КАНСТЫТУЦЫ́ЙНА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ, кадэты, к.-д., партыя «народнай свабоды»,
палітычная арг-цыя леваліберальнага кірунку, адна з гал. партый у Расіі ў 1905—17. Аформілася на 1-м (12—18.10.1905, Масква) і 2-м (4—11.1.1906, Пецярбург) з’ездах на аснове арг-цый «Саюз вызвалення» і «Саюз земцаў-канстытуцыяналістаў» (засн. ў 1903—04) у ходзе рэвалюцыі 1905—07. Сац. склад — інтэлігенцыя, сярэдняя гар. буржуазія і ліберальна настроенае дваранства, а таксама служачыя, настаўнікі, рабочыя і інш. Паводле праграмы выступала за эвалюцыйнае развіццё рас. грамадства, замену самаўладства канстытуцыйнай і парламентарнай манархіяй на ўзор Вялікабрытаніі, мясц. самакіраванне, культ.-нац. самавызначэнне народнасцей, з аўтаноміяй для Польшчы, Фінляндыі і інш. У Дзярж. думе блакіраваліся з акцябрыстамі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 кіруючая партыя, яе прадстаўнікі ўваходзілі ў склад 3 кааліцыйных кабінетаў Часовага ўрада. Выступала за ліквідацыю двоеўладдзя, скліканне Устаноўчага сходу, правядзенне агр. і нац. рэформ. У кастр. 1906 70 тыс. членаў, у сак. 1917 да 100 тыс. членаў. Лідэры: П.М.Мілюкоў, П.Б.Струвэ, А.І.Шынгароў і інш.Афіц. друкаваныя органы — штотыднёвік «Вестник партии народной свободы» і газ. «Речь»; кадэцкай арыентацыі прытрымліваліся каля 70 цэнтр. і мясц. газет і часопісаў. У 1905—17 адбылося 10 з’ездаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 як праціўнік партыі бальшавікоў падтрымлівала белагвардзейскія ўрады. З 1920 у эміграцыі. На тэр. Беларусі арг-цыі кадэтаў існавалі ў 1905—06 у Магілёве і Пінску, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 да ліст. 1917 іх было больш за 30 (дзейнічалі ў Віцебску, Магілёве, Мінску, 28 у пав. гарадах і населеных пунктах).
Літ.:
Шелохаев В.В. Идеология и политическая организация российской либеральной буржуазии 1907—1914 гг.М., 1991;
Шардыка І.У. Да пытання аб колькасным і сацыяльным складзе арганізацый кадэцкай партыі на Беларусі ў 1917 г. // Весн. Бел.дзярж. ун-та. Сер 3. 1992. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАКУ́МЫ Туркменскія, пясчаная пустыня на Пд Сярэдняй Азіі, у Туркменістане. На Пн і ПнУ абмежавана Сарыкамышскай упадзінай і далінай Амудар’і, на ПдУ — узвышшамі Карабіль і Бадхыз, на Пд — падгорнай раўнінай Капетдага, на З — сухім рэчышчам Зах. Узбоя. Пл. каля 350 тыс.км². К. ўтвораны пераважна з пясчаных адкладаў пра-Амудар’і, на Пд — з асадкаў рэк Тэджэн і Мургаб. Пераважаюць пяскі, у асноўным замацаваныя градавыя, на Пд — бугрыстыя; пашыраны таксама сыпучыя барханавыя пяскі, пераважна вакол такыраў, што ўтварыліся на гліністых адкладах стараж. рачных разліваў. Характэрны саланчаковыя катлавіны — шоры. Радовішчы карысных выкапняў: сера (Дарваза), газ (Дарваза—Зеаглі, Ачак, Байрам-Алі), нафта. У рэльефе К. вылучаюцца: паўн. Заунгузскія К., або Заунгузскае плато (выш. пясчаных град да 40—60 м); паўд. Нізінныя, або Цэнтральныя, і Паўд.-Усходнія К. (выш. град ад 3—5 м да 30 м). Па мяжы Нізінных і Заунгузскіх К. размешчаны Унгуз. У Паўд.-Усх. К. знаходзіцца сухое рэчышча Узбоя Келіфскага. Клімат рэзка кантынентальны, сухі. Сярэднія т-ры студз. ад -5 °C на Пн да 3 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 28 °C да 34 °C. Сутачныя амплітуды т-ры паветра да 50 °C. Ападкаў ад 60 да 150 мм (на Пд) за год. Па паўн.