СВЕТЛАГО́РСК,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. Прыстань на р. Бярэзіна, чыг. ст. на лініі Жлобін—Калінкавічы, вузел аўтадарог на Бабруйск, Жлобін, Гомель, Калінкавічы 73,4 тыс. ж. (2001).

Вядомы з 16 ст. як в. Шацілкавічы (пазней Шацілкі) у Рэчыцкім пав. ВКЛ У 1639 было 19 двароў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі, у Парыцкай вол. Бабруйскага пав. Мінскай губ. З 20.8.1924 мяст. Шацілкі — цэнтр сельсавета ў Парыцкім р-не Бабруйскай акр. (1924—30), з 1938 у Палескай вобл. У жн. 1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 353 чал. Вызвалены 26.11.1943 войскамі 1-га Бел. фронту ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. З вер. 1944 у Бабруйскай, з 1954 у Гомельскай абл. З 30.12.1956 гар. пасёлак, з чэрв. 1960 — цэнтр Парыцкага раёна. З 1961 горад раённага падпарадкавання, 29.7.1961 перайменаваны ў С., а Парыцкі р-н у Светлагорскі. З 1963 — горад абл. падпарадкавання. У 1970—40,3 тыс. ж., у 1973—48,7 тыс. жыхароў.

Працуюць: Светлагорскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, з-д жалезабетонных вырабаў і канструкцый, філіял з-да «Гомсельмаш», домабудаўнічы камбінат, масласырзавод, хлебазавод, раённае аб’яднанне сельгастэхнікі, Светлагорская ЦЭЦ. У горадзе Светлагорскі індустрыяльны тэхнікум, ПТУ хімікаў, Дом культуры, Дом дзіцячай творчасці, 9 б-к, Музей гісторыі горада Светлагорска. Брацкія магілы сав. воінаў, брацкая магіла сав. маракоў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

Горад Светлагорск. Забудова мікрараёна Паўднёвы.

т. 14, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСКО́Л рэлігійны,

рэлігійна-грамадскі рух у Расіі, у выніку якога адбылося аддзяленне ад рус. правасл. царквы самаст. рэліг. плыні — стараабрадства. Зачэпкай для Р. з’явіліся рэформы 1653—60, праведзеныя патрыярхам Ніканам з мэтай павышэння аўтарытэту царквы і патрыяршаства і ўсталявання аднастайнасці ў царк. службе. Рэформа ліквідавала адрозненні паміж рус. і грэч. чынамі богаслужэння і прадугледжвала выпраўленні розначытанняў у рус. царк. кнігах паводле грэч. узораў. Нікан шырока выкарыстоўваў богаслужбовую практыку правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай, дзе адрозненняў ад грэч. царквы не было; святары і манахі з Беларусі і Украіны (напр., Сімяон Полацкі) актыўна ўдзельнічалі ў правядзенні рэформы. Так 8-канцовы крыж быў заменены на 6-канцовы, 2-пальцавае хрышчэнне — 3-пальцавым, двайная (сугубая) алілуя — трайной і інш. Супраць новаўвядзенняў і за захаванне старой набожнасці выступіла частка духавенства на чале з пратапопамі Авакумам, Даніілам, Іванам Няронавым і інш. На царк. саборах 1654—55 і 1666—67 перамаглі прыхільнікі рэформ. Аднак праціўнікі перамен не падпарадкаваліся саборным пастановам і т.ч. «раскалолі» царкву (адсюль Р.). Раскольнікі падвяргаліся ганенням з боку патрыяршаства і царскай улады: іх высылалі на ўскраіны Расіі, знявольвалі ў турмы і манастыры, катавалі і каралі смерцю; шмат іх уцякло за мяжу, у т. л. на Беларусь. У 2-й пал. 17 ст. стараабрадства стала ідэйным сцягам самых розных апазіцыйных рухаў — ад антыфеад.-сялянскіх да кансерватыўна-баярскіх. Супярэчлівы характар, сац. неаднароднасць удзельнікаў Р. абумовілі наяўнасць розных па арганізацыі і ідэалогіі груповак стараабрадства.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 13, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́ЛАЎ БІБЛІЯТЭ́КА ў Нясвіжы.

