сухая, мускулістая. Сабакі разумныя, рухавыя, даўгавечныя. Гадуюць таксама каляровых балонак, выведзеных у 1950-я г. ў Ленінградзе скрыжаваннем з пекінесамі і тыбецкімі тэр’ерамі, ад якіх яны атрымалі ў спадчыну масць розных адценняў, больш расцягнутае тулава і вышыню да 28 см.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДБІ́ТКІраслін і жывёл,
выкапнёвыя сляды існавання раслін і жывёл у слаях асадкавых парод, від акамянеласцяў. Звычайна ў выкапнёвым стане захоўваюцца адбіткі лісця, ствалоў, пладоў і інш. частак раслін, шкілетаў, панцыраў, радзей цэлых жывёлін. Утварыліся з рэшткаў пахаваных у асадках вадаёмаў і мінер. крыніц, дзюнных пясках, вулканічных туфах і магмах, каменным вугалі.
Бываюць афарбаваныя вокісламі жалеза або марганцу, часам пакрыты вуглістай, крамянёвай або жалезістай плёнкай. На Беларусі адбіткі раслін трапляюцца ў адкладах усіх раздзелаў фанеразою ў выглядзе адбіткаў лісця, пустот ад драўніны, шышак, пладоў, злепкаў дзеразападобных, членістасцябловых, папарацепадобных, рызоідаў, стыгмарыяў, адбіткі жывёл — у адкладах ад ардовіку да галацэну; трылабіты, губкі, каралы, ракападобныя, астракоды, малюскі, імшанкі, рыбы і інш. жывёлы. Адбіткі раслін даследуе палеабатаніка, адбіткі жывёл — палеазаалогія.
Да арт.Адбіткіраслін і жывёл: 1 — адбітак папараці з ніжняга мелу; 2 — маладыя і дарослыя трылабіты з кембрыйскіх адкладаў Сібіры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІКАЛЯТЧА́НСКІ БАТАНІ́ЧНЫ САД.
Існаваў з пач. 20 ст. да 1924 у маёнтку Вял. Лётцы, за 15 км ад Віцебска. Створаны У.У.Адамавым з дапамогай Бат. ін-та Пецярбургскага ун-та, бат. саду Расійскай АН, садовых устаноў Варшавы, Парыжа, Жэнеўскага альпійскага саду і інш. Да 1910 у Вялікалятчанскім батанічным садзе меліся 344 віды дрэвавых (з іх 23 хвойных, 13 ліян), 664 травяністых і паўкустовых раслін, 13 відаў папарацей, у 1924 — каля 400 відаў рэдкіх дрэвавых парод (раслін-альбіносаў, стракаталістых формаў — клён вастралісты, бяроза нізкая і інш.), шмат раслін з сям. араліевых (аралія маньчжурская, акантапанакс сядзячакветны і інш.), калекцыя шматгадовых травяністых раслін (у т. л. альбіносаў), цяпліца з 300 відамі экзотаў, гербарый, «жывы зельнік» (больш за 2 тыс. відаў лек., тэхн. і інш. раслін), бат. музей. Пасля 1924 частку калекцый (да 200 відаў) перанеслі ў Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЕ СХО́ВІШЧА,
ёмішча для захоўвання газу. Прызначана таксама для згладжвання сутачнай і сезоннай нераўнамернасці спажывання газу, выраўноўвання ціску ў газаправодзе, аварыйнага назапашвання газу. Бываюць наземныя і падземныя.
Наземныя газавыя сховішчы — газгольдэры, падземныя (больш умяшчальныя, бяспечныя і танныя) ствараюцца ў порыстых пародах або ў поласцях горных парод, у горных выпрацоўках, закінутых шахтах і інш. Газ захоўваецца ў газападобным (пад ціскам 12—15 МПа) або ў звадкаваным (0,8—2 МПа) стане. У ізатэрмічных газавых сховішчах звадкаваны газ захоўваецца пад ціскам, блізкім да атмасфернага (2,5 кПа), і пры т-ры да -200 °C; яны маюць форму наземных або заглыбленых танкасценных цеплаізаляваных рэзервуараў аб’ёмам да 50 тыс.м³. Нізкія т-ры ў такіх газавых сховішчах падтрымліваюцца халадзільнымі ўстаноўкамі. Да ізатэрмічных газавых сховішчаў адносяць і катлаваны з замарожанымі сценкамі аб’ёмам да 30 тыс.м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗЫ ПРЫРО́ДНЫЯ ГАРУ́ЧЫЯ,
прыродныя сумесі вуглевадародаў метанавага рада (метан, этан, прапан і інш.), якія запаўняюць поры і пустоты горных парод, рассеяны ў глебе, раствораны ў нафце і пластавых водах. Падзяляюць на ўласна прыродныя газы, што залягаюць у пластах, якія не ўтрымліваюць нафты (маюць 93—98% метану); газы нафтавыя спадарожныя, газы газакандэнсатных радовішчаў, цвёрдыя газавыя гідраты (газагідратныя паклады).
Па колькасці цяжкіх вуглевадародаў (ад прапану і вышэй) прыродныя газы адносяць да т.зв. сухіх ці бедных газаў (менш за 50 г/м³), астатнія газы прыродныя гаручыя — да газаў сярэдняй тлустасці (50—150 г/м³) і тлустых (больш за 150 г/м³). Газы прыродныя гаручыя маюць таксама азот, вуглякіслы газ, серавадарод, некаторыя рэдкія газы (напр., гелій, аргон) і вадзяную пару. Выкарыстоўваюць як паліва (цеплата згарання 34,3 МДж/м³) і сыравіну ў вытв-сці аміяку, ацэтылену, вадароду, метанолу і інш.хім. рэчываў.