-ўсх. мяжы К. цячэ р. Амудар’я; Тэджэн і Мургаб губляюцца ў пясках. К. багатыя грунтавымі водамі. Глебы на зарослых пясках шэра-бурага тыпу, у паніжэннях — саланчакі і такыры. Пераважае рэдкая травяністая расліннасць (пясчаная асака) з зараснікамі хмызнякоў (белы і чорны саксаул, пясчаная акацыя, эфедра, астрагалы), на барханавых пясках — кандым, чэркез, злак селін. Жывёльны свет: пясчаная рысь—каракал, джэйран, ліс, дзікабраз, заяц, грызуны, стэпавая чарапаха, яшчаркі—агама, геконы, варан, змеі; птушкі — саксаульная сойка, пустынны груган, павукападобныя — фалангі, скарпіёны. Большая ч. пустыні ўвесь год выкарыстоўваецца як паша. Уздоўж Амудар’і, Мургаба, Тэджэна, арашальнага Каракумскага канала аазіснае земляробства. У Паўд.-Усх. К. — Рэпетэкскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАТ [грэч. klima (klimatos) літар. нахіл; падразумяваецца нахіл зямной паверхні да сонечных прамянёў],
шматгадовы рэжым надвор’я, уласцівы пэўнай мясцовасці на Зямлі ў залежнасці ад геагр. умоў; адна з яе асн.геагр. характарыстык. Фарміруецца пры ўзаемадзеянні кліматаўтваральных працэсаў (прыход і расход прамяністай энергіі на зямной паверхні і ў атмасферы; цыркуляцыя атмасферы; вертыкальны цеплаабмен і вільгацеабмен у атмасферы), якія бесперапынна працякаюць у сістэме атмасфера—акіян—суша; мадыфікуюцца геагр. фактарамі і ствараюць разнастайныя тыпы К. Уяўленне пра К. складваецца на аснове стат. абагульнення вынікаў шматгадовых назіранняў над асн. метэаралагічнымі элементамі — сонечнай радыяцыяй, т-рай і вільготнасцю паветра, атм. ціскам, скорасцю і напрамкам ветру, воблачнасцю, атм. ападкамі і інш.Асн.геагр. фактары, што ўздзейнічаюць на К. асобнага рэгіёна: геаграфічная шырата, якая вызначае занальнасць і сезоннасць у размеркаванні сонечнай радыяцыі, т-ру паветра, атм. ціск і г.д. [гл.Кліматычныя паясы (зоны), Кліматычныя сезоны]; вышыня над узроўнем мора, ад якой залежыць вышынная пояснасць; размеркаванне сушы і мора (суша і вада па-рознаму паглынаюць, зберагаюць і аддаюць цяпло, вільгаць і г.д.); араграфія мясцовасці ўплывае на паветр. цячэнні, т-ру паветра, воблачнасць, атм. ападкі і інш.; акіянічныя цячэнні пераносяць з нізкіх шырот у высокія значную колькасць цяпла (напр., цячэнне Гальфстрым, якое аказвае значны ўплыў на К. Зах. Еўропы). Халодныя цячэнні з высокіх шырот ахаладжальна ўздзейнічаюць на К. рэгіёнаў, размешчаных у сярэдніх і нізкіх шыротах. Цячэнні ўплываюць і на вільгацезварот, садзейнічаюць утварэнню воблакаў і туманаў. К. асобных рэгіёнаў вызначаюцца таксама характарам расліннага покрыва, наяўнасцю ледавікоў і снегавога покрыва, асаблівасцямі клімату гарадоў і інш. У залежнасці ад маштабу разглядаемых частак зямной паверхні вылучаюць макраклімат, мезаклімат і мікраклімат. К. аказвае значны ўплыў на гасп. дзейнасць чалавека: на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі, размяшчэнне прамысл. прадпрыемстваў, паветраны, водны і наземны транспарт і г.д. Вывучае К. кліматалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНОС (грэч. Knōsos, Knōssos),
