СТАЛО́ВІЧЫ, Сталавічы,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Смалянка, на аўтадарозе Гарадзішча—Баранавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пн ад горада і чыг. ст. Баранавічы, 210 км ад Брэста. 671 ж., 289 двароў (2001). Сярэдняя школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Свята-Успенская царква (былы Сталовіцкі касцёл Іаана Хрысціцеля), Сталовіцкі касцёл Сэрца Ісуса.
Вядома з 14 ст. З 16 ст. мястэчка ў Навагрудскім пав., належала Радзівілам. У пач. 17 ст. М.К.Радзівіл Сіротка засн. Сталовіцкую камандорыю Мальтыйскага ордэна ў складзе маёнткаў С. і Пацейкі для свайго сына мальтыйскага рыцара Ж.К.Радзівіла. У 1640—46 у С. пабудаваны Сталовіцкі касцёл Іаана Хрысціцеля. У Сталовіцкай бітве 1771 армія А.В.Суворава разбіла каля С. войска М.К.Агінскага. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) С. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав. Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай, з 1842 Мінскай губ. У 1897—929 ж., у 1909—858 ж., 95 двароў, школа, 2 царквы, касцёл, яўрэйскі малітоўны дом, 2 кірмашы на год. У 1907—11 пабудаваны Сталовіцкі касцёл Сэрца Ісуса. У 1921—39 у складзе Польшчы. мястэчка, цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 678 ж. (1921). З 1939 у складзе БССР. вёска, з 1940 цэнтр сельсавета Гарадзішчанскага р-на Баранавіцкай вобл., з 1954 — Брэсцкай вобл., з 1962 — Баранавіцкага р-на.
А.І.Валахановіч.
т. 15, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)