Найбуйнейшая прыватная б-ка Рэчы Паспалітай. Засн. ў 16 ст. Мікалаем Радзівілам Чорным. У б-ку паступалі кнігі з друкарань Еўропы, а таксама з асабістых, засн. ім у Нясвіжы і Брэсце. Фонд б-кі павялічыў яго сын Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка (прысылаў кнігі ў час вучобы за мяжой), паступілі зборы Радзівіл Ганны з Сангушкаў, маршалка Флемінга. Першы каталог б-кі склаў у сярэдзіне 17 ст. Альбрыхт Радзівіл. У сярэдзіне 18 ст. ў б-цы 9 тыс. тамоў, у 1772 — больш за 20 тыс., у т. л. інкунабулы, палеатыпы, антычная і рэнесансавая л-ра, гіст. і юрыд. выданні, палемічныя рэфармац. творы, рукапісны фонд. Афіцыйна наз. Ардынацкай б-кай. У 1772 вывезена з Нясвіжа і перададзена пецярбургскім б-кам. У 19 ст. ўладальнікі Нясвіжскага замка стварылі новую б-ку, у якой архіварыусамі і бібліятэкарамі працавалі М.Маліноўскі, У.Сыракомля, М.​Богуш-Шышка. У 1864 у б-ку паступілі кнігі з закрытых у Нясвіжы кляштараў бернардзінцаў і бенедыкцінак. У 1880 Антон і Марыя Радзівілы перавезлі з Берліна б-ку, якая стала гал. часткай новага Нясвіжскага збору кніг і мела асобны экслібрыс. У 1-ю сусв. вайну разрабавана, рэшткі б-кі ў 1940 перададзены АН БССР. У Вял. Айч. вайну вывезена ў Германію, у 1945—46 разрозненыя часткі вернуты на Беларусь і захоўваюцца ў Мінску ў Бібліятэцы Цэнтральнай навуковай Нац. АН Беларусі, Бібліятэцы Нацыянальнай Беларусі, Бібліятэцы Прэзідэнцкай, Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.

Л.​І.​Збралевіч.

т. 13, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛО́ВІЧЫ, Сталавічы,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Смалянка, на аўтадарозе Гарадзішча—Баранавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пн ад горада і чыг. ст. Баранавічы, 210 км ад Брэста. 671 ж., 289 двароў (2001). Сярэдняя школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Свята-Успенская царква (былы Сталовіцкі касцёл Іаана Хрысціцеля), Сталовіцкі касцёл Сэрца Ісуса.

Вядома з 14 ст. З 16 ст. мястэчка ў Навагрудскім пав., належала Радзівілам. У пач. 17 ст. М.​К.​Радзівіл Сіротка засн. Сталовіцкую камандорыю Мальтыйскага ордэна ў складзе маёнткаў С. і Пацейкі для свайго сына мальтыйскага рыцара Ж.​К.​Радзівіла. У 1640—46 у С. пабудаваны Сталовіцкі касцёл Іаана Хрысціцеля. У Сталовіцкай бітве 1771 армія А.​В.​Суворава разбіла каля С. войска М.​К.​Агінскага. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) С. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав. Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай, з 1842 Мінскай губ. У 1897—929 ж., у 1909—858 ж., 95 двароў, школа, 2 царквы, касцёл, яўрэйскі малітоўны дом, 2 кірмашы на год. У 1907—11 пабудаваны Сталовіцкі касцёл Сэрца Ісуса. У 1921—39 у складзе Польшчы. мястэчка, цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 678 ж. (1921). З 1939 у складзе БССР. вёска, з 1940 цэнтр сельсавета Гарадзішчанскага р-на Баранавіцкай вобл., з 1954 — Брэсцкай вобл., з 1962 — Баранавіцкага р-на.

А.​І.​Валахановіч.

т. 15, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІСНА́,

горад у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дзісна, пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. За 45 км ад г. Міёры, 12 км ад чыг. ст. Боркавічы на лініі Полацк—Даўгаўпілс (Латвія). Аўтадарогамі злучана з Полацкам, Глыбокім, Міёрамі. 2,7 тыс. ж. (1995).