старажытны горад на в-ве Крыт, адзін з найважнейшых цэнтраў эгейскай культуры. Паселішча на месцы К. існавала з часоў неаліту; яно павялічылася ў раннемінойскі перыяд (каля 3000—2000 да н.э.), каля 2200 ці 2000 да н.э. К. стаў сталіцай магутнага царства. Найвышэйшы ўздым яго прыпадае на познамінойскі перыяд (каля 1600 — каля 1470 да н.э.), калі яго цары сталі вярх. правіцелямі магутнай раннерабаўладальніцкай дзяржавы са значнай цэнтралізацыяй кіраўніцтва і гасп. жыцця. Пры археал. даследаваннях выяўлены жылыя пабудовы, палацы, прылады вытв-сці, зброя, побытавыя рэчы, т. зв. архіў Кноскага палаца (таблічкі са складовым пісьмом Б).
Палац уладароў К. («Стары палац», пасля 2000 да н.э., зруйнаваны каля 1700 да н.э.; «Новы палац», 17—15 ст. да н.э.) — шматпавярховае збудаванне з параднымі, жылымі і гасп. памяшканнямі. Цэнтр.ч. палаца займаў прамавугольны ў плане брукаваны двор, на З ад яго — парадныя залы і гасп. памяшканні, на У — жылыя пакоі (шмат’ярусныя, размяшчаліся паводле складанага асіметрычнага сотападобнага плана, з сістэмай каналізацый, калонамі т. зв. крыцкага ордэра). Сцены складзены з каменных пліт, умацаваных на драўляным каркасе, атынкаваныя. Захаваліся фрагменты размалёўкі (быт. і рытуальныя сцэны, выявы жывёл і раслін, 16—15 ст. да н.э.), размаляваныя керамічныя пасудзіны, статуэткі, пячаткі. Палац апісаны ў грэч. міфах як таямнічы лабірынт, жыллё цара Мінаса і пачвары Мінатаўра. У К. пры археал. раскопках выяўлены таксама Малы палац, Царская віла, т. зв. караван-сарай, рэшткі каменных жылых дамоў 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. На ўскраіне горада — манум. грабніцы (у т. л.т. зв. Храмавая грабніца, каля 1700—1450 да н.э.) і могілкі.
І.М.Каранеўская (архітэктура).
Да арт.Кнос. Кноскі палац: 1 — паўднёвы флігель; 2 — гіганцкія піфасы (тэракота) з заходняй кладоўкі; 3 — багіня са змеямі (фаянс) са скарбніцы. 16 ст. да н.э.Да арт.Кнос. «Парыжанка». Фрагмент размалёўкі палаца. 16—15 ст. да н.э.Да арт.Кнос. Ніжні ярус светлавога калодзежа палаца. Часткова рэканструяваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАСА ЯКУ́БА ЛІТАРАТУ́РНА-МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й Засн ў 1956 у Мінску як літ. музей, адкрыты ў 1959, з 1997 сучасная назва. Размешчаны ў доме, дзе жыў Я.Колас з канца 1944 да 1956. Пл. экспазіцыі 255 м², каля 30 тыс. экспанатаў асн. фонду (1998). Захаваны прыжыццёвы інтэр’ер кабінета і спальні, на сядзібе растуць дрэвы, пасаджаныя Я.Коласам. У фондзе рукапісаў (1597 адзінак) сшыткі з запісамі фальклору, зробленымі ў перыяд вучобы паэта ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі і настаўніцтва на Палессі (1899—1904), рукапісы твораў (вершы дакастр. часу, ташкенцкага перыяду, паэм «Сымон-музыка», «Рыбакова хата», «Суд у лесе» і інш.), перапіска з роднымі, знаёмымі, грамадскімі дзеячамі, пісьменнікамі, перакладчыкамі, вучонымі і інш.Фонд кінафотадакументаў налічвае 3436 адзінак. У фондзе выяўл. мастацтва (1037 адзінак) прыжыццёвыя партрэты Я.Коласа, напісаныя мастаком З.Паўлоўскім і графікам Т.Жырмунскай, карціны, падараваныя паэту ў 1952 («Зіма ў Беларусі» П.Радзімава, «Нёман у ваколіцах Мікалаеўшчыны» Г.Гарэлавай-Азгур), творы Л.Гумілеўскага, У.Сулкоўскага, Я.Драздовіча, С.Федарэнкі, графічныя работы Г.Паплаўскага, А.Кашкурэвіча, У. і М. Басалыгаў і інш., скульптараў З.Азгура, Гумілеўскага, С.Селіханава і інш.У кніжным фондзе больш за 10 тыс. адзінак. У музеі зберагаюцца таксама прадметна-рэчавыя помнікі (864 адзінкі), дакументы (830 адзінак), архіў (547 адзінак), асабісты архіў паэта (6500 адзінак) і інш. З 1985 музей штогод праводзіць літ. свята і навук. канферэнцыю «Каласавіны». Дзейнічаюць філіялы музея на радзіме Я.Коласа ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.: мемарыяльныя сядзібы ў Смольні, Акінчыцах, Альбуці, Ластку (гл.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял, Коласаўскі заказнік).
