ЛАРКО́Ў (Віктар Макаравіч) (н. 5.5.1936, в. Равячына Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гідратэхнікі. Д-р тэхн. н., праф. (1998). Скончыў БСГА (1962), дзе і працаваў (у 1992—98 заг. кафедры). Навук. працы па гідраўліцы, гідратэхн. збудаваннях (у т. л. рэсурсазберагальных канструкцыях), выкарыстанні і ахове водных рэсурсаў, рыбагаспадарчай гідратэхніцы.

Тв.:

Водопропускные сооружения низконапорных гидроузлов. Мн., 1990;

Облегченные конструкции водопропускных сооружений. Мн., 1997;

Актуальные проблемы гидроэнергетики. Мн., 1998 (разам з Ф.​Ф.​Бацюком).

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРЭА́Т (ад лац. laureatus увенчаны лаўрам),

асоба, якой прысуджана дзярж. або міжнар. прэмія, а таксама пераможца мастацкіх конкурсаў. Тэрмін «Л.» узнік у Стараж. Грэцыі, дзе ганаровым вянком з галінак лаўра ўзнагароджваліся пераможцы якіх-н. спаборніцтваў. Такі ж звычай існаваў у Стараж. Рыме. Звычай узнагароджваць пераможцаў лаўровым вянком захаваўся да цяперашняга часу. У Рэспубліцы Беларусь Л. называюць асоб, якім прысуджана дзярж. прэмія, а таксама пераможцаў конкурсаў музыкантаў, майстроў эстрады, спарт. спаборніцтваў і да т.п.

т. 9, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́РЧАНКА (Леанід Дзмітрыевіч) (24.7. 1923, г. Магілёў — 18.7.1943),

Герой Сав. Саюза (1965). У пачатку Вял. Айч. вайны ў нар. апалчэнні Магілёва, потым у падп. групе на аўтарамонтным з-дзе Магілёўскага патрыят. падполля, з крас. 1943 у 600-м партыз. атрадзе. 18 ліп. ў няроўным баі з карнікамі каля в. Антонава Буда Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. апошняй гранатай падарваў сябе і гітлераўцаў, якія акружылі яго. На магіле Л. каля в. Антонава Буда помнік.

Л.​Дз.Лорчанка.

т. 9, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ЎСПРЫІ́МЛІВАСЦЬ,

безразмерная фіз. велічыня, якая характарызуе здольнасць рэчыва намагнічвацца пад уздзеяннем знешняга магн. поля. Абазначаецца χ. У статычным магн. полі для аднароднага і ізатропнага магнетыка вызначаецца формулай: χ = J H , дзе J — модуль намагнічанасці і H — модуль напружанасці магнітнага поля. З магнітнай пранікальнасцю μ (звязана суадносінамі) χ = μ−1. У ферамагнетыках дасягае некалькіх тысяч, у пара- і дыямагнетыках — у межах 10​−3—10​−5 (у дыямагнетыках — адмоўная). Гл. таксама Дыямагнетызм, Парамагнетызм, Ферамагнетызм.

т. 9, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́ ЕНІСЕ́Й, Ка-Хем,

рака ў Манголіі і Тыве (Расія), левая складаючая р. Енісей. Даўж. 563 км, пл. басейна 58,7 тыс. км². Пачынаецца ў Дархацкай катлавіне пад назвай Шышхід-Гол, у межах Тывы пад назвай Кызыл-Хем цячэ ў адгор’ях Зах. Саяна ў вузкай даліне, парожыстая. Нізоўі ў Тувінскай катлавіне, дзе суднаходная на 142 км. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 415 м³/с. У сутоках М. і Вял. Енісея г. Кызыл.

т. 10, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я КО́НІКІ (Hippocampus),

род рыб сям. іголкавых атр. колюшкападобных (пучкашчэлепных). Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных морах. Жывуць каля берагоў у зарасніках марской травы, водарасцей і каралаў.

Даўж. да 20 см. Формай цела нагадваюць шахматную фігуру — каня. У самцоў у канцы хваста знаходзіцца вывадковая камера, дзе яны выношваюць ікрынкі. Кормяцца пераважна дробнымі ракападобнымі. Здольныя выдаваць нізкія гукі з амплітудай 500—4800 Гц, якія нагадваюць шчоўканне пальцамі.

Марскія конікі: 1 — даўгарылы; 2 — еўрапейскі.

т. 10, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРКА́ТАР [Mercator, лацінізаванае прозвішча Крэмера (van Kremer)] Герард (5.3.1512—2.12.1594), фламандскі картограф. Па заканчэнні ун-та ў Лувене займаўся вырабам дакладных аптычных прылад і выданнем картаў. У 1552 эмігрыраваў у Дуйсбург (Германія). Прапанаваў новыя прынцыпы пабудовы картаў, у т. л. некалькі картаграфічных праекцый, з якіх найб. вядома цыліндрычная роўнавугольная праекцыя карты свету (1569). Яе выкарыстоўваюць пры складанні картаў, дзе патрэбна дакладнае адлюстраванне вуглоў. Даследаваў зямны магнетызм і вылічыў каардынаты магнітнага полюса. Асн. праца — зборнік карт еўрап. краін, названых «Атласам» (1595).

Г.Меркатар.

т. 10, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЭ́ЖА,

у беларусаў традыц. рыбалоўная снасць. Складаецца з 2 сеткавых мяшкоў (кулёў), нацягнутых на абручы і злучаных з аднаго боку паміж сабою сеткай, што перагароджвала шлях рыбе і накіроўвала яе ў конусападобныя горлы сеткі. Мяшкі скіраваны горламі адзін да аднаго; з аднаго боку яны адкрытыя, каб заходзіла рыба, з другога — зацягнуты матузом. Ставяць М. пераважна на азёрах, найчасцей па некалькі ў рад. Найб. пашырана на Паазер’і, дзе ў наш час з’яўляецца прыладай прамысл. лову.

Мярэжа.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЧКО́ЎСКІ (Станіслаў Антонавіч) (н. 12.6.1935, в. Паўленкі Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аналіт. і фіз. хіміі. Д-р хім. н. (1995). Скончыў БДУ (1959), дзе і працуе. Навук. працы па аналіт. хіміі і фізікахіміі сарбцыйных, іонаабменных і храматаграфічных працэсаў. Распрацаваў новы кірунак у хім. аналізе ультрамалых канцэнтрацый.

Тв.:

Аналитическая химия. 2 изд. Мн., 1991;

Сорбционно-колористический метод анализа следов тяжелых металлов (у сааўт.) // Вестн. БГУ. Сер. 2. 1991. № 1.

т. 11, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПЕРАРЫ́ЎНЫ ДРОБ, ланцуговы дроб,

адзін з асн. спосабаў прадстаўлення лікаў і функцый. Выкарыстоўваецца ў тэорыі лікаў, матэм. аналізе, механіцы, тэорыі імавернасцей.

Н.д., які адлюстроўвае лік a, можна атрымаць, калі запісаць гэты лік у выглядзе a = a0 + 1/a1, дзе a0 — цэлы лік і 0 < 1/a1< 1, потым у такім жа выглядзе запісаць a1 і г.д. Гэты працэс прыводзіць да канечнага дробу, калі a — рацыянальны лік, і да бясконцага ў выпадку ірацыянальнага ліку.

т. 11, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)