У 10—11 ст. полацкія крывічы заснавалі тут невял. крэпасць — Капец-гарадок, тэр. вакол яго заселена да 13 ст. З 1301 Дз. ў ВКЛ. З 14 ст. згадваецца Дзісенскі замак. З 1563 сяло. У 1567 атрымала герб, у 1569 новы герб (у блакітным полі ладдзя з разгорнутым ветразем) і стала горадам. У 16—17 ст. пабудаваны правасл. Уваскрасенская (гл. Дзісенскі Уваскрасенскі манастыр), Узвіжанская, Спаса-Праабражэнская і уніяцкая Міхайлаўская цэрквы, парафіяльны касцёл, францысканскі кляштар. У 17 ст. цэнтр староства. Вял. страты нанесены Дз. ў часы Лівонскай вайны 1558—89, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21, пажараў і эпідэмій. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр Дзісенскага павета Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1897 у Дз. 6,7 тыс. ж. З 1922 у Дзісенскім пав. Віленскага ваяв. Польшчы. 6073 ж. (1939). З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Дзісенскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 5.7.1941 да 4.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 4584 чал., у горадзе стварылі лагер смерці. З 1959 Дз. ў Міёрскім р-не. 2,5 тыс. ж. (1959).

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Помнік архітэктуры — царква Адзігітрыі (19 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення.

т. 6, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫД-ГАРАДО́К,

горад у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., прыстань на р. Гарынь. За 35 км ад г. Столін, 280 км ад г. Брэст, 41 км ад чыг. ст. Гарынь на лініі Лунінец — Сарны. 7,2 тыс. ж. (1997).

Паводле археал. звестак, Давыд-Гарадок узнік у пач. 12 ст. У летапісах упамінаецца з 14 ст. У 14—18 ст. існаваў Давыд-Гарадоцкі замак. У канцы 14—16 ст. цэнтр Давыд-Гарадоцкага княства. З 1522 належаў каралеве Боне, з 1558 — Радзівілам. З 1579 цэнтр ардынацыі, з 1586 уваходзіў у Клецкую ардынацыю. Гараджане ўдзельнічалі ў Давыд-Гарадоцкім паўстанні 1648—50. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 спалены, прыйшоў у заняпад. З 1793 у Рас. імперыі, у 1795—96 цэнтр Давыд-Гарадоцкага павета, меў герб; з 1796 мястэчка Мазырскага пав. Мінскай губ. У 1897 — 7815 ж. З 1921 у Польшчы, мястэчка ў Столінскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, 11,7 тыс. ж. З 1940 горад, цэнтр Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай (з 1954 — Брэсцкай) вобл. З 7.7.1941 да 9.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, якія загубілі ў горадзе 402 чал. У кастр. 1943 партызаны разграмілі ням.-фаш. гарнізон (гл. Давыд-Гарадоцкія баі 1943). З 1961 у Столінскім р-не. У 1970 — 8,9 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы металаапр. (Давыд-Гарадоцкі электрамеханічны завод), харч. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква (2-я пал. 17 ст.). Археал. помнікі — гарадзішча (12—14 ст.), каля Давыд-Гарадка грунтавы могільнік (1—5 ст.), селішча жал. веку, эпохі Кіеўскай Русі і позняга сярэдневякоўя.

т. 5, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

1) адм-тэр. адзінка ў 1413—1795 у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г. Вільня. Утворана паводле Гарадзельскага прывілея 1413. У Віленскім ваяводстве ўвайшла большая частка зах., цэнтр, і ўсх. зямель Беларусі, тэр. паўн.-ўсх. літ. зямель. Фармальна ў Віленскае ваяводства ўваходзілі Клецкае (да 1521) і Мсціслаўскае (да 1529) княствы, якія фактычна былі аўтаномныя. У Бабруйскай воласці мела цераспалосныя ўчасткі з Трокскім ваяводствам — «віленскую палавіцу» (г. Бабруйск і 18 сёл). У 1507 са складу Віленскага ваяводства вылучана і ўтворана Навагрудскае ваяводства, пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 — Мінскае ваяводства; у Віленскім ваяводстве засталося 5 пав. (Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Вількамірскі, Лідскі). У 1514—1611 і ў 1654—1793 на тэр. Віленскага ваяводства намінальна існавала экстэрытарыяльнае Смаленскае ваяводства. У 1793 Браслаўскі пав. пераўтвораны ў ваяводства. У 1795 Віленскае ваяводства ўвайшло ў склад Рас. імперыі, на яго тэр. ўтвораны Віленская губерня і Слонімская губерня.