Літ.:
Пратасевіч М.І. Літаратурны музей Якуба Коласа. Мн., 1981;
Камароўская З.М. Літаратурны музей Якуба Коласа. Мн., 1989.
З.М.Камароўская.
Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей Рабочы кабінет Я.Коласа.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РСАКІ,
дзяржаўныя дзеячы, род уласнага герба «Корсак» (змененая «Катвіца») у ВКЛ. Паходзяць з полацкага баярства. Родапачынальнік Фёдар упамінаецца ў 1385, калі ён атрымаў ад полацкага кн. Андрэя Альгердавіча землі каля воз. Беразвеч. Яго сын Дзмітрый меў сыноў Саву, Якава (Яшку) і Васіля, якія ўзвысіліся пры вял.кн. Свідрыгайле [1430—32]. Ад Савы пайшла галіна, якая карысталася прозвішчам Савічы-К. і гербам «Ліс», дапоўненым выявай герба «Катвіца» ў клейнодзе. Найб. вядомыя К.:
Васіль Дзмітрыевіч (каля 1380—1452), намеснік полацкі пры Свідрыгайле, потым у яго радзе, калі апошні быў валынскім князем. Баркулаб (каля 1520—76), пасол у Маскву ў час Лівонскай вайны ў 1562, староста свіслацкі, дзісненскі. Праз шлюб з князёўнай П.Крошынскай набыў маёнткі ў Аршанскім пав., дзе заснаваў названае сваім імем мяст. Баркалабава. Іосіф (каля 1540—1618), полацкі войскі з 1570 і суддзя земскі з 1586, кашталян мінскі, потым полацкі з 1597. Ян Рыгоравіч (каля 1560—1625), полацкі харунжы з 1598, гараднічы да 1611, кашталян дэрпцкі з 1620, полацкі з 1621, у канцы жыцця ваявода смаленскі. Іосіф Львовіч (каля 1570—1643), мсціслаўскі староста з 1629 і ваявода з 1639, заснавальнік базыльянскага кляштара ў Беразвеччы і кармеліцкага ў Глыбокім. Рафаіл (свецкае імя Мікалай; каля 1595—28.8.1640), архімандрыт уніяцкіх манастыроў Віленскага св. Тройцы, Ануфрыеўскага, Кобрынскага св. Спаса, Жыдзічынскага, протаархімандрыт (генерал) базыльянскага ордэна (1626—40), епіскап галіцкі (1626—32) і турава-пінскі (1632—37), мітрапаліт грэка-каталіцкай царквы Рэчы Паспалітай (1636—40). Ян Раманавіч (каля 1620—97), полацкі падчашы з 1658, падкаморы з 1659, кашталян з 1661. Самуэль (каля 1745 — пасля снеж. 1795), грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. Пасол ад Навагрудскага ваяв. на сейм 1773, які зацвердзіў 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. Уваходзіў у апазіцыю на чале з Т.Рэйтанам і С.Багушэвічам, якая імкнулася не дапусціць падзелу. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, падпісаў віленскі акт паўстання 24.4.1794. Уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду. Гл.таксамаКорсак Т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНЦУГО́ВЫЯ ХІМІ́ЧНЫЯ РЭА́КЦЫІ,
хімічныя рэакцыі, у якіх узнікненне прамежкавай актыўнай часціцы (атама, свабоднага радыкала, іона) і яе рэгенерацыя (узнаўленне) у кожным элементарным акце рэакцыі выклікаюць вялікую колькасць (ланцуг) пераўтварэнняў зыходных рэчываў у прадукты рэакцыі. Тыповыя Л.х.р. — тэрмічны крэкінг, піроліз, акісленне, радыкальная полімерызацыя, галагеніраванне.
