ВЯЛІ́КАЯ МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Major),

незаходнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 галоўных, найб. яркіх, зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Усе яны 2-й зорнай велічыні, акрамя левай верхняй зоркі «каўша» (3-й велічыні). Каля сярэдняй зоркі «ручкі каўша» (Міцара) простым вокам відаць зорка Алькор. 125 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і ёсць яркія галактыкі. На тэр. Беларусі Вялікую Мядзведзіцу відаць круглы год. Гл. Зорнае неба.

Па «каўшы» Вялікай Мядзведзіцы знаходзяць Палярную зорку, праз 2 крайнія зоркі (ад β да α) мысленна праводзяць лінію і прадаўжаюць яе прыблізна на пяцікратную адлегласць паміж гэтымі зоркамі.

Сузор’і Вялікая Мядзведзіца і Малая Мядзведзіца.

т. 4, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ КАЎКА́З,

горная сістэма, якая цягнецца з З на У паміж Чорным і Каспійскім морамі. Даўж. больш за 1100 км, шыр. да 180 км. У восевай ч.Галоўны, або Водападзельны, хрыбет і Бакавы хрыбет, ім спадарожнічаюць перадавыя і папярочныя ланцугі выш. да 4000 і 5000 м (найб. 5642 м, г. Эльбрус). Вялікі Каўказ падзяляюць на 3 часткі: Зах. Каўказ (да Эльбруса), Цэнтр. Каўказ (паміж Эльбрусам і Казбекам) і Усх. Каўказ (на У ад Казбека). На схілах — горна-лясныя, горна-лугавыя і горна-стэпавыя ландшафты. Значнае сучаснае зледзяненне (каля 200 ледавікоў, агульная пл. 1424 км²). Гл. таксама Каўказ.

Да арт. Вялікі Каўказ. Прыэльбруссе.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ПАДВО́РЛІК (Aquila clanga),

драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве ў вял. масівах высакастволых увільготненых лісцевых і мяшаных лясоў каля вадаёмаў. На Беларусі адзначаны ў паўд., усх. і паўн. частках; рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела каля 75 см, маса каля 3,2 кг, самкі большыя за самцоў. Апярэнне аднатоннае, цёмна-бурае, патыліца і надхвосце святлейшыя. Дзюба і кіпцюры чорныя. Васкавіца і ногі жоўтыя. Цэўка аперана да пальцаў. Гнёзды на вял. дрэвах, на выш. 12—20 м, выкарыстоўвае некалькі гадоў запар. Выседжвае 1—3 птушанят. Корміцца пераважна дробнымі грызунамі, птушкамі, жабамі, насякомымі. Добра пераносіць няволю.

Вялікі падворлік.

т. 4, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛЯ́ЦІЧЫ,

вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на р. Нача (бас. Дняпра). Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 36 км на ПдУ ад г. Барысаў, 112 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Прыяміна. 1922 ж., 928 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква.

Каля вёскі выяўлены селішча 6—10 ст. і курганны могільнік 10—11 ст. Сярод знаходак на селішчы ляпная і ганчарная кераміка, крамянёвыя загатоўкі для стралы, жал. нож. У кургане з трупапалажэннем знойдзены шкляныя залачоныя і бронзавыя пацеркі, медны бранзалет, жал. нож, у курганах з трупаспаленнем — жал. спражка і фрагмент бронзавага ўпрыгожання.

т. 4, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯНО́ЗНЫ ЦІСК,

ціск крыві, якая рухаецца па венах. Велічыня вянознага ціску залежыць ад аб’ёму крыві, якая паступае ў вянозную сістэму, ад тонусу вянозных сасудаў, ціску крыві ў правым перадсэрдзі. Адрозніваюць гідрадынамічны і гідрастатычны вянозны ціск. У найб. буйных венах (верхняя і ніжняя полыя вены) вянозны ціск можа дасягаць адмоўных велічынь. У венах вышэй ад узроўню сэрца вянозны ціск бывае ніжэйшы за атмасферны, макс. значэнняў ён дасягае ў ніжніх канечнасцях чалавека. Вымяраюць ціск у гарыз. становішчы цела. У здаровых людзей ён складае 80—120 мм вадзянога слупка. Вянозны ціск залежыць ад узросту: у дзяцей павялічваецца ад 40 да 100 мм вадзянога слупка; у пажылых зніжаецца.