2) Адм.-тэр. адзінка на тэр. Зах. Беларусі ў складзе Польшчы ў 1922—39. Пл. 28,9 тыс. км, нас. 1275,2 тыс. чал. (1931). Цэнтр — г. Вільня. Паводле ўмоў рас.-літ. дагавора 12.7.1920 урад РСФСР фармальна перадаў гэтыя землі Літве, але фактычнай перадачы не адбылося. 9.10.1920 яны былі захоплены польск. войскамі ген. Л.​Жалігоўскага і на іх тэр. ўтворана Сярэдняя Літва, якая 20.2.1922 была далучана да Польшчы. Віленскае ваяводства ўключала 9 паветаў. У час 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 Віленскае ваяводства занята часцямі Чырв. Арміі. Паводле сав.-літ. дагавора 10.10.1939 тэр. Віленскага краю (г. Вільня, Віленска-Трокскі і б.ч. Свянцянскага пав.) перададзена Літве, на астатняй тэр. ў снеж. 1939 утворана Вілейская вобласць.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 4, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́ЦЫЯ, Галіччына,

1) гістарычная назва зах.-ўкр. і польскіх зямель у складзе імперыі Габсбургаў у канцы 18 — пач. 20 ст. Ахоплівала тэр. сучасных Івана-Франкоўскай, Львоўскай і Цярнопальскай абласцей Украіны, Жэшаўскага і б.ч. Кракаўскага ваяводстваў Польшчы. Складалася з Зах. Галіцыі, населенай пераважна палякамі, і Усходняй, населенай украінцамі. Усх. Галіцыя з 6 ст. н.э. заселена славянамі (белыя харваты, дулебы), у 9—11 ст. у складзе Кіеўскай Русі, з 1141 у Галіцкім княстве, з 1199 у Галіцка-Валынскім княстве. У 1349—1772 пад уладай Польшчы. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) з яе Бэлзскага і значных частак Кракаўскага, Сандамірскага і Рускага ваяводстваў утворана правінцыя «Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі» ў складзе Аўстр. імперыі (з 1867 Аўстра-Венгрыя). У 1786—1849 у правінцыю ўваходзіла таксама Букавіна, у 1795—1809 — тэр. паміж рэкамі Піліца і Зах. Буг (т.зв. Новая, ці Зах. Галіцыя). У 1809—15 ад Галіцыі аддзелена Цярнопальская акр., у 1846 — Кракаў з наваколлем. У 1848 у Галіцыі скасавана прыгоннае права. У 1-ю сусв. вайну Усх. Галіцыя была арэнай ваен. дзеянняў (гл. Галіцыйская бітва 1914). Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (кастр. 1918) у ліст. 1918 у Львове абвешчана Зах.-ўкр. нар. рэспубліка (ЗУНР; праіснавала да ліп. 1919). У выніку польска-сав. Вайны 1919—20 Усх. Галіцыя трапіла пад уладу Польшчы (юрыдычна прызнана за ёй у 1923), у 1939 далучана да Укр. ССР (з 1991 незалежная Укр. дзяржава).

2) Назва тэр. Кракаўскага, Львоўскага, Станіслаўскага і Тарнопальскага ваяводстваў Польшчы ў 1919—39 і акругі, акупіраванай ням.-фаш. войскамі, Польшчы (т.зв. ген.-губернатарства) у 1941—45.

С.​Б.​Каўн.

т. 4, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАПО́ЛЬШЧА (Małopolska),

гістарычная вобласць Польшчы ў бас. верхняй і сярэдняй Віслы, у межах сучаснага Малапольскага ваяводства. У 9 ст. месца рассялення віслян і інш. плямён.

