ПТУШКО́ (Аляксандр Лукіч) (19.4.1900, г. Луганск, Украіна — 6.3.1973),
расійскі кінарэжысёр, мастак. Нар. арт. СССР (1969). Вучыўся ў Маскоўскім ін-це нар. гаспадаркі. У кіно з 1927, напачатку канструктар лялек і пастаноўшчык мультыплікацыйных фільмаў. Стварыў серыю «Прыгоды Брацішкіна» (1928—30), зняў першы гукавы аб’ёмна-мультыплікацыйны фільм «Уладар быту» (1932). Сярод інш. фільмаў: «Новы Гулівер» (1935), «Казка пра рыбака і рыбку» (1937), «Вясёлыя музыкі» (1938), «Залаты ключык» (1939; выкарыстаў ігравыя, аб’ёмна-мультыплікацыйныя і камбінаваныя здымкі). З 1940-х г. ставіў фільмы-экранізацыі, пераважна казкі: «Каменная кветка» (1946, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Садко» (1953, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Ілья Мурамец» (1956; першы шырокаэкранны фільм са стэрэафанічным гукам), «Сампо» (1959), «Казка пра згублены час» (1964), «Казка пра цара Салтана» (1967), «Руслан і Людміла» (1972). Паставіў таксама фільм «Пунсовыя ветразі» (1961). Часта быў аўтарам або сааўтарам сваіх фільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1947.
Тв.:
Специальные способы киносъемки. М., 1930 (разам з Л.Сухарэбскім);
Мультипликационные фильмы. М.; Л., 1931;
«Чудеса» кино. М., 1949.
т. 13, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)