т. 4, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРКУ́ДСКАЕ ВО́ЗЕРА, Вяркуда,

ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 17 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 1,8 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1,3 км, найб. глыб. 12 м, даўж. берагавой лініі 9 км. Пл. вадазбору 9,1 км². Схілы катлавіны выш. 25—30 м, пераважна пад лесам, на У 5—7 м, разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пд нізкія, забалочаныя. Падводная частка катлавіны складаецца з 2 плёсаў. Прыбярэжная зона пясчаная, глыбакаводная, выслана глеямі. Паласа расліннасці шыр. да 140 м. Упадаюць 3 ручаі, на ПнЗ злучана ручаём з Павульскім возерам.

т. 4, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БАР ((Gábor) Андар) (24.1.1884, в. Уйнеп, Венгрыя — 20.1.1953),

венгерскі пісьменнік. Скончыў Будапешцкі ун-т. У 1920—50 у эміграцыі, у 1933—45 у СССР. Літ. дзейнасць пачаў у 1900. Аўтар зб-каў вершаў «Арговань» (1920), «Таму што ганьба жыць і не заклікаць» (1923), рамана «Доктар Ніхто» (т. 1—2, 1946), сатыр. п’есак і фельетонаў («Пешцкія рыданні. Кніга пра вялікі горад», 1912) і інш. Пераклаў на венг. мову бел. нар. песні «Маё жаданне», «З-за лесу сонца ўсходзіць...», вершы Я.​Купалы «Абвілася краіна...», «А хто там ідзе?», «Выйдзі...», «Выпраўляла маці сына», «Хвалююцца морскія хвалі...», «Гэй наперад!» і інш. Аўтар арт. «Янка Купала, беларускі паэт» (1941).

т. 4, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ГЕН (Мікалай Аляксандравіч) (24.3.1895, в. Лахта, цяпер у межах Санкт-Пецярбурга — 20.5.1969),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-лейт. (1943). Скончыў Вышэйшую ваенна-пед. школу (1929). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У ліп. 1941 153-я стралк. дывізія пад яго камандаваннем утрымлівала абарону на падыходзе да Віцебска (гл. Віцебска абарона 1941), з 22 ліп. да вер. 1941 знішчыла каля 200 танкаў, 56 гармат, шмат інш. тэхнікі і жывой сілы праціўніка. За стойкасць у гэтых баях і ў Смаленскай бітве дывізія адна з першых удастоена наймення «гвардзейскай». Да 1959 на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВЕ́НЧЫЦЫ,

вёска ў Антонаўскім с/с Чавускага р-на Магілёўскай вобл. За 13 км ад Чавусаў, 50 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Чавусы. 171 ж., 81 двор (1997). Клуб, б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў.

Упершыню ўпамінаецца ў 1560 як сяло ў Магілёўскай воласці, дзярж. ўласнасць. У 1785 цэнтр памешчыцкага маёнтка Чавускага пав. Магілёўскага намесніцтва; 438 ж., 58 двароў, драўляная царква. У 1885 вёска ў Чавускай воласці, 256 ж., 52 двары, раз на год праводзіўся кірмаш. З 1924 да 1954 Галавенчыцы — цэнтр сельсавета Чавускага р-на. У Вял. Айч. вайну ў 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі 122 двары, загубілі 13 жыхароў.

т. 4, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВІ́Н (Фёдар Аляксеевіч) (1650—10.8.1706),

расійскі дзярж. і ваен. дзеяч, дыпламат. Адмірал (1699), ген.-фельдмаршал (1700). Граф (1701). Паплечнік Пятра I. З дваранскага роду Галавіных. Склаў і падпісаў з Кітаем Нерчынскі дагавор 1689. Удзельнічаў у Азоўскіх паходах Пятра I (1695—96), камандаваў эскадрай (1695). З 1697 узначальваў Зброевую, Залатую і Сярэбраную палаты. Быў 2-м паслом Вялікага пасольства (1697—98) у краіны Зах. Еўропы. У 1698—99 узначальваў Ваенна-Марскі прыказ і Манетны двор, з 1700 — Пасольскі прыказ. Стварыў сістэму пастаянных рас. прадстаўніцтваў за мяжой. З 1701 кіраваў маскоўскай Навігацкай школай. Аўтар твора «Глобус нябесны» (выдадзены ў Амстэрдаме ў 1715).

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)