У 9—10 ст. землі М. ўваходзілі ў Вялікамараўскую дзяржаву і Чэшскае княства, з канца 10 ст. ў складзе стараж.-польскай дзяржавы Пястаў. Назва «М.» ўзнікла ў 14—15 ст. у адрозненне ад Вялікай (Старой) Польшчы (гл. Велікапольшча). У 11 ст. на тэр. М. існавалі 2 зямлі (правінцыі): Кракаўская з г. Кракаў (з 1040 сталіца Польшчы) і Сандамірская. У выніку распаду дзяржавы на ўдзелы абедзве зямлі ператварыліся ў княствы (пераважна належалі аднаму князю і ўтваралі ўдзел М.). Пасля ўз’яднання Польскай дзяржавы ў пач. 14 ст. з абодвух княстваў утвораны ваяводствы. У 1474 з Сандамірскага ваяв. вылучана Люблінскае ваяв., у 1564 да Кракаўскага ваяв. далучаны Асвенцімскае і Заорскае княствы. Пры падзеле Польшчы на правінцыі ў 1589 да М. далучаны ўкр. землі (ваяводствы Рускае, Валынскае, Падольскае, Брацлаўскае і Кіеўскае). У 14—16 ст. М. адна з найб. эканамічна развітых абласцей Польшчы, адыгрывала дамінуючую паліт. ролю ў дзяржаве. У 15 ст. шляхце М. і Велікапольшчы надаваліся асобныя прывілеі, існавалі 2 асобныя генеральныя сеймікі (для М. ў Новым-Корчыне). У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай б.ч. М. далучана да Аўстрыі, ваяводствы Кіеўскае, Брацлаўскае і Падольскае — да Расіі. З 1809 паўн. ч. М. ў складзе Варшаўскага герцагства, з 1815 — Каралеўства Польскага. У 1815—46 на тэр. Кракава з акругай існавала Кракаўская рэспубліка, у 1846 уключаная ў склад Аўстрыі. З 1918 уласна М. ў складзе адноўленай Польскай дзяржавы.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛГУДЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Дзялоша». Упершыню згадваюцца ў канцы 16 ст. Найб. вядомыя:

Бальцар, родапачынальнік, у 1621 валодаў Гелгудзішкамі ў Расіенскім пав. Андрэй Казімір (?—1711), сын Бальцара. Каралеўскі сакратар, падстолі жмудскі (1668), пісар вял. літоўскі (1673). Неаднаразова выбіраўся дэпутатам сейма. У час міжусобіц 2-й пал. 17 ст. прыхільнік караля Міхала Вішнявецкага, належаў да групоўкі канцлера ВКЛ К.​Паца. Міхал, сын Антонія, дэпутат Трыбунала ВКЛ (1781), саветнік дэпартамента фінансаў Пастаяннай Рады Рэчы Паспалітай (1786), пісар польны літоўскі (1790). Прыхільнік Таргавіцкай канфедэрацыі, з чэрв. 1792 яе саветнік у Жмудзі. Маршалак дворны ВКЛ (апошні, ліп. 1793). Ігнацы (? — 13.5.1807), дэпутат Чатырохгадовага сейма 1788—92, ротмістр нац. кавалерыі і стражнік ВКЛ у 1789—93. Належаў да Згуртавання сяброў канстытуцыі 3 мая 1791. Удзельнік паўстання 1794, 24.4.1794 абраны ў Найвышэйшую Літоўскую раду. У 1806—07 удзельнічаў у арганізацыі польскіх узбр. фарміраванняў у складзе напалеонаўскага войска, камандаваў дывізіяй, генерал-лейтэнант. Антоні (1792—13.7.1831), сын Міхала, генерал. У 1812 уласным коштам сфарміраваў полк пяхоты і быў прызначаны яго камандзірам у чыне палкоўніка. Ваяваў у складзе корпуса Варшаўскага княства супраць рас. арміі ў 1812 і 1813. Служыў у арміі Каралеўства польскага, генерал брыгады (1818). Удзельнік паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. 25.2.1831 атрымаў чын генерала дывізіі. На чале дывізіі дзейнічаў у Жмудзі, падтрымліваючы атрад ген. Д.Хлапоўскага. 19.6.1831 часткай сваіх сіл няўдала атакаваў Вільню, пасля пацярпеў некалькі паражэнняў у Жмудзі. 13.7.1831 атрады Гелгуда і Хлапоўскага перайшлі граніцу з Прусіяй, дзе былі інтэрніраваны. Западозраны ў здрадзе, Гелгуд застрэлены капітанам С.​Скульскім.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 5, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)