Л.х.р. складаецца з некалькіх элементарных стадый: зараджэнне ланцуга (ініцыіраванне) — утварэнне актыўных часціц (АЧ), якое адбываецца, напр., у выніку дысацыяцыі малекул; працяг ланцуга — узаемадзеянне АЧ з зыходнымі рэчывамі, якое прыводзіць да ўтварэння малекул прадукту рэакцыі і новых АЧ; абрыў ланцуга («знікненне» АЧ) у выніку рэкамбінацыі свабодных радыкалаў, узаемадзеяння АЧ са сценкамі пасудзін ці з інгібітарамі. Адрозніваюць Л.х.р. неразгалінаваныя і разгалінаваныя. У неразгалінаваных на кожную АЧ, якая расходуецца пры працягу ланцуга, узнікае адна актыўная часціца, напр., рэакцыя хларыравання вадароду. Пры ініцыіраванні ўтвараецца свабодны атам хлору (Cl), які ўзаемадзейнічае з малекулай вадароду H2(Cl+H2 → HCl+H) з утварэннем малекулы хлорыстага вадароду HCl і свабоднага атама вадароду, які ўзаемадзейнічае з малекулай Cl2(H+Cl2 → HCl+Cl), і г.д. У разгалінаваных Л.х.р. на адну АЧ, расходаваную пры працягу ланцуга, узнікае некалькі АЧ (2 і больш), адна з іх працягвае першы ланцуг, а інш. пачынаюць новыя, што прыводзіць да разгалінавання. Калі скорасць разгалінавання меншая за скорасць знікнення АЧ, разгалінаваная Л.х.р. адбываецца ў стацыянарным рэжыме. Пры нестацыянарным рэжыме (скорасць знікнення АЧ меншая за скорасць разгалінавання) агульная скорасць ланцуговага працэсу імкліва ўзрастае. Пераход да нестацыянарнага рэжыму адбываецца скачком і разглядаецца як самазагаранне рэакцыйнай сумесі ці ланцуговы выбух. Значны ўклад у развіццё тэорыі Л.х.р. М.М.Сямёнава і С.Н.Хіншэлвуда. Гл.таксамаКінетыка хімічная.
Літ.:
Семенов Н.Н. О некоторых проблемах химической кинетики и реакционной способности. 2 изд. М., 1958;
Яго ж. Развитие теории цепных реакций и теплового воспламенения. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГІЁН [лац. legio (legionis) ад legere збіраць, набіраць],
1) у Стараж. Рыме найбуйнейшае агульнавайск. фарміраванне (напачатку назва ўсёй арміі). Меў сцяг з выявай арла. Падзяляўся на кагорты, маніпулы, турмы, цэнтурыі, складаўся з пешых салдат, коннікаў і абозу (3—10 тыс.чал.).
2) 3 16 і 18 ст. назва асобных вайск. фарміраванняў (пераважна з наёмнікаў і добраахвотнікаў) у шэрагу краін. Сярод іх былі легіёны польскія, Рускі Л. у Францыі ў канцы 1-й сусв. вайны (снеж. 1917—18; першапачаткова 51 афіцэр і 1629 салдат-добраахвотнікаў; прайшоў з баямі праз Латарынгію, Эльзас, Саар, дайшоў да г. Вормс, Германія; страціў 2 тыс.чал.), нямецкі Л. «Кондар» у час грамадз. вайны 1936—39 у Іспаніі (ваяваў на баку франкістаў у баях за Мадрыд, Більбао і інш., разбурыў г.Герніка), Чэхаславацкі Л. у СССР у 1939—41 (да 700 чал., камандзір Л.Свобада). На тэр. Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. легіянерамі называлі польск. вайскоўцаў корпуса ген. Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага і Арміі Краёвай, а таксама вайскоўцаў, створаных у складзе ням.-фаш. войск з палонных чырвонаармейцаў Татарскага (Волжска-Татарскага) Л. (у 1942—43 нёс ахоўную службу і дзейнічаў супраць сав. партызан у раёне Віцебска) і Туркестанскіх Л. (адзін з батальёнаў дыслацыраваўся ў Рэчыцы). З 1831 існуе франц. Замежны Л. (удзельнічаў ва ўсіх калан. войнах Францыі; паводле некаторых звестак на 1995—96, 12 б. легіянераў жывуць на Беларусі, у т. л. 8 з іх у Магілёве).
3) Назва грамадскіх арг-цый у некаторых краінах (напр., Амерыканскі легіён, каталіцкі духоўна-дабрачынны Л. Марыі, засн. ў 1921 у Дубліне).
Літ.:
Пети П. Русские в составе французской армии во время Великой войны 1914—1918 гг.: Пер. с фр. // Военно-ист. журн. 1998. №3;
Марьина В.В. Чехословацкий легион в СССР (1939—1941 гг.) // Вопр. истории. 1998. № 2;
Студнев Д. Иностранный легион // Армия. 1996. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАЗНА́ЎСТВА,
навука пра лес, яго фарміраванне, структуру, экалогію, біялогію, развіццё, сувязь з навакольным асяроддзем; тэарэтычная аснова лесаводства. Уключае лясную тыпалогію. Карыстаецца метадамі глебазнаўства (пры вывучэнні лясных глеб), кліматалогіі (пры вывучэнні фітаклімату ў лесе), фізіялогіі раслін (пры даследаванні фізіял. працэсаў у фітацэнозах), біяхіміі (пры вывучэнні кругавароту рэчываў паміж ляснымі фітацэнозамі і глебай), дэндралогіі, матэм. статыстыкі і інш. навук.
На Беларусі тыпалагічныя даследаванні лясоў праводзілі рас. лесаводы Н.К.Генко у Белавежскай пушчы (1902—03) і А.А.Крудзенер (1909). Асновы Л. як навукі закладзены ў 1920-я г. ў Горацкім с.-г. ін-це і Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі (пасля іх аб’яднання — БСГА), на Мінскай, Жорнаўскай і Цэнтр. лясных доследных станцыях (В.І.Пераход, Г.М.Высоцкі, С.П.Мельнік, Д.І.Таўсталес). Вяліся гідралагічныя і тыпалагічныя даследаванні лясоў, вывучэнне сезоннага развіцця дрэвавых і кустовых відаў і інш. У 1930 створаны Бел.НДІ лясной гаспадаркі (з 1993 Ін-т лесу Нац.АН Беларусі) і Бел. лесатэхн. ін-т (з 1993 Бел.тэхнал.ун-т). Даследаванні па Л. праводзяцца таксама ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі, у запаведніках.
Распрацаваны тэарэт. асновы класіфікацыі тыпаў лесу, іх эколага-фітацэнатычная характарыстыка, метады вывучэння тыпаў лесу па цэнаэлементах, вызначана фармавая разнастайнасць лесаўтваральных парод, вывучаны пытанні плоданашэння і прыроднага аднаўлення лесу, прапанаваны класіфікацыя дрэў у насаджэннях і спосабы іх біял. ацэнкі. Даследаваны глебавыя працэсы пад лесам, біял. кругаварот азоту і попельных элементаў у сістэме лес — глеба, экалагічнае і фітакліматычнае асяроддзе ў лесе, уплыў кіслотнасці глебы, вільготнасці і светлавога рэжыму на дрэвавыя пароды. Выяўлены ўздзеянне экалагічных фактараў на фізіял. і біяхім. працэсы, заканамернасці ўплыву рэжыму і балансу грунтавых вод і глебавай вільготнасці на прадукцыйнасць лясных фітацэнозаў, эколага-фізіял. працэсы ўзаемадзеяння раслін у фітацэнозах. Вядзецца комплекснае вывучэнне ўзаемасувязі кампанентаў лясных біягеацэнозаў, вызначэнне і мадэліраванне гал. эколага-фітацэнатычных параметраў, экалагічны і радыялагічны маніторынг лясных біягеацэнозаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́КАЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці цэлых, рацыянальных і алг.лікаў, іх сувязі з інш. лікамі (ірацыянальнымі, трансцэндэнтнымі).
Паняцце цэлага ліку, а таксамаарыфм. аперацый над лікамі вядома са стараж. часоў і з’яўляецца адной з першых матэм. абстракцый. Натуральныя лікі распадаюцца на 2 класы: простыя лікі, якія маюць 2 натуральныя дзельнікі (адзінку і самога сябе), і састаўныя лікі — усе астатнія. Уласцівасці простых лікаў і іх сувязь з натуральнымі вывучаў Эўклід (3 ст. да н.э.). Вывучэнне размеркавання простых лікаў прывяло да стварэння алгарытмаў (напр., рэшата Эратасфена) для атрымання табліц такіх лікаў. Пытанні цэлалікавых рашэнняў рознага віду ўраўненняў (гл.Дыяфантавы ўраўненні) разглядалі Эўклід, Піфагор, Дыяфант і інш. Шэраг адкрыццяў у тэорыі дыяфантавых ураўненняў і ў тэорыі, звязанай з падзельнасцю цэлых лікаў належыць П.Ферма (гл.Ферма вялікая тэарэма, Ферма малая тэарэма). Вывучэнне ірацыянальных лікаў паставіла задачу іх набліжанага вылічэння з дапамогай рацыянальных лікаў, што спрыяла ўзнікненню тэорыі дыяфантавых набліжэнняў. Адкрыццё трансцэндэнтных лікаў вылучыла шэраг праблем пра крытэрыі трансцэндэнтнасці, класіфікацыю трансцэндэнтных велічынь і інш. Вырашэнне праблем Л.т. патрабуе ўдасканалення і стварэння новых матэм. паняццяў, метадаў, напр., імкненне даказаць тэарэму Ферма прывяло ням. матэматыка Э.Кумера (19 ст.) да стварэння асноў алг. Л.т. (тэорыя ідэалаў), вывучэнне размеркавання простых лікаў спрыяла развіццю тэорыі аналітычных функцый (Б.Рыман, Ж.Адамар; 19 ст.). Л.т. цесна звязана з многімі раздзеламі матэматыкі (алгебра, тапалогія, матэм. логіка, тэорыя функцый, тэорыя імавернасцей), што прыводзіць да яе сінтэзу з інш.матэм. навукамі (р-адычныя лікі, лакальны аналіз, тэорыя алг. функцый).
На Беларусі даследаванні па Л.т. пачаты ў 1960-я г. пад кіраўніцтвам У.Г.Спрынджука і праводзяцца ў Ін-це матэматыкі Нац.АН, БДУ, Бел.агр.тэхн., Гродзенскім і Магілёўскім ун-тах. Вырашаны шэраг праблем у тэорыі трансцэндэнтных лікаў, метрычнай Л.т., дыяфантавых ураўненнях.
Літ.:
Спринджук В.Г. Метрическая теория диофантовых приближений. М.,1977;